Фота: БАЖ
52-гадовая гомельская журналістка Ларыса Шчыракова павінна была выйсці з калоніі ў студзені 2026 года — абняць сына, схадзіць на могілкі да мамы, «тры гадзіны запар» граць на гітары, сабраць дома ўсіх сяброў. Але напачатку верасня яе і некалькі дзясяткаў палітвязняў вызвалілі па «памілаванні» Аляксандра Лукашэнкі і прымусова вывезлі з Беларусі. Ларыса распавяла «Медыязоне», што рабіла жыццё ў калоніі прасцей, як перажывала ў зняволенні смерць маці і плакала ноччу перад вызваленнем, баючыся высылкі з краіны.
«Мы выйшлі з амерыканскай амбасады, і я злавіла сябе на думцы, што мне 52 гады, і тут я — проста бомж. У мяне няма нічога: ні капейкі грошай, нават вопраткі нармальнай. Тое, што было ў калоніі — я выкінула, там страшнае рыззё. Мне 52 гады, з іх 30 гадоў я займалася грамадска-палітычнай дзейнасцю, а мяне выкінулі з краіны як нейкага вшывага кацяня», — кажа журналістка Ларыса Шчыракова.
Ларыса Шчыракова павінна была выйсці з калоніі па сканчэнні тэрміну 13 студзеня. Яна планавала застацца ў Беларусі.
«Калі б мяне спыталі: Ларыса, ты хочаш выйсці і з'ехаць, ці дасядзець і застацца? Вядома, я б выбрала адсядзець і застацца. Я "крепанула" 2 года и 8 месяцаў, вядома я "крепану" яшчэ чатыры [месяцы]».
Ларысу затрымалі напрыканцы 2022 года. З 2020-га яна жыла ў сталай трывозе: сілавікі часта прыходзілі да яе па розных прычынах, правялі некалькі вобшукаў. Увагу міліцыянераў цяжка перажываў і сын Ларысы, на той момант 16-гадовы Свят.
«Два гады доўжылася гэтае пекла, беднае траўміраванае дзіця, яно жыло ў страху, што маму забяруць. Сабака брэша на вуліцы, а ў цябе ўжо тахікардыя, ты ўжо думаеш, што гэта за табой. Але кожны дзень я жыла іначай, кожны дзень быў як падарунак лёсу. Я разумела, што ўсё гэта можа быць у апошні раз — прагулка з сабакам, абняць сына. З-за гэтага ўсё перажывалася вастрэй».
У 2022-м Ларыса ўжо амаль не займалася журналістыкай, бо выгарэла. Пачала праводзіць фотасесіі ў этнічным стылі, набывала для іх у вёсках і на аўкцыёнах нацыянальныя беларускія касцюмы. Пачала расці яе старонка ў інстаграме, прыходзіла ўсё больш кліентаў.
«У мяне быў неверагодны ўздым, драйв, мне вельмі падабалася тое, чым я займаюся. Я была на куражы і гэта гасіла страх».
Супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да Ларысы пад выглядам кліентаў. На месцы здымак міліцыянер дастаў пасведчанне і сказаў: «Не хачу вас засмучаць, але мы з ГУБАЗіК, і зараз будзе вобшук».
Падчас вобшуку дадому са школы вярнуўся сын Ларысы.
«Ён забягае, крычыць — мама, я тут. Увесь час я трымалася, а тут заплакала. Узяла яго партрэт, які потым увесь час быў са мной. Я азірнулася на дом, і мы паехалі. Нас забіралі разам [з сынам]. Сабака мой мне ўслед глядзеў. Мне потым родныя казалі, што тры дні яна не ела. Як быццам адчула, што я з'ехала надоўга. Спрацавала ў яе нейкая сабачая інтуіцыя. Так мы з ёй і не ўбачыліся».
