«Я была там, каб падтрымліваць людзей». Інтэрв’ю з былой палітзняволенай праваабаронцай Настай Лойкай пра жыццё ў калоніі
Статья
24 апреля 2026, 18:08

«Я была там, каб падтрымліваць людзей». Інтэрв’ю з былой палітзняволенай праваабаронцай Настай Лойкай пра жыццё ў калоніі

Фота: Ірына Арахоўская

У першы дзень у калоніі Насту Лойку папрасілі не быць занадта шчырай з іншымі зняволенымі. Яна вырашыла інакш: што яе задача там — падтрымліваць людзей. Лойку асудзілі на сем гадоў калоніі па справе аб распальванні варожасці, у сакавіку яна выйшла на волю па «памілаванні». Пасля вызвалення яна не гаворыць пра катаванні, але гатовая расказваць пра жыццё ў калоніі, узаемападтрымку і сістэму, якую назірала знутры. У інтэрв’ю «Медыязоне» яна тлумачыць, чаму называе гэты досвед «падарожжам».

Наста папрасіла не задаваць пытанняў пра асабісты досвед рэпрэсій і катаванняў, якія ёй давялося перажыць — бо ў калоніях дагэтуль застаюцца палітвязні, якім можа нашкодзіць такая публікацыя. Таму гэта размова — пра досвед праваабаронцы за кратамі.

— Як вы?

Добра. Я ўсім кажу: было выдатна, пакуль не пайшла па дактарах. Таму пакуль — проста добра. Ёсць пэўныя праблемы са здароўем, але было б дзіўна, каб пасля такіх выпрабаванняў іх не было. Усё вырашальна, нічога крытычнага.

Я з тых, каму пашанцавала: мне лёгка арыентавацца ў Варшаве, базава ведаю польскую, у мяне тут шмат сяброў, мяне пастаянна падтрымліваюць. Настолькі, што я гатавала сама разоў пяць за гэты месяц. Мяне кормяць, апякуюць. Большасць тых, хто прыязджае сюды, не мае такой магчымасці. Мне няма на што скардзіцца.

Мая лепшая сяброўка забрала мяне да сябе — пакуль я жыву ў яе. У яе ёсць сабака, якога яна ўзяла з прытулку: ён 13 гадоў правёў у клетцы. Мы жартуем, што ў нас падобны досвед — і мы хутка пасябравалі. Кожную раніцу я гуляю з ім, і гэта вельмі рэсурсная частка дня.

Увогуле, я не адчула эйфарыі ад вызвалення, але ўсё яшчэ адчуваю вялікую радасць ад сустрэч. Увесь месяц на волі я прысвяціла менавіта ім — ужывую і праз мэсэнджары. Гэта займае каля 70% майго часу.

— Вы думалі, што пасля вызвалення давядзецца з’ехаць?

Мне нават было крыху смешна: у апошні час у калоніі нас пыталі, якія ў нас планы пасля вызвалення. У мяне не было адказу — бо я разумела, што не мне вырашаць, з’еду я ці застануся.

Калі з’язджаць — то куды? Я не ведала. І калі наш аўтобус паехаў у бок Ашмян, я падумала: «Ок, дзякуй, што вырашылі за мяне». Я прыняла, што ад мяне мала што залежыць. Магчыма, таму гэта мяне зусім не траўмавала.

Я не разлічвала на хуткае вызваленне. Яшчэ ў ПКТ я думала пра жанчын, якія сядзяць з 2020-2021 гадоў. Я магла адразу назваць каля 20 імёнаў. Мяне затрымалі ў 2022-м, і маім галоўным жаданнем было, каб спачатку выйшлі яны.

Пасля снежаньскага «памілавання» многія былі настроеныя аптымістычна. У мяне ж быў скепсіс: я разумела, праз што праходжу ў калоніі, і мне здавалася, што мой час яшчэ не прыйшоў. Я нават лічыла: калі вызвалілі прыкладна адну восьмую, значыць, працэс будзе доўгі. І я, хутчэй за ўсё, буду ў апошніх.

Гэта мяне не засмучала. Пасля шасці месяцаў у адзіноце ў ПКТ я проста была рада зноў бачыць людзей. А потым, у сакавіку, я выпадкова даведалася, што на наступны дзень мяне і Марфу здымуць з працы. І зразумела: гэта яно.

Ніякай эйфарыі ў мяне не было — хутчэй з’явілася нейкая дзёрзкасць. Я проста дарабляла ўсе незачыненыя справы: паразмаўляла з кім трэба, падвяла вынікі. Я ўсё паспела, і раніцай мяне ўжо забралі.

Пазней я прачытала спісы тых, каго вызвалілі пасля нас, і зразумела, што людзі з майго «спісу» ўсё яшчэ там. Я вельмі чакаю іх вызвалення.

