«Прасіў прабачэння, што дзяжурны лекар не прыйшоў». Як ставяцца да людзей з інваліднасцю ў СІЗА і калоніі — маналог былога палітвязня
Перевод
15 февраля 2024, 18:47

«Прасіў прабачэння, што дзяжурны лекар не прыйшоў». Як ставяцца да людзей з інваліднасцю ў СІЗА і калоніі — маналог былога палітвязня

Ілюстрацыя: Danny Berkovskii / Медыязона

Маральна і фізічна перажываць заключэнне складана для кожнага, а для чалавека з інваліднасцю — тым больш. Падтрымкай можа стаць адвакат, але Дзмітрыю не пашанцавала: ён бачыў свайго «абаронцу» ўсяго «паўтара раза», а з апошняга пасяджэння той і зусім сышоў, бо загадзя «ведаў прысуд». У СІЗА і калоніі Дзмітрый амаль заўсёды атрымліваў неабходную меддапамогу, хоць аднойчы лекары адмовілі яму ў бальнічным. Блог «Шуфлядка» запісаў маналог Дзмітрыя пра затрыманне, адваката па прызначэнні і дачыненні да людзей з інваліднасцю. «Медыязона» перадрукоўвае гэты тэкст.

«Я ўжо прысуд ведаю». Суд

Я ў тэлеграме напісаў каментары супраць супрацоўнікаў унутраных органаў, што трэба біць машыны, адбіраць зброю, пратыкаць колы. Мне нават на судзе сказалі, што маглі мне прыпісаць артыкул за заклік [да гвалту супраць міліцыі].

Адвакат у мяне быў дзяржаўны (па прызначэнні — «Шуфлядка»), але адваката я бачыў толькі паўтара раза. То бок ён быў на двух допытах. Бо на допытах ён не мае права задаваць пытанні, ён тупа сядзеў маўчаў. На судзе таксама. Я кажу:

— Дык а чаго вы маўчыце? Чаму вы не скажаце, што ў яго інваліднасць, яму трэба спецыяльнае лекі і лекары.

— Ой, а навошта гэта казаць? Яны ведаюць, што вы інвалід, астатняе ім ведаць не трэба.

— Ты нармальны, алё?

Калі быў другі дзень, суддзя кажа, што пойдзе ў дарадчы пакой, адвакат мой падымаецца:

— Ну добра, у прынцыпе я ўжо прысуд ведаю, у мяне там яшчэ іншая справа, я паехаў.

— Зашыбіся, а мне сказаць?

— Дык вам зараз суддзя скажа.

Хуясь, развярнуўся і з’ехаў.

Мне потым з гарадской калегіі адвакатаў прыйшло, каб я і бабкі заплаціў. За што? Што я адваката паўтара раза бачыў?

Я суткі да суда не спаў, хваляваўся, таму на судзе я тупа праспаў. Мяне нават суддзя пару разоў сама будзіла. Плюс я яшчэ быў на таблетках заспакаяльных.

«Я цябе, блядзь, згнаю». СІЗА

Калі мяне прывезлі ў СІЗА і знаёмілі з аператыўным работнікам, ён у мяне пытаўся, што я панапісваў. Ну я яму сказаў. Ён кажа: «Я цябе, блядзь, згнаю». А я на яго паглядзеў і кажу: «Хрэн што атрымаецца». Ён на мяне злы быў, не ведаю чаму.

Калі затрымлівалі першы раз на трое сутак, мяне нават аператыўнік прывёз дадому, я ўзяў таблеткі, ён мне дазволіў папаліць.

Другі раз затрымлівалі ўжо грунтоўна. Аператыўнікі па мяне прыехалі. Ніхто мяне не ламаў, не біў. Мы выйшлі на вуліцу, пастаялі, пакурылі, пагаварылі. Селі ў машыну. А я яшчэ так пасмяяўся, кажу: «Ніхрана сабе вы па мяне прыехалі, пяць здаровых ілбоў». Яны самі сядзелі ў гэтай машыне і ржалі.

Чатыры месяцы да суда я правёў у гэтым СІЗА, сядзеў у транзітнай камеры, там 19 чалавек на 22 метры.

Стаўленне ў прынцыпе было лайтовае. Там не было такога палітычны — не палітычны. Лісты даходзілі. Па медыцыне ў маім выпадку ўсё было выдатна. Мне патрэбныя былі таблеткі спецыяльныя, сваякі прывозілі, і практычна адразу ж дзень у дзень выдаваліся мае таблеткі. Стаўленне было аднолькавае як да мяне, так і да іншых.

Сукамернікі ставіліся з разуменнем, недзе з павагай. Да цябе ставяцца не па тым, які ў цябе артыкул, а як ты сябе паводзіш. Я паводзіў сябе нармальна, і стасункі з усімі сукамернікамі таксама былі добрыя. З некім пасябраваў.

Мне прыходзіла валанцёрская дапамога грашовая. Ніхто не цікавіўся, ад каго.

Я сабе бальнічны выбіў, таму на шпацыр мог не выходзіць. Калі нешта мне трэба было, акрамя маіх таблетак, я звяртаўся да фельчара, і без праблем прыходзіў лекар. Быў адзін выпадак, калі ў мяне павысіўся ціск — было вельмі дрэнна, таму я нават на праверку не ўставаў. Усе разумелі і не было ніякіх санкцый, ніякіх карцараў.

На наступны дзень прыйшоў доктар, папрасіў прабачэння за тое, што дзяжурны лекар не прыйшоў.

Я два разы накасячыў у камеры. Нават не два, а чатыры. А пасля трох папярэджанняў саджалі ў карцар. Мяне пасля чатырох папярэджанняў выклікаў выхавальнік:

— Вы ў курсе, што ў вас ужо чацвёртае папярэджанне?

