«Сілавікі ператварыліся ў гісторыкаў». Беларуска‑польская вайна помнікаў з пункту гледжання вучонага
Статья
15 июля 2022, 14:20

«Сілавікі ператварыліся ў гісторыкаў». Беларуска‑польская вайна помнікаў з пункту гледжання вучонага

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

Польскія ўлады абвінавачваюць Беларусь у сістэматычным знішчэнні воінскіх пахаванняў — у заходніх раёнах краіны гэтым летам раўняюць з зямлёй магілы байцоў Арміі Краёвай. Яны былі ваеннымі злачынцамі, датычнымі да генацыду беларусаў, адказвае афіцыйны Мінск і нагадвае пра знос помнікаў чырвонаармейцам у самой Польшчы. «Медыязона» разбірае пазіцыі бакоў разам са спецыялістам па «палітыцы памяці», гісторыкам Аляксеем Братачкіным.

Знікаючыя магілы

27 чэрвеня Саюз палякаў Беларусі паведаміў, што ў Ёдкавічах Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці «невядомыя злачынцы» скралі магільныя пліты і выкапалі целы двух польскіх салдат з Арміі Краёвай, загінулых у гэтых месцах у 1944 годзе.

30 чэрвеня МЗС Польшчы выпусціў заяву аб «актах апаганення месцаў польскай нацыянальнай памяці», якія пачасціліся ў Беларусі. Паводле звестак польскіх дыпламатаў, у асноўным гэта тычыцца Гродзенскай вобласці, дзе знаходзяцца каля 550 месцаў пахавання байцоў Арміі Краёвай. Асобна ў заяве згадваліся Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, Іўе, Ашмяны і Ёдкавічы.

5 ліпеня амбасада Польшчы ў Беларусі апублікавала фота дыпламата Марціна Вайцяхоўскага, які стаіць на месцы разбураных магіл у Мікулішках Гарадзенскай вобласці. Прэс-служба амбасады пісала, што польскія воінскія могілкі «па-варварску сцёртыя з твару зямлі». На іншых здымках з Мікулішак выразна бачныя сляды колаў; пахаванні салдат Арміі Краёвай засыпаныя пяском, які разраўноўвала будаўнічая тэхніка.

На знішчэнне воінскіх магіл адрэагаваў МЗС Польшчы, які параўнаў інцыдэнт у Мікулішках з «самымі змрочнымі старонкамі гісторыі камунізму»: выклікаў паверанага ў справах Беларусі і заявіў яму рашучы пратэст.

МЗС Беларусі адказаў у той жа дзень: выклікаў Марціна Вайцяхоўскага. Паверанаму было «растлумачана», што ніякіх пахаванняў замежных салдат у Мікулішках не было, а «законнасць правядзення работ па ўладкаванні тэрыторыі дадаткова пацверджаная Генеральнай пракуратурай і грунтуецца на атрыманні дадзеных аб адсутнасці чалавечых парэшткаў».

Праз пару дзён пасля гэтага прадстаўнік Саюза палякаў расказаў, што надмагілле на месцы пахавання байцоў Арміі Краёвай разбурылі ў Ваўкавыску. У той жа дзень чытачы «Белсата» заўважылі, што крыжы з салдацкіх магіл зніклі і каля вёскі Качычы Карэліцкага раёна.

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

Гісторык, запрошаны лектар Еўрапейскага Універсітэта Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры Аляксей Братачкін кажа, што сучасная еўрапейская традыцыя догляду магілаў укаранёная ў хрысціянскай культуры з яе асаблівым стаўленнем да мёртвых.

«Гэты культурны матыў павінен дапаўняцца і палітычным вымярэннем, воляй да таго, каб пераадольваць канфлікты і рознагалоссі, у тым ліку і ў галіне гістарычнай памяці. Напрыклад, ёсць даволі доўгая гісторыя догляду магілаў перыяду Першай і Другой сусветнай вайны. Тут я маю на ўвазе магілы салдат кайзераўскай Германіі і Вермахта. Калі магілы руйнуюцца, значыць, мы бачым выклік не толькі ў дачыненні да культуры, але і спецыфічны палітычны жэст, магчыма, спробу адыграцца не столькі за мінулае, колькі за цяперашняе, а менавіта — за палітычную пазіцыю польскага ўрада ў дачыненні да тых, хто цяпер ва ўладзе ў Беларусі», — разважае гісторык.

