«Удзельнічаў, але вінаватым сябе не лічу». Мінчаніна збілі пры затрыманні, а фэйкавы бот «Перамогі» дасылаў прапановы для дыверсій
Статья
28 мая 2025, 18:36

«Удзельнічаў, але вінаватым сябе не лічу». Мінчаніна збілі пры затрыманні, а фэйкавы бот «Перамогі» дасылаў прапановы для дыверсій

Аляксандр Юруць. Фота: асабісты архіў

Аляксандар чакаў затрымання за пратэсты 2020 года, але быў гатовы і да іншых дзеянняў: пасля пачатку вайны ён уступіў у план «Перамога». Бот рэгулярна прасіў падпаліць рэлейную шафу на чыгунцы, але Аляксандр не адгукнуўся. Гэта аказалася хітрасцю сілавікоў, а бот — фальшывым. Аляксандру патэлілі з ДАІ, папрасілі пад'ехаць. Далей — затрыманне, ператрус і «Тебя сегодня сломают» ад губазікаўцаў, якія збілі мінчаніна. Былы палітвязень распавёў «Медыязоне», што за час зняволення не атрымаў ніводнага ліста ад бацькоў, а яго жонка мела стасункі з супрацоўнікам следчага ізалятара.

У траўні 2024 года 35-гадовы мінчанін Аляксандр Юруць вызваліўся з калоніі — ён правёў у зняволенні больш за паўтара года. «Цяжка не было. Я быў гатовы да ўсяго: пагоні, стрэлаў. Але абышлося. Выйшаў на бераг і зразумеў — я нарэшце на волі», — узгадвае ён.

На беразе беларуса затрымалі і апыталі літоўскія памежнікі, а пасля ён падаў прашэнне аб міжнароднай ахове ў Літве.

«Там наши братишки из-за тебя пострадали». Збіццё ў ГУБАЗІК

За удзел у пратэстах 2020 Аляксандра затрымалі праз два гады. Ён кажа, што разумеў: рана ці позна гэта здарыцца. Але прынцыпова заставаўся ў краіне.

«Я тады [перад затрыманнем] уступіў у план "Перамога", чакаў, што вось-вось пачнуцца нейкія дзеянні [у Беларусі]. Падрыхтаваўся: запасы кансерваў, вада, бінты. А потым аказалася — бот фальшывы. Адвакат мне потым сказаў. З самага пачатку сыпаліся заданні: "Трэба падпаліць рэлейную шафу, хутчэй-хутчэй". Я падумаў, што гэта нейкая лухта, і нічога не рабіў».

15 верасня 2022 году Аляксандру патэлефанаваў супрацоўнік ДАІ і папрасіў пад'ехаць у РАУС — нібыта ён стварыў аварыйную сітуацыю на МКАД. Гэта не выклікала у мінчаніна падазрэнняў, бо з такім ён ужо сутыкаўся.

«Зайшлі ў кабінет, ён кажа: "Хвілінку, пайду планшэт вазьму". Выйшаў, а следам улятаюць трое — у спартовым, у кепках, сапраўдныя бандыты. Крычаць: "Дернешься — шмалять будем". Аказаліся з ГУБАЗіКа».

Супрацоўнікі адвезлі Юруця дадому і правялі там ператрус, падчас якога затрымалі і яго жонку. Адтуль іх даставілі у галоўны будынак ГУБАЗІК на Рэвалюцыйнай, 3.

«Нас з жонкай па розных кабінетах пасадзілі. Мне паказалі відэа з пратэстаў. Я сказаў: "Так, удзельнічаў. Вінаватым сябе не лічу". Яны запалохваць пачалі. Адзін кажа: "Тебя сегодня сломают". І тут у калідоры чую: "Где он? Я его сейчас убью". Улятаюць амбалы ў чорным, у масках — амапаўцы. За шыю схапілі, на падлогу — і біць: рукамі, нагамі, дубінкамі. А я ў кайданках, нават закрыцца не мог. Смутна памятаю, казалі нешта кшталту: "Там наши братишки из-за тебя пострадали". Я зубы сціснуў і цярпеў. У роце — смак крыві. А жонка ў суседнім кабінеце ўсё чула».

«Зняў штаны — а ногі чорныя ад сінякоў»

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна Аляксандр сядзеў у невялікай камеры, дзе акрамя яго былі яшчэ 12 чалавек.

