«Мама, я не прыеду». Як беларусы перажываюць смерць блізкіх у вымушанай эміграцыі
Статья
4 января 2023, 17:04

«Мама, я не прыеду». Як беларусы перажываюць смерць блізкіх у вымушанай эміграцыі

Ілюстрацыя: Даня Бяркоўскі / Медыязона

Прыкмета часу для беларусаў, якія з’ехалі праз рэпрэсіі — немагчымасць быць побач з сям’ёй, дапамагаць, даглядаць пажылых бацькоў. Сувязь з блізкімі даводзіцца падтрымліваць толькі праз званкі, а прыезд нават на пахаванне можа мець наступствам пасадку ў турму. «Медыязона» сабрала маналогі людзей, якія ў вымушанай эміграцыі перажылі смерць родных — пра тое, як гэта пражыць, не вінаваціць сябе і за што трымацца.

Анастасія Касцюгова: «Я шмат працавала, каб не звар’яцець ад колькасці жыццёвай драмы»

Я з’ехала 6 верасня 2020 года, калі па мяне прыйшлі як па суарганізатарку жаночых маршаў. Больш я дома не была і родных не бачыла. Потым 30 чэрвеня 2021 года пасадзілі маму, 8 снежня таго ж года памёр мой дзядуля, а 7 чэрвеня 2022 года — бацька.

Увесь гэты, мякка скажам, няпросты перыяд у жыцці, пачаўся з арышту мамы. Мы з ёй вельмі блізкія, а яе быццам вырвалі з майго жыцця. Але яна вельмі моцная, я ўпэўненая, яна можа пра сябе паклапаціцца і бадзёра трымаецца ў гэтай дзіўнай турэмнай сістэме.

Першыя тыдні пасля таго, што адбылося, я быццам не пражывала гэта ўсё: займалася менеджментам — шукала адваката, арганізоўвала людзей, якія могуць дапамагчы. Вялікай праблемай было знайсці, хто будзе клапаціцца пра дзядулю, мамінага бацьку.

У дзядулі быў цэлы букет захворванняў моцна пажылога чалавека. Ён перажыў інфаркт і вярнуўся да самастойнага жыцця, але пэўная дапамога яму была патрэбна. І вось маму, якая дапамагала, пасадзілі. Яму дапамагалі сябры, спецыяльныя работнікі.

Самае трагічнае ў гісторыі з дзедам — перад смерцю ён застаўся адзін. Тое, што памірае моцна пажылы чалавек, здаецца натуральным, але як ён памёр — гэта цяжка. Ён павінен быў паміраць сярод сваіх родных і блізкіх.

У бацькі быў рак, апошняя стадыя, ён паступова згасаў. Мы перапісваліся, ён умудраўся жартаваць. Пытаўся ў мяне: «Як маешся?», я казала: «Складана», ён перапытваў: «Але нічога смяротнага?» Такі ў яго быў своеасаблівы гумар. Ён сыходзіў не ў адзіноце, побач была яго жонка (мае бацькі даўно ў разводзе).

Аднойчы ён мне пісаў, што яму вельмі дрэнна, і, напэўна, гэтай ноччу ён памрэ. Але тады нічога не адбылося, гэта здарылася пазней. У дзень, калі ён памёр, я была ў Польшчы. А мой бацька, кампазітар і прадзюсар, правёў частку жыцця ў гэтай краіне, добра ведаў мову, выступаў калісьці тут з песнямі на радыё. Ягоны сябар, які паведаміў пра бацьку, даслаў мне ягоную песню на польскай — старая песня, запісаная з радыё. І вось я еду ў таксі па Варшаве і ўключаю гэтую песню. Такое ў мяне было з ім развітанне. Пра што песня, я не вельмі зразумела — польскай мовы не ведаю, але інтуітыўна — нешта пераднавагодняе, каляднае, мілае. У яго ўсе песні пра цёплыя чалавечыя стасункі, пра каханне і сяброўства.

