«Адчуванні фенаменальныя». Мінчанка ў калоніі навучылася працаваць на рэдкай машынцы, а цяпер шые на такой натаўскія балаклавы
Наста Кривошеева
Перевод
27 сентября 2023, 10:58

«Адчуванні фенаменальныя». Мінчанка ў калоніі навучылася працаваць на рэдкай машынцы, а цяпер шые на такой натаўскія балаклавы

Ілюстрацыя: Danny Berkovskii / Медыязона

Алу затрымлівалі тройчы — два разы ўсё сканчалася адміністрацыйнымі арыштамі. На трэці раз сілавікі прыйшлі да яе на працу, правялі ператрус і павезлі з сабой. Ёй далі 15 сутак арышту, але далей усё абярнулася крымінальнай справай і на волю Ала выйшла больш, чым праз год. «Медыязона» распавядае гісторыю палітзняволенай.

На просьбу гераіні мы змянілі яе імя і не ўказваем артыкул, па якім яна асуджаная. Дадзеныя ёсць у рэдакцыі.

Пакуль была ў ІЧУ, пачалася вайна. Жыццё ў «самай узорнай камеры»

Па крымінальнай справе Алу затрымалі не адразу. Спачатку былі суткі на Акрэсціна па адміністрацыйцы, потым — тамсама чаканне абвінавачвання па крыміналцы. Гэта было зімой 2022-га. У гэты час Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну — Ала і яе сукамерніцы даведаліся навіну пра пачатак вайны ад новай затрыманай.

«Усе былі ў шоку. Але напэўна, нешта прадвяшчала гэта, хоць мы былі там ужо з пачатку лютага і наогул не ведалі, што адбываецца. Людзі плакалі, бо ва ўсіх сваякі ва Украіне. Усе былі перапалоханыя».

Неўзабаве Алу перавялі ў мінскае СІЗА-1 на Валадарскага. Там удалося падбіраць драбінкі інфармацыі пра вайну ад ахоўнікаў. Увесну, падчас адной з прагулак, дзяўчаты пачулі, як у калідоры яны абмяркоўвалі Бучу.

«Мы спецыяльна ішлі павольней, каб больш пачуць. Яны апісвалі [што ім вядома]. У іх таксама былі пытанні, яны паміж сабой добра спрачаліся: хто гэта зрабіў, чаму, як і наколькі гэта праўда».

У камеры на Валадарскага з Алай жылі яшчэ сем-восем чалавек. Улетку там было вельмі душна — даводзілася змочваць вадой прасціны. Аконную раму ў памяшканні зняла адміністрацыя СІЗА, ад спёкі дапамагаў і вентылятар адной з суседак.

Паводле слоў Алы, у іх была «самая ўзорная камера» — дзяўчаты былі ціхімі, большую частку часу проста чыталі. Праз паўгода ў СІЗА ў Алы моцна сеў зрок, бо вакол быў толькі «дрэннае штучнае жоўтае святло».

«На Валадарскага добрая бібліятэка. Была нават Алексіевіч на беларускай, Оруэл на беларускай. Не кажучы ўжо пра Салжаніцына і гэтак далей. Сапраўды добры бібліятэкар. Мы пісалі спіс літаратуры, раз на два тыдні нам прыносілі кнігі — што-небудзь з гэтага спісу або вартую замену».

Калонія — гэта «новая дзяржава». Этап

Суд асудзіў Алу да 1,5 гадоў калоніі. Пасля прысуду і апеляцыі яе разам з іншымі жанчынамі этапавалі ў гомельскую ВК. Перавозілі на цягніку: каля 10 вечара іх у кайданках пагрузілі ў састаў, а раніцай яны былі ў іншым горадзе.

Як састаў выглядаў звонку, асуджаная не бачыла: аўтазак падвёз іх проста да ўваходу ў вагон. Унутры, як і ў звычайным купэйным вагоне, быў доўгі праход, толькі замест звыклых перагародак — краты, а ложкі замянялі драўляныя нары. У адным такім «купэ» ўсю ноч ехалі 13 жанчын.

Калонія адразу падалася Але «новай дзяржавай», якую ўсе разглядалі з цікаўнасцю. Яна прайшла каранцін і размеркавалася ў атрад. Акрамя ложка з асабістай прасторы ў жанчыны была тумбачка, у якой захоўваліся некалькі рэчаў са спісу дазволеных, і месца ў бакоўцы з іншымі асабістымі рэчамі, куды пускалі на некалькі хвілін у строга адведзены час.

