«Нашы сваякі ў закладніках». Рэпартаж Atlantic пра беларускіх добраахвотнікаў з палка Кастуся Каліноўскага
Статья
8 сентября 2022, 14:45

«Нашы сваякі ў закладніках». Рэпартаж Atlantic пра беларускіх добраахвотнікаў з палка Кастуся Каліноўскага

Падрыхтоўка добраахвотнікаў у Варшаве. Фота: Raul Moreno / SOPA Images / Sipa USA / Reuters 

Лаўрэатка Пулітцараўскай прэміі за кнігу «ГУЛАГ. Павуціна Вялікага тэрору», карэспандэнтка часопіса Atlantic Эн Эплбаўм тлумачыць, чаму для многіх беларусаў важна абараняць Украіну. З дазволу рэдакцыі і самой журналісткі «Медыязона» публікуе пераклад яе рэпартажу.

На вуліцах няма рэвалюцыйных плакатаў, «якія палалі на сценах у чыстых чырвоных і сініх колерах», як гэта было, калі Джордж Оруэл пакінуў Барселону, каб змагацца ў грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Вы таксама не пачуеце, як гучнагамоўнікі «равуць рэвалюцыйныя песні ўвесь дзень і далёка за поўнач», як чуў Оруэл у 1936 годзе. Замест гэтага, сабраўшыся ў падвале на ціхай, абсаджанай дрэвамі вуліцы, беларусы, больш падобныя да групы праграмістаў, якія рыхтуюцца да доўгай аўтамабільнай паездкі, рыхтуюцца пакінуць Варшаву, каб далучыцца да ўкраінскага войска.

Магчыма, гэта таму, што яны і ёсць група праграмістаў — прынамсі, некаторыя з іх — што сабралася ў склепе на ціхай, абсаджанай дрэвамі вуліцы, рыхтуючыся да доўгай паездкі на машыне. Кансервы, вэнджаныя каўбасы, пакеты з арэхамі і разынкамі акуратна складзеныя на падлозе побач з кучай заплечнікаў. Пара пазадарожнікаў прыпаркаваная проста звонку. Аўтамабілі падарылі польскія або беларускія спачувальнікі ці пакінулі іншыя людзі, якія пайшлі на фронт. Група, з якой я сустракаюся, праз гадзіну адправіцца да ўкраінскай мяжы, і яны размаўляюць са мной пры ўмове, што я не буду фатаграфаваць і не буду пытацца імёнаў. Калі яны будуць апазнаныя, беларуская міліцыя можа прыйсці да членаў іх сем’яў, падвергнуць іх пераследу і нават арыштаваць. «Нашы сваякі ў закладніках», — сказаў мне адзін з іх. Маці беларускіх салдат, якія ваююць ва Украіне, ужо былі вымушаныя рабіць публічныя заявы з асуджэннем сваіх дзяцей.

Магу сказаць, што яны маладыя, ім ад 20 да 30 гадоў, і яны плануюць уступіць у полк Кастуся Каліноўскага, воінскае падраздзяленне, заснаванае ў сакавіку як частка ўкраінскай арміі, але з асобным беларускім статусам. Я таксама магу сказаць, што, нягледзячы на тое, што можа падацца наадварот, яны і іх лідары добра знаёмыя з міжнароднай гісторыяй узброеных паўстанняў. Яны ведаюць сваіх папярэднікаў з XIX стагоддзя: Кастусь Каліноўскі ўдзельнічаў у няўдалым паўстанні 1863 года супраць расійскай акупацыі тэрыторыі, якая тады была Рэччу Паспалітай. Яны таксама ведаюць сваіх папярэднікаў з XX стагоддзя, сярод якіх не толькі Оруэл у Іспаніі, але і Юзаф Пілсудскі, польскі генерал, які ваяваў з аўстрыйскай арміяй у 1914 годзе, бо спадзяваўся ў канчатковым выніку вызваліць Польшчу. Хоць Каліноўскі быў пакараны смерцю, а справа Оруэла ўсё ж правалілася, Пілсудскі павёў свае польскія легіёны ў Варшаву. Да 1918 года ён быў лідарам незалежнай Польшчы. Людзі ў склепе едуць ва Украіну як таму, што яны, як Оруэл у Іспаніі, спачуваюць справе дэмакратыі іншай краіны, так і таму, што яны спадзяюцца, як Пілсудскі ў Польшчы, у канчатковым выніку вызваліць Беларусь ад дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе амаль тры дзесяцігоддзі.

