«Марыла часцей хадзіць на вяселлі. Зараз часцей бываю на пахаваннях». Беларуска, бацькоў якой асудзілі за «дзяржздраду», — пра жыццё ў Кіеве пад абстрэламі
Статья
28 июля 2026, 14:53

«Марыла часцей хадзіць на вяселлі. Зараз часцей бываю на пахаваннях». Беларуска, бацькоў якой асудзілі за «дзяржздраду», — пра жыццё ў Кіеве пад абстрэламі

Калаж: Медыязона

«Яшчэ адну эміграцыю я не вытрымаю», — кажа беларуска Пелагея Корсакава. Яна з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе праз пагрозу пераследу і ўжо пяты год жыве ў Кіеве, дзе дапамагае жыхарам аднаўляць кватэры пасля расійскіх атак. За гэты час у Беларусі яе бацькоў асудзілі на вялікія тэрміны за «здраду дзяржаве». Цяпер Пелагея не ведае, ці зможа застацца ва Украіне пасля заканчэння тэрміну дзеяння беларускага пашпарта.

«Настрой у людзей прыгнечаны»

27-гадовая Пелагея Корсакава жыве ў Кіеве з 2021 года. У Беларусі дзяўчына ўдзельнічала ў пратэстах, з'ехала з-за пагрозы пераследу, а калі пачалася паўнамаштабная вайна, засталася ва Украіне, каб дапамагаць.

Ужо пяты год яна працуе на месцах, куды патрапілі расійскія ракеты ці дроны. У прыватнасці — у жылых дамах. Раней яна проста была валантэркай, цяпер не толькі дапамагае, але і каардынуе працу групы людзей.

«Нам аператыўна скідваюць каардынаты прылётаў, мы на сувязі з ДСНС. Раніцай каардынатары едуць на аб'ект, робяць ацэнку разбурэнняў і аб'ёму работы: колькі трэба матэрыялаў, колькі чалавек, каб хоць неяк аднавіць жытло. Шукаем валантэраў праз сацсеткі, прыбіраем у кватэрах, пад'ездах, прыбіраем шкло, зашываем вокны фанерай і іншае».

Жыццё ў Кіеве пад пастаяннымі абстрэламі, кажа Пелагея, нагадвае два паралельныя сусветы. Ноч многія жыхары праводзяць у сховішчах ці метро, а раніцай усім трэба ісці па справах, як быццам нічога не здарылася.

«Я бачыла пані, якая ў 5:30 выйшла з укрыцця. Я кажу: "Куды вы? Там яшчэ балістыка ляціць". А яна кажа: "І што мне цяпер, на працу не ехаць?" Сюр, у якім мы жывем. Працуюць бізнэсы, ездзіць транспарт, нічога не спыняецца, усё працуе нават пасля жорсткіх абстрэлаў, проста бачна, што настрой у людзей прыгнечаны. Усе на стрэсе, усе проста як вараныя, многія думаюць з'язджаць з краіны».

«Я думала, што мама памірае»

Вайна — не адзінае выпрабаванне, з якім Пелагеі давялося сутыкнуцца за апошнія гады. У верасні 2025 года ў Беларусі затрымалі яе бацькоў — Таццяну і Змітра Корсакавых. Пазней іх асудзілі па шэрагу артыкулаў, у тым ліку па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе».

Незадоўга да затрымання бацькоў Пелагеі сілавікі патэлефанавалі ёй і сказалі, што ў яе маці праблемы са здароўем.

«Распавялі, што мне тэрмінова трэба прыехаць, што мама ў кепскім стане. Я потым набрала маме — аказалася, з ёй усё добра».

Зміцер і Таццяна. Фота: асабісты архіў гераіні

Пра бацькоў Пелагея кажа, што гэта «самыя мірныя і добрыя людзі». Маці працавала выхавацелькай у яслях і была цьютарам для дзяцей з аўтызмам. Бацька быў рабочым у дзіцячым садку. «Увогуле тата — майстар на ўсе рукі», — кажа яна.