«Кінулі ў "палітычны карцар". Рост у мяне 170, кладзешся на падлогу — і ўпіраешся нагамі і галавой у сцены. І ў даўжыню метра чатыры. Мяне спачатку хацелі пакласці [на нары], бо толькі з допытаў. А я ўжо адчуваў: ляжаць не змагу — усё баліць. Зняў штаны — ногі чорныя ад сінякоў».

Жонку Аляксандра адпусцілі з ізалятара праз тры дні. Мінчаніна пасля 10 сутак у ЦІП этапавалі ў СІЗА на Валадарскага.

«Іду ў камеру і думаю, што мяне там чакае. Я ж наглядзеўся рознага кіно. А там — 14 чалавек, я 15-ты. 11 з нас — палітзняволеныя. Мне адразу чай-кава, усё тлумачаць. Уражанне быццам трапіў да сваіх».

Судзілі Аляксандра Юруця ў сакавіку 2023 года — па абвінавачванні ў грубым парушэнні парадку за ўдзел у пратэстах. Падтрымаць палітвязня прыходзілі жонка і яе сястра. Бацькі за ўвесь час зняволення не напісалі Аляксандру ніводнага ліста.

«Калі мяне затрымалі, яны вельмі спалохаліся, нават нібыта сорамна ім было. Мой бацька — лукашыст да мозгу касцей. Ён неаднаразова называў мяне фашыстам. Маці памяркоўная, але вельмі баязлівая. Калі я выйшаў, спытаў у бацькі: "Ну што, маладзец твой Лукашэнка?" А ён кажа: "І ён малайчына, і АМАП". А ты сам вінаваты. Ну вось і ўсё — больш з бацькамі не падтрымліваю сувязі».

«Архіпелаг ГУЛАГ», «должность лошади» і 74 капейкі заробку

У СІЗА Аляксандр прачытаў «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэтая кніга стане для яго амаль практычным дапаможнікам у калоніі. Упершыню парада з кнігі спатрэбілася падчас этапу у «сталыпінскім» вагоне, калі Аляксандра везлі з Мінска ў Магілёў.

«Усіх "палітычных" перавозяць у кайданках. Калі не курыш — лезеш на верхнюю полку. Кайданкі на мне былі з 20:00 да 10 раніцы. Любы няўважлівы рух — і можна яшчэ мацней іх зацягнуць. Таму стараешся не варушыцца. У туалет — чарга, пакуль аднаго адвядуць, другога… Я ў Салжаніцына прачытаў, што перад этапам нельга піць шмат вады. І гэта вельмі дапамагло».

Наступны раз беларус узгадаў Салжаніцына, калі пасля прыезду ў калонію ішоў да каранціннага памяшкання праз прамзону.

«Іду — [бачу] воз, які звычайна конь цягне. Але там людзі. Адзін спераду, некалькі ззаду штурхаюць. Перавозілі ці то гуму, ці мяхі. А ў "ГУЛАГу" была такая фармулёўка — "ВРИДЛО — временно исполняющий должность лошади. Смяшыць спачатку, а потым — страшна"».

Аляксандр хацеў перачытаць «Архіпелаг ГУЛАГ» у калоніі, нават узяў у бібліятэцы, але не паспеў — падчас чарговага вобшуку яму загадалі вярнуць кнігу і «больш гэтага аўтара не чытаць».

«У кнізе была фраза — "барацьба за метал", якую я не разумеў. А потым зразумеў, калі нас накіравалі чысціць правады ад гумы. Прыязджае воз і пачынаецца: кожны хоча схапіць кавалак паболей — так прасцей выканаць норму. У цэху чалавек 30. Штурханіна, мітусня. Хто мацней — расштурхвае іншых. Мне адзін раз па галаве чымсьці ўрэзалі — шышка была. А адзін хлопец увогуле пад воз кінуўся — нагу зламаў».

Сыравіны хапала на ўсіх, але калі пашансіць з кавалкам буйней — можна выканаць норму за 2-3 гадзіны і потым толькі рабіць выгляд, што працуеш, тлумачыць Аляксандр. Пры гэтым за невыкананне нормы маглі адправіць у ШІЗА.

«У мяне заробак на гэтай промцы быў 74 капейкі. Ух, зажывем. У палітвязняў заўсёды так — ставяць на нізкакваліфікаваную працу. І пасля аплаты камуналкі і выдаткаў на ежу ў цябе вось такая сума і застаецца».

Спатканне, жонка і супрацоўнік СІЗА

Палітзняволеным у калоніі цяжка атрымаць спатканні з блізкімі, кажа Аляксандр, але ў яго атрымалася — мужчына хацеў пабачыцца з жонкай.

