Сустрэчы ў парку, зарплата за даносы і санаторый для стукачоў. Як працуе агенцкая сетка, створаная сілавікамі
Перевод
20 ноября 2023, 17:23

Сустрэчы ў парку, зарплата за даносы і санаторый для стукачоў. Як працуе агенцкая сетка, створаная сілавікамі

Ілюстрацыя: Тая Л. / Медыязона

У аператыўнікаў ёсць свае давераныя асобы, якіх яны «напрацоўваюць» падчас службы, а тыя дапамагаюць ім збіраць інфармацыю. Але палітычнай вярбоўкай займаецца ў асноўным КДБ. Стукачы ёсць таксама ў камерах — і ім прапануюць нават санаторый і адпачынак па Працоўным кодэксе. «Медыязона» распавядае малую частку механізму, як уладкаваная вярбоўка беларусаў.

«Дакажу, што ты чаты схаваў»

Гамельчука Мікалая Стагурскага затрымалі ў ліпені 2022 года. Тады да яшчэ 18-гадовага хлопца, які нядаўна скончыў будаўнічы каледж, сілавікі прыехалі дадому — сказалі прайсці з імі на «прафілактычную гутарку». Стагурскага адвезлі ў аддзяленне РУУС у Гомелі, дзе яму заявілі «падазрэнне па наркотыках», успамінае малады чалавек.

«Не было ніякіх доказаў, я ні разу ў жыцці з гэтым не звязваўся. Але я зразумеў, што нейкая тэма цяпер будзе на мяне шыцца. Заходзіць гэты мужык, прадставіўся некім па дзяржбяспецы і кажа: "Дакажу, што ты чаты схаваў"», — апісвае сустрэчу ў размове з «Медыязонай» Стагурскі.

КДБшнік забраў у хлопца тэлефон і сышоў. У памяшканне «прыйшоў наркакантроль»: пачалі казаць, што той раскідваў па схованках грошы. «Я адказваў, што я ні з чым не звязаны, ніякія грошы не раскідваў. Ціснулі, хацелі, каб я прызнаўся».

Калі «наркакантроль» сышоў, у пакой вярнуўся «Лёня» з КДБ і прапанаваў супрацоўніцтва ў абмен на штраф. Артыкул, па якім збіраліся судзіць хлопца, супрацоўнік не назваў.

Мікалай сцвярджае, што ў пратэстах у 2020-га не ўдзельнічаў. Але камунікаваў у чатах, звязаных з маршамі: падтрымліваў пратэстоўцаў і паведамляў аб перамяшчэнні міліцыі. КДБшнік падбадзёрваў гамельчука, казаў: «Ты нармальны пацанчык, трапіўся пад дурасць, а мы любім, калі з намі супрацоўнічаюць». «Я сказаў, што хачу супрацоўнічаць. Калі б адмовіўся, мяне б закрылі, маглі б яшчэ збіць», — тлумачыць Стагурскі.

У аддзяленні Мікалая трымалі да вечара. Уначы перавялі ў гомельскі ІЧУ, а потым прысудзілі штраф 800 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: «Я так зразумеў, праз супрацоўніцтва скасцілі».

Пазыўны, заданні і фільм «Беларусь 1»

Стагурскі падпісаў паперу аб невыдаванні супрацоўніцтва і прыдумаў пазыўны «Жнец». Праз тыдзень пасля суду «Лёня» прапанаваў сустрэцца: КДБшшнік сказаў яму сачыць за людзьмі, «убіраць усю інфармацыю як губка», фатаграфаваць нешта і дасылаць.

Першым заданнем было звярнуцца ў BYSOL па дапамогу ў выплаце штрафу. Анкету на сайце арганізацыі ён запаўняў пад наглядам «Лёні». У ініцыятыве адказалі, што не могуць дапамагчы.

Усяго ў гамельчука было 20-30 асабістых сустрэч з «Лёнем». Задачы для агента ўвесь час мяняліся: ад просьбы кудысьці з’ездзіць да таго, каб знайсці «дзяўчыну з "Беларусі галаўнога мозгу"», якая «шмат гаворыць» — супрацоўнік хацеў ведаць, дзе яна жыве.

Так Стагурскі правёў паўгода. З ягоных слоў, за ўвесь гэты час ён «ні разу нікога не здаў». «Лёня» казаў хлопцу лепш працаваць, больш старацца. Для некаторых заданняў кдбшнік прапаноўваў дапамагчы з візай, каб трапіць у Польшчу і там хадзіць на акцыі. «Я ўдаваў з сябе дурня, які баіцца і нічога не ведае», — кажа былы агент.

На адной з сустрэч «Лёня» сказаў хлопцу зняцца ў сюжэце для «Беларусь 1». Меркавалася, што Мікалай дрэнна выкажацца пра BYSOL, «каб людзі адумаліся». Узамен ён паабяцаў «чырвоную палоску» ў асабістай справе гамельчука.

«Сказаў, што мяне наогул больш чапаць не будуць, буду спакойна сядзець, як сыр у масле катацца, толькі трэба запісаць навіну на "Беларусь 1". Вядома так, чаму не? Калі знялі, я адразу паведаміў "Флагштоку" і BYSOL, каб яны не думалі, што я па сваёй ініцыятыве пайшоў. Я дрэннага нічога не зрабіў», — кажа Стагурскі.

Каля месяца пасля здымак КДБшнік яму не тэлефанаваў, а затым зноў прапанаваў сустрэцца ў парку. Гэтым разам ён прапанаваў «стымуляваць» Мікалая грашыма, казаў: «Ну табе ж трэба неяк жыць».

