Людзі, якіх указваюць стваральнікамі «экстрэмісцкіх фармаванняў», могуць пра гэта не падазраваць. Як такое магчыма?
Евгений Корнеевец
Перевод
19 февраля 2024, 15:14

Людзі, якіх указваюць стваральнікамі «экстрэмісцкіх фармаванняў», могуць пра гэта не падазраваць. Як такое магчыма?

Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона

Усё часцей у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС пачалі публікаваць прозвішчы людзей, якія нібыта датычныя да стварэння гэтага «фармавання». «Медыязона» высветліла, што некаторыя з іх трапляюць туды амаль выпадкова — без расследавання і рашэння суду, а некаторыя — і зусім не маюць дачынення да арганізацыі, куды іх прыпісалі. Але пры гэтым пакаранне за «арганізацыю», «удзел» або «садзейнічанне экстрэмізму» прадугледжвае да 10 гадоў калоніі.

Для чаго прыдумалі «экстрэмісцкія» спісы

Спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС пачаў папаўняцца з 2021 года. Першым туды трапіла аб’яднанне рабочых «Рабочы рух». Усяго ў спіс на момант публікацыі ўнесена 171 «фармаванне»: сярод іх мноства тэлеграм-каналаў і чатаў — раёнаў і гарадоў, заводаў, дыяспар, большасць незалежных СМІ і нават музычны гурт з Рагачова Tor Band.

Паводле падлікаў «Беларускага расследавальніцкага цэнтра», у чэрвені гэтага года адсоткавыя суадносіны «экстрэмісцкіх фармаванняў» выглядалі так.

— Мяркую, што першапачаткова задача была крыміналізаваць журналісцкую дзейнасць: каб не выдумляць кожны раз розныя склады [злачынства] — як з Чульцовай было — прасцей прызнаць дзейнасць незаконнай у прынцыпе. Тады прыдумалі такі механізм — «экстрэмісцкае фармаванне», — растлумачыў «Медыязоне» адвакат Пётр, які абараняў палітычных зняволеных да 2022 года.

Мёртвыя душы

З 3 кастрычніка 2022 года ў спісах пачалі з’яўляцца імёны людзей, якім ставяць у віну стварэнне і дачыненне да фармаванняў. Першай стала група людзей, якія, на думку МУС, датычныя да канала Xinkalik, створанага ў Zello.

Наступным фармаваннем, дзе былі пазначаныя прозвішчы, стаў музычны гурт Tor Band. Акрамя музыкаў Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка, да «арганізатараў» упісалі жонку саліста — Юлію Галавач. Паводле інфармацыі «Белсат», цяпер яна знаходзіцца на волі і ў бяспецы.

У сакавіку мінулага года да «экстрэмісцкіх фармаванняў» прылічылі «Беларускую асацыяцыю журналістаў» — і побач з ёй 8 прозвішчаў. Чаму менавіта гэтых людзей вырашылі лічыць датычнымі да стварэння «экстрэмісцкага фармавання» — невядома.

— У нашым выпадку існуе факт рандомнага ўключэння людзей. У спіс унеслі некаторых людзей, якія ў той ці іншы час працавалі ў штаце грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»: прычым хтосьці скончыў працу дзесяцігоддзі таму, а хтосьці — працаваў да моманту ліквідацыі. Адзін чалавек наогул не працаваў у БАЖ, але ён — намеснік старшыні аб’яднання, — расказаў «Медыязоне» намеснік кіраўніка «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Падобная сітуацыя ў рэдакцыі выдання EX-PRESS.BY, якое ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» 8 лістапада 2023 года.

— У гэтых спісах, сапраўды, ёсць прыпіскі: калісьці некаторыя з названых мелі дачыненне да нас, гэта лёгка праверыць, але зараз — не. Пасля 2020 года склад рэдакцыі аднавiўся, дадаваліся новыя аўтары. У гэтым спісе ёсць людзі, якіх мы ўвогуле не ведаем — напрыклад, Алена Кульбякiна. Большасць людзей з гэтага спica зараз не маюць дачынення да сайта, — расказалі «Медыязоне» ў рэдакцыі выдання.

У ініцыятывы «Окрестина задержанные», якую ўнеслі ў спіс «фармаванняў» 21 лістапада 2023 года, з 6 чалавек толькі адзін мае дачыненне да працы праекта, распавяла «Медыязоне» стваральніца чата «Окрестина задержанные» Алена Памаха.

«Медыязоне» ўдалося знайсці ўсіх, каго звязалі з фармаваннем «Окрестина задержанные», але адказаў толькі адзін чалавек са спісу — ён сцвярджае, што ўсяго пару разоў пісаў у бот пра затрыманні.

— Чаму мяне палічылі заснавальнікам, незразумела. Я некалькі разоў пісаў інфармацыю пра затрыманых знаёмых.

Як папаўняюцца спісы

Паняцце «экстрэмісцкае фармаванне» з’явілася ў 2021 годзе пасля прыняцця новай версіі закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Згодна з ім, «фармаванне» — гэта група асоб, якая займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, спрыяе гэтаму або фінансуе яе.

