Илюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона
Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык прынцыпова не з’язджаў з Беларусі — не ўяўляў жыцця без сувязі з радзімай. Яго затрымалі ў 2021 годзе. «Я думаў: так, хутчэй за ўсё асудзяць — на год-паўтара. Я разумеў гэты кошт і не хацеў праз гэта праходзіць. Але паміж "вечным блуканнем" і тэрмінам у паўтара года я выбіраў паўтара года», — разважаў ён да таго, як суд прызначыў шэсць гадоў калоніі. Кузнечыка вызвалілі па так званым «памілаванні» і вывезлі ў Літву, не пакінуўшы шанцу застацца дома. Апынуўшыся ў Вільні, Андрэй зразумеў: жыццё ў Беларусі цяпер «патрабуе куды большых унутраных кампрамісаў», на якія ён ужо не змог бы пайсці.
«Як быццам бы зламаўся каляровы картрыдж. Жыву, але фарбаў няма зусім. Улюбёныя кнігі, музыка — гэта ўсё ўжо не захапляе. Я вярнуўся зусім іншым чалавекам, нібы ў скафандры. І мне гэта не падабаецца, гэта вялікая страта. Я б хацеў стаць такім, як раней — больш эмацыйным, чуллівым».
Па журналіста «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка сілавікі прыйшлі напрыканцы 2021 года. Ён выйшаў на волю праз тры гады — у лютым 2025-га.
Цяпер 46-гадовы Андрэй жыве ў Вільні, ўз'яднаўся з дзецьмі і жонкай, якія чакалі яго ўвесь гэты час. Калі журналіста затрымлівалі, ягонаму сыну было два гады. Ён ужо двойчы знаёміўся з татам нанава: спачатку праз год пасля затрымання на спатканні. Другі раз — у Літве. Старэйшая дачка падчас затрымання вучылася ў пачатковай школе. Яна ўсё бачыла і разумела.
«Я зараз думаю над тым, як размарозіць і яе душу, бо яна сама замерла ў чаканні нейкай бяды. Яна ўвесь час пыталася ў першыя дні: тата, а цябе зноў не забяруць? Яна думае, што добра ня можа быць доўга, што абавязкова нешта дрэннае павінна здарыцца».
Пачуццё віны прабіваецца праз «скафандр», пра які гаворыць Андрэй.
Андрэя затрымалі каля яго дома ў Мінску, літаральна знялі з ровара. Прыехалі з ператрусам дадому. «Склад злачынства» не запатрабаваў пераварочваць хату дагары нагамі. Сілавікі проста знайшлі сцяг, сямейныя зберажэнні, сфатаграфавалі ўсё гэта разам. Сям'я Андрэя была дома, усё адбывалася ў іх на вачах.
«Як адрэагавалі — ну як рэагуюць, калі бяда прыходзіць у дом. Абамлелыя троху, але сабраныя. Без істэрык, проста такое, маўклівае развітанне з чалавекам, разуменне таго, што пачынаецца новы этап вашага жыцця — гора. Я думаю, так было шмат у каго. Сын, малодшы, нічога не разумеў і нават спрабаваў гуляць з імі. Дачка плакала, яна разумела, што нешта дрэннае адбываецца».
Андрэя адправілі на суткі Акрэсціна нібыта за дробнае хуліганства, а пасля пасля перазатрымалі адразу ж на выхадзе з ЦІП — на 10 сутак у ІЧУ.
«І зараз, і тады — гэта месца катаванняў. Не даюць спаць, няма лекаў, сродкаў гігіены. Я пакуль там сядзеў, думаў, што праходжу практыку па навінах — я такое шмат разоў чытаў, а зараз спрабую на сабе. Нічога новага, але прасцей не робіцца. У ІЧУ, калі ўжо прад'яўлена абвінавачанне, ўсе здзекі выкручаны на максімум. Я трапіў у карцэр да яшчэ васьмі чалавек, на вуліцы зіма, спаць даводзіцца на халоднай бетоннай падлозе, але і туды вы ўсе не змяшчаецеся. Хтосьці сядзіць прыхінуўшыся, скурчыўшыся — і так працягваецца тыдзень. Гэта адбірае ўсе сілы і здароўе. Такая схема апрацоўкі палітычных. Тыдзень дэманстрацыі працы рэпрэсіўнай машыны. Ты сядзіш у гэтых казематах і марыш пра СІЗА».
У следчым ізалятары Андрэй разумеў, што павінен засвоіць і жыць па непрымальных для яго правілах і турэмных законах, заснаваных на «дзікіх старых традыцыях».
У час, калі Андрэя затрымалі, шмат журналістаў ужо з'ехалі ў вымушаную эміграцыю з-за рызыкі апынуцца за кратамі. Кузнечык прынцыпова заставаўся.
