Турма, страляніна, махляры і рабаўнікі. Як беларусы дабіраюцца да мяжы ЗША праз Мексіку, каб атрымаць палітычны прытулак
Статья
9 декабря 2022, 15:07

Турма, страляніна, махляры і рабаўнікі. Як беларусы дабіраюцца да мяжы ЗША праз Мексіку, каб атрымаць палітычны прытулак

Супрацоўнік мытнай і памежнай службы, Сан-ісідра, Мексіка. Фота: Gregory Bull / AP

У 2021 годзе ЗША выявіліся другой краінай па колькасці запытаў аб палітычнай абароне ад уцекачоў з Беларусі. Мы пагаварылі з беларусамі, якія трапілі ў ЗША «нелегаламі» без віз і запыталі там прытулак: у колькі абышлося такое падарожжа, якія схемы выкарыстоўваюць махляры і чаму без турмы не абысціся.

Маршрут трапляння ў ЗША без візы звычайна пралягае праз Мексіку. Сюды можна прыляцець па турпуцёўцы і шэнген-візе. Будучыя эмігранты мімікруюць пад турыстаў: едуць без вялікага багажу, заказваюць экскурсіі, браніруюць гатэлі і пералёты назад. Усё для таго, каб з памежнага горада цябе не дэпартавалі ці не пасадзілі ў турму супрацоўнікі міграцыйнай паліцыі Мексікі.

Мытна-памежная служба ЗША піша, што на мяжы з Мексікай з кастрычніка 2021 года да кастрычніка 2022 затрыманыя 2,3 мільёна мігрантаў — і гэта абсалютны рэкорд.

З турыстычнага Канкуна, куды часцей за ўсё прылятаюць па пуцёўцы, трэба дабрацца на мяжу. Зрабіць гэта можна на самалёце, але на выхадзе з аэрапорта дзяжурыць міграцыйная паліцыя, і ёсць рызыка быць затрыманым. Альбо выбраць аўтобус, але ён ідзе два дні, па дарозе праязджае так званыя «блокпасты» паліцэйскіх і вайскоўцаў, дзе могуць вымагаць грошы, або на рэйсы нападаюць картэлі і рабуюць пасажыраў, і нават могуць забіць.

На кожным этапе ў Мексіцы трапляюцца махляры: праваднікі і паліцэйскія, прадаўцы аўто і нават дзеці, якія гандлююць усякай лухтой у аўтамабільнай чарзе.

«Мяне даставалі з машыны пад руляй пісталета»

Мікалай запланаваў свой пераезд у ЗША 11 жніўня 2020 года, калі зразумеў, што «беларусы не здольныя змагацца» і ён не хоча жыць з імі побач, хоць на той момант хлопец жыў ва Украіне. Працаваў кіроўцам, з Беларусі з’ехаў у 2017-м праз свае палітычныя акцыі.

Дарога да Мексікі. Праблемы ў Брусэлі

Мікалая ў ЗША чакалі прыяцелі, але ўзніклі праблемы з візай: не дапамагло нават агенцтва, і ў сакавіку 2022 года яму вярнулі 650 долараў перадаплаты за афармленне дакументаў і пошук «акенца» ў амбасадзе. Тады ён вырашыў ехаць без візы праз Мексіку, а на мяжы прасіць прытулак.

Перад купляй квіткоў Мікалай удакладніў у консульстве, ці прымае Мексіка беларусаў з гуманітарнай візай. Атрымаўшы адказ, што з такой візай пусцяць у краіну, ён купіў квіткі туды і назад па маршруце Брусэль-Канкун. Зваротныя квіткі патрэбныя, каб мексіканская міграцыйная паліцыя прыняла вас за турыста.

Мікалая не хацелі пускаць на рэйс з Брусэля, як ён сцвярджае, праз беларускі пашпарт. Яго адправілі на дадатковую праверку ў асобную чаргу, указвалі на недахоп дакументаў, але не называлі, якіх. Пасля ўгавораў і спробаў трапіць на рэйс Мікалай ужыў эмацыйны прыём і настойваў, што яму спрабуюць сарваць свята, бо яго дзень нараджэння выпадае якраз на час паездкі ў Мексіку — 26 ліпеня.

