«Рызыкаваць ніхто не хоча». Як шукаюць працу былыя палітвязні
Статья
31 марта 2023, 15:31

«Рызыкаваць ніхто не хоча». Як шукаюць працу былыя палітвязні

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Пасля выхаду на волю міліцыя патрабуе ад былых асуджаных хутчэй уладкавацца на працу, але судзімасць часта становіцца перашкодай пры пошуках. Былыя палітвязні расказалі «Медыязоне» пра свой (не заўсёды ўдалы) досвед зваротаў у цэнтры занятасці і «праверкі» пры працаўладкаванні.

Імёны герояў змененыя.

Ад дворніка да даяркі. Вакансіі цэнтра занятасці і настойлівыя міліцыянты

Усе суразмоўцы «Медыязоны» пасля вызвалення не змаглі вярнуцца на ранейшую працу. Сяргей, які адбываў пакаранне ў калоніі больш за год, у сваім горадзе знайшоў вакансіі па спецыяльнасці толькі ў дзяржустановах, але судзімасць пазбавіла яго магчымасці ўладкавацца туды. Падобная сітуацыя ва Уладзіслава, які атрымаў тэрмін за каментар. Да затрымання ён працаваў электрыкам і абслугоўваў ювелірныя крамы і банкі. Людзям з судзімасцю забаронена працаваць на такіх аб’ектах, таму былыя працадаўцы не змаглі ўзяць яго на ранейшае месца.

Вікторыя не можа працягнуць сваю справу пасля выхаду на волю з іншай прычыны: лецішча, на якім яна вяла гаспадарку, давялося прадаць для аплаты судовых выдаткаў. Да затрымання за «абразу» прадстаўніка ўлады яна займалася падсобнай гаспадаркай: агародам, развядзеннем трусікаў і хатняй птушкі.

Большасць былых палітвязняў, з якімі паразмаўляла «Медыязона», звярталіся па дапамогу з працай у цэнтр занятасці. Міхаілу там выдалі даведку, што вакансій па яго спецыяльнасці — электрык — дастаткова, таму ён можа шукаць працу сам. Іншым суразмоўцам у цэнтры падбіралі нізкааплатныя вакансіі.

Сяргею прапанавалі месцы грузчыка і дворніка з заробкам не больш за 500 рублёў, Вікторыі — вакансію даяркі або жывёлавода ў найбліжэйшым калгасе. Са слоў Вікторыі, супрацоўнікі цэнтра не казалі наўпрост пра тое, што іншых варыянтаў няма праз «палітычны» артыкул, а толькі «намякалі, паціскаючы плячыма».

— Я гадавала трусікаў, курачак, гусей, індыкачак, а тут — каровы. Я іх баюся, калі шчыра, не разумею, з якога боку да іх падыходзіць. І я павінна з’язджаць са сваёй кватэры ў нейкі задрыпаны калгас для таго, каб працаваць там не зразумей кім.

Стаць на ўлік у цэнтры занятасці трэба яшчэ і для таго, каб атрымаць матэрыяльную дапамогу, адзначае Вікторыя.

«Мы, вядома, дакументы аформім, але вам гэта трэба? 50 рублёў нейкіх. Вас гэта задаволіць? І наўрад ці вам вобласць ухваліць», — пераказвае Вікторыя размову з работнікамі райвыканкама.

Былая палітзняволеная не афармляла дакументы на атрыманне дапамогі: вырашыла «не прыніжацца за 50 рублёў, якія надвор’я дакладна не зробяць». Яна распавяла пра сваю сітуацыю знаёмым па фэйсбуку, і тыя пачалі ёй дапамагаць — забяспечылі на месяцы два.

— У мяне муж смяяўся. Даслалі фотаздымак прадуктовай перадачы і напісалі: «Сустракайце на санках. Або ўдваіх цягнуць мужыкам трэба, бо шмат важыць».

У Чырвоным Крыжы, куды можна звярнуцца па дапамогу пасля выхаду на волю, ёй сабралі прадуктовую «скрыначку»: тры банкі згушчонкі, 800-грамовы слоік марынаваных агуркоў, слоічак кабачковай ікры, слоічак салаты і «нейкія кансервы».