«Я не хацеў з'яжджаць нават калі мяне [у 2025 годзе] ужо прывезлі на мяжу. Я сабе ніколі не ўяўляў жыцця не ў Беларусі, не з роднымі, не ў тых мясцінах, дзе ты маеш уяўленне пра свой радавод. Не ў той краіне, пра шлях якой ты думаеш. Я разумею, што за мяжой вельмі шмат губляю. У мяне была надзея на тое, што гэтая лютая "замарозка" ў Беларусі не можа доўжыцца доўга, але падобна я памыляўся, і мы яшчэ вернемся ў нейкі феадалізм, у Сярэднявечча. Я думаў, грунтуючыся на досведзе мінулага: так, хутчэй за ўсё асудзяць, несправядліва — на год–паўтара. Окей. Я разумеў гэты кошт. Я не хачу праз гэта праходзіць. Але паміж "вечным блуканнем" і тэрмінам у паўтара года я выбіраю паўтара года».
8 чэрвеня 2022 года суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў прызначыў Андрэю Кузнечыку 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.
«За тры гадзіны мяне асудзілі на шэсць гадоў. А суддзя сказаў, што яшчэ паспявае на абед. Ногі сталі ватнымі, усё паплыло. Я тады падумаў: ого, вось гэта я недаацаніў іх магчымасці і жаданне помсціць. Ды і як я мог наогул гэта ацаніць, я звычайны чалавек, я ніколі нікому зла не жадаў, у мяне да гэтага часу не ўкладваецца ў галаве тое, што яны робяць».
Звычайна, кажа Андрэй, зняволеныя з палёгкай выдыхаюць, калі трапляюць з СІЗА ў калоніі — больш месца, паветра, свабоды. У ягоным выпадку склалася іначай: у першыя ж дні пасля пераводу ў ПК-1 у Наваполацку ён пачаў «сумаваць» па СІЗА.
«Прайшоў каранцін і адразу пачалася прамка. Я прыехаў у канцы жніўня, спачатку пару дзён была спякота, і амаль адразу холад. Ты можаш хадзіць толькі ў адзенні, якое табе выдалі, яго нельга неяк кастамізаваць. Нават з-за цішоткі, апранутай пад форму, могуць быць праблемы. Мы ўвесь час мерзлі, мы прачыналіся ад таго, як было холадна. Раніцай ідзеш на зарадку ў цішотцы, а са столі капае ці то кандэнсат, ці то размарожаная вада».
Пасля каранціну амаль адразу пачалася праца. Як і ўсіх палітычных, Андрэя накіроўвалі на самую цяжкую.
«Праца мянялася, але амаль заўсёды яна была на вуліцы, пад адкрытым небам. Я насіў пілавінне ў кацельню, загружаў паддоны, пілаваў адходы вытворчасці, каб іх можна спаліць, чысціў правады. І заўсёды на вуліцы, пад снегам, у холадзе. Нам забаранялі заходзіць у памяшканне пагрэцца. Ад дажджу можна было схавацца толькі пад тэхнічнымі канструкцыямі».
Пастаянны пранізлівы холад — адзін з галоўных успамінаў Андрэя пра калонію. Немагчыма было сагрэцца ні ў бараку, ні на рабоце на вуліцы. Тонкая турэмная адзежа не ратавала.
«Нам выдавалі нешта кшталту вайсковых плашчоў, але яны не грэюць, і калі на вуліцы халодны дождж, ты проста вымарожваешся. Калі грузіш стылыя дровы, рукі апухаюць, становяцца ў каго сінія, у каго чырвоныя. Раны ў многіх, шнары.
У тых умовах ад надвор'я ніяк не ўратавацца. Апранаеш на сябе тры пары будаўнічых пальчатак, але рукі ўсё роўна стала мокрыя і змёрзлыя. У канцы дня здымаеш пальчаткі, а там нейкія сінія сасіскі».
Андрэй кажа, што палітвязень у ПК-1 заўсёды па змаўчанні «парушальнік» і заўсёды жыве ў трывозе. Калі падыходзіць час і парушэнне «згарае» — значыць, «павесяць» новае. Палітвязень перажывае, каб пакаранне не было яшчэ горшым, каб не сарвалося спатканне з роднымі. Статус «экстрэміста» стала падкрэсліваецца.
«Ты жывеш з гэтым таўром, і яно нікуды не дзяецца пасля вызвалення. Людзі на волі, але яны абмежаваныя ў правах, калі іх, напрыклад, унеслі ў "спіс тэрарыстаў". Яны не могуць атрымаць спадчыну, аформіць картку. Гэта не заканчваецца турмой у Беларусі, гэта працягваецца. Уявіце, людзі, якія сядзелі за каментары і лайкі, выходзяць, і знаходзяць сябе ў гэтых спісах. Яны нават часам проста па тэхнічных прычынах не могуць уладкавацца на працу, бо ім не робяць карты. Ім у бухгалтэрыі проста скажуць — а навошта нам такі работнік, які толькі дадае галаўнога болю. Для мяне гэта стала вялікай нечаканасцю, я зноў недаацаніў магчымасці гэтага зла. Паламалі жыцці людзям, іх сем'ям, забралі гады — ну можа хопіць ужо? Не, людзі выходзяць на волю, а турма працягваецца далей».