Ларысу адправілі на трое сутак у ІЧУ, а адтуль у следчы ізалятар. Свята — у сацыяльны прытулак, пакуль з Новасібірска не прыехаў яго бацька, з якім Ларыса разведзена.
«Яго туды завезлі, тэлефон адабралі. Ён мне праз год пра гэта расказваў са слязамі на вачах. Такая траўма і шок для яго быў. І маму забралі, і з дому выселілі. Гэта потым ужо знайшліся родныя, якія наведвалі яго ўвесь час, якія звязаліся з яго бацькам. Яму было тады 16 гадоў, ён зусмі хатняе дзіця, яму было вельмі цяжка».
Восем месяцаў Ларыса правяла ў гомельскім СІЗА-3.
«Так, турма ёсць турма, там дрэнна, там усё пракурана, але і да гэтага можна прывыкнуць», — апісвае яна.
У следчым ізалятары сустракаліся розныя суседкі, палітычныя і не, Ларыса з усімі старалася сябраваць: разам жанчыны танчылі, спявалі песні, каб адцягнуцца ад змрочнай рэчаіснасці, адзначалі святы, у тым ліку Ларысін юбілей — 50 гадоў.
«Аднойчы на 8 сакавіка на шпацыры мы разам з яшчэ некалькімі дворыкамі спявалі "жаночыя" песні пакуль нас не разагналі. Мы заспявалі, а яны [іншыя дворыкі] падхапілі, нешта накшталт "Позови меня с собой", такія шлягерныя песні. І самае цікавае, што нам нават далі яе даспяваць. Можа, у гонар свята».
У той жа дзень Ларыса атрымала яшчэ адзін святочны «падарунак» ад гомельскага журналіста Яўгена Меркіса, які знаходзіўся ў тым жа СІЗА.
«Нам прынеслі ежу, талеркі з кашай. Я ем і раптам бачу надпіс на сценцы "Трымайся". Я думаю — няўжо гэта мне? Шкрабу далей і бачу надпіс "Шчыракова, трымайся". І толькі зараз я высветліла, што гэта мне Меркіс напісаў. Прычым яшчэ зімой».
Пакуль Ларыса была ў следчым ізалятары, памерла яе маці.
«Калі ў лістах прыходзяць такія навіны, іх звычайна паведамляе псіхолаг. Каб неяк супакоіць, калі ў чалавека будзе істэрыка. Я спачатку нават не плакала, слёз не было. Вярнулася ў камеру, нават папіла гарбаты, распавяла дзяўчынкам. А потым пайшла праць бялізну — і мяне накрыла. Я плачу па маме да гэтага часу, не магу даць рады з эмоцыямі, што не была на пахаванні, не была на яе магіле. Напэўна, я проста недаацэньвала, наколькі маці была мне блізкая, настолькі моцная ў нас была маральная сувязь».
Суд у Ларысы Шчыраковай быў закрыты, разгляд справы заняў 10 паседжанняў. Беларуска лічыць, што суддзя проста цягнуў час.
«Яны ў мяне забралі 120 відэакасет, мае архівы 2010-2012 гадоў. Яны іх усё расшыфравалі і зачытвалі. Адвакатка на маім працэсе проста мімікрыравала пад мэблю, мабыць, баялася пазбавіцца ліцэнзіі. Але нават яна прапанавала — давайце чытаць толькі тое, што з'яўляецца доказам віны. Навошта мы чытаем усе гэтыя здымкі Купалля і гэтак далей».
Журналістку абвінавацілі па артыкулах аб садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» і дыскрэдытацыі Беларусі. Пракурор сцвярджаў, што Шчыракова «імкнулася дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне».
«Я ім у адказ распавяла пра эсэраў, якія таксама мелі за мэту дэстабілізаваць абстаноўку ў пачатку XX стагоддзя, і выбралі метад тэрору. Там былі баевікі, якія сапраўды маглі гэта зрабіць. А вось я як магла дэстабілізаваць сітуацыю і стаць прычынай цяжкіх наступстваў? Мне было сумна, і я ўвесь час нешта такое ім казала. Але разумела, што сэнсу ў гэтым мала».