Аднак надзея стрымліваецца рэалізмам — усё ж яны накіроўваюцца да лініі фронту адной з самых жорсткіх войнаў XXI стагоддзя — і падмацоўваецца адчаем, адчуваннем, што іншыя, лепшыя шляхі да палітычных пераменаў зніклі. К., мужчына гадоў дваццаці — светлыя валасы растрапаныя, зялёная цішотка, рваныя шорты — сказаў мне, што пачаў сваю кар’еру, працуючы ва ўрадавай установе ў Мінску, але хутка зразумеў, што гэта значыць. «Твая праца, усё, што ты робіш, заключаецца ў тым, каб пераканацца, што рэжым Лукашэнкі застанецца пры ўладзе», — сказаў ён. Падчас масавых пратэстаў пасля скрадзеных выбараў у 2020 годзе, моманту, які ўсе яны называюць «рэвалюцыяй», К. і ягоны сябар распаўсюджвалі ўлёткі з лозунгамі, якія крытыкуюць рэжым. Сябар цяпер у турме, адбывае чатырохгадовы тэрмін (К. называе мне яго імя; пазней я знаходжу яго ў спісе палітзняволеных). Пасля таго як Расія ўварвалася ва Украіну, К. мучыўся пачуццём віны, не мог спаць, злаваўся на тое, што правал беларускай рэвалюцыі азначаў, што расійскія ракеты могуць быць запушчаныя па Украіне з Беларусі. «Я зразумеў, што мы абавязаныя паехаць у Кіеў, — кажа ён. — А потым мы пойдзем у Мінск».

Фота: тэлеграм-канал «Полк Каліноўскага»

Мы не скончылі нашу рэвалюцыю, мы не скінулі Лукашэнку, мы не перашкодзілі расійскім войскам перасячы нашу мяжу, каб напасці на Украіну — усё гэта цяпер прычыны для таго, каб ваяваць ва Украіне. Доўгавалосы мужчына, Р. (адзін з праграмістаў), сказаў мне, што ён таксама ўдзельнічаў у дэманстрацыях 2020 года і таксама пакінуў Беларусь пасля гэтага. Але потым Р. вярнуўся дадому. Тое, што ён убачыў, уразіла яго. Людзі перасталі пратэставаць: «Людзі не змагаюцца. Такога жыцця, — ён мае на ўвазе жыццё пры дыктатуры, — ім дастаткова». Як яны могуць проста працягваць, быццам нічога не адбываецца, быццам ракеты не лётаюць? «Для мяне гэта сюррэалістычна».

У большасці мужчын, з якімі я размаўляла, ёсць іншыя варыянты; яны маглі б мець добрае жыццё за межамі Беларусі, калі б захацелі. У сярэдзіне размовы выявілася, што Б., апрануты ў белую цішотку з надпісам INSPIRE, добра размаўляе па-ангельску, і мы перайшлі з рускай. У яго ёсць родныя ў ЗША, і ён бываў там некалькі разоў («Bay Area… Yosemite National Park…»). Яго марай было паглядзець, як Вудзі Ален грае джаз у Нью-Ёрку, але ў той вечар, калі ён пайшоў у Café Carlyle, Алена там не было. Ён называе сябе «лічбавым качэўнікам — ці, можа, лепш сказаць, міжнародным бяздомнікам» — і апошнія некалькі гадоў падарожнічае па Еўропе. Ён таксама працуе ў ІТ, але хацеў ваяваць ва Украіне з таго часу, як пачалася вайна. У сакавіку «было вельмі холадна», і яму «было вельмі страшна». Хоць, з ягоных слоў, яму ўсё яшчэ страшна, гэтыя «эмацыйныя відэа», прагляд якіх адзін за адным, зноў і зноў, «месяц за месяцам, тыдзень за тыднем», урэшце пераканалі яго запісацца ў полк Каліноўскага.

