Паліна Шарэнда-Панасюк падчас прэс-канферэнцыі, 10 лютага 2025 года. Фота: Медыязона
49-гадовая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк вызвалілася з калоніі 1 лютага і амаль адразу з'ехала з Беларусі ў Літву, дзе яе чакаў муж і двое сыноў. На прэс-канферэнцыі 10 лютага Паліна распавяла, як прайшлі 4 года за кратамі, восем месяцаў з якіх яна правяла ў штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу. «Медыязона» сабрала цытаты актывісткі — пра ўмовы ў ШІЗА, паперы пра супрацоўніцтва і ліст, у якім беларуска развітвалася з роднымі.
«Я пісала гэтыя паперы, разумеючы, што магу ніколі не выйсці з-за кратаў. Першую паперу я напісала ў калоніі 24 снежня, а другую ўжо ў Берасці, калі прыйшла ў ГУБАЗіК 3-га лютага. На наступны дзень я з'ехала. Я дэзавую гэтыя падпісанні.
Гэта называецца "стукачество". Прысвойваецца псеўданім, раскрыю свой — "Эдэльвейс". То бок у калоніі я абавязваюся даносіць — якія настроі ў асуджаных. У ГУБАЗіКу — ну тое самае, "внедрить" чалавека, каб ён проста даваў інфармацыю».
«У іх быў сцэнар, яны мне яго агучылі. Што я мушу сказаць, назваць пэўных асобаў, арганізацыі і ў такім плане (кантэксце — МЗ), у якім было пададзена. Думаю, што ім трэба было дэскрыдытаваць пэўныя структуры».
«Нас там трымаюць у інфармацыйным вакууме. Калі вы месяц за месяцам знаходзіцеся ў ШІЗА і ПКТ, да вас не даходзіць ніякай інфармацыі. Адавакаты запалоханыя, яны нічога не могуць сказаць, глядзяць у падлогу і маўчаць, бо таксама хочуць жыць».
«Гэта мы чуем кожны раз пры сустрэчах: "Пра вас ніхто не памятае". Гэта стандартная рэч, якую я чула пастаянна. Некаторыя разумеюць, што гэта лухта і падман. А тыя, хто ўпершыню сутыкнуўся з гэтым тэрорам, жахам, проста апускаюць рукі. Сапраўды лічаць, што нікому не патрэбныя, што іх тут заб’юць і нікому гэта не будзе цікава».
«[Спачатку] я не даведалася пра яе, але здагадалася. У лютым 2022 года я была ў ШІЗА. Для мяне вайна пачалася з гулу самалётаў. Узляцеў адзін самалет, вельмі нізка, другі — там (у штрафным ізалятары — МЗ) было невялічкае вакно, і я бачыла, як ляцяць гэтыя самалеты. Тады я падумала, што штосьці сур’езнае адбываецца. Калі я пыталася ў супрацоўнікаў, яны казалі, што нічога не ведаюць. Гэтае яны спрабавалі ад нас утаіць.
У красавіку 2022 года я патрапіла ў СІЗА і толькі там даведался, што гэта было ўварванне [у тым ліку] з тэрыторыі Беларусі».
За ўвесь тэрмін Паліна правяла 270 сутак ў ШІЗА і памяшканні камернага тыпу.
«Маральныя катаванні цяжэй за фізічныя. Ў пэўны момант ты адчуваеш, што губляеш кантроль над сваім розумам. Ты сядзіш у ШІЗА і разумееш: сфабрыкаваўшы адзін 411 артыкул [за злоснае непадпарадкаванне патрабаваннем адміністрацыі], цябе кідаюць у ШІЗА, каб сфабрыкаваць наступны. І вось 10 дзён, яшчэ 10…
У ПК-24 адбыўся "цудоўны" рэмонт ШІЗА: драўляныя падлогі замянілі на каменныя, вялікія вокны замянілі на маленькія. Калі там раней стаялі ложкі, то цяпер гэта нары, а нара важыць пад 70 кг, жанчына мусіць яе падымаць. І ўсе гэта пад здеклівае стаўленне.
Ты нічога не можаш з гэтым зрабіць, проста намагаешся захаваць свой дух, каб не зламацца, не разваліцца. Бо яны ж сапраўды там чакаюць, што перад імі ўпадуць на калені і будуць слезна прасіць "выпусціце мяне з ШІЗА". Не. Трымацца цяжка, але гэта проста неабходна зрабіць.
Пра побытавыя ўмовы такія: проста голае памяшканне, дзе няма нічога. Табе выдаюць форму, на якой напісана "ШІЗА". Форма можа быць маленькая, пінжак на табе не зашпільваецца, спадніцца — як у пэўных катэгорый з нізкай маральнай адказнасцю».