«Усвядоміла, што здарылася бяда» і «вы мяне не зломіце»

Усе гэтыя гісторыі здарыліся адна за адной. Спачатку пасадзілі маму, калі да мяне толькі стала «даходзіць» тое, што здарылася — памёр дзед, потым — бацька. Каб не звар’яцець пры такой колькасці жыццёвай драмы, улічваючы вымушаную эміграцыю (для мяне гэта гвалтоўны адрыў ад дома), я вельмі шмат працавала і такім чынам адцягвала сваю ўвагу. Працавала так, што ў канцы дня былі сілы толькі легчы спаць і не думаць аб тым, што здарылася. І так кожны дзень. Я наогул не зразумела, пра што быў 2021 год, хоць там вельмі шмат чаго здарылася, не толькі дрэннага, але і добрага. Амаль не памятаю, пра што была частка 2022 года. Толькі нядаўна я злавіла сябе на гэтым моманце, пачала сяюе выцягваць. Зразумела, што наогул здарылася бяда. Сказала сабе: «Можа, мы нарэшце сядзем, і паплачам з гэтай нагоды?»

Пра дзядулю і пра бацьку ў мяне засталося шмат светлых успамінаў. Дзед быў выдатным чалавекам са своеасаблівым пачуццём гумару. Ёсць адзін дзіўны ўспамін пра яго, але ён мяне заўсёды весяліць. Дзед кожную вясну падыходзіў да акна, глядзеў на вуліцу задуменным позіркам і казаў адно і тое ж: «Вясна ляціць нам проста ў пысу». І мы кожны раз рагаталі з гэтага. Заўсёды ведалі, што так будзе, і кожны раз смяяліся. А яшчэ ў яго была велізарная бібліятэка, тысячы кніг.

Бацька — таксама вельмі асаблівы чалавек, якому я абавязаная ўсёй творчай часткай маёй асобы. Ён пісаў песні і вершы, прыдумляў крутыя тэксты, знаёміў з творчымі сябрамі. У мяне куча дзіцячых фота з дзіўных вечарынак у Траецкім прадмесці, калі ўсе там тусаваліся. Чалавек з выдатным пачуццём гумару, які перадаў мне флёр творчага разгільдзяйства — гэта дапамагае мне не сумаваць і рухацца наперад у складаных сітуацыях.

Усё, што здарылася, не выклікала ў мяне пачуцця віны і дадало своеасаблівай злосці. Гэта думкі накшталт «хрэн вы мяне гэтым зломіце, вы не ведаеце, на каго вы напалі».

Я напісала твіт аб тым, што здарылася, і нейкі прапагандыст, па-мойму, гэта быў Прыдыбайла, змясціў гэта і напісаў нешта накшталт: «Гэта ўсё, вядома, вельмі сумна, але нехер было парушаць закон. Пакайся, пасядзі ў турме, тады і на пахаванне будзеш трапляць». І я тады падумала: «Вось ты скаціна. У цябе хапае нахабства ў такой сітуацыі здзекавацца». Я запамінаю гэта ўсё, і гэта — мая дадатковая нагода не спыняцца, таму што гэтыя людзі павінны заплаціць за тое, што яны робяць.

Усё, што здарылася, мяне вельмі моцна змяніла. Мая ўстойлівасць да цяжкасцяў вырасла, стала зразумела, што нават такое я магу перажыць. Я падбадзёрваю сябе думкамі пра амплітуду (і гэта наогул адна з галоўных высноў, да якіх я прыйшла пасля таго, што здарылася) — калі чалавек пражывае такога ўзроўню гора, значыць, ён можа пражыць і такога ж узроўню шчасце.

Аляксандра: «Мама — мой маленькі чалавек-скала»

З Беларусі я з’ехала ў жніўні 2021 года. На некалькі месяцаў раней пры экстрэмальных абставінах з Беларусі выехаў мой муж. З усімі развіталася адносна лёгка, У мяне тады былі думкі, што з’язджаю на паўгода-год.

