Фота: Yauhen Attsetski
Крыху больш за год таму з калоній у Беларусі былі вызвалены 40 чалавек. Усе яны, за выключэннем Мікалая Статкевіча, апынуліся дэпартаванымі з краіны. Журналістка і этнографка Ларыса Шчыракова, асуджаная на 3,5 года калоніі, была ў іх ліку. За гэты час яна пераехала з Літвы ў Польшчу, пачала пісаць кнігу і нанова выбудоўваць адносіны з дарослым сынам. Зараз Ларыса будуе планы на жыццё ў выгнанні — але толькі да таго моманту, пакуль не з'явіцца магчымасць вярнуцца дадому, у Гомель.
У шафе Ларысы Шчыраковай — калекцыя беларускіх нацыянальных строяў, якую ёй прывезлі ў Польшчу. Яна перабірае іх і захоплена расказвае пра кожны — веткаўскі, калінкавіцкі, буда-кашалёўскі. З гэтымі сарочкамі, кашулямі і ручнікамі Ларыса звязвае планы на будучыню: яна мае намер працягваць этнічныя фотасесіі, якімі займалася яшчэ ў Беларусі. У гэтых строях — і яе сувязь з роднай Гомельшчынай.
«Гэта візуалізацыя традыцый, узоры, каларыстыка, крой. Гэта ўсё так міла майму сэрцу».
Крыху больш за год таму журналістку і папулярызатарку этнаграфіі Ларысу Шчыракову вызвалілі па «памілаванні» і вывезлі з калоніі. Не па сваёй волі яна апынулася ў Вільнюсе.
«Мы выйшлі з амерыканскай амбасады, і я злавіла сябе на думцы, што мне 52 гады, і тут я — проста бомж. У мяне няма нічога: ні капейкі грошай, нават вопраткі нармальнай. Тое, што было ў калоніі, — я выкінула, там страшнае рыззё. Мне 52 гады, з іх 30 гадоў я займалася грамадска-палітычнай дзейнасцю, а мяне выкінулі з краіны як нейкага вшывага кацяня», — казала тады яна.
Зараз Ларыса жыве ў польскім Беластоку. Пераехаць сюды яна вырашыла ў тым ліку з-за мовы: літоўская для яе складаная, а польская значна больш зразумелая. Яшчэ адна прычына — блізкасць да беларускай мяжы.
«Адразу як толькі што — я тут, на нізкім старце, назіраю за мяжою, калі адчыніцца і можна будзе ехаць. Тут вельмі вялікая беларуская бурбалка, дыяспара, ну і, як тут кажуць, "магічнае Падляшша", тыя тэрыторыі, якія былі заселеныя беларусамі. Тут і беларуская нацменшасць са сваімі перыядычнымі выданнямі, са сваімі актывістамі. Беларушчыны тут шмат, а мне важна, як бы гэта ні гучала, служыць гэтай беларушчыне, быць у ёй. Мне гэта было важна там, мне гэта важна тут».
У Беластоку ў Ларысы ўжо ёсць кампанія, з якой яна выбіраецца ў падарожжы і проста на прагулкі. Разам з тым, кажа яна, зносіны ёй не тое каб жыццёва неабходныя. Сам-насам з сабой яна таксама адчувае сябе добра.
Афіцыйнай працы на поўны дзень у Ларысы пакуль няма. Зараз яна чакае атрымання міжнароднай абароны ў Польшчы і пакуль не мае права працаваць. Абыходзіцца толькі неафіцыйнымі падпрацоўкамі.
Але планаў на будучыню ў яе шмат. Перш за ўсё Ларыса хоча паўнавартасна вярнуцца да фотасесій і здымаць людзей у нацыянальных касцюмах. Ёсць прапановы папрацаваць на фрылансе ў якасці фатографкі і аператаркі, але для гэтага ёй патрэбна добрая камера. Уласнае абсталяванне Ларысы канфіскавалі пры затрыманні.
«Для мяне гэта як вуда, з дапамогай якой я магла б лавіць рыбу».
Фота: Yauhen Attsetski
Разам з Ларысай у Беластоку жыве яе сын Святаслаў. Калі журналістку затрымалі ў 2022 годзе, яму было 16 гадоў. На некаторы час хлопца змясцілі ў прытулак. Потым, увесь час, пакуль маці была ў зняволенні, ён жыў з дзедам.
Цяпер Ларыса нанова выбудоўвае адносіны з ужо дарослым сынам. Гэта даецца няпроста.
«Мяне вызвалілі ў верасні, а ён прыехаў у лістападзе. Мы цяпер разам, хаця гэта не вельмі проста, ён тры гады быў без мяне, і ў такі важны перыяд. Ён і да таго, як я села, быў у педагагічным сэнсе не самым простым хлопцам. Я ж гадавала яго адна, без бацькі. А тут тры гады з 90-гадовым дзедам, амаль без кантролю».
Ларыса хоча, каб сын працягваў навучанне ў Польшчы. Яны падалі дакументы на спецыяльную адукацыйную праграму. Калі паступіць не атрымаецца, Свят будзе шукаць працу.
Сацыялізавацца ў новай краіне яму таксама няпроста: у Польшчы ў яго пакуль няма прыяцеляў і сяброў. Каб мець хоць нейкія зносіны з аднагодкамі, разам з маці ён ходзіць займацца ў беларускую тэатральную студыю.
Сама Ларыса не прымірылася з думкай, што ёй, магчыма, давядзецца застацца ў чужой краіне надоўга. Яна стараецца не думаць пра тое, што можа ніколі не вярнуцца ў Беларусь.