«Пшэцкія халуі»

Беларуская прапаганда ў адказ на абвінавачванні польскага боку фармулюе сваю версію таго, што адбываецца з вайсковымі пахаваннямі. Напрыклад, газета «СБ Беларусь сёння», якая выдаецца адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі, цытуе праўладнага палітолага Пятра Пятроўскага, які прапанаваў прызнаць Армію Краёву экстрэмісцкай арганізацыяй.

Блогерка і актывістка з Гродна Вольга Бондарава ў сваім тэлеграм-канале ідзе далей і аб’яўляе байцоў Арміі Краёвай «тэрарыстамі». «Беларусь знесла да чарцей сабачых пагост польскім тэрарыстам з Арміі Краёвай, што пшэцкія халуі ўладкавалі ў вёсцы Мікулішкі Гродзенскай вобласці. <…> Хто не ў курсе, АК — гэта банда польскіх нацыяналістаў, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала з Германіяй, займаючыся этнічнымі чысткамі насельніцтва Беларусі», — напісала Бондарава.

Аляксей Братачкін знаходзіць такі наратыў моцна спрошчаным.

«Калі казаць пра стаўленне да Арміі Краёвай — гэта стаўленне фарміруецца зыходзячы з таго, што рабілі яе прадстаўнікі ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, да нацыстаў, да пытання пра межы Беларусі, да савецкага ўплыву і гэтак далей», — кажа гісторык.

«Армія Краёва ваявала і з нацыстамі, і — у залежнасці ад палітычнай сітуацыі — з саветамі. У гэтым часта была трагедыя. Гісторык Яўген Мірановіч апісваў сітуацыю ў Заходняй Беларусі ў перыяд Другой сусветнай вайны як "вайну ўсіх супраць усіх". Уявім у гэтай сітуацыі грамадзянскае насельніцтва, яго лёс», — разважае Братачкін, нагадваючы, што ў шэрагах Арміі Краёвай змагаліся і этнічныя беларусы.

Яны першыя пачалі?

У 2017 годзе Польшча прыняла папраўкі ў «закон аб дэкамунізацыі», згодна з якімі цягам года трэба было знесці 470 скульптурна-архітэктурных аб’ектаў, больш за палову якіх былі прысвечаныя Чырвонай Арміі. Аўтары паправак сцвярджалі, што захаванне манументаў у гонар падзей і людзей, якія аказалі «злачынны ўплыў на гісторыю Польшчы, дае прыхільнікам таталітарызму магчымасць прасоўваць свае погляды».

Пры гэтым, тлумачыў прадстаўнік Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Даніэль Маркоўскі, гэтая ініцыятыва не тычылася вайсковых пахаванняў. «Таму што магілы салдат, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання і гэтак далей, для польскай дзяржавы — святыя месцы. Гэтыя аб’екты пад юрыдычнай і фактычнай аховай польскай дзяржавы», — казаў ён расійскаму дзяржаўнаму РІА «Навіны».

З новай сілай дыскусія пра помнікі эпохі сацыялізму ўспыхнула ў лютым, калі расійскія войскі ўварваліся ва Украіну.

Ужо 23 сакавіка ўлады вёскі Хжовіцы знеслі пяціметровую стэлу з чырвонай зоркай, усталяваную на месцы былых могілак, дзе ў канцы вайны былі пахаваныя 620 чырвонаармейцаў. «Надышоў час нагнаць упушчанае ў гэтай галіне», — каментаваў знос прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці Караль Няўроцкі.