Цяпер, ужо ў Вільні, Андрэй тлумачыць, чаму пасля вызвалення хутчэй за ўсё не змог бы застацца ў Беларусі.
«Я пагаджаўся на цяжкасці, бо думаў, што пераадолею іх, яны скончацца, і я змагу далей жыць у Беларусі. Але аказалася, што жыццё там патрабуе куды большых унутраных кампрамісаў. А як гэта магчыма, калі табе 40 гадоў, а ўвесь твой бэкграўнд, усё, што ты рабіў, раптам стала "экстрэмісцкім". Усе твае рэдакцыі, блогі, пасты».
Разлука з сям'ёй востра адчувалася ў няволі. Андрэй пісаў жонцы, але разумеў, што дзецям ягоныя пераказаныя словы могуць быць не вельмі даступныя. Тады ён пачаў пісаць для іх вершы. Ствараў казкі на сюжэты паштовак, персанажы якіх станавіліся героямі гісторый.
«Пісаў пра прыгоды катоў, мышэй і каго там яшчэ можна было знайсці. Пра мову, пра вандроўкі. Малюнак на паштоўцы служыў адпраўным пунктам, а далей я будаваў цэлы свет — і гэта працавала, ім падабалася. Я хаця б так мог дапамагчы жонцы, бо самыя цяжкія перыяды ў выхаванні дасталіся якраз ёй. Наогул гэтая гісторыя з вершамі — адзіны мой светлы ўспамін з калоніі. Ён пра тое, што дабро і святло можна генераваць нават там».
У верасні 2024 года Андрэя перавялі ў СІЗА КДБ у Мінск. Без новых абвінавачанняў, але, як з часам стала зразумела, для ўдзелу ў здымках прапагандысцкага «кіно». Тады для дзяржТБ знялі серыю сюжэтаў пра «Радыё Свабода» — у кадры былі зняволеныя журналісты Ігар Лосік, Андрэй Кузнечык, Ігар Карней, а таксама юрыст і грамадзянін ЗША Юрый Зянковіч.
«Я бачыў, як такія здымкі адбываюцца ў калоніі, і тады ў мяне была яшчэ ілюзія, што ад іх можна адмовіцца. У "амерыканцы" у мяне такіх ілюзій ужо не было. …Чаго яны хацелі, тое яны атрымалі. Усё зразумела па фільме: знялі кіно, як дрэнна чытаць варожыя СМІ і што бывае з тымі, хто з імі супрацоўнічае. На іх апранаюць кайданкі і садзяць на вялікія тэрміны. Відаць, так хацелі папярэдзіць электарат перад выбарамі: не чытайце дрэнных рэсурсаў».
Да Андрэя з тэлебачання прыязджалі некалькі разоў, рабілі новыя дублі. Журналіст мяркуе, што сцэнар мяняўся неаднаразова.
«Аднойчы раніцай зноў да мяне прыйшлі, сказалі пагаліцца. А гэта ўжо знак — нешта адбываецца, перад здымкамі таксама заўсёды так было. Я ўстрывожаны быў, вядома, заўсёды ж толькі горшыя сцэнары ў галаву прыходзяць. З [Раманам] Пратасевічам сустрэча ці яшчэ што. А мяне вывелі з камеры, рэчы мае сабралі, у машыну пасадзілі і павезлі. У мяне асабліва ніякіх надзей не было, думаў — назад у калонію».
Аказалася, што Андрэя прывезлі на мяжу з Літвой. Там жа аб'явілі, што вывозяць з краіны. У той дзень, акрамя Кузнечыка, у тым ліку намаганнямі амерыканскіх дыпламатаў былі вызваленыя палітзняволеная беларуска Алена Маўшук і грамадзянін ЗША і Украіны Мікалай Шугаеў.
Андрэй Кузнечык перажываў, што будзе далёка ад сваёй сям'і, але аказалася, што жонка і дзеці ўжо чакалі яго ў Вільні.
«Я не ведаў загадзя, што яны будуць з'яжджаць, яны самі не планавалі. Усё вырашалася вельмі хутка, літаральна за тры дні. Для нас усё гэта было нечаканым сцэнарам, мы яго не прагаворвалі, не абмяркоўвалі. Для іх гэта была экстраная эвакуацыя. Але мне адразу стала лягчэй, калі я даведаўся, што яны ў Літве, бо толькі пра іх і думаў».