«Да канца змены белыя пальчаткі былі ружовыя ад крыві». Дзе і ў якіх умовах працуюць мужчыны ў калоніях
Полина Хрушч
Статья
25 апреля 2023, 15:00

«Да канца змены белыя пальчаткі былі ружовыя ад крыві». Дзе і ў якіх умовах працуюць мужчыны ў калоніях

Ілюстрацыя: Ганна Макарава / Медыязона

У калоніях палітзняволеныя мужчыны працуюць на шкодных вытворчасцях: чысцяць дрот, перапрацоўваюць гуму, выпальваюць вугаль. Ёсць і іншыя «спецыяльнасці», але ўсе гэтыя заняткі аб’ядноўваюць цяжкія ўмовы працы, нізкая аплата і перапрацоўкі. «Медыязона» апытала былых асуджаных і расказвае, на якія працы ў калоніях адпраўляюць мужчын.

Старыя абцугі і «парэпаныя акуляры». Перапрацоўка гумы

Адміністрацыя бабруйскай калоніі адпраўляе амаль усіх палітычных на ўчастак перапрацоўкі сырой гумы (УПСГ), расказвае Віталь Жук, які адбываў пакаранне за абразу Лукашэнкі. Праца такая: знаходзіць у гуме металічны дрот і даставаць яго абцугамі. Гуму на ўчастак прывозяць з прадпрыемства «Белшына», якое месціцца побач з калоніяй.

УПСГ размяшчаецца ў вялікім ангары, дзе мала святла — праз гэта псуецца зрок, заўважае Жук. Акрамя таго, у бетонным памяшканні холадна зімой і прадзімае.

— Улетку я не працаваў, бо мяне адправілі ў ПКТ. Са слоў зняволеных, памяшканне вельмі моцна награваецца, гума на вуліцы таксама. Яе заносяць у ангар, і там стаіць невыносны смурод. Пачынае балець галава, людзі губляюць прытомнасць, — расказвае ён.

На ўчастку асуджаныя атрымліваюць тканінавыя пальчаткі, старыя абцугі і «парэпаныя» пластыкавыя акуляры. З абцугоў выслізгвае дрот, а ў акулярах нічога не відаць, таму зняволеныя не карыстаюцца імі, а кладуць побач, каб не «парушаць тэхніку бяспекі». Віталь кажа, што ў калоніі ёсць і новыя акуляры, якія адміністрацыя выдае толькі да прыезду праверак, а пасля забірае.

— Калі цягнеш дрот, ён з гумы выстрэльвае і ўпіваецца ў руку. Уявіце, што вам у руку пастаянна тыкаюць іголкай ад шпрыца. У першы дзень мне далі новыя пальчаткі з тканіны белага колеру — да канца змены яны былі ружовыя [ад крыві], — расказвае былы палітвязень і дадае, што на такой працы асуджаныя перыядычна атрымліваюць траўмы.

Ілюстрацыя: Ганна Макарава / Медыязона

Рабочую вопратку зняволеным не выдаюць, таму яны ідуць на ўчастак у «тым, што ёсць». Здабыць касцюм можна ў іншых асуджаных, напрыклад, за блок цыгарэт, але гэта караецца. Калі адміністрацыя даведаецца, можа адправіць у штрафны ізалятар, кажа Віталь.

Усю працоўную змену асуджаныя праводзяць на нагах. Першая змена пачынаецца прыкладна ў 8:30 і заканчваецца каля 12:00, другая змена працуе з абеду да вечара, а трэцяя з вечара да ночы, расказвае Жук.

Норма выпрацоўкі — 700 грам чыстай гумы. Калі кавалкі тоўстыя, кажа Віталь, «нарваць» столькі можна і за паўтары гадзіны, а калі не — даводзіцца прасіць іншых зняволеных «дакінуць» патрэбную колькасць, каб адміністрацыя не адправіла ў ШІЗА.

— Палітычныя хлопцы падтрымлівалі адзін аднаго, знаходзілі спосабы дамаўляцца з іншымі зняволенымі, каб яны вылучалі нам гэтую гуму, у каго ёсць [больш за норму]. Калі нарваў кілаграм, ёсць яшчэ вольны час, і я бачу, што за суседнім сталом у «жоўціка» мала, то свае 200-300 грам нясу яму, — расказвае ён.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы на УПСГ, зняволеныя знаходзяць у працы плюс — на гэтым участку могуць знаёміцца і камунікаваць «палітычныя» з розных атрадаў.

— Не заўсёды ўдавалася схавацца ад вачэй і вушэй — як толькі адміністрацыя даведвалася, што адбываюцца нейкія актыўныя дзеянні на УПСГ, змены расфарміроўвалі, — кажа Віталь.