Адвакат распавёў, як, на ягоную думку, выглядае механізм прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем». Аператыўнікі складаюць рапарты, прыкладваюць да іх скрыншоты з «нелаяльнымі да ўлады выказваннямі» і адпраўляюць іх у суд. Суд выносіць сваё рашэнне: прызнаць матэрыялы «экстрэмісцкімі» ці не.

— Пасля гэты пачак дакументаў ідзе на стол да міністра МУС. Ну і там, цудоўным чынам, вырашаецца пытанне, прызнаюць СМІ «экстрэмісцкім фармаваннем» ці не, — тлумачыць адвакат. — Гэтае пытанне павінен вызначаць суд, а не МУС: ёсць тут экстрэмізм ці не. Тое, што яны самі ў сябе вырашылі — выдатна, але гэта чыста меркаванне мянтоў, а не доказ. МУС — не той орган, які можа прызнаваць ці не прызнаваць дзеянні, яны могуць толькі ў суд накіраваць дакументы, і суд вырашыць.

Артыкул «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў калоніі, «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — да 7. Гэтыя крымінальныя артыкулы ўжылі ў абвінавачванні супраць фігурантаў «справы Рабочага Руху», якіх асудзілі на тэрміны ад 11 да 15 гадоў. Або справу супраць Уладзіслава Савіцкага — яго таксама асудзілі на 4 гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмізму» і «стварэнне фармавання», паставіць у віну перасылку ў бот Nexta відэа з расейскімі самалётамі.

Каго робяць «стваральнікамі фармаванняў»

Адвакат лічыць, што людзі трапляюць у спісы экстрэмісцкіх фармаванняў, засвяціўшыся ў адным з рапартаў міліцыі.

— Груба кажучы, па «плане» ў гэтым раёне трэба зрабіць столькі-та абыходаў кватэр, столькі-та затрымаць. Магчыма, нешта падобнае ёсць і па «экстрэмісцкіх фармаваннях», каб даваць справаздачу і казаць: «Ой-ёй, выявілі тут яшчэ ачагі [экстрэмізму]». У ходзе такіх дзеянняў па выяўленні нібыта небяспечных груповак трэба падаць матэрыялы, нешта накапаць.

На думку адваката, сілавікам трэба даць справаздачу аб выяўленні «ячэйкі», і чым больш там будзе прозвішчаў, тым больш адназначна, што гэта менавіта «фармаванне экстрэмістаў», а не асобныя людзі. З «падняццем» дакументаў і перапісваннем рапартаў пазнака «датычны» можа змяніцца да «датычны да стварэння» фармавання.

Былыя сілавікі з BELPOL таксама сцвярджаюць, што ў спісы сапраўды трапляюць людзі, якія былі згаданыя ў рапартах міліцыі. Яны распавялі «Медыязоне», што пры складанні такіх дакументаў дзейнічае «правіла», што лепш дадаць «лішніх», чым некага прапусціць.

— Гэта шлях найменшага супраціву і страх не ўнесці кагосьці, а потым атрымаць праверку ад УСБ (уласнай бяспекі) або КДБ і апраўдвацца, што ты не ўнёс не таму, што цябе папрасілі ці гэта твой знаёмы, ці ёсць нейкая карыслівая цікавасць. У сучаснай Беларусі прасцей унесці чалавека ў такі спіс, чым не ўнесці — адказнасці ж ніякай.

«Гэта не прысуд суду, гэта нават не дакумент следчага — гэта пустая паперчына»

Адвакат лічыць, што ўнясенне прозвішча ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» не мае юрыдычнай сілы.

— Тое, што МУС прызнала некага «экстрэмісцкім фармаваннем» — нічога не значыць. Гэта не прысуд суду, гэта нават не дакумент следчага — гэта пустая папера. З іншага боку, у Следчага камітэта ёсць фармальны абавязак: калі з’яўляюцца паведамленні аб здзяйсненні злачынства, то яны павінны расследавацца. З нагоды спісу «экстрэмісцкіх фармаванняў»: я магу памыляцца, але, па-мойму, гэтыя матэрыялы накіроўваюцца ў СК, і тыя ўжо ажыццяўляюць следчыя дзеянні. То бок следчым гэтыя матэрыялы маглі паступіць, тыя адкрываюць тэчку і бачаць, што там напісана лухта поўная.

У сваю чаргу, СК можа ўгледзець у рапартах МУС склад злачынства ў дзеяннях «асоб», якія трапілі ў «экстрэмісцкае фармаванне», а можа не ўгледзець. Калі следчы не бачыць складу, то справа закрываецца, але людзі застаюцца ў «экстрэмісцкім» спісе.

Былыя сілавікі з BELPOL мяркуюць, што дамагчыся выключэння са спісу «экстрэмістаў» праз суд нерэальна.

— У Беларусі ўсё, што тычыцца палітыкі, не мае ніякага дачынення да закона, нормаў права або справядлівасці. І суды дзейнічаюць роўна ў такой парадыгме, дзе калі трэба, значыць трэба. Доказы — гэта фармальнасці. І за «неабвержныя доказы» можа прымацца ўсё запар.