— Як прайшла ваша дарога да Вільні?

У беларускіх уладаў ёсць кропкі росту — яны, здаецца, зрабілі нейкія высновы і паступова нешта паляпшаюць. Ежа ў калоніі ў апошнія гады стала лепшай. Тое ж і з нашым этапам: мы ехалі з Гомеля даволі камфортна — была вада, нам прапаноўвалі цукеркі. Нам надзелі кайданкі і папрасілі не размаўляць, але мы ціха працягвалі гутарыць, і ніхто не рабіў заўваг.

Ніякіх мяшкоў на галаве не было. Кайданкі былі настолькі вольныя, што Марфа змагла дастаць руку, надзець кофту і зноў засунуць руку назад. Так нас прывезлі ў Калядзічы, а раніцай 19 сакавіка павезлі да мяжы. Там ужо без кайданкоў: мы размаўлялі, смяяліся. Нас паілі гарбатай, частавалі зефірам, нават знайшлі для мяне веганскі батончык.

Першыя дні Насты ў Варшаве, сустрэча з сябрамі і сяброўкамі. Ксенія Малюкова перадае Насце дыплом выпускніцы году ЕГУ, які атрымала замест яе. Фота: Ірына Арахоўская

— Вас затрымалі восенню 2022 года. Чаму вы заставаліся ў Беларусі?

Я да апошняга не хацела з’язджаць, а калі сабралася — крыху не паспела.

У 2020 годзе я свядома не далучалася да палітычных сіл і не хадзіла на акцыі — займала прафесійную праваабарончую пазіцыю. Працавала з тымі ж тэмамі, што і раней: міграцыя, дапамога бяздомным, антыэкстрэмісцкае заканадаўства. Тады мне здавалася, што гэта «вегетарыянскія» тэмы і нас не будуць чапаць.

У 2021 годзе затрымлівалі шмат маіх сяброў, і я дапамагала іх родным: насіла перадачы, кантактавала з адвакатамі. Гэта здавалася нават важнейшым за маю асноўную працу і трымала мяне ў Мінску.

У жніўні 2021 года я стала падазраванай па справе «Вясны», правяла трое сутак у ізалятары, пасля мяне адпусцілі з забаронай на выезд. Пры гэтым я двойчы атрымлівала дазвол і выязджала, вярталася — і адчувала сябе адносна спакойна.

6 верасня 2022 года я пайшла на суд да Марфы — і мяне затрымалі проста ў будынку суда, далі 30 сутак. Калі я выйшла, знайшла ў паштовай скрыні ліст, што больш не з’яўляюся падазраванай па справе «Вясны». Была двайная эйфарыя: нібыта ўцякла ад усіх.

Мне здавалася, што гэтага дастаткова і можна жыць далей. Усе казалі, што трэба з’язджаць. Я ўжо думала пра гэта, планавала на лістапад, але ў кастрычніку мяне затрымалі.

— Вы былі гатовыя да рэальнага тэрміну?

Пасля справы «Вясны» я думала пра «хатнюю хімію», нават рыхтавалася: шукала афіцыйную працу. Часам думала і пра больш сур’ёзныя сцэнары, але супакойвала сябе: калі б хацелі — ужо б затрымалі.

У выніку атрымалася, як атрымалася. Мне здаецца, я была гатовая. Я шмат працавала з тэмай турмы і палітвязняў, разумела, што будзе цяжка, але спраўлюся.

— Але адна справа «хатняя хімія», іншая — 7 гадоў калоніі.

Спачатку мяне абвінавачвалі па артыкуле 342, потым замянілі на 130. Я адразу ўспомніла санкцыю: ад 5 да 12 гадоў. Села ў камеры і заплакала. Зразумела, што пяць не дадуць — будзе 7-8. Паплакала і прыняла гэта.

На судзе я разважала спакойна: Пачобуту далі 8, мяне судзяць пасля яго — значыць, мне дадуць каля 7. Я ўспрымала суд як фармальнасць.

Мяне значна больш закранула, што затрымалі маю сяброўку, якая насіла мне перадачы. Пра гэта сказаў адвакат — і я расплакалася. А свой прысуд я нават не ўспрыняла сур’ёзна.

Цяжэй было блізкім. Мама разлічвала на 5 гадоў, але я адразу сказала: не трэба. Я ехала на суд з думкай, што трэба быць сур’ёзнай — а ў выніку на відэа са СТВ я ўсміхаюся.

У калоніі бывалі вельмі цяжкія моманты. Але ў многім мы самі вырашаем, як ставіцца да досведу. Я казала сабе: гэта часова, і трэба зразумець, як выкарыстаць гэты досвед.

Цяпер я нават не называю гэта зняволеннем — кажу «падарожжа» ці «новы досвед», «уключаны маніторынг». Я была ўнутры сістэмы, назірала, рабіла высновы і цяпер разумею, над чым хачу працаваць.