К., Р. і Б. можна было б груба ахарактарызаваць як мінскіх інтэлектуалаў. Іх кіраўнікі, раскладваючы паперы ў суседнім пакоі, расказваюць мне, што сярод добраахвотнікаў ёсць і нядаўнія выпускнікі сярэдняй школы, рабочыя заводаў, былыя міліцыянеры. Некаторыя прыбываюць у Варшаву на начных аўтобусах з Беларусі без грошай і без ніякіх планаў, акрамя як уступіць ва ўкраінскае войска. На пярэдняй браме штаб-кватэры Каліноўскага ў Варшаве ёсць шыльда з нумарам тэлефона на выпадак, калі добраахвотнікі з’явяцца, а паблізу нікога няма. Адкуль яны ведаюць, куды ісці? «Усе ведаюць», — сказаў мне адзін з іх.

Мне таксама расказвалі пра значна больш суровых навабранцаў, у тым ліку пра былых злачынцаў, хоць сама я з імі не сутыкалася. Адзін з эмігрантаў, які працуе ў варшаўскім прызыўным пункце, выказаўся пра гэта так: «Пэўных людзей прыцягвае ідэя зброі, барацьбы». Вядома таксама, што некалькі былых супрацоўнікаў беларускіх узброеных сіл і службаў бяспекі ваююць на баку ўкраінскага войска — некаторыя ў палку Каліноўскага, а некаторыя ў іншых падраздзяленнях. Паступова яны наладжваюць сувязі адзін з адным і са спачувальнікамі ў іншых месцах.

9 жніўня з’езд аб’яднанай беларускай апазіцыі прызначыў Валерыя Сахашчыка, былога камандзіра легендарнага падраздзялення дэсантнікаў у беларускім войску, дзейным міністрам абароны ў выгнанні; я размаўляла з ім, калі ён быў у машыне, накіроўваючыся ва Украіну на сваю першую афіцыйную сустрэчу з палком Каліноўскага. Сахашчык з’ехаў з Беларусі шэсць гадоў таму — з ягоных слоў, там было немагчыма «быць свабодным чалавекам» — і кіраваў паспяховай будаўнічай фірмай у Польшчы. Ён лічыць, што полк, магчыма, яшчэ не мае значэння ў ваенных адносінах, «але ён важны эмацыйна, бо многія людзі вераць, што ён прадстаўляе будучыню беларускай арміі».

Незалежна ад таго, уступаюць яны ў кантакт загадзя ці проста з’яўляюцца на парозе, незалежна ад таго, служылі яны ў войску ці вучыліся ва ўніверсітэце, усе добраахвотнікі праходзяць працэс праверкі. Павел Кухта, кіраўнік варшаўскага прызыўнога пункту імя Каліноўскага (і адзін з нямногіх людзей, якія публічна заявілі пра сваю сувязь з палком), сказаў мне, што беларускія кіберпартызаны ўзламалі большасць баз дадзеных, якія выкарыстоўваюцца беларускім КДБ, і могуць праверыць, ці праўдзівая інфармацыя аб пражыванні, адукацыі і прафесійнай дзейнасці. Калі не, мужчын усё роўна адпраўляюць на мяжу, дзе ўкраінскія памежнікі спыняюць іх і дапытваюць далей. Што адбываецца пасля гэтага з тымі, хто даў ілжывую інфармацыю, Кухта не ведае.

Кухта шмат чаго не ведае. Ён не кажа, дзе будуць праходзіць навучанне навабранцы ці куды іх пасля адправяць. Ён не можа з якой-небудзь дакладнасцю сказаць, колькі менавіта з іх ужо змагаецца («сотні»). Чым менш ты ведаеш, тым менш ты можаш выпадкова раскрыць.

Нават калі пакінуць убаку неабходнасць аператыўнай бяспекі, Кухта, які ваюе разам з украінскім войскам з 2016 года, спачатку ў Данбасе, відавочна нешматслоўны. Для гэтай ролі яму не трэба шмат людзей. Пару разоў, пакуль я размаўляю з навабранцамі, ён заходзіць у пакой, дзе чакаюць мужчыны. Ён забірае іх пашпарты, правярае імёны. Тут няма натхняльных прамоваў і ніякай драмы: усё тут ужо прынялі рашэнне і змірыліся з наступствамі. Калі я сыходжу, яны выстройваюцца ў чаргу ў садзе.

