«Асуджаныя моцна баяцца дзвярэй, бо ведаюць, што з‑за дзвярэй прыйдзе смерць». Размова з праваабаронцам пра смяротнае пакаранне ў Беларусі
Статья
9 октября 2026, 18:26

«Асуджаныя моцна баяцца дзвярэй, бо ведаюць, што з‑за дзвярэй прыйдзе смерць». Размова з праваабаронцам пра смяротнае пакаранне ў Беларусі

Ілюстрацыя: Медыязона

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. За гады незалежнасці ў краіне расстралялі каля 400 чалавек, памілавалі толькі чацвярых. Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка, «Медыязона» пагаварыла з праваабаронцам Андрэем Палудам, які шмат гадоў каардынуе кампанію «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», пра судовыя памылкі, умовы ўтрымання асуджаных і перспектывы адмены вышэйшай меры ў Беларусі.

Каля 400 расстраляных і толькі чацвера памілаваных

Паводле Андрэя Палуды, за гады незалежнасці Беларусі ў краіне былі пакараныя смерцю каля 400 чалавек. Пры гэтым у БССР колькасць расстраляных заўседы была большая за колькасць асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

«Справа ў тым, што ў савецкі час існавала, умоўна кажучы, некалькі хабаў, у якіх працавалі каманды, што маглі выконваць смяротныя прыгаворы. Вядома, што такія каманды былі ў Пецярбургу, у "Крестах", у Казахстане і ў Беларусі. Кіраўнік Музея ахвяр генацыду ў Вільні казаў, што асуджаных у Літве адвозілі ў Мінск для выканання смяротных прыгавораў».

За ўвесь гэты час былі памілаваныя толькі чацвера. У 1998 годзе — Сяргей Праціраеў, у 2021 годзе — браты [Ілля і Станіслаў] Косцевы з Чэрыкава, асуджаныя за забойства сваей настаўніцы. Усім ім смяротнае пакаранне замянілі на пажыццевае зняволенне.

У 2024 годзе быў памілаваны грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, асуджаны да расстрэлу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за акт тэрарызму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі выбуху на чыгуначнай станцыі Азярышча. У выніку выбуху ніхто не пацярпеў. Беларуская чыгунка выставіла Рыка Крыгеру пазоў аб кампенсацыі шкоды ў памеры 1 639 рублёў. Пазней Крыгера перадалі Нямеччыне ў межах абмену зняволенымі»

Кошт памылкі

Праваабаронца адзначае, што ў гісторыі Беларусі было некалькі спрэчных спраў, у якіх былі вынесеныя смяротныя прысуды.

«Напрыклад, справа аб выбуху ў мінскім метро. Мы памятаем, як яе актыўна абмяркоўвалі і ў СМІ, і ў грамадстве. Гэта справа, у якой і падчас судовага працэсу, і пасля яго не на ўсе пытанні былі дадзеныя адказы».

Яшчэ ў савецкай Беларусі была так званая «Віцебская справа»: Генадзь Міхасевіч здзейсніў як мінімум 36 забойстваў, аднак праз нядбайнасць следства замест яго ў розныя гады былі асуджаныя 14 чалавек. Аднаго з іх, Мікалая Тэрэню, прыгаварылі да смяротнага пакарання і расстралялі.

Есць і менш вядомыя выпадкі, напрыклад, справа Міхаіла Гладкага, якога ледзь не прыгаварылі да смяротнага пакарання, а пасля шасці гадоў у калоніі ўвогуле апраўдалі.

«Першапачаткова яго абвінавачвалі ў забойстве маці і брата, потым абвінавачанне перакваліфікавалі: следства вырашыла, што ен забіў брата за тое, што той забіў маці. Ен адсядзеў шэсць гадоў з васьмі, а потым быў вызвалены і атрымаў на рукі апраўдальны прыгавор. Быў знойдзены сапраўдны забойца».

Міхаіл Гладкі спрабаваў атрымаць ад дзяржавы кампенсацыю і на гэтыя грошы паставіць помнікі сваім родным, аднак яму адмовілі.

«Нібыта ен сам сябе агаварыў і такім чынам увеў следства ў зман. Гэтыя прыклады падкрэсліваюць, што няма ідэальных сістэм, а неідэальныя сістэмы не вельмі любяць прызнаваць памылкі», — упэўнены праваабаронца.

Ні асуджаны, ні яго родныя не ведаюць, калі прыгавор будзе выкананы

Андрэй Палуда кажа, што асуджаныя да расстрэлу да выканання прыгавору знаходзяцца ў камеры СІЗА. Раней гэта быў следчы ізалятар на Валадарскага ў Мінску, цяпер, верагодна, — ізалятар у Калядзічах. Паводле слоў Андрэя Палуды, звычайна смяротны прысуд выконваюць цягам года пасля яго вынясення. Асуджаны і яго родныя не ведаюць, калі прыгавор будзе выкананы.

