Таемныя званкі, сустрэча падчас уцёкаў, калонія. Дзівосная гісторыя кахання палітвязня з Брэста і начальніцы спецаддзела
Статья
17 августа 2023, 17:18

Таемныя званкі, сустрэча падчас уцёкаў, калонія. Дзівосная гісторыя кахання палітвязня з Брэста і начальніцы спецаддзела

Ілюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона

Гэтая гісторыя падобная да кіно: пратэсты, суд, хімія, раман з начальніцай спецаддзела, доўгая расстанне і сустрэча. Але не: гэта два гады з жыцця былога палітвязня Дзмітрыя Абрамука. У эпізодах — eцёкі з хіміі і абраза Лукашэнкі. «Медыязона» паразмаўляла з берасцейцам: пасля гэтай гісторыі вы дакладна паверыце ў каханне.

Патрабавальная начальніца спецаддзела. Хімія

Вясной 2021 года берасцеец Дзмітрый Абрамук атрымаў 2 гады хіміі паводле «карагоднай справы». Праз пару месяцаў ён прыехаў адбываць пакаранне ў ПУАТ на ўскраіне Віцебска. Абрамука адразу папярэдзілі пра «асабліва патрабавальную і злую» начальніцу спецаддзела, якая на той момант была ў адпачынку.

Калі супрацоўніца вярнулася на працу, палітвязень пачаў размаўляць з ёй нароўні з іншым персаналам ПУАТ — па некалькі хвілін у агульнай курылцы. Дзмітрыю начальніца спецаддзела здалася добрай і чалавечнай; паводле яго слоў, яна не адмаўляла ў дапамозе, раіла, як лепш скласці скаргу або паступіць з дакументамі.

Неўзабаве Абрамук зразумеў, што сімпатызуе супрацоўніцы ПУАТ.

«Гэта не было каханнем з першага позірку, але паступова я ў яе закохваўся, — кажа ён. — Там насамрэч ёсць добрыя людзі. Адсоткаў 70 вырадкаў, астатнія — добрыя. І ў кожнага з іх ёсць свае прычыны, чаму яны дагэтуль там».

«Абрамук, не ўцякайце, вяртайцеся». Новая справа

У размовах начальніца распытвала Абрамука, чаму яго не пускаюць на працу, якія ў яго планы на дзень. Калі пачаўся суд па другой крымінальнай справе — аб абразе Лукашэнкі — яна папрасіла «не ўцякаць».

«Яна сказала нешта накшталт: “Абрамук, вы добры чалавек, і патрэбныя тут, не ўцякайце, вяртайцеся”», — успамінае ён.

Ён западозрыў, што яго сімпатыі ўзаемныя, і аднойчы праверыў гэта ў курылцы. На адным з сумесных перакураў ён сказаў супрацоўніцы: «Калі вам Абрамук неабыякавы, запляціце хвосцік». У наступны раз ён убачыў яе з сабранымі ў хвост валасамі.

«У той момант я, вядома, шчаслівы быў, і было такое пачуццё напоўненасці. Эйфарыя».

Разам з тым амаль адразу ж пасля прыезду ў ПУАТ і другога суду Дзмітрый стаў адчуваць да сябе «асаблівае стаўленне» адміністрацыі хіміі праз тое, што ён асуджаны паводле палітычнага артыкула, да таго ж не прызнаў віну паводле справы.

Яго не адпускалі на працу спачатку неафіцыйна, а крыху пазней «павесілі чырвоную бірку», гэта значыць паставілі на ўлік як схільнага да ўцёкаў, і перасталі пускаць куды-небудзь афіцыйна.

Кожную гадзіну з сямі раніцы да дзесяці вечара яму трэба было прыходзіць да адміністрацыі адзначацца — называць сваё імя, прозвішча, артыкул, від прафуліку.

«Вось твой каханы чалавек, а ты яму не можаш сказаць нічога». Таемнае каханне

Палітвязень і супрацоўніца ПУАТ адкрыта, хоць і акуратна, маглі камунікаваць толькі вечарамі па тэлефоне і відэасувязі. Бывала, што яго размовы спрабавалі падслухаць асуджаныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй ПУАТ.

«Прычым і не хаваліся асабліва, проста стаялі паблізу і слухалі».

Іншыя хімікі маглі выйсці на выходных у горад на некалькі гадзін, але для яго, палітычнага з чырвонай біркай, гэта было немагчыма, а значыць нельга было сустрэцца з дзяўчынай па-за сценамі ПУАТ.

Дзмітрый кажа, што адчуванні былі дзіўныя. Вось ён — твой каханы чалавек, а ты яму не можаш сказаць нічога лішняга, каб не наклікаць ніякіх падазрэнняў.

Неўзабаве яны ўжо пачалі будаваць планы — як яна звольніцца, як ён адбудзе тэрмін, выйдзе на волю і яны змогуць «разам некуды рухацца». Але рэальнасць планы падкарэктавала: начальнік ПУАТ, паводле слоў Абрамука, не даваў яго дзяўчыне звольніцца па ўласным жаданні, а самому яму ўжо пагражала змена рэжыму і перавод у калонію.

На хіміі Дзмітрыя некалькі разоў адпраўлялі ў ШІЗА па надуманых прычынах. За час знаходжання ў ПУАТ — менш за год — у суме ён правёў у ізалятары 110 сутак.

