«Вось пабачыш, мама, разлучаць нашыя берагі». Як жанчыны з акупаванага берага Дняпра ратуюць свае сёлы пасля патопу з‑за выбуху на ГЭС
Статья
22 ноября 2023, 22:00

«Вось пабачыш, мама, разлучаць нашыя берагі». Як жанчыны з акупаванага берага Дняпра ратуюць свае сёлы пасля патопу з‑за выбуху на ГЭС

Украинские военнослужащие помогают жителям спуститься с крыши в спасательные катера, недалеко от Олешек, 7 июня 2023 г. Фото: AP

«Хатка наша стаіць, але яна у жахлівым стане. Але мы ўсё роўна хочам дадому. Суседскія дамы ўсе разбураныя, на нашай, напэўна, дамоў 30 упала, іх проста знесла вадой», — распавядае Таццяна з Кардашынкі, якая перажыла патоп пасля прарыву Кахоўскай ГЭС 6 чэрвеня. Яна выехала з роднай вёскі і зараз як можа дапамагае тым, хто застаўся. Яна такая не адна. «Медыязона» распавядае гісторыі жыхарак левага берага Дняпра, акупаванага расійскімі войскамі, — пра тое, як яны выехалі з зоны падтаплення, але не кінулі дапамагаць родным сёлам.

«Вада ішла шумна. Мы чулі, як складаліся хаты, як трашчаў шыфер»

72-гадовая Любоў посціць у фэйсбуку фота цяпліц з петуніямі і астрамі — іх яна расціла да вайны. Пасля пачатку расійскага ўварвання Любоў выехала з родных Алешак Херсонскай вобласці ў Запарожскую вобласць, а адтуль — у Еўропу.

Кажа — не думала, што ва ўзросце за 70 давядзецца праходзіць праз такое. Спачатку — спаць у падвале свайго дома, ратуючыся ад абстрэлаў. Потым — стаяць у чарзе на блокпасту і спадзявацца, што калону не абстраляюць.

У чэрвені суседзі напісалі, што яе дом па самы дах затапіла пасля прарыву ГЭС. Калі вада сыходзіла — ён разбурыўся. Вяртацца пенсіянерцы зараз няма куды.

Жанчына пералічвае валанцёрам для Алешак большую частку пенсіі — для яе гэта салідарнасць з тымі, хто застаўся ў горадзе.

44-гадовая Таццяна зараз жыве ў Мікалаеве з усёй сям'ёй. З акупаванай расійскімі войскамі вёскі Кардашынка за 15 кіламетраў ад Алешак яна выехала ўжо пасля затаплення. Яе саму, а яшчэ яе сям'ю, жывёлу, катоў, сабак і суседзяў выратавала «кучугура» — узгорак проста за домам. Першыя суткі людзі і жывёлы сядзелі на ім і глядзелі, як вада падтоплівае ўсё, што ў іх было.

«Вада ішла шумна. Мы чулі, як складаліся дамы, як трашчаў шыфер. Агароджы падалі. Гэта быў проста жах і страх, гэта быў нейкі армагедон — тое, што мы перажылі ў першую ноч. Нас на той кучугуры было шмат, чалавек 50», — успамінае яна.

Таццяна нарадзілася ў Кардашынцы і не хацела пакідаць дом, але з'ехаць прыйшлося. Адзін з яе дзяцей цяжка хворы — у яго параліч і здараюцца эпілептычныя прыпадкі. Ён не ўстае, не сядзіць, не можа сам прымаць ежу.

Яшчэ адзін, старэйшы сын Таццяны, тры гады служыў у АТА. А потым, калі вярнуўся, сышоў у запой на паўгода. Сына ўдалося «выцягнуць», але ён увесь час казаў пра вайну, і лічыў, што вайна прыйдзе і да іх.

«Вось пабачыш, мама, разлучаць нашыя берагі. Будзе тут бераг левы — бераг правы», — успамінае Таццяна словы сына, які меў рацыю.

Муж і дзядзька Таццяны яшчэ доўга заставаліся ў сяле — ратавалі жывёл, маёмасць, дапамагалі суседзям. Дзядзька да гэтага часу на левым беразе, які кантралюе Расія.