«Не магу звыкнуцца да пастаяннага гора»

За дзейнасць у якасці каардынатаркі Пелагея не атрымлівае грошы, наадварот — часам даводзіцца за свае купляць расходныя матэрыялы. Таму трэба паспяваць і на працу. Дзяўчына працуе SMM-спецыялісткай і графічнай дызайнеркай.

«Таму апошнім часам так: ноч ва ўкрыцці, сядзіш, маніторыш, дзе што здарылася. Потым раніцай на аб'ект. І трэба яшчэ грошы зарабляць».

Але найцяжэйшае ў валантэрскай працы — эмацыйная нагрузка. Трэба камунікаваць з людзьмі, у дом якіх нядаўна патрапіў снарад, і пры гэтым не «расклейвацца» самой.

«У такія моманты, калі да цябе падыходзяць людзі, просяць дапамогі, не дазваляеш сабе быць слабой, бо яны прыйшлі па падтрымку, і ты мусіш быць апорай для іх. А потым ты сыходзіш са штабу, і ў цябе гістэрыка. Мы, беларусы, вельмі эмпатычныя людзі. Я не магу звыкнуцца да пастаяннага гора. Прыходзіш дадому, садзішся ў ванну і змываеш з сябе гэты бруд і гэты дзень».

Пелагеі даводзілася бачыць на завалах рознае. Пакуль ратавальнікі працягваюць пошукі людзей, валантэраў яшчэ не пускаюць у разбураныя дамы. Яны стаяць побач, ацэньваюць маштаб разбурэнняў і спрабуюць уявіць аб'ём будучай працы. А ў гэты час ратавальнікі на люльках спускаюць целы ахвяр расійскіх атак.

Больш за ўсё, да слёз, дзяўчыне запомніўся іншы выпадак.

«Мы другі дзень працуем на лакацыі, і тут да мяне падыходзіць мама з хлопчыкам гадоў 10. У іх кватэра была амаль цалкам знішчаная. І вось ён мне працягвае малюнак, кажа, што хоча падзякаваць нам за нашую працу. Там штосьці такое добрае: дом намаляваны, дрэвы. А потым ён кажа: "Я маляваў гэта алоўкамі, і гэта, бадай, адзінае, што ў мяне ад дому засталося". Многа і дрэнных, і добрых гісторый. Але дзякуюць людзі часцей. Аднойчы бабуля прынесла нам слоік агуркоў, што ў яе ў кватэры застаўся. У яе не шмат чаго было, але вось яна вырашыла нас пачаставаць».

З ежай валантэрам дапамагаюць некалькі кіеўскіх рэстарацый. Калі здараюцца маштабныя абстрэлы, яны бясплатна прывозяць да штабу валантэраў комплексныя абеды, каб пакарміць і саміх валантэраў, і мясцовых жыхароў.

Жыхары часта далучаюцца да прыбірання і ліквідацыі наступстваў. Пелагея кажа, што ўзрушаная такой салідарнасцю.

«Яны самі пацярпелі, нават калі кватэра цэлая, страху нацярпеліся. Але ўсё роўна знаходзяць сілы дапамагаць. На гэтай салідарнасці ўсё і трымаецца».

Спакуса з'ехаць накатвае штодня

Пелагея засталася ва Украіне пасля пачатку вайны свядома. Нягледзячы на магчымасць з'ехаць, яна і цяпер выбірае заставацца ва ўкраінскай сталіцы.

«Насамрэч такая спакуса — паехаць туды, дзе бяспечна, — накатвае кожны дзень. Але раз ужо я вырашыла, што мой другі дом тут. То трэба заставацца і нешта рабіць».

Нядаўна дзяўчына была ў Адэсе, у 2024 годзе сустракалася з бацькамі ў Егіпце. І кожны раз з трывогай думала пра тое, што адбываецца ў Кіеве. З часам Пелагея прыйшла да высновы, што ў гэтым горадзе, побач з сябрамі і валантэрамі, ёй спакайней, нават нягледзячы на абстрэлы.

Смерць у паветры

Адна з асаблівасцяў жыцця ва Украіне на пяты год вайны — частыя паведамленні пра смерць. Яе шмат вакол — сярод сяброў і знаёмых, вайсковых і цывільных.