Працаўладкаванне некаторых былых палітвязняў узялі на кантроль міліцыянты. Артуру, якога суд адправіў у калонію паводле артыкула аб апаганенні збудаванняў, паставілі ўмову — хутка знайсці працу, каб прыходзіць адзначацца раз на тры месяцы. Калі з працаўладкаваннем нічога не выйдзе, яго абавяжуць наведваць мерапрыемствы ў міліцыі і хадзіць у аддзяленне амаль кожны тыдзень, кажа Артур.

Міхаіла таксама «вельмі стараліся працаўладкаваць» супрацоўнікі міліцыі. Паводле яго слоў, міліцыянтам не падабаўся парадак падбору вакансій у цэнтры занятасці, таму яны самі пачалі «выпісваць накіраванні» для прыёму на працу на пэўныя прадпрыемствы.

«Вы нам не пасуеце». Анкеты і праверкі на прадпрыемствах

Спярша супрацоўнікі органаў давалі Міхаілу накіраванні на заводы, але туды ўладкавацца не ўдалося: спецыялісты па бяспецы не хацелі прымаць асуджанага па палітыцы.

— На трактарным заводзе мне напісалі: «Адмовіць у працаўладкаванні ў сувязі з неадпаведнасцю карпаратыўнай палітыцы МТЗ», яшчэ недзе адмовілі «ў сувязі з дыскрэдытавальнымі абставінамі звальнення», — расказвае ён.

Міхаіл дадае, што дні пасля вызвалення праводзіў так: прыходзіў у міліцыю па накіраванне, ехаў на прадпрыемства і атрымліваў адмову. Аднойчы супрацоўнікі адправілі яго працаўладкоўвацца ў бальніцу, дзе намеснік галоўнага ўрача сказаў, што міліцыя не мае права даваць накіраванні на працу.

— Мне адмовілі ў прыёме на працу, бо апавяшчэнне выдадзенае не ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзейнага заканадаўства. Я прывёз гэта апавяшчэнне ў міліцыю, яны там трошкі асалапелі і далі накіраванне ў іншую лякарню, — кажа ён.

У іншай медустанове нечакана пагадзіліся ўзяць яго на працу. Міхаіл некалькі разоў удакладняў у супрацоўніцы аддзела кадраў, «ці не прыляціць бальніцы па шапцы». Пасля чарговага пытання працаўніца вырашыла параіцца з галоўным урачом і праз пару хвілін вярнулася з адмовай.

— Я ёй падказваў, што трэба напісаць. Дыктую, што накіраванне выдадзена не ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Іншыя суразмоўцы «Медыязоны» расказваюць пра «праверкі» на прадпрыемствах, якія апрыёры немагчыма прайсці асуджаным па палітыцы.

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Былы палітвязень Васіль прыйшоў на сумоўе на месца слесара ў адзін з буйных заводаў Мінска — гэтую вакансію яму прапанаваў цэнтр занятасці. Супрацоўніца аддзела кадраў папярэдзіла мужчыну, што ўдзел у пратэстах 2020 года можа паўплываць на працаўладкаванне. Так і здарылася: пасля праверкі звестак Васілю адмовілі ў працы.

Гэта была яго першая і апошняя спроба знайсці працу праз цэнтр занятасці. Там прапануюць вакансіі толькі на дзяржаўных прадпрыемствах, куды былых палітвязняў не возьмуць «праз іх мінулае», упэўнены Васіль.

Уладзіслаў расказвае, што пытанне аб удзеле ў пратэстах 2020 года было ў анкеце перад уладкаваннем на працу і ў дзяржаўныя, і ў прыватныя арганізацыі.

— «Вы нам не пасцеуе». Судзімасць яны па-любому ўбачаць, няма сэнсу хаваць. А я проста пакінуў каментар, — кажа былы палітвязень.

Пра ўдзел у пратэстах пытаюцца і на вусных сумоўях. Артур расказвае, што рэкрутарка анлайн-гіпермаркета 21vek нават адрэагавала на адказ былога палітвязня станоўча — паабяцала «што-небудзь вырашыць» і ператэлефанаваць. Але не ператэлефанавала.

«Альбо вы бераце мяне вось такога, альбо мы разыходзімся». Самастойныя пошукі працы

Артур вырашыў адразу папярэджваць працадаўцу пра судзімасць па «палітычным артыкуле», каб пазбегнуць непаразумення і адсеяць тых, хто не гатовы ўзяць яго з гэтай прычыны.

