«Сямейныя калядныя традыцыі трэба захаваць». Як рыхтуюцца да Раства беларусы ў Польшчы, Літве і Грузіі
Статья
24 декабря 2023, 13:59

«Сямейныя калядныя традыцыі трэба захаваць». Як рыхтуюцца да Раства беларусы ў Польшчы, Літве і Грузіі

Ілюстрацыя: Леон Анін / Медыязона

Праваслаўныя святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта арганізавалі ў Вільні свой храм, тэалагіня Наталля Гарковіч перавезла беларускамоўныя службы з Мінска ў Варшаву, а беларуска Марына наведвае ў Батумі каталіцкія службы, якія вядзе італьянец. Напярэдадні Раства «Медыязона» распавядае, як рыхтуюцца да свята беларускія хрысціяне, якія апынулліся ў вымушанай эміграцыі.

Служба і дзіцячы хор з каляднымі песнямі. Праваслаўныя беларусы ў Вільні

Праваслаўны прыход у Вільні, створаны беларускімі святарамі Георгіем Роем і Аляксандрам Кухтой, сустрэне Раство 25 снежня вялікім урачыстым набажэнствам у рэфарматарскім храме (Pylimo, 18). У парафіі ўжо ёсць уласны будынак і звычайна службы вядуцца там — увесь час прыходзяць прыкладна 50 чалавек. Але па святах збіраецца больш людзей, таму набажэнства перанеслі ў іншы храм. Пры гэтым весці яго будуць беларускія святары. Праваслаўныя беларусы ў эміграцыі адзначаюць Раство 25 снежня — па новаюліянскім календары, як і каталікі.

Ва ўласным храме беларусаў па адрасе Boksto, 4 служба пройдзе раніцай 25 снежня. Пасля будзе служба з дзіцячым хорам, які апошнія месяцы рыхтаваўся выступаць з каляднымі песнямі.

Праваслаўны прыход у літоўскай сталіцы Георгій Рой і Аляксандр Кухта стварылі пасля ад’езду з Беларусі. З’язджаць ім давялося праз пагрозу палітычнага пераследу: абодва асуджалі рэпрэсіі ў Беларусі і выказваліся супраць вайны ва Украіне. Увесну 2023 года яны выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і цяпер падпарадкоўваюцца Канстанцінопальскай праваслаўнай царкве.

Пакуль беларусы шукалі ў Вільні ўласнае памяшканне, ім дапамагалі цэрквы іншых хрысціянскіх супольнасцяў — службы праходзілі ў іх храмах. Паводле словаў Георгія Роя, гэты «перыяд пошукаў і тулянняў быў самым складаным».

«Калі ўважліва прачытаць евангельскі сюжэт, то гэтае свята якраз пра выгнанне, бежанства, жыццё ў чужым краі. Сам Хрыстос нарадзіўся не дзесьці ў палацы, а ў хляве. Уцёкі ў Егіпет і жыццё там, немагчымасць вярнуцца на радзіму, у Юдэю, неабходнасць пасяліцца ў чужым краі, у Галілеі. Гэта евангельскія сюжэты і гэта вельмі блізка да таго, што цяпер перажываюць беларусы», — кажа святар.

Месца, у якім цяпер размясціўся прыход, гэта не храм у поўным сэнсе, а хутчэй каплічка, тлумачыць Рой. У будынку ёсць некалькі пакояў, самы вялікі адвялі пад малітвы. У астатніх праходзяць заняткі дзіцячага хору, сустрэчы з музыкамі, пісьменнікамі і мастакамі, працуе група псіхалагічнай дапамогі.

«Без свайго памяшкання было вельмі цяжка... цяпер стала весялей і цікавей. Так, за яго, вядома, трэба плаціць: і арэнду, і камунальныя плацяжы, ёсць абавязкі па рамонце. І гэта таксама наш клопат — зводзіць канцы з канцамі. Але справа ідзе, патроху спраўляемся», — кажа Рой.

«Наша Беларусь цяпер там, дзе мы жывем, з’явіўся такі архіпелаг Беларусь у розных краінах. Калі ёсць нейкія сямейныя калядныя традыцыі, іх трэба захаваць. А калі не, то чаму б не адрадзіць іх? Можна купіць сена ў заакраме і пакласці на стол пад калядны абрус. Прыгатаваць святочныя стравы. У маім дзяцінстве, напрыклад, гэта быў макавы пірог».

Перавезлі службы з Мінска. Набажэнствы ў Варшаве

Праваслаўныя беларусы Варшавы будуць сустракаць Раство ў храме святога Рыгора Перадзэ (Lelechowska, 5). Да свята далучацца музыканты — гусляр Алесь Чумакоў з вакалісткай Таццянай Ячнай сыграюць для беларусаў калядны канцэрт.