— Якія тэмы за гэтыя гады «маніторынгу» сталі для вас найважнейшымі?

Мне было важна зафіксаваць факты, запомніць і потым «дастаць з сябе», каб гэты досвед не быў дарэмным.

Найперш — турэмная рэформа ў Беларусі. Я займалася гэтым і да затрымання, але цяпер хачу скарыстацца тым, што шмат людзей з інтэлектуальным бэкграўндам прайшлі праз гэты досвед. Лягчэй будзе знаходзіць саюзнікаў і саюзніц.

Яшчэ адна важная тэма — людзі з залежнасцямі, перадусім з алкагольнай. Гэта, на мой погляд, самая сацыяльна неабароненая група. Амаль палова жанчын у калоніі — гэта асуджаныя па артыкуле 174, так званыя «абавязаныя асобы». Гэта замкнёнае кола: алкаголь лёгка даступны, залежнасць прыводзіць да страты бацькоўскіх правоў, чалавека робяць «абавязаным», ён атрымлівае абмежаванні і працуе на нізкааплатнай працы, дзе амаль увесь заробак ідзе на аліменты. Потым зноў алкаголь, прагулы — і зноў калонія. Замест таго, каб дапамагчы чалавеку вярнуцца ў грамадства.

Гэта неэфектыўная і негуманная сістэма. Гэтых людзей амаль ніхто не абараняе, і хочацца хаця б неяк на гэта ўплываць.

Яшчэ адна тэма — ШІЗА як узаконенае бесчалавечнае абыходжанне. Справа не ў канкрэтнай калоніі: супрацоўнікі выконваюць правілы. Але самі правілы дазваляюць гэта.

Людзі знаходзяцца ў памяшканні, дзе немагчыма нармальна спаць, мыцца, нават схадзіць у туалет. Адна справа чытаць пра нормы, іншая — перажыць гэта. Калі ты ўначы не спіш, а днём ходзіш па камеры і нават хвіліна з заплюшчанымі вачыма можа лічыцца «сном» і стаць падставай для рапарта.

Ці калі ў цябе скончыліся пракладкі або туалетная папера, і няма магчымасці памыцца. Гэта вельмі цяжка. Але адказ адзін: «усё па нормах».

Пры гэтым ёсць катэгорыі людзей, якіх нельга змяшчаць пад адміністрацыйны арышт. Але ў ШІЗА можна ўсіх: і людзей пасля 70 гадоў, і ВІЧ-пазітыўных, якія на тэрапіі.

Падарункі Насце ад сяброў і сябровак. Фота: Ірына Арахоўская

— Раскажыце пра ПКТ

Калі я выйшла, мяне пыталіся: як ты не звар’яцела за шэсць месяцаў у адзіноце? Магчыма, і звар’яцела — не ведаю. Чалавек адаптыўны і прывыкае да ўсяго, але гэта не значыць, што так павінна быць.

Мяне ратаваў рэжым. Раніцай сняданак і зарадка, потым я хадзіла па камеры, нагулявала крокі, ішла на шпацыр. Днём і перад сном — фізічныя практыкаванні. Было шмат успамінаў. Лісты ад маці. Дробныя рэчы, якія падтрымліваюць. І кнігі — я шмат чытала. Мне было важна стварыць сістэму — гэта дапамагала.

— Як гэта адбілася на здароўі?

Ёсць і плюсы, і мінусы. Нельга сказаць, што гэта сістэма, якая толькі разбурае: рэжым і адсутнасць пераядання могуць быць карыснымі. Але ў мяне свае асаблівасці: я не ем мяса, і ў мяне падае жалеза і вітамін B12. На волі я прымала свае прэпараты, у калоніі іх забаранілі і прапаноўвалі аналагі, якія не вельмі дапамагалі. Даводзілася шукаць спосабы атрымаць патрэбныя рэчы.

— Што вы елі?

Шмат прыходзіла ў перадачах: арэхі, шакалад — каб быў тлушч і раслінны бялок. Я амаль увесь час была «злосніцай», таму мела толькі дзве базавыя на атаварку. Але ў мяне былі назапашаныя грошы, і я магла купіць, напрыклад, хумус, сок, марскую капусту.

У выніку з жалезам былі праблемы, але ў цэлым не так дрэнна.

Пераводы забаранілі пасля ўключэння ў «тэрарыстычны спіс». Але я да гэтага падрыхтавалася: яшчэ ў СІЗА папрасіла пакласці мне грошы на рахунак. У выніку нават засталося — я выйшла з каля 500 рублямі.

На фабрыцы я амаль нічога не зарабляла. Успрымала працу як спосаб заняць час. І гэта было важна для іншых: чым больш я раблю, тым вышэй агульны паказчык і заробак у дзяўчат.