Следам за Хжовіцамі помнікі знеслі ў вёсках Седлец, Мендзыблоце і Гарнцарска. Пры гэтым Няўроцкі падкрэсліваў, што дэмантаж не будзе тычыцца саміх пахаванняў. «У хрысціянскай і лацінскай цывілізацыях і ў іншых культурах, якія імкнуцца да цывілізацыі, разбурэнне могілак і магільняў з’яўляецца актам варварства», — тлумачыў ён.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі яшчэ 19 красавіка правёў каля консульства Польшчы ў Брэсце мітынг «супраць дзеянняў польскага ўрада па зносе помнікаў савецкім воінам-вызваліцелям часоў Вялікай Айчыннай вайны».

Вайна наратываў

Акты, падобныя да «закона аб дэкамунізацыі», прынятыя ў многіх краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, аднак польская палітыка памяці ўспрымаецца ўладамі Беларусі найбольш хваравіта, канстатуе Братачкін.

«Вядома, ёсць агульная рамка інтэрпрэтацыі Другой сусветнай вайны — параза нацысцкай Германіі з’яўляецца выдатным вынікам. Але наратывы аб тым, як пачалася вайна, аб ролі розных сіл у яе перыяд, прадстаўленне нацыянальных інтарэсаў — адрозніваюцца ў Польшчы і Беларусі. Пры гэтым мы можам казаць пра некалькі наратываў і ў Польшчы, і ў нашай краіне. Напрыклад, пакт Молатава-Рыбентропа і ўвесь пачатковы перыяд вайны — з 1939 па 1941 год — інтэрпрэтуюцца розным чынам. Гісторыя польскага некамуністычнага супраціву — той жа Арміі Краёвай, напрыклад — у перыяд Другой сусветнай вайны мае розныя трактоўкі», — пералічвае гісторык.

У афіцыйнай школьнай версіі гісторыі Другой сусветнай у Беларусі акцэнт робіцца на савецкім партызанскім руху, адзначае Братачкін.

«Розныя інтэрпрэтацыі падзей — гэта нармальна, аднак ёсць і канфлікты. Адзін з гэтых канфліктаў, які цалкам можна ўрэгуляваць, — памяць аб пасляваеннай гісторыі рэйдаў Рамуальда Райса на Падляшшы і забойствы беларускага насельніцтва яго салдатамі ў 1946 годзе. Райс быў нейкі час удзельнікам Арміі Краёвай і адным з żołnierzy wyklętych — тых, хто ўдзельнічаў у антысавецкім супраціве, але пры гэтым здзяйсняў злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Пра яго вядуцца спрэчкі ў самой Польшчы. Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі гэтую гісторыю ператвараюць у адзін з ключавых элементаў антыпольскай рыторыкі сёння ў якасці ілюстрацыі канцэпцыі "генацыду беларускага народа"», — тлумачыць Братачкін.

«Дэпаланізацыя» Беларусі

Асабліва шмат прэтэнзій да Польшчы і палякаў у беларускіх уладаў з’явілася ў апошнія два гады. 25 сакавіка 2021 года ў Гродне сілавікі затрымалі журналіста і актывіста Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Яго калегу Анжаліку Борыс таксама змясцілі ў СІЗА, але праз 12 месяцаў адпусцілі пад хатні арышт.

12 сакавіка перастала выходзіць на сувязь дырэктарка «Польскай школы» Ганна Панішава, а днём раней у Берасці сілавікі затрымалі сузаснавальніка польскай школы Сяргея Страпко.

25 сакавіка сілавікі прыйшлі дадому да дырэктара грамадзянскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай і кіраўніка лідскага аддзялення Саюза Ірэны Бярнацкай.

У чэрвені траіх з пяці фігурантаў «справы палякаў» Беларусь перадала Польшчы. Сайт Саюза прызналі экстрэмісцкім. На такім фоне стала вядома, што польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску пераходзяць на рускую мову.

«Калі ва Украіне Расія праводзіць "дэнацыфікацыю" або дэўкраінізацыю, то ў Беларусі гэтыя працэсы можна называць дэбеларусізацыяй, дэпаланізацыяй. Мы гэта бачым у кантэксце ваеннага канфлікту ва Украіне. Беларусь цяпер знаходзіцца пад расійскай акупацыяй: усё, што тут адбываецца, адбываецца з ініцыятывы акупацыйнага рэжыму», — заявіў тады галоўны рэдактар выдання Саюза палякаў znadniemna.pl Анджэй Пісальнік.