Чорны дым і ніякіх пальчатак. Дрот

Яшчэ адзін від працы — атрыманне медзі з кабеляў, якія ў калоніі прывозяць тэлекамунікацыйныя прадпрыемствы. З правадоў трэба зняць аплётку і дастаць медны дрот. Паводле слоў былых асуджаных, паліць дрот забаронена з-за шкоды экалогіі, але гэта ўсё ж робяць — уначы, каб не было відаць чорнага дыму, кажа блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў. У ПК-17, паводле слоў Івана, дым не хавалі.

Кабанаў расказвае, што за два тыдні ў калоніі атрымлівалі пяць-шэсць тон медзі. Пры гэтым строгай штодзённай нормы не было. У брыгадзе імкнуцца «асабліва не надрывацца», але працуюць усе — існуе пэўная «таварыскасць», кажа ён.

Участак знаходзіцца ў вялікім цэху — зімой там холадна, але «асабліва не замярзаеш» праз цяжкую працу. Адміністрацыя ПК-1 інструменты не выдавала, таму зняволеныя прасілі тых, хто працуе ў рамонтна-механічным цэху, зрабіць спецыяльныя выгнутыя нажы — пазней на іх ставілі кляймо.

— У кожнага сваё кляймо. Вось ты працуеш, могуць прыйсці праверыць, каб у цябе гэты нож быў. Бываюць такія моманты, калі чалавек выйшаў, дапусцім, падчас перапынку, і нож забыўся на стале з дротам. Кантралёры могуць гэты нож да сябе ў кішэню пакласці і сказаць: «О, страціў нож. Будзе ШІЗА табе», — расказвае Кабанаў.

Ілюстрацыя: Ганна Макарава / Медыязона

Робу былому палітвязню выдалі толькі праз два тыдні пасля пачатку працы ў цэху, але замест 50 памеру прынеслі 42 — іншых варыянтаў не было. Пальчаткі таксама трэба было шукаць самому.

«Папялушчына праца». Пластык

У наваполацкай калоніі зняволеныя працуюць «на пластыку»: сартуюць пакеты і перабіраюць пластмасавы гранулят, з якога пазней робяць поліэтыленавую плёнку. Пакеты прывозяць у калонію ў вялікіх цюках — Аляксандр Кабанаў мяркуе, што іх пастаўляюць з супермаркетаў, а Сяргей, які адбываў у ПК-1 пакаранне за грубае парушэнне парадку, кажа, што іх, «мабыць, збіралі бамжы на сметніку».

Зняволеныя выкідваюць з пакетаў рэшткі прадуктаў і прыбіраюць налепкі, каб у пластыку не было іншародных часціц. «Гэта непрыемна, бо калі нават проста заходзіш на гэты ўчастак, там смярдзіць», — адзначае Кабанаў.

Пластыкавыя гранулы асуджаныя перабіраюць за адмысловым сталом — раздзяляюць па колерах сумесь дробных чорных і белых пацерак.

— Папялушчына праца, разумееце? Пацеркі памерам з міліметр-два, іх там мільён. Я так радаваўся, што мяне на гэтую працу не адправілі, бо я б заснуў у першы ж дзень проста на гэтых пацерках, — кажа Сяргей.

Скразняк і высокі траўматызм. Дрэваапрацоўка

У калоніях працуюць цэхі па дрэваапрацоўцы (ДАЦ), дзе выконваюць заказы для розных прадпрыемстваў. Відаў працы на ДАЦ шмат — ад распілоўвання дрэва да прыборкі пілавіння.

— Гэта велізарныя горы пілавіння, іх трэба грузіць, перавозіць. Таксама фізічна цяжкая праца і ўсё роўна, снег, дождж — гэта наогул нікога не хвалюе, — расказвае Аляксандр Кабанаў.

У ПК-17 на дрэваапрацоўчы цэх рабілі ўпор — амаль у кожным атрадзе была брыгада, якая там працавала, расказвае Іван. Гэты ўчастак лічыцца «нядобрым» праз высокі траўматызм — «кожны месяц некаму адразала руку, пальцы», дадае ён. Акрамя таго, у вялікім цэху ўвесь час быў скразняк — праз гэта зняволеныя часта хварэлі.

За працаўнікамі на ДАЦ пільна сачылі — па ўчастку хадзіў міліцыянт, а цэх быў «утыканы камерамі», кажа былы палітвязень.

«100% пакаранне». Выпальванне вугалю

Працу на «вугалі» Аляксандр Кабанаў называе 100% пакараннем. Туды адпраўляюць усяго траіх ці чацвярых асуджаных з калоніі і імкнуцца зрабіць так, каб доўга там не працавалі — «доўга ніхто не вытрымлівае», кажа Кабанаў.

