Канферэнцыя «Новая Беларусь». Фото: скриншот видео YouTube-канала Светланы Тихановской
4 жніўня ў Вільні на трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь» адна з панэляў была прысвечана тэме палітвязняў — іх вызваленню і рэабілітацыі. Сярод шасці спікераў была асуджаная ў 2021 годзе на 2,5 гады калоніі па «справе студэнтаў» Алана Гебрэмарыям. Яна расказала, чаму неабходна пачаць перамовы за вызваленне палітзняволенных. «Медыязона» пераказвае яе прамову.
Вітаю ўсіх, мяне завуць Алана Гебрэмарыям, я былая палітзняволенная, таксама супрацоўніца politzek.me і проста неабыякавая беларуска. І сёння я тут не проста як актыўная беларуска, а яшчэ таму, што сэрцам я з людзьмі, якія знаходзяцца зараз у калоніі «Антошкіна» у Гомелі. Там, дзе сядзела ў тым ліку я. Дзе сядзелі экс-палітзняволенныя дзяўчыны, якія знаходзяцца тут. Таксама дзякуй вам, што вы тут, і вы вытрымалі гэты цяжкі шлях.
Яны стаяць пад спякотным сонейкам на пляцы па 40 хвілін. Яны чысцяць зубнымі шчоткамі фантаны, прыбіраюць лужы анучамі і праходзяць праз гэта кожную хвіліну. Мне не хацелася б, каб мы забывалі пра гэта.
Таму ў тым ліку, я сёння з хусткай каланійскай формы — гэта жаночая форма. Я не павязала яе на валасы, каб нікога не траўматызаваць, не трыгерыць. Але вось так людзі выжываюць кожны дзень.
Мы бачым апошнія прэцэдэнты, якія адбываюцца ў свеце. Тут я канешне гавару пра расійска-украінскі абмен, пра апошні абмен Расіі з заходнімі краінамі. Трэба сказаць пра як мінімум 19 палітзняволенных, якія выйшлі з беларускіх турам. Усе гэтыя працэсы адбываюцца зараз: яны не скончваюцца, як пішуць шматлікія тэлеграм-каналы і СМІ.
Зараз у калоніі прыходзяць супрацоўнікі розных структур: выклікаюць людзей наконт напісання памілаванняў, прызнання віны, інтэрв’ю, у тым ліку просяць выехаць разам з сям’ёй і не вяртацца ніколі больш у Беларусь. Гэта адбываецца кожны дзень. З таго, што мы ведаем ад сваякоў, — большасць людзей прымаюць гэтыя прапановы. І зараз рыхтуюцца далейшыя вызваленні людзей.
Мяне вельмі расчароўвае, што часта я чую мэсаджы на сустрэчах, на канферэнцыях, на разлічных пляцоўках пра тое, што з дыктатурай не можа быць дыпляматыі, што гэтыя людзі зрабілі гераічны ўчынак — гэта праўда. І што яны павінны сядзець, таму што гэта іх выбар. І агулам, што памілаванне і ўсе прызнанні віны, гэта пра здраду, пра неправільныя нейкія дзеянні, што яны павінны стойка вытрымаць гэты шлях.
Нават з тэрарыстамі спрабуюць дамаўляцца, каб дастаць людзей з палона. Людзі зараз знаходзяцца ў палоне і мы павінны не забываць, што гэта працягваецца 4 гады. Я лічу, што мы знаходзімся ў тупіку па гэтым пытанні. Зараз, па сутнасці, адкрылася тое акно магчымасцяў, якім можна скарыстацца. Якім трэба скарыстацца.
Я вызвалілася у лістападзе 2022 года, але да гэтага часу я адчуваю адказнаць за гэтых людзей. Я паабяцала гэтым людзям, што я буду рабіць усё магчымае для таго, каб яны выходзілі. І унутры там ім не важна, якімі шляхамі гэта будзе адбывацца. Я зараз гавару пра большасць. Ёсць асобныя людзі, якія, канешне ж, гатовыя сядзець да канца. І гэта іх выбар. І ніхто, ні адзін бок, ні іншы бок, не павінны гэта асуджаць.
