Иллюстрация: Мария Толстова / Медиазона
Антон апынуўся ў зняволенні яшчэ да жнівеньскіх пратэстаў 2020 года. Калі ў СІЗА яму распавядалі пра маршы, паверыць у гэта хлопцу было складана. Надзеяў на хуткае вызваленне Антон не меў: «Гэта на волі тады ніхто не думаў, што людзі будуць столькі сядзець». Ён распавёў «Медыязоне», што ўмовы ў калоніі былі для яго «катаргай» — настолькі, што ён не шкадаваў, калі трапіў на самы строгі рэжым: у турму.
Імя героя змененае.
«Мне больш за усё хацелася адразу прайсці хаця б 200 метраў пад адкрытым небам, каб ніякіх плотаў, каб у адным кірунку, не разварочваючыся, — узгадвае Антон першы дзень на волі пасля турмы. — Бо ў камеры — пяць крокаў да сцяны і назад. Я так радаваўся, што нарэшце пабачыў дрэвы. Яны яшчэ былі без зеляніны, але ж жывыя, сапраўдныя, вось яны. Я іх бачу».
Пасля чатырох гадоў за кратамі «на ўсё глядзіш іншымі вачыма», кажа Антон.
«Людзі жывуць сваім жыццём і нічога не ведаюць пра жыццё за кратамі. Іх жэсты такія свабодныя, такія вольныя. Стыль адзення, размовы — ў іх усё свабоднае. І думаеш — як я даўно ўсяго гэтага не бачыў, не чуў».
Прыкладна за год да вызвалення Антон пачаў хвалявацца, што супраць яго пачнуць крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, і ён атрымае дадатковы тэрмін. Палітвязням часта адтэрміноўваюць вызваленне такім чынам, нават калі рэальных падставаў для новай справы няма — адміністрацыі трэба выканаць план, кажа Антон.
«Тады "раскруцілі" іншага чалавека, і [у мяне] неяк адлегла. А яго раскруцілі літаральна за пару дзён да вызвалення. Яго дзяўчына чакала. І ён сядзеў ціха, цішэй вады. І вось так сталася — яго асудзілі, а ўсіх адпусціла. Гэтае пачуццё ўзнікае падсвядома, бо надта доўга ты жывеш у стане трывогі, дурной інтрыгі — каго? А потым думаеш: нават калі "раскруцяць" цябе — ды пайшлі яны ў дупу, пасяджу. Не зламаюць. Задзяўбала», — тлумачыць Антон.
Ён лічыць, што калі ў адміністрацыі на чалавека «ёсць загад» зверху, то ў незалежнасці ад таго, як ён сябе паводзіць — нават калі будзе выконваць усе патрабаванні, — ўсё роўна атрымае дадатковы тэрмін.
На волю Антон выходзіў не з калоніі, а з турмы — самага строгага рэжыму ўтрымання зняволеных. Турма — гэта шэраг змрочных аднастайных дзён, дзе з часам змяняюцца толькі сюжэты кніг, якія ты чытаеш, кажа Антон. У адрозненні ад калоніі, дзе зняволеныя жывуць ў так званых бараках і могуць перасоўвацца па тэрыторыі, хаця і пад наглядам супрацоўнікаў, у турме асуджаныя ўтрымліваюцца ў зачыненых камерах (як, напрыклад, і ў СІЗА).
«Сядзіш на адным месцы, камеры цесныя, дні шэрыя, і ты ў іх блытаешся. Узгадваеш падзею і думаеш: "А калі яна была — на гэтым тыдні ці мінулым? У панядзелак ці чацвер?" Турэмная хвароба — губляешся ў часе. Таму шмат чытаеш, каб проста забыцца пра рэчаіснасць».
За годы ў зняволенні агулам Антон правёў 180 дзён у штрафным ізалятары. ШІЗА у турме, дзе ўтрымлівалі Антона, — гэта невялікае халоднае памяшканне з пліткай на падлозе, аблупленымі сценамі, ложкам, прысцёгнутым да сцяны, сталом, зэдлікам і радыё, якое гучыць з 6 раніцы да 10 вечара.
«Па радыё нейкая дзяржаўная станцыя, якую слухаць немагчыма. Гэта натуральнае псіхалагічнае катаванне. Нейкі люты агратрэш, 10 аднолькавых трэкаў, адзін аднаго горшы. І цягам гадоў станцыя не змяняецца. Ты яе проста ненавідзіш. Яна настолькі задзяўбвае — бывала, што ажно рукі трасуцца, што чытаць немагчыма. І не схавацца ад яе нікуды. Некаторыя мянты ходзяць і ўключаюць гучней».