«Я пачаў пускаць слязу, тыпу я даўно планаваў гэтую паездку. Адна з дзяўчат узяла мой пашпарт, убачыла, што не хлушу, і сказала: "Бягом". Так я трапіў на рэйс, адзіны з чаргі, куды мяне адправілі", — расказаў Мікалай.

Па прылёце ў Канкун, ён без праблем прайшоў пашпартны кантроль. Адмяніў бронь дарагога гатэля для турыстычнай «легенды» і знайшоў таннейшы хостэл.

Пералёт да мяжы. Мексіканская турма

Наступная кропка — горад Тыхуана на мяжы з ЗША. Зноў трэба выглядаць як турыст: не прамы рэйс, а з перасадкай у Мехіка, бронь квітка назад. Заплечнік з рэчамі Мікалай адправіў праз FedEx прыяцелям у ЗША — сябры папярэдзілі: калі пераходзіць мяжу ЗША пешшу, рэчы давядзецца выкінуць.

«Па прылёце ў Тыхуану, мая вам парада, не спяшаецеся. Зайдзіце ў кавярню, выпіце, перакусіце. Мексіканская міграцыйная паліцыя працуе на выхадзе пасажыраў з аэрапорта пасля рэйса. Асабліва старанна на рэйсах з Канкуна і Мехіка, а потым разыходзяцца. Але я гэтага не ведаў».

Мікалая спыніў афіцэр, папрасіў пашпарт і ўказаў прысесці на лаўку. Праз гадзіну яго пасадзілі ў аўтобус ля аэрапорта і прывезлі ў аддзяленне. Разам з ім з аэрапорта ехалі яшчэ дзве сям’і, адна з іх — беларусаў, іх адвезлі ў міграцыйны офіс.

«Ніхто нічога не кажа: чаму затрыманы, на які перыяд часу і гэтак далей. Поўная невядомасць. Афармляюць і заводзяць у камеру. Камера ўяўляе сабой чатыры пакоі + дзве прыбіральні і два душы, але імі я за дзевяць дзён знаходжання так і не скарыстаўся — страшна было зайсці».

Бывала, што адначасова ў камеры знаходзіліся каля 100 чалавек (плошчу камеры Мікалай ацаніў у 100 квадратных метраў). У асноўным гэта былі выхадцы з Калумбіі, Бангладэша, Сальвадора. Рускамоўных за дзевяць дзён у камеру трапіла ўсяго пяцёра — гэта былі грузіны і малдаване.

«Умовы ўтрымання наступныя: спіш на падлозе, куды кладзеш матрац і накрываешся пледам, ад якога стаіць дзікі смурод. Ежу, якую даюць, не асабліва можна ўжываць. Але ў кожнай камеры ёсць сальвадорцы, якія супрацоўнічаюць з паліцыяй. У іх ёсць доступ да мабільнага тэлефона, і ты можаш купіць у іх званок па WhatsApp, хвіліна каштуе тры долары. У іх можна замовіць паесці: вялікая піца Dominos і тры літры колы каштуюць 22 долары. Пачак цыгарэт — 25 долараў. Чыпсы, печыва, і шакаладныя батончыкі можна купіць у афіцэраў на змене».

Тыдзень ніхто з мексіканскіх паліцэйскіх не размаўляў з Мікалаем, ён прапусціў свой зваротны рэйс, хоць у дзень вылету спрабаваў даведацца, ці адвязуць яго ў аэрапорт. На сёмы дзень да яго падышоў сальвадорац і прапанаваў «выцягнуць з турмы і правесці ў ЗША праз дзірку ў плоце». Кошт паслугі — 2 400 долараў.

«Я папрасіў падумаць, таму што, калі цябе ловяць на пешым пераходзе, то вяртаюць у Канкун на аўтобусе. А гэта каля пяці тысяч кіламетраў, двое сутак у дарозе, аўтобус не раз спыняюць картэлі і рабуюць зняволеных. Пра такія гісторыі я чытаў у чатах беларусаў, якія спрабавалі прарвацца ў ЗША. У выніку я пагадзіўся, бо не разумеў, колькі мне яшчэ сядзець. На што сальвадорац сказаў, што для мяне кошт вырас да 4 500 долараў, таму што я еўрапеец. Я адмовіўся».