У наступны раз я бачу іх — ці мне здаецца, што я іх бачу — праз тыдзень, у недагледжаным полі за аўтастаянкай у прыгарадзе цэнтральнай Украіны. Навабранцы — магчыма, у тым ліку і тыя, з кім я сустракалася ў Варшаве — апранутыя ў камуфляж, носяць зброю і, з улікам маёй прысутнасці, носяць балаклавы, каб схаваць свае твары. Іх форма была сабраная краўдфандынгам або ахвяраваная спачувальнікамі як у Польшчы, так і ў Беларусі. Іх зброя паступіла ад украінскай арміі. Іх трэнер родам з адной з краін Балтыі. Яго асабліва цэняць беларусы, бо ён прайшоў некалькі курсаў НАТА, і яны хочуць навучыцца змагацца, як салдаты НАТА. Адзін з іранічных момантаў заключаецца ў тым, што многія праціўнікі пуцінскай Расіі, ад Балтыкі да Чорнага мора (і нават аж да Цэнтральнай Азіі), карыстаюцца рускай як агульнай мовай і могуць ужываць яе для арганізацыі і нават для выкладання амерыканскай ваеннай дактрыны сярод розных нацый.

Фота: тэлеграм-канал «Полк Каліноўскага»

Я назіраю за імі з Рокашам — гэта псеўданім чалавека, які ўдзельнічаў у розных беларускіх дэмакратычных рухах з 1990-х гадоў. Ён тлумачыць, што сённяшнія вучэнні прадугледжваюць падрыхтоўку да вядзення баявых дзеянняў у гарадах. У іншыя дні яны адпраўляюцца на стрэльбішчы ўкраінскай арміі або практыкуюцца ў пазіцыйнай вайне; для гэтай мэты было перакапана поле. У іх строгі расклад: ранішняя зарадка, трэніроўкі на працягу ўсяго дня, фільмы або лекцыі па вечарах — і яны жывуць разам у струхлелым інтэрнаце непадалёк.

Раней Рокаш далучыўся да мяне для больш працяглай размовы ў зусім не адметным падвальным бары з трыма іншымі беларусамі, звязанымі з палком або з беларускай апазіцыяй. Усе яны належаць да іншага пакалення, чым мужчыны ў полі. Яны назіралі за узлётам і падзеннем розных апазіцыйных рухаў і лідараў з 1994 года, калі Лукашэнка ўпершыню прыйшоў да ўлады. Яны назіралі, як ягоны рэжым ператварыўся з мяккага аўтарытарнага кіравання старшыні калгаса ў заганную, жорсткую аўтакратыю, якая катуе палітычных зняволеных і дазваляе расійскаму войску запускаць ракеты па Украіне са сваёй тэрыторыі. Яны памятаюць Савецкі Саюз і не хочуць, каб іх краіна стала часткай неасавецкай імперыі. Замест гэтага, як сказаў мне адзін з іх, яны хочуць «радыкальнай змены палітычнай сістэмы, прававой сістэмы, эканамічнай сістэмы і глыбокіх рэформаў усяго грамадства, каб прывесці Беларусь да прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства закона». Але яны не вераць, што цяперашні рэжым распадзецца мірным шляхам.

Як і ўсе астатнія ў постсавецкім свеце, Рокаш і іншыя мужчыны чыталі Джына Шарпа, філосафа негвалтоўнай рэвалюцыі і грамадзянскай актыўнасці, які памёр у 2018 годзе. Яны захапляюцца яго ідэямі, але лічаць, што яны больш не дастасавальныя да іх сітуацыі. Негвалтоўнасць была апрабаваная ў Беларусі. Не ўдалося. «Кветкі і дэманстрацыі не змаглі змяніць гэтай сітуацыі», — кажа адзін з іх, так што прыйшоў час паспрабаваць нешта іншае. Яны расказваюць мне пра партызанскія падпольныя рухі ўнутры іх краіны — адзін з іх называецца «Буслы ляцяць», — якія, паводле іх слоў, атрымалі некалькі невялікіх перамог, у тым ліку правялі атаку дронамі на штаб-кватэру АМАП, беларускага спецназа ў Мінску. Яны таксама кажуць, што распаўсюдзілі падпольныя навучальныя відэа, закліканыя дапамагчы людзям супрацьстаяць тактыцы спецназа: «Права людзей на паўстанне апраўдана, бо ўсе цывілізаваныя метады змены сітуацыі былі вычарпаныя», — сказаў адзін з іх. Аднак расійскае ўварванне ва Украіну стала паваротным момантам, іншым узроўнем пагрозы, шокам для сістэмы, «пляўком у твар». Калі Украіна не пераможа, адзін з іх сказаў мне: «Нам давядзецца развітацца з ідэяй свабоднай Беларусі».

