«Святла хапае на тое, каб ісці і бачыць, ёсць перад табой дарога ці не». Людзі ва Украіне расказваюць, як адключэнне электрычнасці памяняла іх побыт
Статья
17 ноября 2022, 16:03

«Святла хапае на тое, каб ісці і бачыць, ёсць перад табой дарога ці не». Людзі ва Украіне расказваюць, як адключэнне электрычнасці памяняла іх побыт

Плошча Незалежнасці ўвечары ў Кіеве, 31 кастрычніка 2022 г. Фота: Andrew Kravchenko / AP

Апошнім часам Расія засяродзілася на ўдарах па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Праз гэта ў многіх рэгіёнах улады ўвялі прафілактычныя адключэнні электрычнасці. «Медыязона» паразмаўляла з украінцамі пра жыццё з рэгулярнымі адключэннямі святла і эканоміі, якая стала неабходнасцю.

«Ты нічога не разумееш і думаеш, што ўжо ўсё»

Апошнія месяцы беларус Дзмітрый Галко правёў у Харкаве, бываў у Ізюме, у вёсках на Харкаўшчыне. Ён распавядае, што вулічнае асвятленне ў мэтах эканоміі і святламаскіроўкі ў Харкаве не выкарыстоўваюць ужо даўно. Спачатку апраметная цемра, якая наступала ў горадзе ўвечары і ноччу, уражвала яго.

«Цемра. Няма ліхтароў, няма святла з вокан. Ты не бачыш нават сам сябе. Калі кудысьці трэба — рухаешся навобмацак», — успамінае ён.

Электрычнасць у жылых дамах у Харкаве перыядычна адключалі і да 10 кастрычніка, калі Расія пачала мэтанакіравана абстрэльваць энэргетычную інфраструктуру Украіны. Пасля святло стала знікаць рэгулярна, разам з ім часам знікала сувязь, часам — яшчэ і вада.

«Пасля першай такой апакаліптычнай атакі ў нас знікла ўсё адразу: і святло, і газ, і вада, і мабільная сувязь, і інтэрнэт, — расказвае Дзмітрый Галко. — І нават на радыё зніклі ўкраінскія каналы, а замест іх трансляваліся нейкія страшылкі расійскія. Магчыма, украінскія былі заглушаны. Транслявалі такую прапаганду, з якой можна было зрабіць выснову, што адбыўся ядзерны ўдар. Мы рэальна некаторы час думалі, што так і было, бо няма ніякай сувязі, спытаць няма ў каго. Ты нічога не разумееш і думаеш, што ўжо ўсё. А яны там страшным такім голасам казалі, што трэба пакінуць Харкаўскую вобласць і звяртацца па дапамогу да расейскіх салдат».

У стане поўнага няведання, паводле слоў Дзмітрыя, ён прабыў увесь дзень да вечара. Мясцовыя жыхары, успамінае Галко, былі спакойныя — відаць, ужо прывыклі. Яны падзяліліся запасамі вады, паказалі, дзе можна набраць яшчэ на ўсялякі выпадак; расказалі, што для туалета ў такіх умовах пасуюць вялікія чорныя мяшкі і дзе іх можна купіць.

«Вучылі нас жыць у гэтых сярэдневечных умовах. Для іх гэта паўсядзённасць», — расказвае Галко.

Людзі ў Харкаве і Ізюме зараз актыўна купляюць тэрмабялізну і цёплыя спальнікі. Паводле слоў Дзмітрыя Галко, ацяплення ў дамах няма, і невядома, ці чакаць яго. Жыхары шматпавярховак у горадзе цяпер радзей карыстаюцца ліфтамі — там можна выпадкова засесці на некалькі гадзін падчас адключэння электрычнасці.

Жыхары спрабуюць не ўключаць святло, каб было цяжэй абстрэльваць будынкі, Харкаў, 25 чэрвеня 2022 г. Фота: Leah Millis / Reuters

Галко расказвае пра паездку ў сяло Забаўнае ў Ізюмскім раёне, дзе шмат месяцаў людзі жывуць без электрычнасці. Мясцовыя казалі яму, што «забыліся ўжо, як яно выглядае, святло гэтае». Зараз энергетыкі аднаўляюць яго на дэакупаваных тэрыторыях, у тым ліку ў Забаўным.