«Не было такога тыдня, здаецца, каб я не даведвалася, што хтосьці з маіх знаёмых памёр. Мая мара калісьці была часцей хадзіць на вяселлі. Зараз я, на жаль, часцей бываю на пахаваннях. Вось хтосьці табе піша: "Праз тыдзень я прыеду ў Кіеў, пойдзем на каву". А праз два дні ты даведваешся, што чалавек памёр. Смерці шмат, яна вакол».

Каб захаваць сябе, не звар'яцець і працягваць дапамагаць іншым, Пелагея стараецца не адмаўляць сабе ў простых радасцях жыцця.

Фота: асабісты архіў гераіні

«Мне здаецца, што я змірылася з тым, што і сама магу загінуць у любы момант. Ты не ведаеш, ці не здарыцца гэта заўтра ці праз гадзіну. Таму адаптуешся і проста стараешся не адмаўляць сабе ў жыцці. Выпіць кавы, купіць круасан, паехаць куды-небудзь да вады. Калі ты адмовіш сабе ў гэтым зараз, то заўтра можаш і не паспець».

«Бацькі сталі закладнікамі»

Вайна і сітуацыя з бацькамі падкасілі яе эмацыйны стан. Беларуска наведвае псіхатэрапеўта.

У чэрвені 2026 года суд вынес рашэнне па справе Корсакавых. Мінскі гарадскі суд прызнаў іх вінаватымі ў незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі, здрадзе дзяржаве і незаконным перамяшчэнні праз мяжу атрутных і атручвальных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, узбраення і ваеннай тэхнікі.

Таццяне прысудзілі 14 гадоў калоніі, Змітру — 12. Разам з бацькамі завочна асудзілі і саму Пелагею. Яна атрымала 11 гадоў калоніі па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе.

Пра рашэнне суда дзяўчына даведалася з навін. У той момант Пелагея згубіла прытомнасць, хуткая забрала яе ў шпіталь.

Прысуд ужо набыў законную сілу. Якія канкрэтна дзеянні сталі падставай для абвінавачання бацькам, дачка не ведае да гэтага часу. Але лічыць, што Таццяна і Зміцер сталі закладнікамі праз яе дзейнасць ва Украіне. Хоць сама яна не звязаная з войскам.

«Проста з таго, што ўсіх, хто дапамагае Украіне, беларуская дзяржава лічыць сваім ворагам».

«Яшчэ адну эміграцыю я не вытрымаю»

Цяпер Пелагея чакае рашэння па падаўжэнні ўкраінскай пасведкі на часовае пражыванне. Тэрмін дзеяння яе беларускага пашпарта сканчаецца восенню гэтага года.

«Што рабіць далей — я не ведаю. Зараз я падалася на падаўжэнне пасведкі. Але мне сказалі, што яе або выдадуць да заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта, або ўвогуле не выдадуць.

Ведаю, што выйшла нейкая пастанова, паводле якой з кастрычніка будуць вялікія штрафы, ажно да дэпартацыі, калі ў цябе няма ніякіх сапраўдных дакументаў. Таму вельмі цяжка, нічога не зразумела, і што з гэтым рабіць, я таксама не разумею.

Ехаць я не хачу. Яшчэ адну эміграцыю я не вытрымаю. І другі раз губляць свой дом — такая сабе ідэя. Я да гэтага не гатовая.

У мяне яшчэ ёсць сілы быць тут і дапамагаць, і ехаць нікуды не хачу.

Адзінае — гэта вельмі абмяжуе маё перамяшчэнне па Украіне, бо тут шмат блокпастоў, і любая праверка потым можа скончыцца або штрафам, або дэпартацыяй».

На свой уласны прысуд — 11 гадоў калоніі — Пелагея не звяртае ўвагі.

«Хоць пажыццёвае, праўда. Я і так ведаю, што мне ў Беларусь нельга, нават яшчэ да затрымання бацькоў. Я не веру гэтай сістэме. Пуцінскі, лукашэнкаўскі рэжымы — яны ламаюць лёсы, забіваюць людзей. Калі знаходзішся тут, ва Украіне, — вельмі выразна гэта разумееш».