Яны не першыя, хто прыйшоў да такой высновы. У самыя раннія дні вайны, натхнёная іншым эпізодам гісторыі — беларусамі, якія ўзрывалі чыгуначныя шляхі і вакзалы, каб спыніць прасоўванне нацыстаў у Савецкі Саюз у пачатку 1940-х гадоў, — група беларускіх чыгуначнікаў, якім дапамагалі кіберпартызаны, сабатавала некалькі расійскіх цягнікоў з салдатамі і пастаўкі на фронт. Яны збівалі сігналы, заблытвалі пуці, вывелі са строю камп’ютарную сістэму, пашкодзілі абсталяванне. Адна група дыверсантаў падвергнулася нападу міліцыі, калі падпальвала сігнальную будку. Таксама дапамагае беларускі тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», пастаянна падаючы актуальную інфармацыю ад ананімных падпісчыкаў аб перамяшчэнні войскаў і тэхнікі ўздоўж мяжы, што дазваляе ўкраінцам падрыхтавацца. Канал усё яшчэ працуе, і яго па-ранейшаму ўважліва чытаюць тыя, хто ахоўвае тэрыторыю паўночнай Украіны.

Удзельнікамі палка Каліноўскага рухае перакананне, што беларускі рэжым адначасова нашмат слабейшы і значна больш небяспечны, чым многія мяркуюць. Лукашэнка, сцвярджаюць яны, глыбока непапулярны. Яны лічаць, што яго падтрымлівае не больш за 10-20 адсоткаў насельніцтва — у асноўным пенсіянеры, бюракраты і супрацоўнікі службаў бяспекі, якія залежаць ад дзяржавы ў пошуках працы ва ўмовах напаўразваленай эканомікі, — і ён гэта ведае. У Лукашэнкі няма ідэалогіі, але ён зробіць усё, каб застацца пры ўладзе. Гэта азначае, што, калі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пагражае, як ён гэта зрабіў у канцы чэрвеня, перакінуць ядзерныя ракеты ў Беларусь, свет павінен звярнуць на гэта ўвагу. Пуцін, магчыма, захоча пазбегнуць геапалітычных наступстваў прымянення ядзернай зброі ўпершыню з 1945 года, але Лукашэнку, магчыма, гэта не хвалюе.

Пуцін таксама мог бы прымусіць Лукашэнку адправіць беларускія войскі ваяваць ва Украіну, але такое рашэнне можа мець непрадбачаныя наступствы. Кухта, Рокаш і іншыя кажуць, што з іх палком наўпрост звязаліся салдаты і афіцэры, якія цяпер служаць у беларускім войску і хочуць атрымаць інструкцыі аб тым, як здацца, калі ім загадаюць перасячы мяжу з Украінай. Кухта, нешматслоўны чалавек, даў ім прамы савет: «Апусціце зброю і падыміце рукі». Ён прагназуе, што вялікая частка танкаў і грузавікоў беларускай арміі апынецца пад кантролем украінскай арміі. Хоць няма ніякага спосабу праверыць гэта сцвярджэнне, прынамсі адзін беларускі памежнік ужо паспяхова збег на ўкраінскі бок, заявіўшы, што ён хацеў далучыцца да барацьбы супраць Расіі. Сахашчык, які таксама прадказвае, што большасць простых салдат не будуць ваяваць, яшчэ ў лютым выступіў з відэазваротам, у якім заклікаў беларускіх салдат не далучацца да ўварвання: «Гэта не наша вайна. Вы не будзеце абараняць сваю радзіму, дом або сям’ю і не атрымаеце славы — толькі ганьбу, прыніжэнне і смерць».