Цяжэй за ўсё мне далося развітанне з бабуляй. Яна пражыла няпростае жыццё, адзін яе сын (мой бацька) памёр у нулявыя, другі — эміграваў у ЗША ў дзевяностыя. Яе муж, мой дзядуля, памёр некалькі гадоў таму. Ад’язджаючы, я адчувала сябе вінаватай, мой ад’езд даўся ёй цяжка. Апраўдваю сябе тым, што ёй было каму дапамагаць з побытавымі пытаннямі, але большую частку часу чалавек быў адзін. Вельмі стары чалавек быў адзін.

Мы стэлефаноўваліся з бабуляй некалькі разоў на месяц па відэа ў вайберы, калі да яе прыходзілі родныя. Я слала ёй невялікія пасылачкі і паштоўкі. Увосень збірала ёй чарговую пасылку, але ў канцы кастрычніка мне паведамілі, што бабуля памерла. Яе знайшоў сусед — яны даўно былі знаёмыя, бабуля ніколі не зачыняла дзвярэй.

Я вельмі чпадзяюся, яна хутка памерла. Страшна падумаць, што адчуваў чалавек, вось так, лежачы на падлозе, адзін, і побач нікога. Паехаць на пахаванне да яе я так і не наважылася. Падумала, нікому не будзе лягчэй ад таго, што я прыеду і мяне пасадзяць.

Цяпер я часам яшчэ па звычцы ў краме прыглядаю прысмакі і паштоўкі, толькі слаць іх ужо няма каму.

Адразу пасля пахавання бабулі цяжка захварэла мая мама. Было некалькі розных бальніц і дыягназаў, бабулі не стала 27 кастрычніка, а праз паўтара месяца свой 57-ы дзень нараджэння мама сустрэла ў анкалагічным дыспансеры. Я была настроена аптымістычна доўгі час, мы размаўлялі з мамай, думалі, што цяпер будзе аперацыя, хіміятэрапія, увогуле — лячэнне. Але, як аказалася, рак заўважылі занадта позна, апераваць маму не сталі. І хіміятэрапію, сказалі, яна не вытрымае. Мы стэлефаноўваліся з ёй па відэа, мае сябры наведвалі яе ў бальніцы і слалі мне фота. За апошні месяц яна пастарэла гадоў на сем, вельмі схуднела, шчокі запалі. Яна заўсёды была мініяцюрнай такой, але пры гэтым вельмі моцнай і ўпартай — жанчына-ледакол. Яна памерла ў хоспісе 22 снежня.

«Я паспела выбачыцца, што мяне не было побач»

Зараз мне застаецца толькі пераглядаць сумесныя фота — мы бачыліся з ёй летам у Грузіі. Шпацыравалі па Батумі, яна ўпершыню за свае гады ўбачыла мора. Прыгожая, яна пазіравала мне на фота: немаладая стыльная жанчына з кароткай стрыжкай, у красоўках, у кашулі хакі і цёмных акулярах — я запомню яе такой.

Мой маленькі чалавек-скала, ёй было дрэнна і балюча, але яна не скардзілася ні на што, нават падчас хваробы. Ёй было цяжка гаварыць, таму ў апошнія дні мы практычна не размаўлялі. Я паспела папрасіць прабачэння перад ёй за тое, што мяне не было побач, калі трэба было, і вельмі спадзяюся, што яна мяне даравала. Не хочацца нейкага лішняга пафасу, але мама заўсёды была за праўду, і разумела, чаму я з’ехала з краіны.

Зоя: «Калі мы развітваліся, я падумала, што больш мы не пабачымся»

Я не збіралася з’язджаць з Беларусі, пакуль да мяне не прыйшлі з вобшукам. Тое, што зараз адбываецца з Ларысай Шчыраковай — гэта мой галоўны страх. Я ўвесь час баялася, што можа пачацца ціск праз майго сына, і менавіта таму з’язджала.

Мая маці жыла з намі, яна была ўжо ва ўзросце, нарадзілася у 1948 годзе.

І вось 19 ліпеня 2021 года быў вобшук, 20-га — мой дзень народзінаў, а 21-га мы ўжо выехалі з Беларусі.

