Ілюстрацыя: Анна Макарава / Медыязона
Палітык Анатоль Лябедзька пасля затрымання сына напісаў толькі адно слова — «сукі». Дарадца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі Маргарыта Ворыхава сышла з галавой у працу, пакуль чакала сваю маму пасля арышту. Адміністратар канала чыгуначнікаў Сяргей Вайцяховіч працягнуў працаваць, нягледзячы на пагрозы і затрыманне свайго 15-гадовага брата. «Медыязона» паразмаўляла з беларусамі, чыім блізкім помсцілі сілавікі.
Сына палітыка Анатоля Лябедзька Арцёма затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года. Спачатку яму далі 15 сутак за нецэнзурныя выразы каля РАУС, а пасля — за непадрадпакаванне міліцыянерам. У жніўні 2023 года Арцёму далі 3,5 гады калоніі за фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці».
— Я па сваіх каналах прабіў і даведаўся, што яго затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Гэта быў непрыемны званочак. Калі Арцёма перавялі на Валадарку і стаў вядомы артыкул, па якім яго абвінавачваюць, я зразумеў, што гэта палітычная помста. Мой сын не злачынец і не правапарушальнік, ён палітычны закладнік.
Анатоль кажа, што пасля затрымання сына адчуваў трывогу, страх, крыўду і віну. Пасля ўсё трансфармавалася ў нянавісць.
— У мяне было пачуццё, што я падрыхтаваны да шмат чаго. Гэта не пафас, а погляд у люстэрка задняга бачання, у якім 30 гадоў палітычнага жыцця. Але немагчыма быць гатовым да правакацый 24/7. Я быў недзе перакананы, што ў гэтай жудаснай сістэме ёсць межы і кранаць родных і блізкіх яны не адважацца. Што павінны заставацца нейкія кропелькі чалавечнасці.
Палітык лічыць, што артыкул, па якім асудзілі сына — артыкул міласэрнасці. Арцём дапамагаў пацярпелым ад рэпрэсій беларусам.
— У нас былі размовы з сынам. Я гаварыў, што трэба пакінуць краіну, што рэжым абсалютна не мае ніякіх абмежаванняў, але ён меў сваю пазіцыю. Казаў: «Бацька, я на гэтай зямлі нічога не зрабіў дрэннага». У яго была такая пазіцыя. Канешне, унутры ўсё роўна сядзіць гэты чарвяк, які точыць. Калі сына затрымалі, я напісаў адно слова — «сукі».
Трымацца Анатолю дапамагаюць родныя — асабліва ўнучка Палінка. Сваякі застаюцца ў Беларусі і для іх гэта прынцыповая пазіцыя, нягледзячы на пагрозы.
Анатоль вельмі ганарыцца сваім сынам, тым, як ён праходзіць шлях затрымання. Кажа, за кратамі ёсць вялікая спакуса прайсці паміж кропелькамі: дзесьці змягчыць, знайсці маральны кампраміс і пайсці на нейкую здзелку.
— Я адкрыў наноў для сябе сына. На судзе ў яго была вельмі моцная прамова. Жонка плакала і гэта былі таксама слёзы гонару. У мяне не было ніякіх сумневаў, што Арцём — годны чалавек і цудоўны бацька з добрым сэрцам. Я магу толькі ганарыцца сваім сынам.
Ён ніколі не павысіў голас, размаўляючы з маці і са мной. Ён цэніць сяброўства і ведае, што гэта такое. Для любой краіны гэта ідэальны грамадзянін і падаткаплатнік. У яго была добрая праца, ён плаціў высокія падаткі і рабіў уклад у тое, каб Беларусь была нармальнай краінай.
Мне балюча глядзець на дачку, якая расце без бацькі. Гэта жудасна, таму што ён патрэбны ёй кожны дзень. Нішу бацькі ніхто не запоўніць: ні маці, ні дзядуля з бабуляй. У гэтым плане я шмат думаў, што магу зрабіць.
Я гатовы стаць часткай абменнага фонду. Гэта ўнутранае, вельмі прадуманнае рашэнне. Калі б рэжым сказаў сёння, што гатовы абмяняць 1,5 тысячы палітвязняў на 15-20 самых «адмарожаных» і ненавісных іх ворагаў, я гатовы быць сярод гэтай дваццаткі. Я хачу, каб сын быў са сваёй дачкой, са сваёй сям'ёй. І вось у гэтай сітуацыі я б пайшоў на гэта. Кожную ноч, перад тым як заплюшчыць вочы і заснуць, я кажу: «Сына, дабранач».
15-гадовага Арцёма Вайцяховіча, брата адміністратара тэлеграм-канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» Сяргея Вайцяховіча, затрымалі ў студзені 2023 года проста ў школе.