Ларысу асудзілі на 3,5 гады калоніі.
«Калонія нагадала мне войска. Яны сапраўды выкарыстоўваюць там такую мадэль. Строгі рэжым для салдат, якіх трэба прывучыць да дысцыпліны. Але са зняволенымі жанчынамі гэта не працавала».
Тое, як да палітзняволеных ставяцца ў калоніі, Ларыса не лічыць ціскам ці прэсінгам, а хутчэй «дыскрымінацыйнымі практыкамі».
«Калі нешта парушае "белы чалавек", то на яго парушэнне хутчэй за ўсё не звярнуць увагі. Або вынясуць мінімальнае спагнанне. А вось калі гэта зрабіла палітычная, дык яе адразу чакае сур'ёзнае пакаранне. Яе ці пазбавяць спаткання, а калі яна, напрыклад, перабіла начальніка, то гэта ўвогуле ШІЗА. Нас не пускаюць у клуб на мерапрыемствы, нам закрылі паліцу з кнігамі па псіхалогіі, нас не пускаюць у спартзалу ці царкву. Але я б не стала называць гэта прэсінгам».
У СІЗА і калоніі Ларыса размаўляла па-беларуску. З самага пачатку яна баялася, што ёй не дадуць размаўляць на роднай мове, але аказалася, што ніхто з супрацоўнікаў асабліва не быў супраць.
«Яны толькі чапляліся час ад часу. Але ўвогуле яны хутчэй не любяць, калі па-беларуску гавораць толькі з імі, гэта яны ўспрымаюць як здзек. Але я гаварыла па-беларуску з усімі. Я пісала ўсе заявы, усе дакументы па-беларуску, і іх разглядалі. Размаўляючых па-беларуску было няшмат. Воля Залатар казала яшчэ. Гэта ж смеласць патрэбна і зацятасць. Былі тыя, хто гаварыў на вясковым дыялекце. Як мне падабалася слухаць іхнюю гутарку! Кастрычніцкі раён — там мова бліжэй да літаратурнай. Палешукі — яны па-свойму, зусім інакш казалі».
Асноўным колам зносін у калоніі ў Ларысы былі іншыя палітвязынкі.
«Наяўнасць гэтых людзей робіць жыццё там нашмат прасцейшым. Гэта людзі твайго сацыяльнага асяроддзя, тваіх каштоўнасцяў. Мы паказвалі адно аднаму фота, чыталі лісты, расказвалі сямейныя гісторыі. Гэта сапраўднае сяброўства».
Аднойчы іншая жанчына аказала Ларысе першую стаматалагічную дапамогу.
«Яна хацела паступаць на дантыста. У мяне балеў зуб, а доктарка мне сказала — калі будзе больна, раскалупайце пломбу самі. Я сама ніяк не магла дацягнуцца. Папрасіла яе дапамогі. Яна ўзяла скрэпку і ўсё мне зрабіла, з такой радасцю. Яна вельмі хацела стаць дантыстам».
А адным з самых светлых успамінаў за час у зняволенні Ларыса называе малітву з іншымі зняволенымі.
«Нас было чатыры дзяўчынкі, і ў нас кожны дзень была супольная малітва — за здароўе сваё, родных, дай божа нам сілы і ўразумі чарцей, якія нас пераследуюць. Гэта было кранальна, са слязамі».
Кожную вольную хвіліну ў калоніі Ларыса намагалася выкарыстаць для нечага карыснага: вывучэння моў ці чытання навуковай літаратуры. Не хацела дарма марнаваць час.
«Часу не шмат, але яго можна знайсці. Вось паклікалі цябе на званкі. І ты сядзіш паўгадзіны ў чарзе — якраз можна ўзяць кніжку».
Ларыса вучыла італьянскую, гішпанскую і французскую.