Валанцёркі Ксенія і Алена таксама жылі на левым беразе ракі да вайны. У Алены ў Алешках застаўся малады чалавек, у Ксеніі — пажылыя бацькі. Яна не змагла ўгаварыць іх з'ехаць. Яны, як і іншыя людзі там, чые дамы засталіся цэлыя, па словах Ксеніі, «трымацца за сваю цэглу».

«Я нікуди не поїду, залиште мене тут — вось і ўсе іх словы. Ні ў якую», — кажа яна.

За два дні сабралі паўмільёна грыўняў

Алене — 41 год, цяпер яна жыве ў Германіі разам з трыма сваімі дзецьмі, малодшаму сыну — 3 гады. Старэйшая дачка вярнулася з Германіі ва Украіну і цяпер валанцёрыць у Херсоне, пакуль маці ўвесь вольны час прысвячае збору грошай і арганізацыі дапамогі з Германіі.

«Я заўсёды анлайн, мне пішуць і ў гадзіну ночы, і ў дзве. Пасля патопу ў мяне жыццё перавярнулася, у мяне ўсё звялося да таго, каб дапамагаць гэтым людзям, пакуль там не наладзіцца жыццё», — кажа яна.

Ксеніі — 39 гадоў, яна ўсё жыццё пражыла ў Алешках. Пасля пачатку вайны выехала ў польскі горад Шчэцін. Ксенія не працуе — сям'ю забяспечвае муж. Увесь вольны час яна прысвячае арганізацыі дапамогі. Збірае грошы на куплю прадуктаў і медыкаментаў, у якасці анлайн-каардынатара ўдзельнічае ў эвакуацыі людзей з зоны падтаплення.

Сабраныя грошы Ксенія і Алена адпраўляюць правераным людзям на акупаваных тэрыторыях. А тыя купляюць прадукты ў Вялікіх Копанях (30 км ад Алешак) і развозяць іх.

Алена пачала збор грошай на дапамогу жыхарам Алешак праз суткі пасля пачатку патопу, 7 чэрвеня. Ужо праз два дні збор прыйшлося закрыць — на карце сабралася амаль паўмільёна грыўняў і трэба было вырашыць, як хутчэй арганізаваць дастаўку дапамогі, і як даць справаздачу за вялікую суму. Зараз жа сітуацыя больш празаічная і данаты меншыя — дзяўчаты збіраюць кожную капейку, каб аплаціць прадукты і лекі для Алешак.

«Могуць на падвал пасадзіць, могуць расстраляць». Валанцёры ў падполлі

Алена і Ксенія даведваюцца пра справы ў родных мясцінах і каму якая патрэбна дапамога ад людзей на месцы. Кантактамі людзей «на зямлі» яны не дзеляцца. Перажываюць, таму што любым чынам «свяціцца» там, на іх думку, зараз занадта небяспечна. У размове яны называюць іх «нашы дзяўчынкі» і «нязломныя». «Дзяўчаткі» імкнуцца не трапляцца на вочы ваенным патрулям, якія дзяжураць у горадзе, канспіруюцца.

«Гэта самае сапраўднае падполле, таму што да нашых валанцёраў ужо ёсць пытанні ад рускіх. Таму мы ўвесь час змяняем лакацыі, дапамогу перадаюць і захоўваюць у розных месцах. Былі размовы ўжо, але ім сказалі — пакуль не заўважана, што вы кудысьці перадаеце каардынаты, ці камусьці не таму расказваеце, таму вас пакуль не чапаем… А так, і на падвал жа пасадзіць могуць, і проста расстраляць», — кажа Ксенія.

Дома под водой в затопленном городе Олешки, 10 июня 2023 г. Фото: AP

Без дапамогі жыхарам Алешак і наваколля было б вельмі цяжка. Пасля прыходу расійскай арміі ў горадзе засталося толькі дзве крамы, кошты ў якіх выраслі ў разы. Ды і тое, што трэба, не заўсёды ёсць у продажы.

«Чалавек 500 у Алешках, я думаю, аформілі расійскую пенсію, і недзе напэўна толькі 100 атрымалі. Астатнія жывуць на ўкраінскую, як бацькі мае. Пры тым, што кошты касмічныя, слоік тушонкі — 170 рублёў ($1,9), булка хлеба — 60 ($0,6). Кілька 120 рублёў ($1,3), згушчонка — 200 ($2,2). Памідоры, агуркі, яблыкі — рублёў па 100 ($1,12), не менш», — распавядае Ксенія.