Афіцыйнай прычынай затрымання стаў канфлікт з вучнем — нібыта Арцём у яго вымагаў грошы. Паводле слоў брата, на момант затрымання канфлікт быў уладжаны праз бацькоў і кіраўніцтва школы.
— Калі брата затрымалі, быў шок. Але потым разумееш, што эмоцыямі нічога не даб’ешся. Я разумеў, што брата затрымалі праз нашу дзейнасць. Мы працуем з сакрэтнай інфармацыяй, якую нам зліваюць. Яна вельмі моцна злуе беларускіх і расійскіх сілавікоў. Я не думаў, што сілавікі дойдуць да таго, што будуць затрымліваць няпоўнагадовых.
Сяргей кажа, што збіўся з рахунку, колькі разоў да ягоных бацькоў прыходзілі сілавікі і абшуквалі дом. Бацькі не хацелі з’язджаць.
Пасля затрымання Арцёма супрацоўнікі КДБ вылучылі беларусу ўмову: свабода Арцёма ў абмен на выдаленне канала і спыненне дзейнасці. Сяргей адмовіўся.
— Гэта было цяжкае рашэнне. Але калі даць слабіну, яны б пайшлі далей раскручваць: патрабаваць зліць крыніцы і г. д.
Увосень 2023 года Арцёма асудзілі да 3 гадоў калоніі з адтэрміноўкай на 3 гады па артыкуле аб вымагальніцтве. Цяпер хлопец знаходзіцца на волі.
Інэса, мама дарадцы Святланы Ціханоўскай па справах моладзі Маргарыты Ворыхавай, паспела даслаць смс пра сваё затрыманне. Сілавікі прыйшлі да яе на працу ў канцы лістапада 2023 года і павезлі дадому на ператрус. Далей сувязі з мамай у Маргарыты не было.
— Першая рэакцыя — страх і жах. У нас былі з мамай размовы, што яе могуць затрымаць, і я ў цэлым чакала, што гэта можа здарыцца ў нейкі момант. Але як бы ты моцна ні рыхтаваўся да затрымання, усё роўна псіхалагічную рэакцыю немагчыма кантраляваць.
Вядома, я адчувала віну. І не толькі за тое, што яна не з’ехала, але і за тое, што падвяргаю яе небяспецы. Але ў тым ліку адчувала б яе, калі б прымусіла маму з’ехаць раней. Калі я ў 2021 годзе з’ехала з Беларусі, то ўяўляла, як бы склалася маё жыццё ў краіне. І ўзнікае пачуццё, што можна было б не з’язджаць, усё было не так дрэнна. І гэта вельмі задушлівае пачуццё, і я не хацела моцна «пушыць» маму, каб яна выехала з краіны раней і сутыкнулася з гэтым адчуваннем.
Пра тое, што маму арыштавалі на 15 сутак, Маргарыта даведалася з праўладнага тэлеграм-канала. Адразу пасля затрымання дзяўчына пачала пісаць знаёмым і блізкім мамы, каб даведацца пра яе якую-небудзь інфармацыю.
— У выніку я звязалася з бацькам, з якім у мяне не вельмі цесны і блізкі кантакт. Ён дапамог: з’ездзіў дадому, патэлефанаваў у СІЗА, каб даведацца, ці там знаходзіцца мама.
Пра стан мамы Маргарыта нічога не ведала 14 дзён. Падчас арышту дарадца сышла з галавой у працу.
— Было імкненне быць больш прадуктыўнай і сыходзіць у купіраванне эмоцый і спрабаваць не перажываць. У нас тады яшчэ паездкі былі: у Страсбург, у Раду Еўропы. Было жаданне проста не думаць, пачакаць, каб гэты тэрмін хутчэй скончыўся.
За дзень да затрымання мамы я гаварыла з ёй пра ад’езд з Беларусі. Тады прыйшлі з ператрусам да сябраў Каардынацыйнай рады. У мамы была такая тэндэнцыя казаць, што ёй шанцуе і цяпер таксама не будуць чапаць. І калі не прыйшлі сёння, то ўжо не прыйдуць.
Інэса з’ехала з Беларусі не адразу пасля вызвалення — завяршала справы і адцягвала момант ад’езду.
— Тут я ўжо канкрэтна «прапушыла» маму. Сказала, што калі не з’едзеш, то ёсць імавернасць, што пасадзяць не на 15 сутак, а на некалькі гадоў. І каму ад гэтага будзе лепш. Быў такі невялікі мяккі ціск, але рашэнне пра ад’езд мама прыняла сама.
Калі яна прыехала да мяне, я адчула неверагодную і ўсеабдымную радасць, якую ўжо забылася як выпрабоўваць. Вельмі прыемна ведаць, што з мамай усё нармальна, ёй нічога не пагражае і можна жыць спакойным і нармальным жыццём.