Скрыншот: @hrystyna_kafka / YouTube
Хрысціна Кафка — украінская блогерка, якая публічна абараняе беларусаў. Яна рэагуе на выпадкі любой дыскрымінацыі беларусаў ва Украіне, дзеліцца са сваёй аўдыторыяй навінамі пра рэпрэсіі ў нашай краіне і нават вучыць беларускую мову. «Медыязона» пагаварыла з Хрысцінай пра тое, навошта ёй гэта трэба.
Хрысціне 23 гады, яна з Івана-Франкоўска, але зараз жыве ў Нямеччыне і працуе майстаркай манікюру. У тыктоку ў дзяўчыны больш за пяць тысяч фаловераў. На мінулым акаўнце было болей за 15 тысяч, але яго заблакавалі па скаргах ботаў і хэйтэраў. Хрысціна здымае ролікі пра беларусаў, абараняе іх і заступаецца за іх у любых спрэчных сітуацыях.
Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, Хрысціна даведалася «досыць позна» — толькі ў 2020 годзе.
«Я сачыла за навінамі, але не была моцна паглыблена ў беларускі кантэкст. Потым я паглядзела відэа беларускага блогера пра пратэсты. Я плакала, калі яго глядзела».
Пасля гэтага відэа Хрысціна стала часцей чытаць беларускія навіны, размаўляць з беларусамі ва Украіне, пазнаёмілася з беларускімі добраахвотнікамі. І нават пачала пакрысе вывучаць беларускую мову.
У роліках украінка распавядае пра гісторыю Беларусі, палітвязняў, тлумачыць, чаму беларусы «не скінулі Лукашэнку ў 2020-м».
«Бывае, што я раблю відэа па матэрыялах праваабаронцаў, бывае, што проста пераказваю тое, што дасылаюць мне людзі».
З хэйтам ад украінцаў у каментарах Хрысціна сутыкаецца рэгулярна. Частка з іх, як лічыць блогерка, проста боты.
«Калі з пустых ананімных акаўнтаў прыходзяць каментары ў падтрымку Беларусі, то я разумею, што чалавек хаваецца. Але калі я бачу пусты акаўнт, які транслюе адкрыта прарасійскія нарратывы, гэта мне кажа пра тое, што я маю справу з ботам ці правакатарам. Большасць такіх каментароў я выдаляю, бо яны кепска ўплываюць на грамадства, і ўплыў гэты штучны».
Хрысціна кажа, што боты ў тыктоку, якія транслююць у каментарах тэзы расійскай прапаганды, — вялікая праблема.
«Калі ў тыктоку разгараецца нейкі скандал, боты прыходзяць і ў вялікія, і ў маленькія акаўнты. Вельмі шмат блогераў на гэта скардзіцца, таму што відэа з-за таго, бывае, блакуюць. Так было з маім мінулым акаўнтам на 15 тысяч».
Блогерка прыводзіць прыклад: яна зняла ролік, у якім згадала такі факт: у інтэрв'ю італьянскім журналістам Уладзімір Зяленскі заявіў, што каля 70% беларусаў падтрымліваюць Украіну. Пад гэтае відэа «набеглі» дзіўныя акаўнты.
«Там было больш за сотню каментароў ад пустых акаўнтаў, якія пісалі нешта ў падтрымку Лукашэнкі… Я не сумняваюся ў тым, што гэта боты. Бо ніколі не сустракала, каб украінец так усур’ёз нешта казаў».
З «жывымі» хэйтэрамі Хрысціна імкнецца размаўляць, спрабуе зразумець, чаму чалавек займае тую ці іншую пазіцыю.
«Канечне, існуюць і людзі, якія сапраўды варожа настроеныя супраць беларусаў. Але я ўпэўнена, што яны не маюць смеласці, каб сказаць пра гэта адкрыта. Напрыклад, у вочы беларускім уцекачам, якія перажылі рэпрэсіі. Не скажа здаровы адэкватны чалавек, што беларусы вінныя ва ўсіх бедах Украіны».
На думку Хрысціны, спробы пераканаць хэйтэраў, як і відэа з тлумачэннямі, патрэбныя як украінцам, бо тыя ўпусцілі падзеі 2020 года, так і самім беларусам: каб адчуць падтрымку.
Пасля пачатку вайны Хрысціна апынулася ў Нямеччыне. Ужо тады яна сутыкалася з пэўнай колькасцю хэйту ў каментарах пад сваімі ролікамі. Аднойчы такое адбылося і ўжывую.