Мая маці не сказала мне нічога на развітанне. Але, калі мы развітваліся, я чамусьці падумала, што мы больш ніколі з ей не пабачымся. Так і выйшла.

Не, мы канечне звязваліся па відэасувязі. Аднойчы яна спытала мяне: «А калі ты прыедзеш?» А я ёй адказала: «Мама, я не прыеду». У мяне былі думкі пра тое, што калісьці мы зможам вяртацца, што пасля рэпрэсій будзе адліга. Але пасля поўнамаштабага ўварвання расейскіх войск ва Украіну такіх ілюзій зусім не засталося.

Маці не стала праз чатыры месяцы пасля нашага ад’езду, і я прыняла вырашэнне не ехаць у Беларусь на пахаванне. Гэта небяспечна, і мне страшна падумаць, як бы цяжка было б маім блізкім, калі б мяне там затрымалі.

Губляць чалавека заўжды балюча, але гэты нерв зусім аголены, калі ты губляеш яго на вялікай адлегласці. Не можаш па-нармальнаму развітацца, сустрэцца з блізкімі, якія сабраліся на абрадзе пахавання. Гэтыя абрады нездарма прыдуманыя: каб лягчэй было гэта перажыць, каб зрабіць гэта разам, каб мы па-сапраўднаму развіталіся з чалавекам і адпусцілі яго. Калі дзелішся горам з кімсьці, ты не перакладаеш яго на іншага чалавека, але ў цябе гэтага гора быццам бы становіцца менш.

«Жывеш далей з новай пустатой»

Добра канцэнтравацца на тым, што чалавек паспеў зрабіць пры жыцці, на ўспамінах. У маёй маці было цяжкае жыццё. Мы сутыкнуліся з дзяржаўнай машынай ячшэ ў маім дзяцінстве, дзяржава адбірала ў нас дом. Яна была працавітай, адказнай, была добрым, прыемным чалавекам.

Мне вельмі шкада, што яе не стала так хутка пасля таго, як мы выехалі. Першыя дні пасля смерці маці я жыла як робат, на аўтамаце. Не ўсведамляла таго, што адбылося. Рабіла неабходныя справы, званіла блізкім. Асэнсаванне прыйшло пазней. Быццам бы сама сабе паставіла нейкі блок на ўсе гэтыя пачуцці на некаторы час. Потым эмоцыі, слёзы, смутак — гэта ўсё ўзяло сваё. А пасля гэтага жыццё неяк наладжваецца, і ты жывеш далей, толькі з гэтай, новай пустатой.

У мяне ўзнікла моцнае пачуццё перад сястрой, яна засталася з гэтым горам сам-насам, і мяне не было побач у цяжкі момант. Мы абедзве страцілі нашу маму, а я нават не магла яе абняць. Канечне, сястры не прыйшло б у галаву мяне вінаваціць, яна добра разумее, чаму мне прыйшлося з’ехаць. Але ад гэтага не лягчэй.

На сабе адчула і магу сказаць дакладна — з гэтым пачуццём абавязкова трэба працаваць. Пачуццё віны зжырае, і калі сваечасова не прысці ў сябе, не спыніць гэтае пачуццё, то можна з адным попелам унутры застацца. У мяне быў такі перыяд. Гэта цяжка, я нават некаторы час не магла выходзіць з дому з-за гэтага. Мне дапамагло памятаць пра тое, што не на ўсё ў гэтым жыцці мы можам уплываць, як бы нам таго ні хацелася.

Дарэчы аб гэтым, пра тое, на што мы не ўплываем. Сястра замаўляла маме помнік. Могілкі у нас у Маладзечанскім раёне — там пахаваны мой дзед, бабуля, дзядзька, тата. І тату мы паставілі помнік на беларускай мове. Я гэтым не займаюся, і няёмка было сястры сказаць, што хацелася, каб і ў мамы надпіс быў па-беларуску. І вось яна мне піша, што ёсць ужо эскіз помніка. Мне ад пачатку страшна было глядзець на яго, а потым адчыняю — а ён па-беларуску. Я нічога не казала сястры, але яна быццам адчула мае хваляванні.