Фота: тэлеграм-канал «Полк Каліноўскага»

Байцы Каліноўскага лічаць, што Беларусь мае і іншае значэнне. Урэшце, калі расійскі лідар хоча аб’яднаць Расію, Беларусь і Украіну ў нейкае падабенства неасавецкай імперыі, лаяльнасць Лукашэнкі — неабходны інгрэдыент. Але што, калі беларускі слуп знікне? Тады ўсё астатняе — імперыя, вайна з Украінай, сам пуцінізм — таксама можа абрынуцца. Яны хочуць, каб свет ведаў, што гэта магчымасць, якой варта скарыстацца, не ў апошнюю чаргу таму, што, як выказаўся адзін з іх, «Лукашэнку лягчэй зрынуць, чым Пуціна». Зараз ніхто, акрамя палякаў і, вядома ж, украінцаў, не дапамагае байцам Каліноўскага. Але, можа быць, калі-небудзь гэта зробяць іншыя. Рокаш кажа мне, што ён хоча, каб байцы ўрэшце атрымалі доступ да лепшых разведданых Захаду і НАТА аб тым, што адбываецца ўнутры іх краіны, каб яны маглі лепш планаваць свае наступныя крокі. Папярэджанні адміністрацыі Байдэна мінулай восенню пра будучую вайну ва Украіне пераканалі многіх людзей ва ўсёй Усходняй Еўропе, уключаючы Беларусь, у тым, што амерыканцы ведаюць значна больш, чым кажуць. Акрамя Джына Шарпа, байцы таксама прачыталі «Вайну Чарлі Уілсана» — кнігу, у якой апісваецца, як у 1980-х гадах адзін кангрэсмен пераканаў Вашынгтон дапамагчы афганцам зрынуць савецкіх акупантаў. Калі гэта здарылася аднойчы, магчыма, гэта можа здарыцца зноў?

Перш чым пакінуць тое поле, я назіраю, як добраахвотнікі праходзяць свае этапы. Яны ідуць групамі па тры чалавекі, адзін за адным, нібы знаходзяцца ў акупаваным горадзе. Некаторыя з іх марудлівыя і нязграбныя, здаецца, што яны ўпершыню трымаюць у руках зброю. Некаторыя рухаюцца хутчэй, выглядаюць больш дасведчанымі; адзін з іх сказаў мне яшчэ ў Варшаве, што прайшоў пэўную паліцэйскую падрыхтоўку, і мне цікава, ці ён адзін з тых людзей, якія лёгка і ўмела перасоўваюцца па полі. Яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку маладая жанчына, назіраюць збоку, уважліва прыслухоўваючыся да слоў балтыйскага трэнера. У аднаго з іх казацкая стрыжка — паголеная галава, за выключэннем чупрыны, — а рукі пакрытыя патрыятычнымі татуіроўкамі.

Трэнер уключае музыку ў стылі хэві-метал, і гэта дадае сцэне крыху больш драматызму. Сонца прыпякае, і я пачынаю адчуваць сябе няёмка, што ім даводзіцца насіць балаклавы. Навучэнцы паўтараюць адны і тыя ж практыкаванні зноў і зноў. Рокаш тлумачыць, што ідэя, як і пры любой ваеннай падрыхтоўцы, заключаецца ў тым, каб гэтыя рухі сталі аўтаматычнымі, інстынктыўнымі. Праграмісты, выпускнікі школ, урадавыя чыноўнікі і, магчыма, выпадковы злодзей павінны навучыцца ўсяго за некалькі тыдняў рэагаваць, не задумваючыся, калі на іх нападаюць.

Якім бы стомным ні было практыкаванне, гэта самая лёгкая і прадказальная частка. Яны будуць трэніравацца, яны будуць рыхтавацца, іх адправяць на фронт — усё гэта яны ведаюць. Чаго яны не ведаюць, дык гэта сапраўднай прыроды гістарычнага моманту, у якім жывуць, або таго, чым ён скончыцца. Яны зраблілі сваю стаўку, але ці правільную?