«Я ёй на радасцях кажу: ура, сустрэнемся. А яна — ой, я не магу, мне трэба па працы з'ехаць. Я тады, вядома, напісаў адмову, ну і зразумеў, што нешта не так. Нічога ў нас, відаць, не атрымалася. Так выйшла, што мы ажаніліся, а праз чатыры месяцы мяне затрымалі».

Ужо ў эміграцыі ад агульных сяброў Аляксандр даведаўся, што ў яе былі адносіны з супрацоўнікам СІЗА на Валадарскага.

«Я яе не вінавачу. Можа гэта ён, мент, бачыць: дзяўчына прыходзіць да палітвязня. Відаць, сеў ёй на вушы, сказаў, у яго, маўляў, жыцця больш не будзе. А я вось міліцыянер, у мяне праца якая. Ну яна і пачала з ім сустракацца».

Холад у бараках, вершы пра калонію і салідарнасць

Фортачкі ў бараках ніколі не зачыняліся — нават зімой — і часам зняволеным даводзілася спаць у шапках.

«Вокны адчыненыя нават калі на вуліцы-20. І там такі страшны холад стаіць, што ты вечна прастуджаны. Я адзін час курткай зверху накрываўся, потым і гэта забаранілі. Я сабе так гаймарыт зарабіў, а мяне нават у санчастку не паклалі. Якое там лячэнне — вось табе таблетка аспірыну: палова ад галавы, палова ад жывата».

У суворых умовах калоніі знаходзілася месца сяброўству і салідарнасці, кажа Аляксандр.

«Там палітвязням забаронена збірацца нават утрох. Я, праўда, на гэтае правіла пляваў. Быў выдатны хлопец, ён такія вершы пісаў па-беларуску, такія смешныя. І вось мы рабілі сабе гарбату-каву, выходзілі на вуліцу, станавіліся вакол, і ён нам чытаў свае творы. Гэта быў наш глыток свабоды. Вершы, у якіх ён апісваў наш побыт — промку, усё астатняе. Усё зэкаўскае жыццё. У яго былі вершы пра мары беларусаў. Пакуль я іх захоўваю ў таямніцы, але ў мяне ўсё раздрукаванае ляжыць».

Юруць ні разу не трапляў у ШІЗА ў калоніі, «бо заўсёды думаў на крок наперад». Аднак амаль усе палітвязні праходзілі праз штрафны ізалятар і часам не па адным разе. Тых, хто выходзіў з ШІЗА, заўсёды сустракалі — рыхтавалі гарбату ці каву, частавалі, пакуль ніхто не бачыць, прысмакамі, распавядае Аляксандр.

«Табе застаецца 10 дзён, а камусьці з хлопцаў — 10 гадоў»

Перад вызваленнем Аляксандр разважаў, што яму застаецца ў калоніі 10 дзён, «а камусьці з хлопцаў — 10 гадоў».

«Гэта складана. З іншага боку, я таксама разумеў, што выходжу з адной турмы ў іншую. Але ўсё роўна, спачатку нават не верылася, што я нарэшце бачу свет, вось ён, не за плотам», — кажа ён.

З калоніі Аляксандра сустрэла жонка. Амаль адразу пасля вяртання дадому мужчына вырашыў, што трэба з'ехаць Беларусі. Да затрымання ён быў кіроўцам-дальнабойшчыкам, але па вызваленні яму забаранілі выезд з краіны.

«Вырашылі, што спачатку за мяжу выбіраюся я, станаўлюся на ногі, і тады ўжо прыязджае яна. У мяне адразу такі настрой быў баявы, добры. Потым мне сталі тэлефанаваць родныя, у якіх яна займала грошай, пакуль я ў калоніі быў. Я вярнуў ім грошы, уся дапамога на гэта сышла, якую я атрымаў як уцекач. І вось калі я ўсе даўгі раздаў, яна мне сказала, што нікуды не збіраецца з'язджаць. Вядома, такой здрады ніколі ў жыцці ў мяне не было».

Цяпер Аляксандр жыве ў Вільні. З яго вызвалення прайшло крыху больш за год. Ён паспеў паправіць зрок, які моцна ўпаў пасля збіцця ў ГУБАЗіку і асвятлення ў СІЗА, — зрабіў лазерную карэкцыю. З грашыма дапамаглі беларусы. Нядаўна Аляксандр паспяхова прайшоў медыцынскую камісію кіроўцаў, каб вернуцца да працы.