Иллюстрация: Тая Л. / Медиазона
Чатыры беларускія выдавецтвы, якія працуюць за мяжой, прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» — Kamunikat.оrg, Lohvinau Publishing House, Gutenberg Publisher і Andrei Yanushkevich Publishing. У Беларусі прайшлі затрыманні выдаўцоў і папулярызатараў беларускай мовы, а фонд Kamunikat перажыў кібернапад. «Медыязона» расказвае пра новую хвалю рэпрэсій супраць кніжнай супольнасці.
«Калі мы пачыналі сваю дзейнасць, мы разумелі, што іншага развіцця падзей не будзе, але за гэтыя гады з’явілася надзея, што магчыма нейкае пацяпленне. Здавалася, што атрымаецца вывесці тэму беларускай мовы з палітычнага дыскурсу. Узнікала думка, што ўлады зразумеюць: беларуская мова — не палітычны супернік на выбарах. Але яны прыраўноўваюць беларускамоўнасць да палітычных інтарэсаў і мэтаў. У нейкі момант здалося, што мы можам працаваць спакойна. Але не — няма нічога такога, як беларуская культура па-за палітыкай», — кажа Валянціна Андрэева, шэф-рэдактарка выдавецтва Gutenberg Publisher.
Да лютага — сакавіка 2026 года выдавецтву ўдавалася не толькі выдаваць беларускія кнігі ў эміграцыі, але і дастаўляць іх у Беларусь. Праўда, такія заказы складалі не больш за 2% ад усіх прададзеных кніг. Прыкладна ў такім самым становішчы быў і фонд Kamunikat. Сайт і сацсеткі фонду ў Беларусі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а сайт яшчэ і заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі. Аднак, як распавёў «Медыязоне» яго заснавальнік Яраслаў Іванюк, часам фонд атрымліваў заказы з Беларусі.
Здаралася, што нехта замаўляў кнігі, прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У Gutenberg тэхнічна абмежавалі такую магчымасць для пакупнікоў унутры краіны, а калі хтосьці абыходзіў забарону — анулявалі такія замовы. Яраслаў Іванюк звязваўся з пакупнікамі ў Беларусі, тлумачыў наступствы пакупкі «экстрэмісцкай» літаратуры. Атрымоўвалася пераканаць чалавека абраць іншую кнігу.
«Цяпер, канешне, смешна гэта казаць, але мы спрабавалі гуляць па правілах гэтай улады», — кажа Валянціна.
Былі таксама кнігі, якія, на думку ўладаў, шкодзілі нацыянальным інтарэсам Беларусі. У Kamunikat гэта была манаграфія Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці». Gutenberg толькі рыхтаваў выданне кнігі «Гісторыя крата, якому нарабілі на галаву», калі яе прызналі «шкоднай для нацыянальных інтарэсаў». Гэтыя кнігі таксама не прадаваліся ў Беларусі.
У канцы 2025 — пачатку 2026 года Kamunikat перажыў дзве атакі на свае рэсурсы: невядомыя спрабавалі ўзламаць сайт фонду і інтэрнэт-краму выдавецтва, аднак атакі ўдалося адбіць. Яраслаў Іванюк упэўнены, што за атакамі стаяць беларускія ўлады.
17-18 лютага прайшла аблава на кнігавыдаўцоў у Беларусі. Паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманы як мінімум 10 чалавек, у тым ліку дырэктар найстарэйшага прыватнага выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч і яго сям'я, жонка Алена і дачкі Антаніна і Вікторыя. Таксама былі затрыманыя Андрэй Кім, стваральнік праекту «Кінаконг», Зьміцер Колас (заснавальнік аднайменнага выданьня) і прадавец кніг Алесь Яўдаха. Некаторых затрыманых адпусцілі, іншыя застаюцца ў зняволенні.
Выдавецтва «Тэхналогія» без тлумачэння прычын паведаміла ў сацсетках, што прыпыняе працу.
Яраслаў Іванюк лічыць, што выдавецтвы абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем» для таго, каб стварыць фармальную падставу для крымінальных спраў. У «экстрэмісцкім» спісе МУС усе выдавецтвы аб’ядналі ў «кааліцыю», хаця насамрэч яны існуюць паасобку. Іванюк адзначае, што Kamunikat з меркаванняў бяспекі ні з кім унутры краіны не супрацоўнічаў.
