Успамінаем школьныя гады — лавіце спіс «экстрэмісцкай» літаратуры на лета
Александра Шакова
Успамінаем школьныя гады — лавіце спіс «экстрэмісцкай» літаратуры на лета

Ілюстрацыя: Тая Л. / Медыязона

Памятаеце, як у канцы навучальнага года на ўроках літаратуры нам выдавалі спіс літаратуры на лета? Здаецца, што гэта было даўно і няпраўда! «Медыязона» склала для вас спіс «экстрэмісцкай» літаратуры — вось першыя пяць кніг.

«Сабакі Эўропы», Альгерд Бахарэвіч

Пра што: «Сабакі Эўропы» — раман-антыўтопія з шасці частак-гісторый. Паводле адной з сюжэтных ліній, Беларусь даўно страціла суверэнітэт і ўвайшла ў склад Расіі.

«Мне вельмі падабаецца ідэя, што "Сабакі Еўропы" — гэта і ёсць самі беларусы. Сабака — такая істота, якая жыве заўсёды побач з чалавекам, у яе ёсць свая мова, свой погляд на свет. Ён быццам бы ёсць, сабака, быццам бы заўсёды побач. Ён нам нешта спрабуе сказаць, але мы не разумеем», — распавядаў пра кнігу пісьменнік.

Хто аўтар: пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Жыў у Германіі, вярнуўся ў Беларусь і пасля пратэстаў 2020 года зноў з’ехаў з краіны.

Першы раз кніга выйшла ў 2017 годзе ў выдавецтве «Логвінаў», а ў 2021 «Янушкевіч» выпусціла перавыданне. Надрукаваны ў Літве наклад «Сабак» на мяжы канфіскавала мытня — каб правесці экспертызу «на прадмет экстрэмізму». 17 мая 2022 года па рашэнні суда раман уключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выдавецтва «Янушкевіч» было вымушанае спыніць працу ў Беларусі пасля ператрусу ў нядаўна адчыненай кнігарні «Кнігаўка». Спачатку туды прыйшлі прапагандысты, затым — сілавікі. Кнігі канфіскавалі, заснавальніка выдання і супрацоўніцу крамы некалькі разоў судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Цяпер «Янушкевіч» працягвае працу за мяжой. 

Альгерд Бахарэвіч пісаў, што канфіскаваны тыраж «Сабак Эўропы» «закатаюць у зямлю трактарам».

«Апошняя кніга пана А», Альгерд Бахарэвіч

Кнігу сумесна выпусцілі выдавецтвы «Янушкевіч» і «Вясна» ў 2020 годзе. 

Пра што: галоўны герой кнігі Пан А. вымушаны расказваць казкі — з іх і складаецца кніга — каб аддаць доўг. Дзеянне развіваецца падчас эпідэміі, якая бушуе ў свеце. Бахарэвіч тлумачыў, што сюжэт кнігі быў прыдуманы «задоўга да таго, як слова каранавірус прагучала на планеце». 

«Кампанія інтэллектуалаў збіраецца ў пэўным менскім доме, кожны вечар яны слухаюць казкі, а за вакном адбываецца нешта неверагоднае, эпідэмія, чума 21 стагоддзя».

Кнігу прызналі экстрэмісцкай 6 сакавіка 2023 года. Праверку кнігі на «экстрэмізм» спецыяльная камісія палічыла «немэтазгоднай у сувязі з відавочнасцю выказванняў». Экстрэмізм відавочны!

Вось што пра гэта казаў аўтар у інтэрв’ю выданню «Зеркало»: 

«У цёмныя часы літаратура — заўсёды палітыка. І "Апошняя кніга пана А." — зусім не апалітычная. Яна выйшла ў 2020-м. Вось мы адкрываем яе і чытаем першую старонку: "Няма іншай мэты, як толькі дажыць у годнасці, волі і прытомнасці дадзеныя табе дні, што б ні прыдумлялі надзеленыя ўладай блазны і крыважэрцы". Пан А. у кнізе распавядае розныя гісторыі, і большасць з іх непасрэдна тычацца беларускіх рэалій. У казцы "Чалавек Раман Бурак" эмігранты канструююць робата-андроіда: ён павінен прыехаць у краіну, якую яны пакінулі, і забіць лідара нацыі. У казцы "У светлыя высі" (алюзія ясная) рабочы мяняе дзяржаўны сцяг на галоўным флагштоку краіны і бачыць, што той наскрозь мокры ад чалавечай крыві... Вядома, усё гэта можна назваць "экстрэмізмам", калі карыстацца скажонай мовай улады, якая крадзе ў слоў іх сапраўдныя значэнні». 