Вось яшчэ адна гісторыя, расказаная мне групай у падвальным бары: у 2021 годзе некалькі сябраў беларускага падполля пачалі таемна кантактаваць з некаторымі высокапастаўленымі беларускімі афіцэрамі, якія заявілі, што гатовыя выступіць супраць рэжыму. Пасля некалькіх месяцаў размоў партызаны, нарэшце, пагадзіліся выехаць за межы краіны, у Расію, каб сустрэцца з імі; афіцэры сказалі, што яны не адважваюцца зрабіць гэта дома, але і не могуць выехаць за мяжу дзе-небудзь яшчэ. Сустрэча была пасткай. Як толькі лідары беларускага падполля прыбылі, усе яны былі арыштаваныя і заключаныя ў турму.

Я чую гістарычнае рэха ў гэтай гісторыі, як і байцы Каліноўскага. Узімку 1945 года 16 афіцэраў польскага супраціву, усе ветэраны барацьбы з Гітлерам, пачалі таемна перамаўляцца з Іванам Сяровым, генералам Чырвонай Арміі, які толькі што прыбыў, каб кіраваць акупацыяй Польшчы. Пераканаўшыся, што ён хоча дапамагчы, яны дамовіліся сустрэцца з ім у сакавіку. Але гэта была пастка. Усе яны былі арыштаваныя, дастаўлены самалётам у Маскву і заключаны ў турму на Лубянцы, самую сумнавядомую турму Савецкага Саюза, дзе трое з іх урэшце памерлі.

Гэтая гісторыя разгортвалася ў момант максімальнай савецкай моцы, калі Другая сусветная вайна была збольшага выйграная, Ялцінскае пагадненне ўжо падзяліла Еўропу на сферы савецкага і заходняга ўплыву, і ніхто збоку — ні брытанцы, ні амерыканцы — не маглі дапамагчы палякам. У 1918 годзе, наадварот, Пілсудскі вызваліў Варшаву ад царскай акупацыі ў момант максімальнай слабасці Расіі, калі пачалася бальшавіцкая рэвалюцыя, расійская армія пацярпела крах, а іншыя імперскія аўтакратыі Еўропы, у Германіі і Аўстра-Венгрыі, таксама разбураліся.

Але ці гэта 1918 год, калі расійская моц ідзе на змяншэнне? Ці 1945 год, калі яна нарэшце кансалідуецца? Беларусы, вядома, не ведаюць, але яны хочуць паўплываць на адказ. У бары я спытала мужчын, ці чакаюць яны адпаведнага моманту, каб вярнуцца дадому. «Мы не чакаем моманту, — паправіў мяне адзін з іх. — Мы працуем над стварэннем умоў», якія дазволяць патрэбнаму моманту наступіць.

Яны мяркуюць, што калі яны моцна націснуць на шалі гісторыі і дапамогуць украінцам перамагчы, то і Расія, і яе беларускі сатрап будуць нашмат слабейшыя. Яны могуць заплаціць высокую цану — не толькі сваім часам і намаганнямі, але і сваімі жыццямі. 26 чэрвеня падчас бою за Лісічанск загінуў камандзір аднаго з беларускіх батальёнаў. Івану Марчуку па мянушцы «Брэст» было 28 гадоў. Іншыя таксама былі забітыя, параненыя або ўзятыя ў палон.

Але калі яны не будуць змагацца, то могуць заплаціць іншы кошт: калі Украіна прайграе, а Расія атрымае ўладу, то Беларусь застанецца дыктатурай, і яны ніколі не змогуць вярнуцца дадому. Тыя з нас, хто жыве ў больш удачлівых краінах з лепшай геаграфіяй, не ведаюць, як гэта — выбіраць паміж барацьбой і выгнаннем, але ўсе людзі, якія пацеюць на гэтым полі, сапраўды ведаюць. Вярнуўшыся ў Варшаву, адзін з добраахвотнікаў расказаў мне, што з таго часу, як ён пакінуў сваю краіну ў 2020 годзе, ён толькі і рабіў, што пераязджаў з месца на месца, спрабуючы наладзіць іншае жыццё, але так і не знайшоў сапраўднага дома. Беларусь — яго адзіны дом, але перш чым ён зможа вярнуцца туды, ён павінен дапамагчы змяніць яго. «Я бягу. І бягу. І бягу. Я хацеў бы перастаць бегчы».

Аўтарка: Эн Эплбаўм

Арыгінал: Lukashenko is easier to unseat than Putin, The Atlantic, September 7, 2022.