На 10-ы дзень Мікалай страціў надзею і гатовы быў пачаць галадоўку. У камеру прывезлі хлопца з Малдовы — Віталя — і яны з Мікалаем пачалі «шукаць шляхі выхаду разам».

Сукамернікі-сальвадорцы прапанавалі свайго адваката, які дапаможа выйсці за 3 000 долараў з чалавека. Хлопцы пагадзіліся. Адвакат прыехаў, пагутарыў і папрасіў аплату гатоўкай. Дамовіліся на раніцу: у адваката не было патрэбных дакументаў з сабой. Шэсць тысяч долараў, якія трэба было заплаціць гатоўкай, прывёз сябар Віталя. Размову з адвакатам пачулі паліцэйскія і прапанавалі сваю здзелку: заплаціць тую ж суму, але выйсці прама цяпер.

«Мы вырашылі выходзіць па адным, каб у выпадкі "кідалава", мы страцілі не 6 000 долараў, а палову. Першым выйшаў малдаванін, брат завёз яго ў гатэль і вярнуўся па мяне. Са мной таксама ўсё прайшло добра. Едзем у гатэль. Першы жах скончыўся».

Мяжа з ЗША. Уезд са стралянінай

Каб трапіць у ЗША, хлопцы дамовіліся аб’яднаць намаганні. Вырашылі ехаць праз мяжу на аўто. Праз знаёмых знайшлі мясцовага, які дапаможа купіць машыну. Калі ён паехаў глядзець першую машыну — яе прадавалі таксама мясцовыя, прадаўцы адвезлі яго ў пустыню і спрабавалі абрабаваць. Пашанцавала, што грошай у яго не было, мужчыну адпусцілі.

«Можаце ўявіць? Мексіканцы мексіканца. Бязладдзе. Картэлі запраўляюць усім. Паліцыя і вайскоўцы пад картэлямі. За тыдзень я назіраў пару перастрэлак на вуліцы. Людзі сядзяць і моляцца, а над імі кулі лётаюць».

Вялікі джып Nissan Armada купілі за 2 500 долараў. Зрабілі некалькі спробаў заехаць у мяжы, але кожны раз іх разварочвалі амерыканскія памежнікі. Акрамя таго, пасля разваротаў была задача не трапіцца мексіканскім памежнікам, якія маглі забраць аўто. Яны называюць гэта «штрафам»: «З вас 300 долараў без тлумачэння прычын, або забіраем аўто».

Іміграцыйныя ўлады Мексікі патрулююць КПП, Сан-Ісідра, Мексіка, 15 лістапада 2022 г. Фота: Carlos Moreno / Sipa USA / Reuters

На наступны дзень Мікалай з новым прыяцелем вырашылі змяніць тактыку. Паспрабаваць іншы памежны пераход, знайсці спадарожнікаў, каб падзяліць выдаткі, і кіроўцу з амерыканскімі дакументамі.

«Вырашылі штурмаваць мяжу ў San Ysidro. Там самыя лаяльныя амерыканскія памежнікі. Цэлы дзень займаліся пошукам спадарожнікаў — рускіх не разглядалі. Знайшлі ў выніку пяцярых: двух малдаван і сям’ю з Таджыкістана».

Хлопцы таксама знайшлі кіроўцу, які пагадзіўся перавезці ўсю кампанію. За кожнага пасажыра ён узяў 1 080 долараў. У яго былі правы кіроўцы ЗША, аформленыя на іншага чалавека. Аказваецца, на мяжы такі варыянт можа пасаваць: ёсць шанц, што памежнікі, убачыўшы дакументы грамадзяніна ЗША, прапусцяць без праверак.

