«Людзі жывуць сваё жыццё, а ты — у аўтазаку». Палітзняволеная 8 разоў сядзела ў карцары СІЗА, а ў калоніі адмовілася ад спатканняў
Статья
9 февраля 2024, 18:13

«Людзі жывуць сваё жыццё, а ты — у аўтазаку». Палітзняволеная 8 разоў сядзела ў карцары СІЗА, а ў калоніі адмовілася ад спатканняў

Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона

У 2022 годзе Ірыну асудзілі да пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах. У СІЗА яна восем разоў трапляла ў карцар — за тое, што смяялася падчас прагулак і не кіравалася зневажальнымі правіламі. Дзяўчына распавяла блогу «Шуфлядка» пра ўмовы ў карцарах, працу на швейнай фабрыцы і пра тое, чаму ў калоніі адмовілася ад званкоў і спатканняў з блізкімі. «Медыязона» перадрукоўвае гэты тэкст.

Карцар за смех на прагулцы і месца ля туалета

«Калі я выехала з СІЗА, то адміністрацыя з палёгкай уздыхнула. Я іх [супрацоўнікаў СІЗА] не баялася і не баюся. І калі бачыла парушэнні, то пра гэта казала. Мяне кідаюць у карцар — я галадаю. Яшчэ раз у карцар — галадаю. Я нават задавала пытанне начальніку СІЗА, чаму некаторыя людзі атрымліваюць пяць рапартаў і іх не кідаюць у карцар, а мяне туды адпраўляюць пасля другога».

Пасля змены кіраўніцтва ў СІЗА ў супрацоўнікаў з’явілася новая «фішка»: называць сваё імя, артыкул і від уліку зняволенаму трэба было праз «кармушку» ў дзвярах, стоячы ў камеры на напаўсагнутых нагах і тварам да пахвіны супрацоўніка за дзвярыма.

«Некалькі разоў я сыходзіла на карцар, бо не сагнулася перад кармушкай».

Усяго Ірына сядзела ў карцары СІЗА 8 разоў. Аднойчы — за тое, што занадта гучна паводзіла сябе на прагулцы: «Я пытаюся ў супрацоўнікаў, чаму іх раздражняюць смех і ўсмешкі іншых людзей. Мяне тут жа адпраўляюць у карцар».

У СІЗА беларуска пабывала ў двух відах карцараў. Першы — гэта адзінкавая камера з люстэркам, ракавінай і кранам з гарачай вадой. Нягледзячы на ўключанае ацяпленне, у камеры было вельмі халодна. Ірына піла цёплую ваду і стаяла ля батарэі, каб сагрэцца.

Умовы ў другой камеры былі горшыя, хоць яна была цяплейшай. У ёй не было ракавіны і люстэрка, а з крана ішла толькі халодная вада.

«Ніколі не думала, што гэта скажу, але ў калоніі было значна лепш, чым у СІЗА. У калоніі ёсць хоць бы паветра і прастора. Можна выйсці на вуліцу, падыхаць. А ў СІЗА ты ўвесь час знаходзішся ў каменным меху. Нават прагулкі не ратуюць. Што гэты маленькі дворык? Чатыры каменныя сцены і краты зверху».

Затрымлівалі Ірыну трое чалавек: патэлефанавалі ў дзверы, правялі ператрус, далі паесці, памыць галаву і сабрацца.

«І вось трое мужчын. Скажыце вы мне прама, што я дадому ў найбліжэйшыя паўгода-год-два не вярнуся. Яны проста баяліся мне сказаць пра гэта. "Ой, можа вас адпусцяць" казалі».

Перад СІЗА Ірына правяла сем сутак у ІЧУ.

«Штодня мяне пераводзілі ў розныя камеры. Патрабавалі, каб я заняла месца насупраць туалета. Мне ад такога станавілася толькі смешна. Кожную ноч нас двойчы падымалі. Трэба было падысці да кармушкі і назваць свае дадзеныя. Аднойчы пасля чарговай праверкі камеры я зайшла і ўбачыла сваю ніжнюю бялізну, раскіданую на стале.

Да гэтага часу памятаю надпіс на сцяне ў ІЧУ: "Трымайся, братка-змагар". І гэта прымушае мяне ўсміхацца».

