Кроў, мача, малако за шкоднасць. Асуджаныя па «карагоднай справе» маці і дачка распавядаюць, у якіх умовах працавалі на хіміі
Статья
14 июля 2023, 14:50

Кроў, мача, малако за шкоднасць. Асуджаныя па «карагоднай справе» маці і дачка распавядаюць, у якіх умовах працавалі на хіміі

Ілюстрацыя: Аліса Ястрабава / Медыязона

У 2021 годзе маці і дачку Алену і Вікторыю Лысковіч асудзілі па берасцейскай «карагоднай справе». Суд прысудзіў жанчынам паўтара года абмежавання волі з накіраваннем — то бок хіміі. Там асуджаныя жывуць у інтэрнатах пад наглядам міліцыянтаў і выходзяць на працу — як правіла, цяжкую і з нізкай аплатай — у вольны свет. Лысковічы расказалі «Медыязоне», як працавалі ў лякарні і ў цэху па вытворчасці матузкоў.

«Гэта такая катэгорыя працаўнікоў, з якой рабілі, што хацелі». Санітарка ў лякарні

Асуджаная па берасцейскай «справе карагодаў» бухгалтарка Алена Лысковіч адбывала пакаранне ў Гродне. Былая палітзняволеная распавядае, што ў лякарнях горада не хапае малодшага медперсаналу, і недахоп кадраў папаўняюць за кошт «хімікаў».

— Усе працавалі ў розных шпіталях на самых нізкааплатных, на самых цяжкіх, на самых брудных працах. Пры гэтым абавязкі функцыянальныя выходзілі за рамкі абавязкаў санітаркі. Выконвалі працу медсястры, суправаджальнай медсястры, медсястры па кармленні хворых, — распавядае Алена.

Былая палітзняволеная працавала санітаркай у клініка-дыягнастычнай лабараторыі абласнога псіхдыспансера. Паводле службовай інструкцыі яна павінна была мыць лабараторны посуд ад крыві і мачы, праводзіць яе дэзінфекцыю і тэрмаапрацоўку, прыбіраць памяшканні аддзялення.

— Трэба было вывучыць назвы дэзраствораў, канцэнтрацыі. Як яны казалі, каб мы маглі сказаць, што робім, калі прыйдзе санітарная служба. Я ўсё смяялася, што першае, што я скажу — мяне прымусілі тут працаваць, — кажа Алена.

Па факце працы было больш: Лысковіч мерала хворым тэмпературу і ўтылізавала адходы лабараторыі — гэтым павінны былі займацца фельчары, кажа яна.

Паводле яе слоў, спачатку санітаркам плацілі надбаўку за шкодныя ўмовы працы, але пазней гэта адмянілі. З заробкамі было «бязмежжа жахлівае», кажа Алена. Калі бальніца не ўкладвалася ў фонд аплаты працы, санітаркам зразалі кавідныя надбаўкі за часы, калі яны былі ў кантакце з хворымі.

— Гэта такая катэгорыя працаўнікоў, з якой рабілі, што хацелі. Са мной у тым ліку. Мне плацілася мінімальная зарплата дзе б я ні падзарабляла, што б я ні рабіла.

За месячную падпрацоўку ў іншай лабараторыі плацяць 50 рублёў у месяц. Адмовіцца ад яе не ўдасца — загадчыца пагражала паскардзіцца ў ПУАТ, распавядае Лысковіч.

— Ты павінен памыць увесь посуд, усё тое, што там, у хіміка-таксікалагічнай лабараторыі — алкаголь, наркотыкі. Які ў цябе застаецца выбар? Проста ідзеш і робіш гэта за 50 рублёў, — кажа яна.

Алена ўпэўненая, што начальнік ПУАТ наўмысна зладзіў яе на самае нізкааплатнае месца, каб ёй «няма за што было жыць». Паводле ўказання адміністрацыі, Лысковіч працавала не «на сутках», а з 8 раніцы да 5 вечара. Спачатку ёй налічвалі 380 рублёў заробку, за паўтара года яго паднялі да 430. З іх 50 рублёў утрымлівалі ў якасці платы за камуналку на хіміі.

Акрамя таго, на хіміі «бясконца збіралі грошы»: на наведванне ветэранаў, дзяцей у дзіцячым доме, састарэлых людзей.

— Гэты недачалавек [начальнік ПУАТ] завёў сабе акварыум з рыбкамі, трэба было на рыбак здаваць грошы, — кажа Алена.

Паводле слоў былой палітзняволенай, міліцыянты маглі прыехаць на працу і зладзіць ператрус у гардэробе, здымаючы гэта на камеру. Часам Алену вадзілі на працу ў суправаджэнні міліцыі.

— Бывае, у іх нешта перамкне, калі нашы дні — Дзень Волі, 9 жніўня, Дзень памяці Чарнобыльскай аварыі. У гэтых вар’ятаў усе гэтыя дні — дні ўзмоцненага рэжыму. Прыходзяць і вядуць цябе ў суправаджэнні.

«Усіх размяркоўвалі па працах, на якія ніхто не ідзе». Цэх па вытворчасці гумовых матузкоў

Дачку Алены Лысковіч Вікторыю судзілі па той жа «справе карагодаў». Яна адбывала пакаранне на хіміі ў Віцебску. Праз некалькі тыдняў дзяўчыну ўладкавалі на месца вызваленай асуджанай.

Вікторыя працавала ў цэху па вытворчасці гумовых матузкоў на прадпрыемстве «Прамімперыял»: мяняла ніткі і гумкі на станку, калі тыя канчаліся. У памяшканні адначасова працуе 50 станкоў і не спыняецца грукат, таму без навушнікаў або берушаў знаходзіцца там немагчыма, расказвае яна.

— Там пастаянна сачылі, каб ты не прысеў [адпачыць], у тэлефон не зайшоў. І яшчэ трэба ўвесь час пад гэтымі станкамі садзіцца і правяраць гэтыя гумкі. То бок ты ходзіш цэлы дзень, плюс яшчэ і прысяданні. Калені балелі пасля іх.

Дзяўчына была адзінай «палітычнай» на прадпрыемстве, але на стаўленне да яе іншых работнікаў гэта не ўплывала. Некалькі чалавек усё ж задавалі пытанні аб пратэстах.

— «Што вы там хадзілі, што вы там знаходзілі?» Я з такімі людзьмі на кантакт не ішла, — тлумачыць Вікторыя.

У цэху яна працавала з 8 раніцы да 16:30, на іншых прадпрыемствах у асуджаных змены былі даўжэйшыя — да 12 гадзін. За першы месяц Вікторыі заплацілі 380-400 рублёў, пазней начальніца «дамаўлялася неяк», каб заробак павысілі.

— У параўнанні з астатнімі хімікамі я была больш адказным работнікам, скажам так. І таму мне крыху больш даплачвалі — ужо 425 рублёў. 450 — гэта быў максімум.

У асноўным іншыя асуджаныя працавалі прыбіральшчыцамі на розных прадпрыемствах. За той час, пакуль дзяўчына адбывала пакаранне, некаторых уладкавалі швачкамі. На пілараме асуджаныя прыбіралі пілавінне — гэта цяжкая праца, бо падымаць яго даводзіцца вялізнымі рыдлёўкамі.

— Куды возьмуць хімікаў? Навошта некаму крымінальнік на працы? Усіх, хто там знаходзіўся, размяркоўвалі па такіх працах, на якія ніхто не ідзе.