План амаль спрацаваў. На амерыканскія дакументы афіцэр на мяжы адрэагаваў узмахам «праязджайце». Раптам ён заўважыў, што паміж сядзеннямі хаваюцца людзі і запатрабаваў спыніць машыну.

«Ён заўважыў мяне, пачаў крычаць: "Stop motherfucker, stop" і біць па машыне. Перад аўтамабілем ставяць конусы, але кіроўца цісне на газ. Мы заязджаем з невялікім феерверкам, нам выбіваюць усе шыбы і страляюць па колах. Мы праехалі пару метраў і адразу спыніліся, як толькі заехалі за запаветныя "пупыркі" (рысу мяжы) і апынуліся на тэрыторыі ЗША.

Кіроўцу і мяне даставалі з машыны пад руляй пісталета, паклалі тварам у зямлю і зашпілілі кайданкі за спіной. Але калі ўбачылі дзіця ў багажніку, адразу супакоіліся. Гэта было вельмі прыкметна», — расказвае Мікалай.

Пасля пяцігадзіннага афармлення ўсіх пасажыраў адправілі ў бордар.

У бордары — бурыта, у дэтэншэне — зарука

У бордары Мікалаю выдалі турыстычны кілімок і «фольгу» замест коўдры, і праводзілі ў камеру. У першай камеры было каля васьмі чалавек, у другой, куды яго перавялі — 28. Холадна, святло гарыць цэлыя суткі, працуе кандыцыянер, душ раз у тры дні, з меню — бурыта, халоднае малако, аўсяныя батончыкі і яблыкі.

Праз дзевяць дзён Мікалая на самалёце адправілі ў дэтэншэн — іміграцыйную турму ў Тэхасе. Разам з ім ляцелі каля 100 чалавек, усім надзелі кайданкі на рукі і на ногі, злучылі ланцугом. У турме ўсім выдалі новае адзенне («як у фільмах», адзначыў Мікалай), пасцельную бялізну і мыльныя прылады.

«У цэлым, умовы не дрэнныя: кормяць, ёсць гульні, тэлевізар, выводзяць на спартыўную пляцоўку. Ёсць тэлефон, з якога можна тэлефанаваць (520 хвілін на месяц). З мінусаў — рэжым харчавання. У чатыры раніцы сняданак, у 11 гадзін абед і ў чатыры гадзіны дня — вячэра. Натуральна, вечарам хочацца есці. Ежу можна купіць з рахунку, куды паклалі нашы наяўныя пры паступленні ў турму. Заказваць можна не толькі чыпсы, ралтоны, печыва або цукеркі, але і пасты, шчоткі, шампуні), а таксама гуляльныя карты ці нават машынку для стрыжкі валасоў».

Калі чалавека не выпусцілі ў першы тыдзень, трэба быць гатовым да судоў і выплаты зарукі, папярэдзіў Мікалай. Першы суд выглядаў так: у залу завялі каля 15 арыштаваных, азнаёмілі з правамі і прапанавалі тры варыянты. Першы — прасіць аб дэпартацыі, другі — прасіць даць час на пошукі адваката і трэці — заявіць пра гатоўнасць самастойна абараняць сябе ў судзе.

Мікалай адзіны з усіх пагадзіўся абараняць сябе ў судзе. Яму выдалі для запаўнення форму аб вызваленні пад заручальніцтва.

«Прыйшоўшы ў камеру, я адразу патэлефанаваў заручальніку і ўдакладніў, ці зможа ён стаць маім спонсарам. Чалавек аказаўся гатовы падаць неабходныя дакументы. Далей знайшлі мне адваката і за 2 500 долараў ён пагадзіўся дапамагчы ў самыя кароткія тэрміны. Ён сабраў увесь пакет дакументаў, адправіў у суд і далей мы чакалі, калі хадайніцтва разгледзяць для ўнясення зарукі. Суму зарукі прызначылі ў 8 000 долараў, хоць я ведаю выпадкі, калі людзям прызначылі і 25 000-35 000 долараў, але ў большасці сваёй прызначаюць стандартна суму ў 10 000 долараў».