«Людзі ходзяць, жывуць сваё жыццё, а ты ў аўтазаку, як крымінальнік»

Праз тры месяцы пад вартай у СІЗА Ірыне заблакавалі перапіску. Яна не атрымлівала лістоў ад сяброў, ад сястры і мамы даходзілі не ўсе. У нейкі момант ёй паўтара месяца не аддавалі карэспандэнцыю.

«Родныя цяжка перажывалі маё затрыманне. Я сама была ў становішчы, калі затрымліваюць знаёмых, і ведаю, што гэта такое. Калі ты ў СІЗА або калоніі, то табе ў нейкім сэнсе лягчэй. Ты спрабуеш выжыць, змагаешся. А людзі на волі накручваюць сябе, перажываюць. Яны [супрацоўнікі СІЗА/калоніі] ж там аматары не адправіць ліст, напрыклад. А людзі на волі сядзяць, накручваюць сябе і думаюць, што нешта здарылася».

«Сумна было, калі вазілі ў аўтазаках на суд. Гэта быў самы разгар лета. У акенца ўдавалася ўбачыць яго кавалачак: усе вакол зялёнае, людзі ходзяць, жывуць сваё жыццё. І ты такі ў аўтазаку катаешся, як крымінальнік. Калі ўбачыла сяброў у судзе, вар’яцка захацелася сабрацца дадому і сказаць усім да пабачэння».

Суд асудзіў Ірыну да пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах.

Праца на швейнай фабрыцы ў калоніі і маміны слёзы

«Каранцін — дастаткова лайтовы перыяд у калоніі, але для мяне ён ускладняўся тым, што я захварэла. Перажыла каранавірус, моцны гаймарыт. Плюс немагчыма дамагчыся нармальных лекаў.

У самой калоніі было складана першыя два месяцы. Там проста шалёны рытм жыцця. Усё трэба рабіць хутка: мыцца, хадзіць у туалет, апранацца, мыць адзежу і гэтак далей.

У калоніі ўсё накіравана на тое, каб жанчына забылася, што яна жанчына. Цяжкія працы, перанос цяжару, дзіўная форма і некім прыдуманы графік мыцця галавы».

Ірына працавала на швейнай фабрыцы шэсць дзён на тыдзень. Асуджаныя шылі форму, напрыклад, для супрацоўнікаў міліцыі, МНС, дарожных рабочых. Ірына кажа, што атрымлівала 60 рублёў, але даходзіла да яе 15-20. Астатнія грошы адміністрацыя ўтрымлівала на аплату камуналкі і харчавання.

«Стаўленне на фабрыцы як да рабоў. Плацяць капейкі, а якасць патрабуюць як ад швачкі найвышэйшага разраду. Мне нагадвала ўсё гэта кітайскія падвалы, дзе ходзіць нейкі цар і крычыць: "Я табе сказаў нармальна шыць!"

Бізнес зроблены шыкоўны. Людзей саджаюць у турму, адпраўляюць на фабрыку працаваць, плацяць капейкі. Выдаткі мінімальныя, а якасць патрабуюць».

У калоніі Ірына адмовілася ад спатканняў і відэазванкоў з блізкімі. Яна распавядае пра выпадкі, калі асуджаным прызначылі спатканне, а за пару дзён да яго ладзілі правакацыю і ў якасці пакарання пазбаўлялі сустрэчы з роднымі. Ірына не хацела такога стрэсу, таму вырашыла перажыць зняволенне без сустрэч.

«Я чакала свайго вызвалення з першага дня затрымання. Вельмі цікава паводзіць сябе мозг. Як быццам бы ты заўсёды жыў у турме, і здаецца, што вызваленне не здарыцца ніколі.

Мяне сустрэла мама і сястра. Выходжу — яны ў слёзы. Я такая: "Што вы ўсё плачаце, я ж не памерла". Прыехала ў Мінск, сустрэлася з сябрамі. Адчула проста велізарную падтрымку, і адаптацыя дзякуючы ёй прайшла вельмі добра і спакойна».

Пасля вызвалення Ірына засталася ў Беларусі і ўладкавалася на працу.

— Я ў прынцыпе з’язджаць не хачу і бегчы не збіраюся. Захочуць пасадзіць мяне ў турму — добра. Мне падабаецца краіна, падабаецца клімат. Так, хапае пытанняў, але тым цікавей. Я люблю быць у гушчы падзей.