Дамы, паводле слоў беларуса, мясцовыя асвятляюць самаробнымі лампадамі — кнот з ваты прамакаецца спецыяльнай сумессю на аснове алею. Ежу гатуюць на вогнішчы.

«Едзеш па гэтых сёлах і бачыш паўсюль спілаваныя дрэвы, бо ў людзей проста не было дзе яшчэ ўзяць дровы», — расказвае ён.

Сітуацыю мог бы выратаваць генератар, але яго вельмі няпроста купіць — у продажы няма, а калі і ўдаецца знайсці, то каштуе дорага. У такіх умовах, заўважае Галко, многія людзі аб’ядноўваюцца, каб разам вырашаць агульныя праблемы.

«У Харкаве я бачыў, як людзі жывуць такім гуртам, чалавек па 20-30. Збіраюцца і вырашаюць свае бытавыя праблемы. Уладкоўваюць сабе, напрыклад, сховішча. Туды прынеслі матрасы, мэблю, буржуйка ў кагосьці была. Зрабілі склад, нанеслі туды запасы закатак, бульбы. Там насамрэч стала ўтульна. Адна мая знаёмая сям’я, напрыклад, дагэтуль жыве ў такім. У іх сын маленькі зусім, можа гады два, не больш. І калі падчас трывогі там усе збіраюцца, і калі ён смяецца ці нават плача, усе радуюцца. Кажуць — значыць, ён жывы, гэта гукі жыцця, жыццё працягваецца. Такія гукі падчас вайны — каштоўнасць», — успамінае беларус.

Барыста варыць каву ў цьмяна асветленай кавярні, Кіеў, 24 кастрычніка 2022 г. Фота: Ashley Chan / Reuters

«Бізнес прыстасоўваецца як можа, бо ўсім ужо даўно хочацца нармальнага жыцця»

Кіяўлянка Алена Байчук жыве ў раёне Абалонь. Яна расказвае, што да 10 кастрычніка святло адключалі рэдка, а цяпер — кожны дзень прыкладна на пяць гадзін. Паводле слоў Байчук, ёй пашанцавала з раёнам, бо некаторыя яе кіеўскія знаёмыя праводзяць без электрычнасці па дзесяць гадзін.

Спачатку падрыхтавацца да адключэнняў было немагчыма, кажа кіяўлянка, бо графік па яе раёне не меў нічога агульнага з рэальнасцю. Аднак пазней адключэння сталі праводзіцца хоць і рэгулярна, але выразна па раскладзе.

«Я трэнер, працую анлайн, і мая праца залежыць ад інтэрнэту. А калі выключаюць электрычнасць, вайфай не працуе, і практычна не ловіць мабільная сувязь», — расказвае яна.

Цяпер дзяўчына цалкам перабудавала працу, грунтуючыся на раскладзе адключэнняў. Калі раптам здараецца адключэнне не па графіку — ідзе працаваць да бацькоў свайго маладога чалавека. Яны жывуць у доме насупраць, але электрычнасць у іх адключаюць у іншы час.

Байчук часта праводзіць трэніроўкі і ў трэнажорнай зале — кліенты ўжо прывыклі, што часам даводзіцца займацца пры свечках або з ліхтарамі. На выпадак вячэрніх адключэнняў дома трэнерка таксама закупіла свечкі.

Як толькі з’яўляецца электрычнасць, Алена імкнецца зарадзіць усё неабходнае. Паводле яе слоў, многія суседзі імкнуцца паспець прапыласосіць, памыць бялізну, прыгатаваць ежу і нават зрабіць нейкія справы, звязаныя з рамонтам.

Алена Байчук стараецца ашчаджаць электраэнергію і свядома падыходзіць да некаторых бытавых рэчаў — напрыклад, адмовілася ад электрачайніка, бойлер для падагрэву вады ўключае толькі на ноч, адключыла электрараспал у газавай пліты.

«У мяне недзе 20 кліентаў, і з кім я гэтую тэму ні падымаю — усе таксама імкнуцца ашчаджаць. Жывуць без электрачайніка, бойлер — некалькі гадзін у дзень, усё лішняе заўсёды выключана», — расказвае яна.

Некаторыя крамы ці кропкі ў ГЦ на некалькі гадзін у дзень адключаюць усе прыборы ад сеткі і працуюць ад генератара, кажа Алена. Прыстасоўваюцца да такога жыцця і кавярні. Калі выкарыстоўваць генератар магчымасці няма, то ў гадзіны адключэння там робяць напоі, для падрыхтоўкі якіх кава-машына не патрэбная.

