Пазбег войска, адмовіўся віншаваць АМАП на відэа, асуджаны за абразу Лукашэнкі. Гісторыя 26-гадовага палітвязня Валерыя Панкратовіча
Статья
20 декабря 2023, 16:02

Пазбег войска, адмовіўся віншаваць АМАП на відэа, асуджаны за абразу Лукашэнкі. Гісторыя 26-гадовага палітвязня Валерыя Панкратовіча

Ілюстрацыя: Медыязона

«Дык дзе тут у анархісты бяруць?» — спытаў амапавец у Валерыя, які ляжаў на падлозе ў кайданках. Гэта быў «жарт» — ва «УКантакце» ў Валера быў пост з заклікам уступаць у анархісты. Пасля затрымання было «пакаяльнае» відэа, два судовых паседжанні за суткі і два гады калоніі па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі. «Медыязона» расказвае гісторыю палітвязня Валерыя Панкратовіча.

«Мы зараз цябе да амапаўцаў выведзем, яны хутка ўсё растлумачаць». Затрыманне, допыт і «пакаяльнае» відэа

Валерыю 26 гадоў. 5 кастрычніка 2021 года сілавікі маглі не заспець яго ў пакоі інтэрната — звычайна ў такі час ён ужо быў на працы ў калгасе. Працаваў Панкратовіч аграномам, з 8 да 17 па буднях. Але на гэты раз застаўся дома, бо адпачываў пасля ночы: прыйшлося пільнаваць у полі тэхніку, каб яе не скралі.

«Грукаць нават не спрабавалі: вынеслі дзверы — у масках, без апазнавальных знакаў. Адзін — са шчытом і аўтаматам, астатнія — з пісталетамі, ліхтарыкамі».

Валерыя затрымалі з-за рэпостаў у сацыяльных сетках.

«У мяне першая думка была, што гэта розыгрыш сябры мае зрабілі, праплацілі. Але калі яны пачалі мяне дапытваць, калі сказалі, што яны з ГУБАЗіКу, я ўжо ўсё зразумеў. Зразумеў, што ўсё, прыплылі».

Хлопец узгадвае затрыманне: міліцыянеры скінулі яго з крэсла, паклалі на падлогу, начапілі і зацягнулі да максімуму кайданкі, некалькі разоў ударылі па твары тыльным бокам далоні — за тое, што «дзерзка размаўляў».

«Адзін амапавец спытаў: дзе тут у анархісты бяруць? Тыпу пажартаваў так, у мяне ў ВК быў пост — уступайце ў анархісты».

Панкратовіча вывелі з інтэрната, паклалі на падлогу ў міліцэйскім бусе і павезлі ў Ваўкавыск — за 15 кіламетраў ад Юбілейнага. Там хлопец яшчэ гадзіну ляжаў на падлозе ў машыне, пакуль яго не прынялі ў мясцовым аддзяленні міліцыі.

У Ваўкавыску хлопца дапыталі, а потым прымусілі зняцца ў «пакаяльным» відэа.

«Далі тэкст, што вось, я падпісаны на такія і такія каналы — я пагадзіўся, гэты тэкст сказаў на камеру. Пасля яны яшчэ кажуць: трэба павіншаваць АМАП са святам нейкім. Я адмовіўся. Кажуць: "Так мы зараз цябе да гэтых амапаўцаў выведзем, яны табе хутка ўсё растлумачаць". Я кажу — ну вядзіце. Я ж уяўляю, што са мной у зоне зробяць за гэтыя вашыя віншаванні. Так што я ў выніку нікога не віншаваў».

«Мне не падабаецца галоўнакамандуючы, і ў такім войску я служыць не збіраюся». Папярэдняя судзімасць і новая «крыміналка»

Пасля гэтага Валерыя змясцілі ў ІЧУ і арыштавалі па адміністрацыйным артыкуле аб распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на 15 сутак. Пад канец адміністрацыйнага арышту ў камеру да Валерыя прыйшла следчая — паведаміла пра ўзбуджэнне крымінальнай справы.

Валерыя пакінулі пад вартай. На яго думку, ролю адыграла тое, што раней ён быў судзімы — за адмову служыць у арміі.

«У 2021 годзе мяне судзілі за ўхіленне ад войска. Хаця я не ўхіляўся, а проста сказаў, што служыць не буду. Мяне выклікалі ў суд, там я сказаў, што мне не падабаецца галоўнакамандуючы і ў такім войску я служыць не збіраюся. Мне далі год умоўна і 30 базавых штрафу», — успамінае ён.

Навіна пра крымінальную справу стала шокам, найперш Валер падумаў пра блізкіх.

«Тады зразумеў, што ўсё, будзе тэрмін. Падумаў пра маму — што ёй будзе вельмі далёка да мяне ездзіць, калі перадача ці нешта такое».

Мама прыязджала двойчы — адзін раз забраць рэчы Валерыя з інтэрната і перадаць яму перадачу ў СІЗА, другі раз — на суд. Ён праходзіў у закрытым рэжыме, таму сваякоў пусцілі толькі на абвяшчэнне прысуду.

«Мне далі два гады: паўтара за абразу і паўгады яшчэ з таго ўмоўнага тэрміну. Асудзілі літаральна за суткі: было два паседжанні, больш ім не спатрэбілася».

Пасля прысуду Панкратовіч убачыўся з роднымі на спатканні: кажа, брат трымаўся, мама плакала і казала, што ён дарма ў «гэта» улез.

«Маці ў мяне мала разумее ў гэтай палітыцы, а я стаю на сваім. Мне і пра калонію казала, каб я нікуды не лез. Але ж я не буду маўчаць — не магу. Таму мяне "каталі" потым і ў ШІЗА, і ў ПКТ я быў да канца тэрміну».