— Так, і што такое?

— Пасля трэцяга ўжо садзяць у карцар. Вас не садзяць толькі таму, што ў вас інваліднасць.

Ілюстрацыя: Danny Berkovskii / Медыязона

«А мы тут усе за рэжым, таму хрэн табе, а не бальнічны». Этап і яшчэ два СІЗА

На час да апеляцыі мяне перавялі ў СІЗА ў іншым горадзе, там да палітычных ставіліся інакш. Табе ладзяць кругасветку. Мяне ў першы дзень кінулі ў адну камеру. На наступны дзень перакінулі ў іншую. Там тыдзень патрымалі, перакінулі ў трэцюю. Камеры знаходзіліся на розных паверхах. Новенькі ў камеры дзяжурыць.

Тры ці чатыры дні запар я дзяжурыў у розных камерах. Пад’ём а шостай раніцы, а дзяжурства пачынаецца праз паўгадзіны. Калі звычайны зняволены пачаў уборку а 7 — пасля сняданку, — то нічога страшнага. Звычайнаму зняволенаму нават можна некага папрасіць за цыгарэты замест яго прыбраць. Калі я ў 6:30 не ўзяўся за венік і па камеры відэаназірання гэта заўважылі, мяне адразу ж штрафуюць. Тры папярэджанні — і я іду ў карцар.

Першы раз, калі па камеры паглядзелі і сказалі, якога фіга я не прыбіраюся, я адказаў: «Дык а сэнс прыбіраць, калі сняданка нават людзі не з’елі». Нікога гэта не хвалюе. Мне мужыкі сказалі, каб я ўзяў венік і рабіў выгляд, што прыбіраюся — тады мяне ніхто чапаць не будзе.

На кожным паверсе СІЗА розныя лекары. Калі мяне пасадзілі ў першую камеру, там быў малады доктар — ён паскудны. Я хацеў сабе, чалавеку з інваліднасцю, выбіць пасцельны рэжым. Ён сказаў: «Ніфіга, пераб’ешся. Ведаем мы такіх хворых».

Потым мяне перакінулі на другі паверх. Там быў дзед, стары лекар. Я таксама кажу, што мне патрэбныя таблеткі спецыяльныя, пасцельны рэжым. Ён у мяне спытаў: «А па якім артыкуле?» Я назваў свой. Ён пасмяяўся з ухмылачкай і кажа: «А, дык гэта ты дзяржпераварот хацеў зладзіць. А мы тут усе за рэжым, таму хрэн табе, а не бальнічны».

Калі ў трэцюю камеру мяне перакінулі на іншы паверх, у мяне лекарам быў намеснік медчасткі. Нармальны мужык, кемлівы. Калі табе дрэнна, выклікаеш яго. Па таблетках усё было нармальна. Быў адзін казус: мне прывезлі перадачку, а ў ёй — абязбольвальныя таблеткі. На спатканні мне сказалі, што перадалі. Я потым прыходжу да лекара, а мне адказваюць: «Ніхто нічога не перадаваў».

Пасылку прымаў гэты малады лекар. Як мне сказалі, ён іх стырыў, паклаў сабе ў кішэню. А праз тыдзень начальнік медсанчасткі мне прынёс таблеткі — знайшліся.

Перавялі ў трэцяе СІЗА. Камера жудасная. Ежа агідная. У душ не хацелі весці. Толькі за дзень да адпраўкі ў лагер нам дазволілі памыцца 10 хвілін. Лекара не даклікацца было. Вельмі цяжкі тыдзень быў. Я ўжо хутчэй хацеў у лагер.

Нават у гэтых сталыпінскіх цягніках (падчас этапавання — «Шуфлядка») лепей ставіліся. Я ўвесь час быў у кайданках. Нават у людзей, якія са мной ехалі ў цягніку і ў якіх быў артыкул «напад на супрацоўнікаў унутраных органаў», у іх кайданкоў не было.

Атрад «Трансформеры» і прагулкі па дворыку на каранціне. Калонія

У лагеры два тыдні я правёў на каранціне. Там былі выпадкі, калі палітычных закрывалі ў ШІЗА на 10 сутак адразу ж па прыездзе. Яны дзівіліся, чаму мяне не закрываюць.

Як мне потым сказалі прадольныя, яны вельмі баяцца такіх, як я, саджаць у ШІЗА, бо гэта вялікая адказнасць і не дай бог што са здароўем пагоршыцца.

Атрады, у якім сядзяць інваліды, нямоглыя, пенсіянеры, называюцца «Вікінгі» або «Трансформеры» — самыя лайтовыя атрады. Там ніхто не працуе, там проста сядзіш.

У атрад мяне не пераводзілі і пакінулі на каранціне, бо да канца тэрміну заставаўся тыдзень. Начальнік атрада [на каранціне], калі даведаўся, што ў мяне інваліднасць, сказаў: «Так я цябе адразу прыбіраю з усіх дзяжурстваў, проста хадзі, адпачывай».

Дык я сам нават часам прасіўся: дайце мне хоць што-небудзь працаваць, бо цэлы дзень хадзіць у дворыку туды-сюды таксама невыносна. Падчас каранціну знаходзіцца ў будынку нельга, трэба ўвесь час быць у дворыку шпацырным. Калі ты ідзеш есці або ў туалет, можна заходзіць у будынак. Ну і ўвечары дзве гадзіны асабістага часу. Калі я ўжо трохі асвоіўся, з днявальнымі пасябраваў, пачаў на кухні дапамагаць, у пакоі агульным прыбірацца.

Звальваць некуды [з Беларусі] я не планую, бо я прывязаны да дома па сваім стане здароўя.