Праз пару дзён пасля суда спонсар аплаціў заруку і Мікалая выпусцілі. Яго прывезлі ў цэнтр Х’юстана і выпусцілі з аўто са словамі: «Welcome to America».

У турме Мікалай правёў каля двух месяцаў.

«Ты аддаеш нам усе свае грошы ці "цешыш" нашага боса»

Ірына пачала падрыхтоўку да пераезду пасля пачатку вайны. Зрабіла гуманітарную візу праз агенцтва, купіла тур у Мексіку з Польшчы. План быў пад выглядам турыста трапіць у памежную Тыхуану.

Дарога да Тыхуаны. Апранайцеся някідка

Спачатку прыбыццё ў Канкун, праз пару дзён пералёт у Тыхуану. Каб выглядаць як турыстка, якая прыляцела ў Тыхуану «на дзянёк», Ірына забраніравала зваротныя квіткі, купіла экскурсію «Гастра-тур у Тыхуане» і пакінула валізку ў гатэлі.

«Але мне так пашанцавала, што ў мяне наогул ніхто нічога не пытаўся. Я неяк загубілася. Апранулася някідка: пучок на галаве, сонечныя акуляры, джынсы, байка, заплечнік. І я проста збілася з натоўпам амерыканцаў».

Першыя спробы трапіць у ЗША. Пазбавілася ўсіх грошай

Паводле законаў ЗША, калі чалавеку пагражае небяспека, ён мае права папрасіць палітычны прытулак на мяжы. Для падачы на прытулак, трэба перасекчы запаветную жоўтую лінію мяжы.

«Дабрацца да жоўтай лініі няпроста. Там велізарныя заторы, стаіш у чарзе тры гадзіны. Праязджаеш мексіканскі бок. Мексіканцы імкнуцца не прапускаць нікога, акрамя грамадзян ЗША. Цябе разварочваюць і адразу ж прымае мексіканская паліцыя, якая вымагае грошы, можа адабраць машыну. Поўны дурдом пачынаецца».

Ірына дамовілася са знаёмым з Сан-Дыега, што той прыгоніць ёй машыну. Паводле слоў Ірыны, ён яе падмануў, узяўшы з яе 3 000 тысячы за аўтамабіль, які «не каштуе і 500 баксаў».

На мяжы дзяўчына адчувала сябе ўпэўнена, не нервавалася. Схема знаёмая: праязджаючы, прад’явіць беларускія правы і разлічваць, што мексіканскія памежнікі не зладзяць праверку.

«Не пракаціла. Яны адразу зразумелі, што нешта не тое. Але мы спакойна з імі пастаялі, пасмяяліся. Я развярнулася, і мяне адразу ж прыняла мексіканская паліцыя. Яны мне не сталі нічога казаць, а адразу забралі правы. Пачалі палохаць, што забяруць машыну і дэпартуюць. Я спалохалася, таму што нічога не ведала. Потым ужо высветлілася, што такое яны кажуць усім, каго спыняюць. А па факце — не маюць права мяне дэпартаваць, таму што я нічога не парушыла. Можа заблукала, проста, не туды заехала?»

Паліцыянты прапанавалі дзяўчыне тры варыянты: аддаць правы, аддаць усе грошы ці «ты можаш "пацешыць" нашага боса, і мы цябе адпусцім». Ірына абрала грошы. Аддала ім усё, што ў яе было — каля 700 долараў. Ужо потым яна даведалася, што ў сярэднім «штраф» складае долараў 300, які звычайна бяруць з машыны.

Адзін з паліцэйскіх непрыкметна працягнуў Ірыне 70 долараў з яе грошай — «напэўна, разумеў, што я застаюся проста жабрачкай».

Пераход праз мяжу. Бетонная рака

Сябры дапамаглі Ірыне забраніраваць жыллё ў Тыхуане — гэта 100-150 долараў у суткі. Калі зняць таннейшы гатэль, напрыклад, за 50 долараў, можа выявіцца, што кожны дзень у ім праходзяць паліцэйскія аблавы праз наркапрытон, а ўначы нехта спрабуе выламаць дзверы ў ваш нумар. Гэта рэальныя гісторыі, з якімі крыху пазней сутыкнулася Ірына.