— Ці магчымае сяброўства ў калоніі?

Так. Хаця адміністрацыя імкнецца раз’ядноўваць людзей. Калі бачаць, што хтосьці збліжаецца — могуць развесці па розных атрадах.

Мне казалі: тут усе сочаць адзін за адным. Але я вырашыла не абмяжоўваць сябе. Я кантактавала з усімі — і з палітычнымі, і з непалітычнымі. Размаўляла, абдымалася, хоць гэта было фактычна забаронена.

Для мяне гэта было пра сэнс: быць побач, падтрымаць, дапамагчы сфармуляваць скаргу або зварот.

Мне вельмі дапамагала, што побач была [праваабаронца «Вясны»] Марфа Рабкова. Нават калі мы амаль не бачыліся, мне хапала ўбачыць яе ў сталовай. Я глядзела на яе — і мне станавілася спакайней. У мяне быў маяк, які свеціць.

Я сустрэла там людзей, якія сталі маімі сябрамі. Я сумую па іх.

— Што яшчэ вас падтрымлівала?

Кантакт з целам: практыкаванні, расцяжка. І праца з тэкстамі — нават калі гэта проста дапамога камусьці з паштоўкай.

Я старалася максімальна запаўняць дзень, вольнага часу амаль не было. Нават дробныя справы трэба было планаваць — інакш не паспееш.

Па нядзелях было больш часу. Мы нават зрабілі традыцыю: складалі «дурныя пытанні» і адказвалі на іх. Гэта дапамагала гаварыць пра простыя рэчы. І раптам аказваецца, што важныя звычайныя рэчы: напрыклад, падкоўдранік. Я вельмі сумавала па пледзе. Калі з’явілася магчымасць, я купіла яго — і гэта было сапраўднае шчасце.

Яшчэ радасцю былі мерапрыемствы ў клубе. Дыспуты ці кінапаказы па нядзелях.

— Раскажыце пра клуб па нядзелях.

Па нядзелях было кіно і абмеркаванне. Мне гэта вельмі падабалася — не столькі з-за фільмаў, колькі з-за магчымасці быць разам, паглядзець адна на адну.

Марфа, Марына Золатава, Наталля Дуліна — яны цудоўна мадэравалі. Калі Дуліну вызвалілі, я нават думала: што цяпер рабіць на гэтых абмеркаваннях. Былі і дыспуты. Напрыклад, тэма «З’ехаць нельга застацца». Я выступала за тое, каб заставацца — хоць разумела, што мне не дадуць.

— Некаторыя пытанні ў гэтым інтэрв'ю мы абышлі. Як публікацыі ўплываюць на людзей у калоніі?

Няма ўніверсальнага правіла, не ведаю. Вось раптам прылятае чалавеку рапарт, і ніхто не разумее чаму. А потым аказваецца: пра яго ўспаміналі ў нейкім інтэрв'ю. А можа, нешта іншае паўплывала. Вядома, нам ніхто не гаворыць шчыра, мы толькі можам здагадвацца. Ёсць як ёсць. Яны (супрацоўнікі) — людзі, яны таксама крыўдзяцца, гэта іх імпульсіўная рэакцыя. Я не думаю, што гэта — стратэгія, ці нейкія ўстаноўкі.

Першая сустрэча Насты з яе сабакам Эрыкам пасля вызвалення. Цяпер ён жыве ў Чэхіі. Фота: Ірына Арахоўская

— Што зараз з вашым сабакам?

Калі мяне затрымалі, я больш за ўсё перажывала менавіта за Эрыка. Я ж брала яго з прытулку, і гэта была вялікая адказнасць — стварыць яму новае жыццё. Потым, калі я бачыла па тэлевізары ў СІЗА сабаку, мне было балюча. І вось скрозь слёзы я напісала яму ліст, каб дастаць з сябе гэты боль. Тады яшчэ была магчымасць схітраваць і з Валадаркі без цэнзуры адправіць яго на волю. Мне стала значна лягчэй, я адпусціла гэтую сітуацыю. Яго забралі добрыя людзі, яму стварылі суперўмовы, ён жыве цяпер сваё лепшае жыццё ў Чэхіі, там прырода, медыцынская падтрымка і клёвыя людзі, яны адказна да яго ставяцца, яны прачыталі мноства лістоў інструкцый, якія я для іх напісала.

Мая задача — каб яму было добра. Пакуль у Варшаве я не магу яму забяспечыць такое жыццё. Яму ўжо 10 гадоў, і пакуль я вырашыла не цягнуць яго сюды, не ствараць яму лішняга стрэсу. Як толькі я вырашу пытанне з легалізацыяй, паеду да яго, паглядзім, як ён на мяне адрэагуе, наколькі памятае. Так, я па ім сумую, але мая мэта ў першую чаргу — яго камфорт.

Рэдактар: Зоя С.