«Бізнес прыстасоўваецца як можа. Таму што ўсім ужо даўно хочацца нармальнага жыцця, а не заміраць, як было ў пачатку вайны», — кажа Алена.

Шмат у чым жыццё з пастаяннымі адключэннямі электрычнасці спрасціў бы генератар, аднак яго працу трэба ўзгадніць з суседзямі.

«Я з Крыма, і нейкі час жыла з генератарам, я ўяўляю сабе, што гэта такое. Ён вельмі гучны, яго трэба неяк так размясціць, каб выхлап выходзіў, на балконе, напрыклад. І яшчэ ён вельмі смярдзючы, яго трэба бензінам запраўляць. Ёсць дызельныя, але яны даражэйшыя і больш грувасткія», — расказвае яна.

Байчук плануе ўсё ж дамовіцца з суседзямі аб падключэнні генератара, калі сітуацыя з электрычнасцю ў Кіеве ўскладніцца. Яна спадзяецца, што жыхары дома будуць не супраць пары шумных гадзін у дзень у абмен на магчымасць падлучыцца да прыбора.

Галоўная бяда — транспарт

Сям’я кіяўляніна Ігара Гірняка падладжвае свой побыт пад графік адключэнняў: напрыклад, глядзіць, калі не будзе святла ў офісе Ігара або ў ГЦ, дзе працуе яго дачка. Паводле слоў мужчыны, у сярэднім святла няма прыкладна чатыры гадзіны ў дзень.

«У гэты час вялікая частка офісаў, крамаў, ГЦ не працуе. Людзі проста чакаюць. А яшчэ адключэнні святла накладваюцца на трывогі — і вось гэта насамрэч вымотвае», — кажа ён.

Адна з самых вялікіх праблем пры адключэнні святла — гэта перасоўванне па Кіеве і транспарт, асабліва калі трэба пераехаць з аднаго берага Дняпра на другі.

Людзі едуць на аўтобусе, вулічныя ліхтары выключаныя ў Кіеве, 1 лістапада 2022 г. Фота: Andrew Kravchenko / AP

«Трамваі і тралейбусы замянілі на аўтобусы, і часам іх даводзіцца вельмі доўга чакаць. Падчас трывог наземны транспарт не ходзіць, а метро перад выездам на мост спыняецца — з’яўляецца шанц затрымацца на станцыі на некалькі гадзін і спазніцца на перасадку на апошні цягнік», — расказвае Гірняк.

З эканоміяй электрычнасці — як з раздзельным зборам смецця

Станіслаў Карашчанка таксама жыве ў Кіеве ў раёне станцыі метро Дэміеўская. З «Медыязонай» ён размаўляе на вуліцы — шукае найбольш асветленае месца, каб было зручней. Ён кажа, што ў горадзе ашчаджаюць электраэнергію, таму вулічнае асвятленне працуе не ў поўную сілу — праз гэта на вуліцах бывае цёмна.

Карашчанка перамяшчаецца па Кіеве на ровары. Пасля таго, як з вулічным асвятленнем з’явіліся праблемы, ён купіў сабе святлоадбівальную камізэльку і з усіх бакоў укамплектаваў ровар флікерамі.

«Святла хапае проста на тое, каб ісці і бачыць, што перад табой, ёсць дарога ці не. Усё», — кажа кіяўлянін.

Станіславу пашанцавала — дома з адключэннем святла ён ні разу не сутыкаўся, але ў яго рэгулярна адключаюць ваду. Ён імкнецца набіраць ваду пра запас. Калі раптам не ўдалося, то можна набраць ваду ў спецыяльных бюветах, якія ёсць у кожным раёне Кіеве. Праўда, яны не працуюць падчас адключэння электрычнасці.

Карашчанка стараецца ашчаджаць электраэнергію — не ўключае святло ў пакоях, дзе нікога няма, і выключае з разетак усё, чым не плануе карыстацца.

«Не магу казаць за ўсіх, але ёсць людзі, якія свядома падышлі да эканоміі, імкнуцца выкарыстоўваць як мага менш электрычнасці. Яны самі робяць так і часта дзеляцца, расказваюць усім, што так трэба. Але гэта не масава. Гэта вось як з сартаваннем смецця», — кажа Станіслаў.