Кожны ў парафіі рыхтуецца да Калядаў па-свойму, кажа тэалагіня Наталля Гарковіч.

«У мяне няма дзяцей, таму зусім іншы маштаб перажыванняў і падрыхтоўкі да свята. Нашы сябры, у якіх ёсць дзеці, імкнуцца адрадзіць традыцыі, якія дзеці будуць успамінаць як нешта роднае. Упрыгожваць дом, хадзіць у госці, ды хоць адвент-календары гэтыя ў краме купляць».

У апошнія гады для Наталлі Раство заўсёды было звязана з іншымі прыемнымі клопатамі: падрыхтоўкай да беларускай службы, царквой. У Мінску Наталля з сябрамі арганізоўвала беларускамоўныя службы ў храме святога Архангела Міхаіла. Цяпер яна займаецца гэтым у Варшаве.

«Так, я не магу паехаць у сваю вёску, не магу паехаць на Палессе. Але і вёска тая памянялася, яна не такая, як у дзяцінстве, і пра гэта трэба памятаць. Няма таго, што раньш было».

Цяпер суцяшэнне і радасць, у тым ліку напярэдадні Калядаў, беларуска знаходзіць у новай суполцы: «Мы прывыклі, што ў РПЦ — гэта збольшага прыход "хрышчальна-пахавальнага абраду", калі ты прыйшоў, паставіў свечку і сышоў. Але цяпер усё інакш: гэта блізкія, сямейныя стасункі. Я вельмі рада, што людзі ў нашай супольнасці ведаюць адзін аднаго... на гэта патрэбны час, але ў нас атрымліваецца ствараць такі пункт прыцягнення».

Набажэнстваў у Варшаве Наталля з іншымі актывістамі дамагалася амаль год. Беларусы пісалі лісты кіраўніцтву польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Прасілі дазволіць службы, а яшчэ — знайсці святара, які мог бы праводзіць іх па-беларуску. З сабой з Мінска беларусы прывезлі ўсю неабходную «інфраструктуру» — ноты, пераклады царкоўных тэкстаў на беларускую мову. У Польшчы сабраўся нават невялікі калектыў хору.

«Мне няма куды ісці, ні ў якую іншую канфесію, паколькі гэта мая ідэнтычнасць, звязаная ў тым ліку з сямейнымі традыцыямі», — тлумачыць актывістка.

Першая служба на беларускай мове прайшла ў Варшаўскім храме 19 сакавіка 2023 года. З тых часоў яны праходзяць рэгулярна: раз на месяц у Варшаву з Беластока прыязджае святар Анджэй Кузьма. Ён нарадзіўся ў Польшчы, але лічыць сябе беларусам.

Пасля службаў у храме праходзяць лекцыі, якія чытае ў тым ліку сама Наталля і прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, гісторык Юрый Грыбоўскі.

На службы прыходзяць нават індусы. Каталікі ў Батумі

Для беларускі Марыны гэта будуць ужо трэція Каляды ў Батумі. 24 снежня разам з сынам яна пойдзе на вігілійную службу. Свайго святара ў горадзе няма, але раз на тыдзень з Кутаісі прыязджае бацька Габрыэле. Сам ён — італьянец, але ўжо даўно жыве ў Грузіі, і, паводле словаў Марыны, стаяў «ля вытокаў адраджэння» каталіцтва ў гэтай краіне.

Каталіцкая супольнасць Батумі невялікая, але шматнацыянальная. Ёсць беларусы, рускія, украінцы, грузіны і нават індыйцы. Звычайна службы ў касцёле праводзяцца па-грузінску. Раз на месяц спецыяльна для індыйцаў у горад прыязджае святар-паляк. Ён праводзіць набажэнствы на англійскай мове.

Гучалі ў касцёле евангельскія тэксты і на беларускай мове.

«Ніхто не сварыцца, няма ніякіх нацыянальных канфліктаў. І расіяне, і беларусы, і ўкраінцы — у нас проста выдатныя стасункі, я ў захапленні ад гэтага. У траўні ў нас быў цудоўны вечар, тады прыязджаў мясцовы біскуп, і кожная этнічная група рабіла прэзентацыю каталіцкага касцёла ў сваёй краіне. Мы распавядалі пра Беларусь», — кажа Марына.

Улетку беларусы-каталікі ў Батумі збіраліся на супольныя «ружанцовыя» малітвы на беларускай мове. Часам дапамагалі работнікам мясцовага аддзялення каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Карытас» збіраць мандарыны. На мінулыя Каляды Спеўны сход у Батумі рыхтаваў калядныя песні і выступаў у касцёле.

«Ці будзе нешта такое сёлета — не ведаю. У нас праблема — людзі раз’язджаюцца. Я апошнім часам толькі і раблю, што хаджу па развітальных вечарынках».