Дзяўчына пачала шукаць у чатах спадарожнікаў, бо адна ехаць ужо баялася. Так і пісала: «Добры дзень, я дзяўчына, адна, у мяне ёсць машына. Хто са мной?» Ёй адказала сямейная пара, муж — грузін, жонка — масквічка, «таксама апазіцыянеры».

Людзі на мяжы ЗША, Сан-Ісідра, Мексіка. Фота: Gregory Bull / AP

Яны аб’ядналіся, разам пераязджалі ў розныя гатэлі, «штурмавалі» мяжу некалькі разоў. Ірына налаўчылася аб’язджаць паліцэйскіх, каб не трапіць на штрафы зноў.

«Я разумела, што час ідзе, мае сябры ўжо не могуць дапамагаць мне аплачваць жыллё. Новыя знаёмыя прапанавалі ісці праз мяжу пешшу. У іх быў кантакт мужчыны, які нелегальна праводзіць праз наземную мяжу.

Я да гэтага ведала, што пешшу — гэта калі ты ноччу плывеш праз нейкую рэчку або бяжыш па пустыні з "каётамі" 40 хвілін, потым вас прымае амерыканскі бок, выкідвае ўсе рэчы і адпраўляе ў дэтэншэн. Таму я да апошняга такі варыянт не разглядала».

Грузін прапанаваў сцэнар, які выклікаў сумневы ў Ірыны, але яна пагадзілася. За траіх правадыр запытаў 4 500 долараў.

Да гатэля прыехала таксі, кампанію адвезлі «ў поле» і папрасілі хутка выйсці. Перад сабой яны ўбачылі старое рэчышча ракі, былы бетонны калектар. На другім баку на іх глядзеў амерыканскі паліцэйскі.

«Я проста саджуся на азадак і еду па гэтай бетоннай плітцы, а амерыканскі паліцэйскі на гэта ўсё глядзіць. Мы смяяліся па дарозе, што гэта трэба было зафатаграфаваць: ты, маўляў, палітычны ўцякач і павінен быць напалоханы. Але сітуацыя, якая адбываецца, настолькі не ўкладвалася ў галаве, што я ледзь стрымлівала смех. Напэўна, гэта быў выплеск назапашаных эмоцый і стрэсу».

Ірына прызналася, што было страшна, раптам адкрыюць агонь. Правадыр тлумачыў, што страляць можа мексіканскі бок, амерыканцы не страляюць і частка сумы з ганарару за «пераправу» ідзе памежнікам, каб яны адвярнуліся на некалькі хвілін, калі трэба перавесці людзей.

Бордар і хуткае вызваленне

На амерыканскім баку кампанію пасадзілі на зямлю, сказалі зняць усе ланцужкі і матузкі, а потым пасадзілі ў «аўтазак», каб везці ў бордар.

«Я сябе адчула як гераіня фільма. Гэты аўтобус для зняволеных з фільмаў, на руках кайданкі з ланцугамі. Гэта, вядома, можа і па-дурному з майго боку, але я ўспрымала гэта як гульню, як быццам я апынулася ў серыяле "Уцёкі". Напэўна, псіхіка проста пераключылася, каб не траўмаваць сябе яшчэ больш».

У Ірыны забралі рэчы і пашпарт, знялі адбіткі пальцаў. Да яе падыходзілі з пытаннямі афіцэры: «Ты адна з Беларусі прыехала? Ты адна прайшла мяжу ноччу? А колькі табе гадоў?»

«Мяне хутка адпусцілі. Я больш не ведаю такіх гісторый, каб чалавек, адзіночка, быў усяго толькі сем гадзін у бордары. Адзіночкі з імавернасцю ў 99,9% адпраўляюцца дэтэншэн. Логікі ў тым, як і чаму некаторых выпускаюць, няма. Ты ніколі не адгадаеш. Нас засялілі з цяжарнай жанчынай — мяне выпусцілі, а яе не. Куча гісторый, калі выпускаюць жонку, а мужа не ці наадварот. З немаўлятамі сядзяць, з дзецьмі, а мяне выпусцілі. Чаму так? Не ведаю».