Купіць кнігі можна тут (дастаўка даступная не ва ўсе краіны). А можна сачыць за абнаўленнямі на старонцы выдавецтва ў фэйсбуку — там дакладна знойдзеце прыдатны для сябе варыянт.

«Белорусский Донбасс», Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева

Пра што: кніга прысвечана вайне на Данбасе і ролі Беларусі ў ёй. Журналісты даюць слова беларусам, якія апынуліся па розныя бакі фронту.

«Мы паспрабавалі асвятліць усе агульныя падыходы: ад удзелу беларускіх грамадзян у баявых дзеяннях да ролі ў гэтым працэсе спецслужбаў, ад нелегальнага гандлю з ДНР і ЛНР да працы валанцёраў, ад палітычнай кан’юнктуры да інфармацыйнай стратэгіі ўладаў», — пішуць аўтары. 

Хто аўтар: журналісты Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева (Бахвалава).

Кнігу прызналі экстрэмісцкай 26 сакавіка 2021 года. Кацярына Андрэева знаходзіцца ў зняволенні. Спачатку яе асудзілі да 2 гадоў калоніі за стрым з плошчы пераменаў, а незадоўга да канца тэрміну прайшоў другі суд па артыкуле аб здрадзе дзяржаве — журналістку асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі.

Кнігу можна купіць ва ўкраінскіх крамах (напрыклад, тут. Але могуць быць праблемы з дастаўкай у іншыя краіны), на гэтым сайце, а таксама прачытаць у электроннай версіі.

«Адысея капітана БНР», Анатоль Гатоўчыц

Пра што: «Адысея капітана БНР» прысвечаная сябру Рады БНР Цімоху Вострыкаву.

«Драматычны лёс адданага роднай зямлі беларуса складваўся пад націскам бальшавіцкай калектывізацыі, ваеннага ліхалецця, вымушаных уцёкаў у эміграцыю і нарэшце, вяртання на радзіму на борце амерыканскага самалёта з парашутам за плячыма — дзеля сцвярджэння Беларусі незалежнай і суверэннай дзяржавай», — сказана ў анатацыі да кнігі.

Бацьку Вострыкава рэпрэсавалі, ён памёр у ГУЛАГу. Сам Цімох правёў у лагерах 23 гады. Памёр у 2007 годзе ў Гомелі.

Хто аўтар: Анатоль Гатоўчыц — гомельскі журналіст, узначальваў гомельскае аддзяленне БАЖ.

Улады прызналі кнігу экстрэмісцкай 16 сакавіка 2023 года. Самога журналіста сілавікі некалькі разоў затрымлівалі, дома ў яго праводзілі ператрусы.

На сайце kamunikat.org пазначана, што кніга даступная толькі ў папяровай версіі ў бібліятэцы «Беларускага Гістарычнага Таварыства» ў Беластоку (ul. Proletariacka 11).

«Балада пра маленькі буксір», дзіцячая кніга Іосіфа Бродскага ў перакладзе Алесі Алейнік

Пра што: кніга пра маленькі буксір, які працуе, не пакідаючы роднай гавані: прывозіць і адвозіць у порт караблі. 

Хто аўтар: рускі і амерыканскі пісьменнік, драматург, перакладчык Іосіф Бродскі, аўтар перакладу — Алеся Алейнік. 

Кніга выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч». Яе прызналі «экстрэмісцкай» 18 кастрычніка 2022 года, рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Выдавец Андрэй Янушкевіч пісаў, што падчас ператрусу ў ягонай краме «Кнігаўка» спытаў у супрацоўнікаў ГУБАЗіК, што ім не спадабалася ў кнізе Бродскага.

«Дзіцячы верш, апублікаваны ў 1962 годзе, тэкст не мае ніякага дачынення да Беларусі… У адказ я пачуў, што падазронай з’яўляецца афарбоўка буксіра на ілюстрацыях (?!)».

Ілюстрацыя з кнігі «Балада пра маленькі буксір». Фота: Андрэй Янушкевіч / Facebook

Выдавецтва пісала, што кніга выйшла ў абмежаваным тыражы. Цяпер яе няма ў продажы. Прачытаць у арыгінале можна тут.