У калоніі, дзе перад турмой знаходзіўся Антон, яго размеркавалі ў цэх перапрацоўкі паліэтылена высокага ціску.
«Табе прыходзіць сыравіна — пластыкавыя маленькія шарыкі. Ёсць чорныя, ёсць празрыстыя. Іх у турме называюць бубкі. Іх трэба сартаваць, каб асобна былі чорныя, асобна празрыстыя. Потым іх плавяць і робяць з іх пакеты».
На вытворчасці падымаўся пыл, які зняволеныя былі вымушаны ўдыхаць.
«Дзень папрацаваў, потым высмаркаўся — і ўсё чорнае. Я потым апранаў маску медычную — ходзіш па цэху пару гадзін, а ў тым месцы, дзе ў цябе нос, проста чорныя плямы зʼяўляюцца».
Праца ў такіх умовах стварала рызыку для здароўя. Заробку амаль не было, а з яго яшчэ вылічвалі грошы за камунальныя паслугі і ежу.
Праз канфлікт з адміністрацыяй Антон некалькі тыдняў правёў у ШІЗА. Потым яго перавялі ў памяшканне камернага тыпу, а адтуль — на турэмны рэжым.
Нягледзячы на тое, што Антон апынуўся ў турме, ён пра гэта не шкадаваў. Умовы ў той калоніі ён называе «катаргай», а праведзены там час лічыць згубленным бессэнсоўна, бо там нават не было часу, каб пачытаць.
«Калонія — першае месца, дзе я адчуў, што губляю час. Бо рэжым, па якім там прымушаюць жыць, проста нязносны. Ты павінен стаць робатам, машынай, якую ўключылі, і яна ўвесь час чымсьці занятая. З перапынкам на сон і ежу. Часу не было не тое, што на кнігі — нават напісаць ліст родным».
Цяжкім ў зняволенні і выводзячым з раўнавагі для Антона быў і «рускі свет» з «крымінальнай рамантыкай»: «Бывае проста вельмі неадэкватны кантынгент у камерах, які жыве вось такой культурай. Чуеш гэтыя песенькі, шансон — і ажно рукі калоцяцца».
Але да ўсяго, што здаралася ў зняволенні, у тым ліку і да абсурдных заданняў, Антон з часам пачаў ставіцца спакойна і па-філасофску.
«Каб такога спакою дасягнуць, трэба трошкі пасядзець, у сабе разабрацца. Калі адзін сядзіш, то маеш такую магчымасць», — тлумачыць ён.
Па крымінальнай справе ў СІЗА Антон апынуўся да пратэстаў жніўня 2020 года, але па палітычнай справе. Хутка ў СІЗА, куды Антона перавялі з ізалятара часовага ўтрымання, з'яўлялася ўсё больш людзей, затрыманых за пратэсты. Яны «з захапленнем апісвалі маршы» — так, што Антону нават не верылася.
На хуткае вызваленне ён не спадзяваўся.
«Гэта на волі тады ніхто не думаў, што людзі будуць столькі сядзець, што наогул людзі будуць сядзець па крыміналцы. А я быў ізаляваны ад гэтага эмацыйнага парыву. Трошкі па-іншаму ўспрымаў і час, і падзеі. Не лічыў дні, не думаў: "Ах, як доўга". Проста жыў адным днем. Ёсць праблемы, і трэба іх неяк вырашаць. А жыць чаканнем там вельмі цяжка».
Пасля вызвалення з турмы напачатку 2024 года Антон так і не адчуў сябе да канца свабодным, таму ў хуткім часе з'ехаў з краіны. Дадатковай прычынай стала і ўвага з боку міліцыянтаў, якія прыходзілі дадому ці тэлефанавалі.
«Звоняць з РАУСа, выклікаюць, кажуць — падыдзіце. А там пачынаецца: з вамі хочуць пазнаеміцца апера, следчыя, пракуратура. А мне навошта такія знаёмствы? А працаўладкавацца куды з такімі артыкуламі? Калі ты толькі выйшаў, табе хочацца свабоды, і нават дробязныя абмежаванні ўспрымаюцца востра. Думаеш — не, я так жыць не магу, тут заставацца мне не варта».