«У нейкі момант узнікла думка — а навошта мне гэтыя мовы. А потым падумала, што хачу спяваць на гэтых мовах, я хачу спяваць Lasciatemi cantare Кутуньё, Ma perke Чэлентана, хачу спяваць Bésame mucho і песні Мірэй Мацье».
Раніцай 11 верасня 2025 года Ларысу і яшчэ некалькі палітзняволеных жанчын забралі з калоніі людзі ў масках. Пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезлі на беларуска-літоўскі пункт пропуску «Каменны Лог». У машыне Ларысе далі плед, ваду, а па шляху выпусцілі ў лес у туалет.
Раніцай папярэдняга дня журналістка напісала прашэнне аб памілаванні.
«Я гэта ўспрымала як паперку, якая мяне ні да чаго не абавязвае, якая не з'яўляецца для мяне нейкай здзелкай з сумленнем. Проста паперка: вам трэба — вось, падавіцеся».
Але Ларыса не думала, што ўсё здарыцца так хутка. Падчас размовы з аператыўнікам у штабе ў калоніі яна казала, што баіцца высылкі.
«Я расказала яму, што чула, як Лукашэнка сказаў, што вось маўляў, амерыканцы могуць нас забіраць, што ён не хоча, каб мы ў Беларусі заставаліся. Я ж ужо адсядзела амаль тры гады, а тут яшчэ і высылка — гэта дадатковае пакаранне».
Хаця тады Ларыса дакладна не ведала ні пра вызваленне, ні пра высылку, ноччу яна плакала — не хацела з'язджаць з Беларусі.
«Нават афіцэр прыходзіў, пытаўся — Шчыракова, што вы плачаце, вы што, у калоніі хочаце застацца?»
«Я так любіла сваю хату, там усё адбывалася на маіх вачах, у мяне там садок і мая этнаграфічная калекцыя. І там мая гітара, а я так марыла, што я прыйду, сяду на канапу і буду граць тры гадзіны запар, што я буду спяваць — у мяне там караоке і розныя мікрафоны. Што я сяду пад свой камін, паклічу ўсіх сяброў, што я схаджу на магілу мамы. Я збіралася адразу туды ісці, бо вялікая віна ў мяне перад ёй».
Шчыракова лічыць, што не ўяўляла б небяспекі для ўладаў, калі б засталася ў краіне.
«Якая ад мяне была б небяспека, я б не давала ніякіх інтэрв'ю, я б сядзела як мыш пад мятлой, як усе ў Беларусі сядзяць і трымцяць. І я была б такой. Прайшоўшы праз такую школу, я б дакладна ніякай грамадска-палітычнай дзейнасцю не займалася. Займалася б культурай, этнаграфіяй, як даўно і хацела».
У калоніі Ларысе востра не хапала якаснай музыкі. Прыехаўшы ў Вільню, яна выканала жаданне — пабыць у адзіноце пад любімыя песні.
«У мяне была мара такая: я ж амаль тры гады ў калоніі ніколі не была адна, ну максімум хвіліну-дзве. І так тры гады. І мне вельмі хацелася пабыць адной, каб нікога-нікога не бачыць».
Цяпер яна імкнецца знаходзіць час для сябе, паміж інтэрв'ю і сустрэчамі з сяброўкамі па няволі, якія таксама апынуліся ў Вільні. І чакае сына.
«Калі я яму ўпершыню з Вільні патэлефанавала, ён ужо ведаў, што я на волі. Але як быццам да канца не верыў, казаў — мама, у мяне проста шок. А зараз ён мне ўвесь час піша-піша-піша. Адчуваецца, што ён сумаваў без мамы, і зараз любую магчымасць выкарыстоўвае для таго, каб мне напісаць. "Мама, як ты? Што ты слухаеш?" Я спадзяюся, ён хутка зможа пераехаць да мяне, бо пакуль ён там, мне за яго трывожна».