«Я сустрэла ўкраінцаў, якія мяне спыталі: а як так, ты вучыш беларускую мову, а з Беларусі на нас ляцяць ракеты. Я была троху ў шоку, бо я не бачу сувязі між беларускай мовай і ракетамі. Патлумачыла ім, што вучу беларускую праз тое, што яна знаходзіцца на мяжы знікнення… Я вырашыла, што будзе карысна павялічыць колькасць носьбітаў. Вырашыла ўзяць у гэтым ўдзел. Украінцы гэтага не зразумелі, а мне нічога не заставалася, як пайсці і зняць чарговае эмацыйнае відэа для тыктоку».
Хрысціна імкнецца рэагаваць на любыя выпадкі дыскрымінацыі беларусаў ва Украіне. Здымае відэа і надае сітуацыю агалосцы. Калі можа, падключае ўсе сувязі і дапамагае асабіста.
Так было, напрыклад, калі ў Кіеве дэмантавалі мемарыял беларускім добраахвотнікам. Хрысціна запісала пра гэта тыкток. Ці калі ў Бучы мясцовыя актывісты байкатавалі фестываль беларускага кіно. Хрысціна запісала кароткі ролік у тыкток і вялікі — для ютуба. Акрамя таго, яна спрабавала весці перамовы і з актывісткай, якая ўсё пачала.
«Высветлілася, што яна нічога не ведае пра Беларусь і пра пратэсты. Ёю кіравалі толькі эмоцыі, яны крычала на рэжысёра, на тых людзей, якія прыйшлі той фільм паглядзець. Я з ёй пагутарыла ў прыватных паведамленнях, наўпрост ёй сказала, што яна не мае рацыі. На што яна мне адказала: "Я нічога не ведала пра Беларусь да паўнамасштабнага ўварвання, а пасля яго я тым больш не буду гэтым цікавіцца". Ну што тут».
Разам з іншымі актывістамі дыяспары Хрысціна дапамагала беларусам, якія прасілі ва Украіне прытулак, атрымаць выплаты ад ААН.
«Такую падтрымку ад ААН атрымліваюць тыя, хто знаходзіцца ў статусе чакання, разгляду дакументаў. І вось так сталася, што Укрпошта перастала выдаваць гэтыя выплаты. Людзі прыходзілі з патрэбнымі паперамі, а ім адказваюць: "Расіянам і беларусам мы не аказваем ніякіх паслуг, шуруйце дадому"».
Тады агульнымі намаганнямі і з дапамогай агалоскі ўдалося дабіцца таго, што беларусы ва Украіне атрымалі свае грошы. Аказалася, што ў выплатах ім адмаўлялі проста па асабістай ініцыятыве кіраўнікоў некаторых аддзяленняў Укрпошты.
Хрысціна запісвала відэа і ў падтрымку беларускага добраахвотніка, якому некалькі натарыусаў адмовіліся заверыць беларускі пашпарт.
«Не ведаю, чым яны кіраваліся. Чалавек да іх заходзіць у вайсковай форме, яму трэба заверыць пашпарт, каб працягнуць свой ВНЖ, і далей абараняць іх. А яны прынцыпова не сталі. Ездзіў чалавек па Кіеве і шукаў, дзе яму падпісаць дакументы. Абсурд і непавага да сваіх жа абаронцаў».
Блогерка вучыць беларускую мову. Для яе гэта цікавы досвед і спосаб расслабіцца. Акрамя таго, Хрысціна хоча, каб носьбітаў беларускай мовы стала больш.
«Яна такая прыемная, родная, падобная да ўкраінскай. Прыемна чытаць нешта па-беларуску. Я чытаю розную літаратуру, чытаю навіны, слухаю беларускую музыку, гутару з беларусамі, намагаюся ім пісаць па-беларуску. Мне бывае цяжка, я сяджу з перакладчыкам. Бо сказаць — гэта адно, а пісаць троху складаней».
Неўзабаве Хрысціна збіраецца ва Украіну. Там яна разлічвае больш размаўляць з беларусамі і свабодна загаварыць па-беларуску.
«У мяне няма ніякага рэпетытара, але я спадзяюся, што калі вярнуся ва Украіну, то буду больш размаўляць з носьбітамі. Каб пры патрэбе магла нават інтэрв’ю даць па-беларуску. Было б крута».
У Беларусі блогерка ніколі не была. Кажа, хацелася б прыехаць і паглядзець краіну, але не зараз, не «пры Лукашэнку».
«Я б заехала ў Мінск за палком Каліноўскага», — кажа яна.