Пасля вызвалення Ірыне далі тэлефон, на які трэба было рабіць сэлфі ў пэўны час. Яе адвезлі ў гатэль, зрабілі некалькі медыцынскіх тэстаў, правялі апытанне аб паручальніку, спонсару і планах на жыццё. Ірына перадала звесткі свайго спонсара афіцэрам, і яе адпусцілі. Цяпер Ірына чакае суду.

«Да цяжарнай жонкі ў ізалятары ставіліся добра»

Глеб Івашкевіч адміністраваў дваровы чат у 2020-м годзе, сябе называе актывістам і арганізатарам акцый. Перабірацца разам з сям’ёй у ЗША вырашыў летам 2021 года, калі атрымалі шэнген-візы. У яго жонкі Ганны ёсць сваякі, якія з’ехалі ў ЗША даўно, яны пагадзіліся дапамагчы. Прыяцель дапамог аплаціць турпуцёўку ў Мексіку, яшчэ частку грошай Глеб пазычыў.

Пералёт у Канкун быў з Масквы, пытанняў праз візы на мяжы не было. Праз пару дзён сям’я прыляцела ў Тыхуану, дзе па прылёце ва ўсіх адразу забралі пашпарты і сказалі чакаць.

«Было прадчуванне, што зараз пачнецца нейкі піздзец. Мы не панікавалі, ніхто не нерваваўся, дзеці спакойна чыталі кнігу, я не падыходзіў да паліцэйскіх. Чакалі гадзіны паўтары. Потым выйшаў памежнік, аддаў пашпарты і сказаў: "Welcome to Tijuana"».

Перасякаць мяжу ЗША вырашылі на машыне: па сям’ю ў Тыхуану прыехаў брат жонкі. На пункце пропуску афіцэру аддалі стос сініх пашпартоў, дзе ўсе, акрамя верхняга, былі беларускія. Афіцэр здзівілася, але сям’я адразу заявіла пра запыт на палітычную абарону.

«Нас папрасілі выйсці з машыны і запрасілі на гутарку. Усё было культурна, ніхто тварам у зямлю не клаў. Далей стандартная сітуацыя: бордар, гатэль. Прыйшлося гадзін 40 прасядзець у бордары, гэта нешта тыпу ізалятара: склеп, белыя сцены, металічныя лавы. Нам выдалі тэрмакоўдры з фольгі і адправілі ў камеры. Хлопцы асобна, дзяўчаты асобна. У 10-мясцовай камеры нас было 11 чалавек: грузіны, лацінаамерыканцы і рускія. Кармілі тры разы на дзень, да цяжарнай жонкі ставіліся добра (кожныя дзве гадзіны пыталіся пра яе самаадчуванне), да дзяцей таксама».

Валанцёрская арганізацыя перавезла сям’ю ў гатэль, дзе зрабілі ковід-тэст і пасля адмоўных вынікаў на наступны дзень усе былі вольныя. У гатэлі Глебу з сям’ёй абвясцілі, што «цяпер мы ў бяспецы і пад абаронай ЗША».

Жонка Глеба нарадзіла ў ЗША, і дзіцяці адразу далі амерыканскае грамадзянства. Глебу прызначылі ўжо першае слуханне, дзе ён пазнаёміцца са сваім суддзёй, які пазней на асноўным слуханні будзе вырашаць, даваць яму палітычную абарону ці не. Цяпер абмежаванняў у Глеба няма: ён можа працаваць у Амерыцы і свабодна перасоўвацца.

«У цэлым, цяпер у ЗША едзе шмат беларусаў. Бо ў Амерыку лёгка трапіць, а вось выгнаць некага адсюль цяжка. Тут такая сістэма, што калі вы, умоўна кажучы, напішаце, што вас з дзяцінства прымушалі ўступаць у БРСМ, а вы не хацелі, то гэта ўжо лічыцца як ушчамленне вашых правоў. Тут крута вучыцца дэмакратыі. Адчуваецца на кожным кроку, што ў цябе ёсць выбар».