Аляксей Братачкін звязвае гэтую кампанію з непрызнаннем польскім урадам афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.«Улада ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку заўсёды спрабавала кантраляваць лаяльнасць нацыянальных меншасцяў праз розныя механізм — недзе дазволіць арганізацыі і школы, напрыклад, недзе нешта забараніць. Гэта быў такі спецыфічны баланс. Але перыядычна ўлады пачыналі змагацца з "падвойнай лаяльнасцю" грамадзян — напрыклад, крытыкаваць раздачу карт паляка, спрабаваць кантраляваць дзейнасць Касцёла ў Беларусі, змагацца з нізавымі спробамі самаарганізацыі і кантраляваць Саюз палякаў», — пералічвае гісторык.

Сек’юрытызацыя памяці

Увесну 2021 года генпракурор Беларусі Андрэй Швед сцвярджаў, што пры расследаванні крымінальнай справы аб «генацыдзе беларускага народа» сілавікі выявілі «яшчэ жывых» ветэранаў Арміі Краёвай, «якія значыліся ў спісах і бралі ўдзел у дзейнасці карных батальёнаў». Швед казаў, што Беларусь мае намер папрасіць у Польшчы «адпаведнай прававой дапамогі».

Пра ход расследавання не паведамлялася, але праз год генпракурор выступіў рэдактарам кнігі «Генацыд беларускага народа». Такім чынам, за гістарычную памяць у краіне стала адказваць пракуратура, адзначае Аляксей Братачкін.

«Пасля падзей 2020 года сілавікі ператварыліся ў "гісторыкаў", бо адбываецца сек’юрытызацыі культуры памяці — гісторыя аб’яўленая зонай нацыянальнай бяспекі. Мінулае і яго афіцыйная інтэрпрэтацыя павінны быць абароненыя, на думку ўладаў, максімальна. Для гэтага прынятыя законы аб генацыдзе беларускага народа, аб барацьбе з рэабілітацыяй нацызму і ўнесеныя папраўкі ў закон аб экстрэмізме. Пашырэнне сімвалаў пратэсту напалохала ўладу. Усталёўваецца манаполія на інтэрпрэтацыю гісторыі. Але яна не можа быць захаваная ў сучасным грамадстве сілавым спосабам. Аднак гэта спрабуюць сёння зрабіць у Беларусі», — кажа гісторык.

Надзеі генпракуратуры на паказальны трыбунал над байцамі Арміі Краёвай ён лічыць нязбытнымі.

«У Еўропе ёсць механізмы пераследу за злачынствы супраць чалавецтва, якія не маюць тэрміну даўнасці. Але прымяненне гэтых механізмаў павінна быць абгрунтаваным і персанальным. Судзіць можна толькі тых, хто здзяйсняў ваенныя злачынствы. Армія Краёва не з’яўлялася злачыннай арганізацыяй», — тлумачыць Братачкін.

«У рамках memory studies за апошнія 20-30 гадоў з’явілася вялікая колькасць манаграфій і даследаванняў, у якіх апісваюцца механізмы і "войнаў памяці", і праблемы з гістарычнай памяццю ў розных грамадствах. Беларусь не з’яўляецца нейкім унікальным выпадкам, хоць сітуацыя ў нас складаная. З 1988 па 1994-1995 гады прыкладна ў нас была дэмакратычная палітыка памяці — розныя сілы маглі ўдзельнічаць у публічным абмеркаванні праблем калектыўнага гістарычнага мінулага і ўплываць на тое, якія вобразы гісторыі пашыраюцца. Цяпер у нас ёсць даволі жорсткі афіцыйны наратыў гісторыі, які спрабуюць захаваць сілавым спосабам. Асабліва гэта праяўляецца ў трактоўцы падзей Другой сусветнай вайны і сучаснай гісторыі. Але калі палітыка памяці зноў стане дэмакратычнай, і мы зможам усё разам арганізаваць публічнае абмеркаванне нашага мінулага — сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок», — упэўнены гісторык.