«Улады хочуць пасадзіць людзей на доўгія гады за нібыта наўмыснае супрацоўніцтва з уяўнай "кааліцыяй выдаўцоў". Ніякай "кааліцыі" не існуе. Гэта змаганне з беларускай ідэяй. Калі б нейкая супраца і была, нас прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем" у сакавіку, а людзей затрымалі ў лютым. Як ім можна нешта "прышыць"?»
Валянціна Андрэева таксама лічыць, што менавіта зараз выдавецтвы сталі па-за законам не выпадкова. На яе думку, у «кааліцыю» іх аб'ядналі проста для зручнасці, каб не праводзіць працэдуру па кожным асобна, а канчатковай мэтай сілавікоў было стварэнне фармальнай падставы для рэпрэсій..
«Такое ў нашай гісторыі ўжо было: "Саюз вызвалення Беларусі" ў 30-я гады — ён быў выдуманы, каб правесці рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі. Ёсць, мяркую, і іншыя прыклады. Гэта проста адзін са спосабаў утрымання ўлады».
Выдаўцы, з якімі паразмаўляла «Медыязона», кажуць, што больш не будуць прадаваць кнігі ў Беларусь. Валянціна Андрэева пракансультавалася з юрыстамі: яны прыйшлі да высновы, што паводле закону да адказнасці ў Беларусі могуць прыцягнуць толькі за кнігі, унесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Аднак з меркаванняў бяспекі дастаўка кніг у Беларусь больш не будзе ажыццяўляцца.
«Я думаю, гэта зроблена, каб людзі на ўсялякі выпадак баяліся любой беларускай кнігі. Канешне, мы не зможам працаваць з людзьмі, якія звязаныя з Беларуссю ці жывуць там. Канешне, не будзем прадаваць туды кнігі. Але наша дзейнасць не спыніцца».
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка адзначае, што ў адміністрацыйным артыкуле аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў толькі ў другой частцы гаворыцца пра рэсурсы і друкаваныя выданні, унесеныя ў Рэспубліканскі спіс.
У першай частцы артыкула сказана, што адказнасць можа наступіць за «распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць, а таксама выраб, захоўванне або перавозку з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі». На яго думку, у такім выпадку адправіць на суткі ці аштрафаваць могуць і за лагатып «экстрэмісцкага фарміравання».
Акрамя таго, юрыст звяртае ўвагу, што аплаты замоўленых кніг у выдавецтвах цяпер могуць быць расцэненыя як «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання».
Ён прыводзіць прыклад — на беларусаў заводзяць крымінальныя справы (альбо патрабуюць «водкуп») за донаты ў фонды BYSOL і By_Help, нягледзячы на тое, што частка пераводаў адбывалася да прызнання іх «экстрэмісцкімі».
Павал Сапелка адзначае: калі нехта ўнутры Беларусі супрацоўнічаў з выдавецтвамі, гэта можа стаць падставай для крымінальнай справы.
Яраслаў Іванюк адзначае, што, нягледзячы на ціск, Kamunikat працягне працаваць.
«Новы статус не аблегчыў нам працу, але здавацца мы не будзем. Я лічу, што па-за межамі Беларусі нельга зрабіць нават кроку назад, бо кожны крок назад — гэта згода на ўмовы, якія ставіць рэжым Лукашэнкі. Мы будзем пашыраць рэсурсы нашай бібліятэкі, будзем далей алічбоўваць беларускую прэсу, запісваць аўдыёбукі, выдаваць кнігі, ладзіць аўтарскія сустрэчы».
З ім згодна і Валянціна Андрээева.
«Гэта ўсё прыкра, шкада, але я б не хацела, каб беларуская кніга была ахвярай — з’явай, якую смяротна паранілі. Беларуская кніга моцная: яна перанесла стагоддзі ўсіх магчымых перашкодаў. Цяпер, калі ўсё можна чытаць лічбава, калі ёсць іншыя краіны і сродкі камунікацыі, з беларускай кнігай усё будзе добра. Яна можа заставацца крыніцай пазітыву, а не нагодай для адчаю. Ад гэтых рэпрэсій беларуская кніга стане толькі мацней».