«Няма тэрміну, строга замацаванага ў заканадаўстве. Там дастаткова размытая фармулеўка — "час, дастатковы для падрыхтоўкі да выканання прыгавору"».

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і Камітэт ААН па правах чалавека прызнаюць такую практыку бесчалавечным абыходжаннем.

«Як казаў Алег Алкаеў, кіраўнік растрэльнай каманды, які датычны ды выканання 130 прысудаў, гэтыя людзі вельмі моцна баяцца дзвярэй, бо ведаюць, што з-за дзвярэй прыйдзе смерць. Яны нават па кроках ведаюць, хто там ходзіць — "прадольны", "баландзер" ці нехта іншы. Асабліва сур’езны сігнал і трывога, калі ідзе некалькі чалавек».

Апошні вядомы выпадак выканання смяротнага прысуду ў Беларусі — расстрэл Аляксандра Таратуты ў 2024 годзе, пра які праваабаронцы даведаліся значна пазней. З таго часу няма звестак пра выкананне новых смяротных прысудаў. Верагодна, за гэты перыяд іх не выносілі і не выконвалі.

Родныя асуджаных могуць пісаць ім лісты, наведваць іх у межах спатканняў і перадаваць перадачы. Пасля выканання прыгавору ім паведамляюць, што іх блізкі «выбыў па прыгаворы». Целы пакараных не выдаюць.

Андрэй Палуда лічыць такую практыку савецкай спадчынай. На яго думку, у савецкі час целы не выдавалі, каб не паказваць сапраўдны маштаб рэпрэсій.

«Я ведаю выпадкі, калі сваякі лічаць, што чалавек жывы, проста яго кудысьці вывезлі, аддалі, прыдумляюць рознае: што на нейкія ўранавыя руднікі завезлі ў Любанскім раене. Такая абарончая рэакцыя ўласцівая многім. Калі ў савецкі час сваякам казалі пра "15 гадоў без права перапіскі", чалавек ужо, умоўна, даўно ляжаў дзесьці ў Курапатах ці іншым месцы. А сваякі пісалі ў адзін бок, спадзяваліся».

Якім мусіць быць правасуддзе ў такіх выпадках, як справа сям’і Таратута, у якой забілі дзіця?

Паводле праваабаронцы, цяпер беларускае заканадаўства дазваляе строга пакараць чалавека, але не забіваць яго: прызначыць 25 гадоў пазбаўлення волі ці пажыццевае зняволенне.

«Я не суддзя, каб казаць пра кожную канкрэтную справу. У выпадку цяжкіх злачынстваў я, вядома, за дастаткова сур’езнае пакаранне. У дзеючым заканадаўстве існуе магчымасць пакараць і ізаляваць чалавека, не забіваючы яго. Раней такіх магчымасцей не было, існавала толькі "вілка": альбо 15 гадоў, альбо смяротнае пакаранне».

Ці гатовае грамадства да адмены смяротнага пакарання? Калі паглядзець на каментары пад навіной пра расстрэл Аляксандра Таратуты, здаецца, што не

«Гэта не дзіўна. Я думаю, так не толькі ў беларускім грамадстве, але і ў любым іншым. Такія меркаванні гучаць і ў краінах, дзе смяротнага пакарання няма. Людзі пішуць досыць эмацыйна, але я б адрозніваў гэта ад таго, што наогул думае грамадства».

Андрэй Палуда згадвае даследаванне, паводле якога прыкладна 60% беларусаў выступалі за смяротнае пакаранне ў краіне.

«Але калі паглядзець глыбей, пачынаеш разумець, што толькі 30% жорстка за смяротнае пакаранне. Астатнія — пры пэўных умовах і з вялікімі агаворкамі. Калі віна даказаная на 100%, калі чалавека немагчыма выправіць, і шмат розных „калі“».

Паводле слоў праваабаронцы, нідзе ў свеце смяротнае пакаранне не было скасаванае ў выніку рэферэндуму — гэта заўсёды было вынікам палітычнай волі.

«Магчыма, любое грамадства можа ніколі не быць гатовым, але гэта не значыць, што смяротнае пакаранне павінна існаваць. А калі ўводзіцца мараторый, грамадская думка ідзе следам, колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання істотна змяншаецца».

Адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. У суседняй Расіі на яго ўведзены мараторый.

Паводле слоў Андрэя Палуды, агульнасусветная тэндэнцыя такая: колькасць краін, якія ўжываюць смяротнае пакаранне, змяншаецца. Аднак колькасць людзей, асуджаных да смерці, расце.

У 2025–2026 гадах на гэтую статыстыку істотна паўплывала колькасць пакаранняў смерцю ў Іране пасля пратэстаў. Праваабаронцы адзначаюць, што ў 2025 годзе колькасць выкананых там смяротных прысудаў наблізілася да шматгадовага максімуму.