Акрамя дзяжурстваў, пастраення і працы, зняволеныя павінны глядзець тэлевізар — унутранае тэлебачанне «Вектар», уключаюць яго праз флэшку, кажа Ала. Прагляд праходзіць у маленькай актавай зале. Асуджаным нельга адтуль выходзіць, яны не могуць спаць, пісаць і чытаць нешта паралельна.

«Паказваюць адно і тое ж па коле. "Клуб рэдактараў", які наш ваенгандаль выдатны, якія машыны выдатныя. Як квітнее наша прамысловасць, якія выдатныя расійскія вытворчасці і як мы з імі супрацоўнічаем».

Да лекара траплялі «бывалыя». Здароўе

Палітычным зняволеным нельга хадзіць у спартзалу і на кантрольна-следавую паласу — месца паміж платамі па перыметры калоніі. Іншыя асуджаныя перакопваюць яе і араюць граблямі — як кажа Ала, каб было відаць, калі нехта вырашыць уцячы. «Гэта вельмі цяжкая праца, там усе пакутуюць. Але я гэта бачыла толькі здалёк».

За час зняволення Ала схуднела, у яе сапсаваўся зрок і абвастрыліся хранічныя захворванні. Тэарэтычна ў калоніі можна было запісацца да лекара, але на справе зрабіць гэта было складана. Ад сезонных хвароб жанчыны лячыліся лімонам з крамы і імберцам з перадач.

«Бывалыя, якія шмат гадоў сядзяць, яны неяк вымудраюцца трапіць і да тэрапеўта, і да астатніх лекараў. Не ведаю, як у іх гэта выходзіць. Трымаць пры сабе лекі ні ў якім разе нельга. Толькі каб у санчастцы прапісалі і хадзіць туды на атрыманне. Але для гэтага трэба спачатку да тэрапеўта трапіць — замкнёнае кола».

Праца швачкай у калоніі прыдалася на волі

«Калонія — гэта велізарная колькасць абсалютна бессэнсоўнай працы, прыдуманай для таго, каб нечым заняць людзей. Увесь час нейкія ўборкі, дзяжурствы, выціранне ўсяго на свеце анучай, перацягванне аднаго і таго ж у розныя бакі».

Асуджаная пачала працаваць на швейнай фабрыцы. Ва ўсіх палітычных у першыя дні пыталіся: «Вы разумееце, што будзеце шыць форму для міліцыі, для вайскоўцаў? Вы можаце адмовіцца». Адмова ад працы караецца, тлумачыць Ала, за гэта могуць адправіць у ШІЗА.

Тым не менш у працы ў швейным цэху «хаця б была нейкая логіка»: «Гэта значыць ты вырабляеш нейкі выраб: пачынаеш шыць і сканчаеш. Зразумела, што гэта ўсё практычна бясплатна, але ў гэтым ёсць хоць бы нейкі сэнс».

За час у калоніі Ала ні разу не трапіла ў ШІЗА. Праз тое, што яна ні з кім не сварылася і «выконвала ўсё, што ад яе хацелі», ніякіх праблем з адміністрацыяй не было. Жанчына выйшла на волю вясной 2023 года.

«Спадзявалася, што за гэта ў мяне не будзе нагляду [пасля вызвалення] і ўсяго астатняга. На жаль, атрымалася так, што паставілі мяне на [прафілактычны] ўлік і забарону на выезд з краіны далі».

Выехаць усё ж удалося, і цяпер Ала жыве ў Польшчы. Калі яна шукала працу, разглядала і вакансіі швачкі. Беларуска знайшла месца, куды шукалі кандыдата, які ўмее карыстацца рэдкай швейнай машынкай. Менавіта на ёй Ала навучылася працаваць у калоніі.

«І вось ім патрэбны быў работнік якраз на гэтую спецыфічную машыну. Я прыйшла, аказалася, што яны шыюць натаўскія балаклавы. Ачмурэць. І я сказала «так». Тое, чым я зараз займаюся — адчуванні фенаменальныя. Як быццам я сяджу дома і шыю сцягі. Гэта мой адказ гэтаму ўсяму».