Бялізну ці іншае дадатковае адзенне ў ШІЗА выдавалі толькі «на усмотрение начальника колонии», кажа Паліна.
«А ён, напрыклад, вырашае, што жанчыне нельга апрануць пад форму штосьці з даўгім рукавом. Толькі маечку на шлейках. Шмат у каго такой няма, і яны проста апранаюць пінжак на голае цела. Калі ты там сядзіш месяц — ты месяц ня можаш змяніць гэтую форму. Ты ў ёй ходзіш, спіш. Святло гарыць суткамі. Гарачая вада — 20 хвілін на дзень. Унітаз адкрыты, там ніякай ні фіранкі, нічога. І ўсё адбываецца пад камерамі — ты спіш, еш, ходзіш… (у туалет — МЗ) пад камерамі».
«Сярод іх было некалькі адэкватных, якія не ўдзельнічалі ў фабрыкацыі парушэнняў, а проста рабілі сваю працу. Яны не пераступалі мяжу, калі пачынаўся ціск. Але гэта не большасць. Адносна астатніх у мяне было такое адчуванне, што туды пайшлі працаваць адныя садысты. Ўлада іх бязмежная.
Перад маім выхадам туды прыязджаў нейкі чарговы начальнік з ДІН (ДВП, Департамент выканання пакаранняў — МЗ), і вось ён з жанчынамі размаўляў проста матамі. Стаяць шэрагі жанчын, ён ходзіць міма іх, глядзіць форму. І ў нейкай адной жанчыны быў трошачкі падняты каўнер у целагрэйкі. Ён пачаў трэсці яе за гэты каўнер, матамі на яе, і ў ШІЗА адправіў.
Яны задаюць пытанне: "Есть лі у вас вопросы по режиму содержания". Канечне, ў людзей мільён пытанняў, але такі жах, што стаяць некалькі соцень жанчын і проста маўчаць. Каб проста не трапіцца на вочы гэтаму начальніку».
«Я пісала (сваякам — МЗ), што мы, напэўна, можам ўжо не пабачыцца. Такая думка прысутнічала, што мы можам не выйсці. Калі я даведалася, што не спрацавала прашэнне аб памілаванні, не спрацавала маё інтэрв'ю, ў мяне была вельмі вялікая дэпрэсія, і я думала, што ў іх проста пастаўлена задача мяне знішчыць».
Некалькі разоў Паліну адпраўлялі на псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску.
«Захавалі ад СССР "усё лепшае", ў тым ліку і карную псіхіятрыю. Нелаяльнасць да рэжыму раўно псіхічнае адхіленне. Я мела магчымасць пачытаць цыдулачку псіхіятра калоніі, там чорным па-беламу было напісана "называет себя "палітвязнем", диагноз — параноидальное расстройство личности"».
«Я для сябе падлічыла, што за ўвесь гэты час каля 20 разоў я была ў "сталыпіне" (вагон, у якім перавозяць зняволеных — МЗ), каля 80 разоў — у аўтазаку. Гэта пакутліва і цяжка. Не дарма кажуць, што адзін пераезд — гэта два пажары. У турэмных умовах гэта таксама адчуваецца: нейкія свае рэчы ты губляеш, што застаецца — кідаюць туды-сюды, што хочуць — без тлумачэнняў забіраюць. Я так аднойчы ў СІЗА Гомеля засталася без шампуня. Раптам мне сказалі, што ён можа быць толькі ў празрыстай бутэльцы. "У вас крэмы непразрыстыя, шампуні непразрыстыя, мы ў вас усё забіраем"».
«[Пасля вызвалення] у мяне быў [прэвентыўны] надзор на два гады. Гэта значыць, што абавязкова трэба быць уладкаванай на працу. Нельга выходзіць на вуліцу з 22 вечара да 6 раніцы. Пра любы выезд за межы гораду трэба паведамляць у міліцыю загадзя.
У мяне не было жадання выязджаць з краіны, але ў мяне было разуменне, што ёсць пагроза жыццю і свабодзе. Калі я застаюся ў Беларусі, то цалкам знікаю з палітычнага поля, проста станаўлюся дворнікам у ЖЭС. І, канечне, мне трэба было выехаць, каб уз’яднацца з сям’ёй».
«Сустрэча з дзецьмі — гэта фантастычны момант. Ты памятаеш іх зусім маленькімі, а прыязджаеш — адзін сын ужо падлетак, другому, якому было чатыры, хутка споўніцца дзевяць. Не сфармуляваць гэтыя пачуцці, калі ты бачыш сваіх дзяцей пасля 4 год, разумеючы, што ты іх магла зусім не ўбачыць».