Яшчэ ў горадзе застаўся рынак, і туды часам прыязджаюць гандляваць людзі з Копаняў. Але з такой жа «накруткай», і вельмі рэдка, таму што горад увесь час пад абстрэламі.

Па словах Алены, Алешкі засталіся амаль без святла. Ёсць толькі некалькі раёнаў, дзе электрычнасць час ад часу ўключаецца. Таму ў кожны пакет з прадуктовай дапамогай валанцёры імкнуцца пакласці свечкі.

«Шмат кінутых жывёл, і ім няма чаго есці. Проста падаюць, блядзь, і дохнуць ад голаду»

Яшчэ адна вялікая патрэба ў Алешках і наваколлі — пітная вада. Рускія, па словах валанцёраў, прывозяць «гуманітарную» ваду, але яе ўсё роўна не хапае, а піць са сваіх крыніц людзі баяцца да гэтага часу.

Валанцёры дапамагаюць мясцовым не толькі прадуктамі — бывае, трэба прывезці бензін для генератараў ці лекі. З гэтым, паводле слоў Ксеніі, на акупаваных тэрыторыях дрэнна, і везці медыкаменты трэба з Крыма.

Собаки в Олешках. Фото: личный архив героини

«Нават некаторыя расейцы дапамагаюць — яны нам шлюць пасылкі на вайлдбэрыз, у Крым, а мы адтуль забіраем. Праўда, так выходзіць дорага. А пошта ў нас не працуе, усё, каменны век», — кажа Ксенія.

Нядаўна Алена даведалася, што ў Алешках усё яшчэ застаюцца дзеці.

«Пачалі лічыць, распытваць тых, хто звяртаўся, глядзець на месцы. Каля 50 дзяцей там зараз застаецца. Вось хочам на Святога Мікалая спецыяльны збор аб'явіць, каб хоць нейкімі падарункамі іх парадаваць. Таксама гора нацярпеліся».

Закупляюць валанцёры і корм для жывёлаў. У Алешках, у Кардашынцы вельмі шмат кінутых гадаванцаў.

«У нас у горадзе ўсё дрэнна, і ў Голай Прыстані ўсё дрэнна. Шмат кінутых жывёл, і ім няма чаго есці. Проста падаюць, блядзь, і дохнуць ад голаду. А яшчэ іх заядаюць кляшчы. Вельмі шмат развялося кляшчоў, мусіць, з-за таго, што быў патоп».

«Праз двор ездзяць танкі і ходзяць салдаты»

У акупаваную Кардашынку валанцёры ўжо не даязджаюць, астатнія там прадстаўленыя самі сабе. Два разы на тыдзень у вёсцы бывае дзядзька Таццяны — ён корміць жывёл, прывозіць «заказы» — прадукты, якія прасілі людзі. Таццяна дапамагае яму грашыма.

У вёсцы, паводле яе слоў, было цяжка і да патопу.

«Як у лістападзе тады да нас як прыйшлі з Херсона рускія салдаты, так і пачалося — праз двор танкі ездзяць, салдаты ходзяць. А пасля патопу яшчэ горш стала, хаця куды ўжо…».

Спачатку тыя, хто засталіся, спрабавалі ратаваць і катоў-сабачак, і жывёлу, якую людзі пакідалі. Але ў выніку вырашана было пазбавіцца і жывёлы. Муж Таццяны дамовіўся з мяснікамі з суседняй вёскі, куды вада не дайшла, і здаў ім тых 15 галоў, якія стаялі з людзьмі на ўзгорку ў першую ноч. Як кажа Таццяна — усё роўна не выжылі б, карміць іх было не было чым. А людзям спатрэбіліся атрыманыя грошы. За атрыманую суму выбрацца з зоны падтаплення змагла астатняя частка сям'і Таццяны. З пяці чалавек з дзіцем перавозчыкі ўзялі каля 1660 долараў.