— Дапусцім, яны не спытаюць, я прамаўчу. Уладкуюся на працу, і мне трэба будзе ездзіць адзначацца ў міліцыю. Будзе пытанне: навошта? Таму я адразу ж ставіў працадаўцу перад фактам: «Альбо вы бераце мяне вось такога, альбо мы разыходзімся».

Знайсці працу грузчыка-кладаўшчыка ў прыватнай кампаніі былому палітвязню ўдалося прыкладна за тыдзень руплівых пошукаў. Артур паказаў працадаўцу даведку аб вызваленні і апісаў сваю жыццёвую сітуацыю.

— Мне сказалі: «Нічога страшнага. Калі вы жадаеце працаваць, калі ласка». Аформіўся я па дамове падраду, да гэты дня працую.

Ён кажа, што хоча працаваць у айці і збірае грошы на курсы па тэставанні: «Я быў у зняволенні з выдатнымі людзьмі, якія працуюць у гэтай сферы. Людзі мяне там нацягалі. Было вельмі цікава. Таму я хачу развівацца ў той сферы, куды мяне цягне шалёна».

Васіль знайшоў на сайце па пошуку вакансій агенцтва, якое прапануе працу па розных спецыяльнасцях. Там былому палітвязню прапанавалі папрацаваць прадаўцом, пакуль шукаюць месца па спецыяльнасці, названай у рэзюмэ — стыкероўшчык і ўкладчык-упакоўшчык. Адпаведная вакансія знайшлася на OZON, але выявілася, там трэба прайсці такую ж праверку як на заводзе ў Мінску. Уладкавацца ў OZON не ўдалося, таму былы палітвязень працягвае працаваць прадаўцом.

— Мяне могуць адправіць ва ўсе крамы, якія супрацоўнічаюць з гэтай канторай, — гэта і Грын, і Гіпа. Я па дамове падраду уладкаваны ў агенцтва, а ў крамах афіцыйным работнікам не лічуся, таму ў іх няма неабходнасці мяне правяраць, — тлумачыць Васіль.

Вікторыі пашанцавала менш — за некалькі месяцаў яна так і не змагла ўладкавацца. На дзяржаўныя арганізацыі спадзявацца было няма чаго, а ўладальнікі прыватных бізнэсаў у невялікім горадзе асцерагаліся «праблем на галаву».

— Некаторыя казалі, маўляў, малайчына, ганарымся табой, Але... вы ж разумееце, гэта іх словы і перакананні, а рызыкаваць ніхто не хоча, — кажа яна.

Жанчына дадае, што большасць прыватных фірмаў у горадзе займаюцца будаўнічымі працамі, «жаночых» месцаў практычна няма. Займацца цяжкай фізічнай працай жанчыне не дазваляе здароўе, якое пагоршылася ў калоніі.

У мужа былой палітзняволенай таксама былі праблемы з працаўладкаваннем. Пасля затрымання Вікторыі муж некалькі месяцаў дапрацоўваў у кацельні, куды ўладкаваўся па дамове падраду — пазней знайсці працу было ўсё больш складана. У адной арганізацыі ён паспеў папрацаваць тыдзень — пасля кіраўніцтва папрасіла яго звольніцца, каб вызваліць месца для іншага работніка.

— А сярод супрацоўнікаў былі размовы пра тое, што [у арганізацыі] даведаліся, па якім артыкуле сядзела жонка, — тлумачыць Вікторыя.

Падобныя сітуацыі, паводле яе слоў, неаднаразова паўтараліся, але нядаўна яму нарэшце ўдалося ўладкавацца ў прыватную фірму.

Уладзіслаў шукаў прыдатныя вакансіі больш за два месяцы — гэта не дало выніку, таму былы палітвязень збіраецца з’ехаць працаваць у Еўрасаюз. Цяпер яго сям’я жыве на назапашаныя грошы, дапамогу па доглядзе дзіцяці і дапамогу ад сяброў.

Міхаіл з’ехаў у Польшчу і працуе ў транспартнай фірме.

— Умовы вельмі добрыя — у дробязях выяўляецца клопат пра простых супрацоўнікаў. Напрыклад, па электронным пропуску можна выпіць 10 кубкаў кавы з аўтамата ў дзень, — расказвае Міхаіл. — Пакуль задаволены, але заробак 800 еўра пры ўмове арэнды жылля — гэта вельмі складана. У Польшчы таксама інфляцыя, моцна ўсё падаражэла апошнім часам.