Калі ён выйшаў са штрафнога ізалятара пасля 30 сутак запар, то даведаўся, што супрацоўніцы ўдалося звольніцца. Абрамук кажа, што яна не вытрымала: не хацела быць датычнай да несправядлівасці, якая адбываецца. Па-добраму яе не адпускалі, таму давялося зрабіць так, каб звольнілі за прагулы. Да гэтага дадалася няўстойка па кантракце: каля чатырох тысяч долараў.

Пара працягнула камунікаваць па відэа. У лістападзе на хімію прыязджалі супрацоўнікі КДБ, яны дапытвалі Дзмітрыя па падазрэнні ў «фінансаванні экстрэмізму». У той вечар Абрамук стэлефанаваўся з каханай. Яна прызналася яму ў каханні, а ён зрабіў ёй прапанову.

Ілюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона

«Тры цудоўныя дні». Уцёкі

Без артыкула аб фінансаванні экстрэмізму абышлося, але з часам стала зразумела, што Абрамука дакладна перавядуць у калонію.

Па надуманых парушэннях яго раз за разам змяшчалі ў ШІЗА. У ПУАТ рыхтавалі дакументы для суда па замене рэжыму на больш строгі. У снежні-студзені Абрамук практычна ўвесь час сядзеў у штрафным ізалятары.

«На хіміі казалі, што хутка я паеду ў калонію. І тады я вырашыў, што ўцяку да яе. Хоць на тры дні».

Звычайна пад канвоем у краму асуджаных вадзіў адзін ці два супрацоўнікі міліцыі, а калі ў краму хадзіў Абрамук, то чацвёра. У адзін з дзён міліцыянтаў чамусьці было двое. Абрамук скарыстаўся шанцам і ўцёк.

Думкі ўцячы назусім былі. Але тады, у пачатку 2022 года, яму здавалася, што сітуацыя ў Беларусі хутка наладзіцца, таму Абрамук вырашыў вярнуцца і «даседзець». Хоць было ясна, што хімія і пастаяннае знаходжанне ў ШІЗА адбіваюцца на здароўе: Дзмітрый схуднеў больш чым на 10 кілаграмаў.

Ён правёў з дзяўчынай «тры цудоўныя дні». Яны дамовіліся пра «стратэгію» на будучыню: калі пачнуцца праблемы — нікому не казаць пра іх стасункі і не верыць, калі ўжо паасобку сілавікі пачнуць казаць аднаму з іх пра тое, што другі прызнаўся і даў нейкія паказанні.

Новы год у ПКТ. Калонія

Абрамук вярнуўся на хімію. Неўзабаве яго перавялі ў калонію на 1 год, 1 месяц і 16 дзён. Новы тэрмін пачаўся з 20 сутак у ШІЗА. Пасля была камісія і зноў чырвоная бірка.

«Нават смешна і брыдка было — сядзіць 30 мусароў, ад капітана да падпалкоўніка, і вось яны нясуць лухту, палохаюць чувака, які на той момант важыў 70 кілаграм, і не бачыў сонечнага святла ўжо вельмі даўно. Я асабіста ўспрыняў гэта проста як помсту — за палітычны артыкул, за тое, што не прызнаў віну, за раман з супрацоўніцай».

Жыццё ў калоніі з чырвонай біркай, паводле яго слоў, мала адрознівалася ад жыцця ў ПУАТ: на працу «на промку» — нельга, у спартзалу — нельга. Кожную гадзіну трэба хадзіць адзначацца.

«Розніца толькі ў тым, што на хіміі ў мяне ў руках быў тэлефон, а ў калоніі — кніжка», — кажа ён.

У снежні 2022 года Дзмітрыя змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Там ён сустрэў Новы год. У пачатку студзеня «ад правераных крыніц» даведаўся, што яго дзяўчына пакінула краіну.

«Я не панікаваў, мы разглядалі варыянт, што ёй давядзецца з’ехаць».

Знайшліся дзякуючы інтэрв’ю. Сустрэча

У красавіку 2023 года Дзмітрый вызваліўся з калоніі, з’ехаў з Беларусі і стаў шукаць спосабы знайсці сваю дзяўчыну.

«Напісаць, патэлефанаваць ёй я нікуды не мог: яна ўсё выдаліла, памяняла нумары».

Тады Дзмітрый стаў даваць інтэрв’ю для таго, каб яна сама знайшла яго. Пасля першага ж інтэрв’ю, якое ён даў праваабарончаму цэнтру «Вясна», гэта здарылася — дзяўчына напісала ў інстаграм.

Аказалася, што яна пасля звальнення з’ехала ў Ізраіль і ўжо атрымала дакументы, бо мае габрэйскія карані.

Маладыя людзі змаглі сустрэцца толькі летам 2023 года. Дзмітрый паляцеў да дзяўчыны ў Ізраіль, але застацца там не змог. Разам яны правялі толькі 10 дзён. Абрамук вярнуўся ў Польшчу. Цяпер ён шукае магчымасць перабрацца ў Ізраіль і плануе вяселле.

Імя сваёй дзяўчыны Дзмітрый Абрамук не раскрывае — да інтэрв’ю яна пакуль не гатовая.