«Прайшоў год, а я не магу пра гэта думаць. Я вярнуся, і не тое, што я сабе заспакойваю — я ведаю, усё можа хутка змяніцца, ніхто не вечны, ёсць чыннік вайны ва Украіне. Сітуацыя вельмі турбулентная, а ўсе пагрозы я лічу варажбою на кававай гушчы. Колькі тыя ж палякі змагаліся за сваю салідарнасць, і ўсё атрымалася, хаця, як кажуць, "ничего не предвещало"».
Ларыса перажывае і праз тое, што многія палітычныя эмігранты і бежанцы вырашылі не вяртацца на радзіму, нават калі гэта стане бяспечна. Але калі гаворка заходзіць пра сына, яна сама задумваецца, ці варта яму вяртацца.
«Не ўсе вернуцца, я гэтага шмат чую, і душа абліваецца крывёю, Беларусь нашая пусцее, з'язджаюць людзі, якія будуць працаваць і прыносіць карысць іншай дзяржаве. Я проста не магу такое слухаць. Хаця і сама думаю, хай бы Свят заставаўся тут ужо».
Фота: Yauhen Attsetski
У доме Ларысы дробязі нагадваюць пра перажытае зняволенне. На камодзе стаіць прызавая статуэтка Free Media Awards за 2024 год — узнагароду ёй прысудзілі, пакуль яна была ў калоніі. Побач — паштоўка з яе фота, подпісам «Sentenced to 3.5 years in prison» і налепкай «вызвалены». На падваконніку — пара цёплых шарсцяных шкарпэтак, якія нехта прыслаў ёй, пакуль яна адбывала тэрмін.
Сама былая палітзняволеная кажа, што ў яе няма ПТСР ці чагосьці падобнага, а ўспаміны пра перажытае не траўмуюць яе. Калонія часам сніцца, але Ларыса звязвае гэта з тым, што піша пра зняволенне кнігу і шмат размаўляе з іншымі былымі зняволенымі.
Для яе гэта і тэрапія, і навуковы падыход. У будучыні яна хацела б выдаць нешта, прысвечанае беларускай пенітэнцыярнай сістэме, магчыма, навуковую працу.
Пасля калоніі ў Ларысы не ўзнікла захворванняў ці станаў, якія патрабавалі б тэрміновага і працяглага лячэння. Непакоілі толькі зубы, але іх ужо вылечылі пры дапамозе беларускіх фондаў, якія падтрымліваюць рэпрэсаваных.
«Адзінае, пра што я думаю… можа, хіба я б не так хутка састарылася, калі б не калонія. Я б магла лепей за сабой даглядаць, мець доступ да касметычных працэдур. Я мяркую, на знешнасці калонія адбілася. У астатнім няма чаго скардзіцца. Калі б я была ў Беларусі, я б зрабіла сабе якую падцяжку, века падняла, як звычайна жанчыны ў маім узросце робяць. Там гэта даволі бюджэтна, а тут каштуе шалёных грошай».
Але больш за ўсё Ларыса перажывае за тых, хто застаўся па той бок плота гомельскай ПК-4.
«Калі ў Беларусь едзе Коул, я малюся ўсім багам, каб менавіта жанчын адпусцілі, усіх. Мы калі сядзелі, думалі, ёпрст, нас няшчасных 140 чалавек, ну 150. Ну адпусці ты нас, гэта ж такі прыгожы жэст, гэта так гуманна, там па-чалавечы, па-мужчынску. Адпусці ўсіх, у нас дзеці малыя. У жанчын дзень і ноч душа баліць за гэтых дзяцей, гэта невыносна. Глядзець невыносна, як гэтыя мамкі гаруюць па тых дзецях».
Нават пасля высылкі Ларысы з краіны беларускія сілавікі час ад часу непакояць яе родных. Аднойчы сястру выклікалі ў міліцыю. Сутнасць такіх размоў, кажа журналістка, заўсёды прыблізна аднолькавая:
«Здрасьце — здрасьце, а дзе Ларыса? А вы ж ведаеце дзе! Ну ведаем… А што прыходзілі? Ну так трэба было. Такія вось дыялогі, дзіўныя».
Беларускі пашпарт, які яшчэ дзейнічаў і які Ларысе аддалі ў калоніі, улады анулявалі.
«100 пакаранняў для аднаго чалавека. Спачатку садзяць ні за што, потым высылаюць, потым яшчэ якую пакасць зробяць. Што за помста такая? Ці проста гэтым сілавікам праца патрэбна, а навошта шукаць кагосьці, калі можна шукаць адных і тых жа».
Фота: Yauhen Attsetski
Нягледзячы на планы ў Польшчы, сваю далейшую будучыню Ларыса па-ранейшаму звязвае з Беларуссю. Пасля візіту Анджэя Пачобута ў краіну яна яшчэ больш пераканалася, што рана ці позна зможа вярнуцца дадому.
«Калі ён паехаў, падумала, што і я магла б. Калі б мне сказалі: вяртайся і сядзі ціха, я б пагадзілася. Калі б мне, канечне, далі нейкія гарантыі, што мяне не будуць чапаць. Я разумею, калі чалавек даведаўся бязмежжа ў дачыненні да сябе, калі ён прайшоў турму, трэба вельмі добрая нервовая сістэма, каб вяртацца туды і жыць. Я лічу, што я б вытрымала. Я хачу дамоў».
Фота: Yauhen Attsetski