Неўзабаве Стагурскі з’ехаў з краіны, сказаўшы «Лёню», што трэба сустрэцца з бацькам, пабыць у дзядулі з бабуляй. Мікалай кажа, што хацеў пераехаць яшчэ пасля суду па адміністрацыйнай справе, але доўга планаваў праз недахоп грошай.

«Хлусня — зброя аператыўніка». Як вярбуюць ва ўніверсітэтах

У Беларусі аператыўнікі часта маюць давераных асоб, якія дапамагаюць збіраць інфармацыю па справах, звязаных, напрыклад, з махлярствам або абаротам наркотыкаў. Такія агенты прыносяць «навіны» прыкладна раз на месяц, а наступныя 30 дзён сілавік іх правярае і заносіць у сакрэтную даведку, тлумачыць прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BELPOL Уладзімір Жыгар.

Каб зрабіць чалавека даверанай асобай, неабходныя, акрамя жадання самога чалавека, тры дакументы: заява, картка аператыўных магчымасцяў і пастанова аб занясенні чалавека ў банк службовай інфармацыі. Імёны ўсіх агентаў пазначаныя ў Базе дадзеных службовай інфармацыі (БСІ), але яна індывідуальная для кожнай структуры, якая праводзіць такую працу. З палітычнымі агентамі дакументы могуць не запаўняць, кажа былы сілавік.

«Чалавека пачынаюць запалохваць. Тлумачаць, што калі не, то табе канец, і просяць падпісаць заяву, што ты гатовы супрацоўнічаць, напрыклад, з КДБ. Кожны агент прыносіць інфармацыю на сваім узроўні. Як правіла, чалавек нават не разумее, для чаго ён нешта расказвае. Ён проста распавядае нейкую "не такую важную інфармацыю". Супрацоўнікі пытаюцца, збіраюць пазл».

Звычайны аператыўнік не займаецца палітычнай вярбоўкай. Гэта вузкапрофільная задача, якая часцей за ўсё адносіцца да КДБ. Адно з месцаў, дзе могуць знаходзіць патэнцыйных інфарматараў — універсітэты. Па псіхалагічных партрэтах вызначаюць прадстаўнікоў субкультур, несістэмных — да іх, кажа Жыгар, асаблівая ўвага.

«Або калі чалавек недзе засвяціўся — тады ўжо выходзяць на дэкана, дэкан запрашае гэтага чалавека да сябе, яму прапануюць супрацоўніцтва. Бяруць на кампрамат альбо ўгаворамі. Кажуць, будуць добрыя адзнакі, цябе ніхто чапаць не будзе, будуць здадзеныя ўсе залікі і экзамены, размяркуем у добрае месца. Як казалі мне мае настаўнікі, хлусня — зброя аператыўніка», — сцвярджае былы сілавік.

Шпіянаж, дыяспара і стукачы

Больш за сотню чалавек з беларускай дыяспары супрацоўнічаюць са спецслужбамі, лічыць прадстаўнік «Кіберпартызан». Актывісты выявілі каля дзесяці супрацоўнікаў спецслужбаў, якія працуюць за мяжой, дзясяткі агентаў ГУБАЗіК і «стукачоў». Адна з катэгорый агентаў — людзі, раней асуджаныя па артыкулах, не звязаных з пратэстамі.

На думку «Кіберпартызан», агенты могуць выконваць задачы па шпіянажы — для гэтага, напрыклад, працаваць дальнабойнікамі або таксістамі, арандаваць жыллё каля стратэгічных трас, вайсковых частак. Могуць быць валанцёрамі, даваць інтэрв’ю СМІ або хадзіць на мітынгі дыяспары.

Калі казаць пра завербаваных актывістаў — такіх выпадкаў за мяжой арганізацыя былых сілавікоў BELPOL не выявіла. Прадстаўнік аб’яднання Уладзімір Жыгар падкрэсліў, што дакладнай інфармацыі няма, як і «картатэкі» такіх людзей.

«Мы выявілі некалькіх людзей, якія маюць ускосныя прыкметы працы на спецслужбы — пашпарты прыкрыцця. Але аказалася, што гэта былыя супрацоўнікі міліцыі, якім яны належалі па службе і якія з органаў даўным-даўно звольніліся. Да нас звярталіся — разоў пяць — але было выяўлена, што ніякай сувязі са спецслужбамі ў чалавека няма», — расказаў ён.

У некалькіх выпадках пра падазроных людзей аб’яднанне паведамляла польскім праваахоўным органам — чым гэта скончылася, Жыгар удакладніць не змог у мэтах бяспекі.

Санаторый для агента

Акрамя пашпартоў прыкрыцця ўскоснай прыкметай працы на спецслужбы лічыцца сувязь з легендаванымі арганізацыямі або статус сведкі на крымінальным працэсе, падчас якога становіцца ясна, што чалавека нанялі для выканання пэўных задач.

Праз легендаваныя арганізацыі выплачваюць заробкі агентам унутрыкамернай распрацоўкі. Гэтых людзей выкарыстоўваюць, каб разгаварыць, даведацца ў зняволенага нейкія нюансы. Паводле слоў Жыгара, агенты афіцыйна працаўладкаваныя і нават могуць сыходзіць у аплатны адпачынак або ездзіць у санаторый. Іх месячны заробак — каля 300 беларускіх рублёў.

Легендаваная арганізацыя МУС, у якой афіцыйна працаўладкаваная ўся платная агентурная сетка, называецца «Ларыскор» — пра гэта ў 2022 годзе расказваў прадстаўнік тады яшчэ BYPOL Алег Талерчык.