Нядаўна дачка адной з палітзняволеных, да якой прыйшлі з памілаваннем, была на кароткім спатканні. І яе маці запытала, ці людзі будуць яе цкаваць, калі яна падпіша памілаванне і выйдзе на свабоду. Ці дапамогуць ёй увогуле беларусы, калі яна захоча з’ехаць. Ці падтрымаюць яе.
Гэта вельмі балюча, калі мне такое перадаюць. У калоніях людзям кожны дзень прыносяць раздрукоўкі — паказваюць, якія дыскусіі адбываюцца ў дэмакратычным полі, што людзі думаюць пра памілаванне, прызнанне віны, што іх асуджаюць, гэтых людзей. Для іх гэта вельмі сур’ёзнае і складанае пытанне.
І тут мне здаецца, што мы, як дэмакратычна настроенае грамадства, павінны пазбавіцца ад любых адзнак гэтых дзеянняў. Вазвесці жыццё чалавека, як самую галоўную каштоўнасць, найвышэйшаю. Рэабілатацыя, перадачы, дапамога дзецям і ўсё, што зараз адбываецца ў дачыненні да палітзняволенных і іх сем’яў, да экс-палітзняволенных — гэта вельмі важна. Трэба працягваць — і дзякуй арганізацыям, якія гэтым займаюцца.
Але самая галоўная наша стратэгічная мэта — гэта перамовы і вызваленне гэтых людзей. Менавіта зараз гэтым варта займацца нам, як супольнасці, як лідарам, у якіх ёсць сувязі з Захадам і з Амерыкай. Таму што калі не будзе вызвалення — рэабілітаваць будзе няма каго. Гэтыя людзі элементарна не дажывуць. Кожны дзень з’яляюцца новыя людзі, у тым ліку ў гуманітарным спісе. Апошні выпадак — не магу агучыць прозвішча і захворванне, но чалавек проста перадаў, што ён не дажыве да сазвона і вельмі прасіў дапамогі ад праваабарончых арганізацый.
На сканчэнні я хацела б сказаць, што цяпер самы лепшы час, каб максімальна паўплываць на працяг працэсу вызвалення. Я звяртаюся да міжнарожных партнёраў. Ёсць таксама меркаванне большасці сваякоў і экс-палітзняволеных, і зняволенных, якія перадаюць просьбы сваякам. Яны хочуць выйсці і просяць дамагчыся гэтага любымі спосабамі. Яны гатовыя на перамовы нават з Лукашэнкам.
Я прашу ў вас дапамогі каб выцягнуць іх з гэтага пекла, і яны просяць у вас дапамогі. І жывуць яны зараз толькі гэтай надзеяй, што адкрылася гэтае акно магчымасцяў, пра якое яны ведаюць. Уключыцеся, калі ласка, у гэтыя перамовы. Дапамажыце нам з гуманітарным вызваленнем людзей, таму што гэта самае зараз важнае.
І беларускім калегам хочацца таксама сказаць, што вывучаная бездапаможнасць ужо не варыянт для нас. Гаварыць, што мы не можам гэта змяніць — таксама. Прайшо ўжо 4 гады і зараз варта аддзяліць гуманітарную місію ад палітычных амбіцый і адгаворак. Усе свае назапашаныя кантакты і палітычную вагу варта ўключыць у гэтую камунікацыю з нашымі партнёрамі, якія самі выказваюць жаданне дапамагчы нам зараз, у тым ліку, пасля расійскага прэцэдэнта з вызваленнямі.
Я хацела бы скончыць, што трэба зрабіць працу па вызваленню людзей прыарытэтам не на словах, а ўсё ж такі, на дзеяннях. І нарэшце пачаць сумесна, супольна, без сварак і спрэчак вызваляць людзей, якім мала засталося, якія ўжо не могуць чакаць. І на нас гэтая адказнасць. Дзякуй вялікі.