«У нас шмат заставалася зэкаў, груба кажучы, голых». Двое сутак этапа і каранцін

З Гродна, дзе ўтрымліваўся да суда палітвязень, яго этапавалі ў ПК-2 у Бабруйску. Дарога заняла двое сутак. Асуджаных везлі на спецыяльным цягніку з «начоўкай» у ІЧУ ў Баранавічах. Увесь час у цягніку Валер ехаў у кайданках.

«Нават забойцы ехалі без кайданкоў, а я са сваёй абразай і двума гадамі — галоўны тэрарыст».

У калоніі Валерый аказаўся напачатку зімы 2022 года, незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пасля прыезду яго разам з іншымі зняволенымі адправілі не адразу ў атрад, а на каранцін. У гэты час, успамінае Панкратовіч, было цяжка — з-за надвор'я.

«У ПК ты прыязджаеш, там нагала стрыгуць. І зноў ператрус. Рэчы, якія ў калонію не праходзяць, адпраўляюць на склад. І ў нас шмат заставалася зэкаў, груба кажучы, голых. Адзенне, якое там выдаюць — гэта вельмі тонкія рэчы. А час — люты, і мы на каранціне вельмі шмат часу праводзім на вуліцы. Многія моцна мерзлі».

«Мы хлопцы, сабраныя ўсё ў кучу, на нервах, і няма жанчын». Калонія

Пасля пераводу ў атрад стала крыху лягчэй. Там, успамінае Валер, дазвалялі карыстацца чайнікам, з'явілася больш вольнага часу — можна было чытаць, глядзець тэлевізар ці займацца спортам. У трэнажорку ў калоніі, па словах Валерыя, пускалі толькі тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй — астатнія займаліся на брусах у «спортгарадку» ў атрадзе, і гэтага хапала.

У калоніі, расказвае былы палітвязень, востра адчуваецца недахоп таго, што даступна ў звычайным жыцці.

«Ежы хатняй не хапала, напояў нейкіх. Там можна было купіць колу, але яна каштавала амаль шэсць рублёў — за такія грошы не будзеш яе купляць. Салодкага хацелася — торта або пірожных. Піва.

Мы хлопцы, сабраныя ўсё ў кучу, на нервах, і няма жанчын. Таксама такое сабе шчасце. Першы час не хапала тэлефона: проста лезеш у кішэню, а няма яго! Нават проста асабістай прасторы не хапала».

На працу, па словах Валерыя, ён хадзіў толькі на абавязковыя тры гадзіны на дзень — ён перапрацоўваў гуму. Бывала, у вольны час спаў.

«Спаць было забаронена, але я спаў, і мне было ўсё роўна. Я спаў нават у ШІЗА. Што яны мне зробяць? Тэрмін у ШІЗА дададуць? Ну і добра», — спакойна кажа былы палітвязень.

У штрафным ізалятары ён правёў 60 сутак, а перад вызваленнем яго на 3 месяцы перавялі ў ПКТ.

Па словах Валерыя, у ШІЗА яго адпраўлялі за сон, а яшчэ — за размовы пра палітыку.

«Гэта як працуе? Цябе заўважылі — значыць, трэба пасадзіць у ШІЗА. І пачынаюць шукаць. Спрабуюць злавіць за сон. Не спіш — пойдуць на склад, паглядзяць, як рэчы твае апісаны. Не знойдуць да чаго прычапіцца — прыпішуць. У крайнім выпадку дзяжурны пакліча і скажа мыць прыбіральні. Тут ужо ў любым выпадку адмовішся, і тады ўжо за гэта ў ШІЗА».

Лічыў дні да канца тэрміна і баяўся выходзіць. Вызваленне

ПКТ, расказвае Валерый, стала для яго такой «пражаркай», выпрабаваннем на трываласць.

«Гэта каб сапсаваць табе жыццё перад вызваленнем, каб ты ні з кім развітацца не мог. Атаварка на адну базавую… Але былі і плюсы. У атрадзе цябе водзяць на абавязковыя працы, у клубы водзяць мазгі прамываць. А ў ПКТ табе ўсё пофіг, ніякіх клубаў».

Валерый лічыў дні да вызвалення з самых першых дзён у калоніі. Іншыя асуджаныя казалі, што ў яго так «дах паедзе», але самому хлопцу так было прасцей.

«А я дакладна ведаў — вось, мне сёння засталося 12 месяцаў і 20 дзён. Мяне можна было кожны дзень пытаць. Пад канец тэрміна я ўжо так асабліва і не адчуваў, што выходжу. А калі надышоў дзень выхаду, ужо як быццам і выходзіць не хацеў. Я ў зоне ведаю свой расклад дня, як і чым мне заняцца. А ты выходзіш на волю і незразумела, куды сябе падзець».

Яшчэ Валерый баяўся, што на яго завядуць новую крымінальную справу з-за іншых пастоў сацсетках і затрымаюць адразу на выхадзе з калоніі.

Але ў дзень вызвалення ўсё прайшло спакойна, палітвязня сустрэлі блізкія. Ён пачаў рыхтавацца да ад'езду з Беларусі. Дапамог былы палітвязень — ён пакінуў Валерыю свае кантакты, паабяцаў дапамагчы з выездам і стрымаў абяцанне.

Цяпер былы палітвязень у Варшаве — будуе жыццё нанова. Дадому да яго родных у Беларусі перыядычна прыходзяць сілавікі.

«Міліцыя да гэтага часу ездзіць да мяне дадому, цікавяцца, як я з'ехаў. Шукаюць, пытаюцца, ці не хачу я вярнуцца. Маці ім кажа, што я з'ехаў назаўжды, беззваротна».