Ілюстрацыя: Ганна Макарава / Медыязона

Асуджаныя працуюць на вуліцы, спальваюць дровы без доступу кіслароду ў металічных бочках. Зняволеныя дыхаюць дымам, а сажа ўбіраецца ў скуру. Паводле слоў Кабанава, «на вугалі» працуюць людзі з «гучнымі» крымінальнымі справамі.

У снежні мінулага года штаб Віктара Бабарыкі паведамляў, што палітыка перавялі на гэтую працу, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні.

Зграбаць снег і лужыны. Прыбіранне тэрыторыі

Сяргей расказвае, што адміністрацыя ПК-1 размяркоўвала «самых экстрэмісцкіх экстрэмістаў» на ўборку тэрыторыі. Брыгада з 10-11 чалавек працавала ў любое надвор’е па сем гадзін пяць дзён на тыдзень.

На прыбіранні тэрыторыі зняволеныя «не асабліва напружваліся» — прыбіралі снег і лужыны фанернымі шчытамі, успамінае Сяргей. Снег з прамзоны звозілі ў адно месца — за зіму там вырастала гара ў 6-7 метраў вышынёй, якую аднойчы сказалі прыбраць.

— Каб зрабіць паказуху перад праверкамі, мы былі вымушаныя раздзёўбваць гэты снег, раскідваць, каб хутчэй раставаў. Каб куча снегу не мазоліла вочы начальству, — расказвае Сяргей.

Адзін перфаратар на калонію і 30 рублёў заробку. Будаўнічыя працы

Суразмоўцы «Медыязоны» расказваюць, што ў калоніях, дзе яны адбывалі пакаранне, зняволеныя працавалі будаўнікамі. Са слоў Аляксандра Кабанава, у іх «шыкоўны» заробак — 30 рублёў на месяц.

За гэтыя грошы асуджаныя працуюць «і днём, і ноччу» — рамонт у калоніі ніколі не сканчаецца. Будаўнікі займаюцца ўсім — пачынаючы ад электрыкі і заканчваючы сантэхнікай, але інструментаў хапае не заўсёды.

— На ўвесь лагер пры мне быў адзін перфаратар, і адзін чалавек займаецца толькі тым, што носіць яго з атрада ў атрад, бо ён заўсёды патрэбны, — кажа Кабанаў.

Камізэлькі для вайскоўцаў. Швейная вытворчасць

У мужчынскіх калоніях ёсць швейныя цэхі — там працуюць зняволеныя, якія прайшлі навучанне швейнай справе. На «швейцы» ў ПК-1 робяць робы і целагрэйкі, расказвае Аляксандр Кабанаў.

— У маёй секцыі жыў чалавек, які працаваў брыгадзірам на швейцы. Да іх паступіў заказ на пашыў некалькіх тысяч разгрузных камізэлек для вайскоўцаў. Супала гэта з абвяшчэннем вайны. Швейка радавалася, што замова досыць вялікая, — кажа Віталь Жук.

Паводле слоў суразмоўцаў «Медыязоны», праца на швейным участку сярод асуджаных лічыцца нядрэннай — «увесь час у цяпле» і ёсць магчымасць «сябе трохі абшыць».

— Недзе штаны парвуцца, ты іх шыеш — адзін зашывае, а другі стаіць насупраць акна і глядзіць, каб не зайшлі ў цэх, інакш пакараюць, — расказвае былы палітвязень Іван.

Іншыя «спецыяльнасці»

Некаторыя зняволеныя (ці нават цэлыя атрады) займаюцца гаспадарчым абслугоўваннем — працуюць у сталовай, пральні, цырульні і прыбіраюць у адміністрацыйных будынках. Дар’я Чульцова расказвала, што ў жаночай калоніі праца прачкі і прыбіральшчыцы лічыцца прэстыжнай, бо там больш свабоды перамяшчэння — зняволеныя не прымацаваныя да фабрыкі.

Паводле слоў Аляксандра Кабанава, працаваць у сталовай цяжка — зняволеныя выходзяць на працу а 4 раніцы, а вяртаюцца а 9 вечара. Работнікаў сталовай часта адпраўляюць у ШІЗА, бо яны засынаюць проста на працоўным месцы, дадае былы палітвязень.

— [Вольнага] часу ў іх няма практычна ніякага. Затое яны могуць паесці ад пуза — і 10 катлет, і рыбы колькі хочаш, — кажа ён.

Суразмоўцы «Медыязоны» расказваюць, што асуджаныя працуюць кацельшчыкамі, токарамі, фрэзероўшчыкамі і слесарамі, перабіраюць каляровы метал, збіраюць фары для завода «МАЗ», робяць тратуарную плітку, працоўны абутак, дранку для распалкі, цвікі і нават вараць мыла.