«Пасля 60 гадоў застаешся на вуліцы і без нічога»

41-гадовая Ірына з сям'ёй зараз жыве у Нямеччыне. Толькі нядаўна яна ўгаварыла сваіх бацькоў выехаць з Алешак. Вяртацца ім таксама няма куды — пасля затаплення ад іх дома засталіся толькі сцены, а ўнутры ўсё знішчыў патоп. Да выезду бацькі жылі ў сваякоў, хата якіх знаходзілася вышэй — туды вада не дайшла. Ірына кажа, што так зараз у Алешках робяць многія — людзі аб'ядноўваюцца, жывуць па некалькі сем'яў.

Ірына таксама рэгулярна пераводзіць грошы валанцёрам, і просіць іх паклапаціцца і пра сваіх далёкіх сваякоў, якія засталіся там.

Яшчэ адна вялікая праца — вывесці з прыгнечанага стану сваіх бацькоў.

Бацькі Ірыны выехалі з Алешак бліжэй да сярэдзіны лета, раней не маглі — усе дарогі былі затопленыя. Яны ехалі да дачкі ў Нямеччыну дзевяць дзён, праз Крым і Расію.

«За два дні да ад'езду яны неяк прабраліся ў дом. Лепш бы яны, канешне, гэтага не рабілі. Да гэтага часу ім вельмі цяжка гэта прыняць — што нічога не засталося, што ўсё ўнутры разбурана. Да гэтага часу я не магу іх вывесці з шоку. З псіхолагамі яны размаўляць не жадаюць, на вуліцу амаль не выходзяць. Цяжка разумець, што пасля 60 гадоў вось так у адзін момант застаешся на вуліцы без нічога, хаця быў дом, і ўсё прыгатавана для старасці і нармальнага жыцця».

Цяжка даўся сямейнай пары пераход мяжы Расіі з Латвіяй. Супрацоўнікі ФСБ, якія дзяжурылі на памежным пункце, дапытвалі іх, адпускалі ў зону чакання, потым зноў дапытвалі. У пункце пропуску яны правялі двое сутак.

«Па некалькі гадзін яны з кожным "гутарылі". Пыталіся пра стаўленне да вайны і войска, забіралі тэлефоны, глядзелі ўсе перапіскі і кантакты».

«Каб людзі бачылі — іх не кінулі»

Матыў, каб дапамагаць пакінутым ва ўсіх адзін — на левым беразе засталіся людзі бездапаможныя, часам — адзінокія, якім будзе зусім цяжка без увагі валанцёраў.

«Дзяўчынка, якая возіць прадукты, у шоку ад таго, што бачыць. Кажа — людзі там у роспачы. Зараз зборы невялікія, але мы ўсё роўна стараемся, развозім невялікія наборы — гарбату, цукар, пару яблыкаў, крыху бульбы і цыбулькі, крышку печыва, крыху цукерак, аўсянкі кілаграм. Каб людзі бачылі — іх не кінулі... Прыходзіць гэтая дзяўчынка да бабулі, і тая разумее, што яна не забытая, што ёсць дапамога нейкая, ёсць надзея. Яны там абдымаюцца, плачуць разам», — распавядае Алена.

«Ім там маральна, вядома, зусім дрэнна. Расія пастаянна там мяняе салдат, ідзе ратацыя. І вось толькі нашы да адных прывыкнуць, нейкую агульную мову знойдуць — і тут прыязджаюць новыя. А бываюць жа і такія, якія марадзёруць, забіраюць усё, што захочуць. Вось на рынку ператрус праводзілі. Што яны там у станіках у жанчын шукалі, я не разумею… А ў гэтых людзей жа нічога няма, нічога не засталося. Няма ні курэй, ні свіней, таму што ўсё гэта патанула. Скаціна загінула, ураджай таксама. Таму быў жа агурок, памідор, бульба, перчыкі пасаджаны — нічога гэтага няма. Без святла, без газу жывуць, без вады», — кажа Ксенія.

Таццяна тлумачыць, што дапамагае яшчэ і таму, што вельмі хоча дадому. Чакае вызвалення роднай Кардашынкі і ўдзельнічае ў жыцці астатніх суседзяў як можа.

«Нам у вёсцы было добра, хаця і працы шмат. Мы прывыклі да такога жыцця, а ў горадзе нам вельмі цяжка».