«Супрацоўнікі СІЗА дзівіліся: "Ой, і вас пасадзілі"». Палітвязень вызваліўся і застаўся ў краіне, спадзеючыся на перамены
Перевод
15 февраля 2024, 18:50

«Супрацоўнікі СІЗА дзівіліся: "Ой, і вас пасадзілі"». Палітвязень вызваліўся і застаўся ў краіне, спадзеючыся на перамены

Ілюстрацыя: Мария Талстова / Медыязона

Максім адседзеў у калоніі два гады — за абразу прадстаўніка ўлады. Выйшаў і вырашыў не з’язджаць, хоць разумее, што зноў можа быць затрыманы. Ён распавёў блогу «Шуфлядка», што дапамагала трымацца ў зняволенні: салідарнасць асуджаных «экстрэмістаў», спатканні, какава і нават дождж.

Імя героя змененае. У мэтах бяспекі не пазначаныя падрабязнасці, у тым ліку крымінальнай справы.

Затрымалі на вачах у сына

Два гады таму Максім заехаў на працу на пяць хвілін, у машыне яго чакаў сын. Услед за Максімам у будынак зайшлі сілавікі і неўзабаве вывелі адтуль у кайданках. Падлетак бачыў усё гэта з машыны.

«Супрацоўнік у цывільным сеў у нашу машыну і размаўляў з ім. Як я потым даведаўся, яму сказалі, што тата зладзіў на трасе сур’ёзную аварыю, і таму мяне затрымалі».

Сын правёў у міліцыі пяць гадзін, потым яго забраў дзядуля. Максім кажа, што хлопец «усё выдатна зразумеў, калі яму распавялі праўду» пра затрыманне.

Максіма чатыры дні трымалі ў гарадскім ІЧУ. «Пакаяннае»  відэа з ім пераздымалі некалькі разоў, бо супрацоўнікаў задавальняла не ўсё сказанае. Гатовы тэкст Максіму не давалі, толькі растлумачылі на словах, што ён павінен сказаць.

«Разы тры ці чатыры прыязджалі, у розныя дні. Я так разумею, што кансультаваліся з некім, задаволіць, не задаволіць. Вярталіся, пераздымалі», — тлумачыць Максім.

Неўзабаве яму прад’явілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА.

«Супрацоўнікі СІЗА дзівіліся: "Ой, і вас пасадзілі"»

У СІЗА ў райцэнтры не было перапоўненых камер, як гэта часта здараецца, напрыклад, на Валадарцы ў Мінску. Не хапала свежага паветра, бо ў камеры пастаянна палілі, яркіх фарбаў і прыроды.

«Прывялі атрымліваць пасылку. А я стаю, і за акном расце рабіна. Вось яна ўся зялёная, з чырвонымі ягадамі. І я проста як замбаваны стаю, гляджу на яе. Мяне нешта пытаюцца, я нешта адказваю, а сам позірк проста не магу адарваць».

У СІЗА Максіма рэгулярна пераводзілі з камеры ў камеру. Праз месяц такіх перасоўванняў у кожнай камеры ён сустракаў знаёмых. Пазнавалі яго і супрацоўнікі ізалятара: «У нас горад невялікі, з некаторымі з іх я працаваў. Вельмі дзівіліся: "Ой, і вас пасадзілі?"»

Лісты ў ізалятар Максіму прыходзілі толькі ад сваякоў, але часам даходзілі пасылкі і паштоўкі ад незнаёмых людзей. «Гэта, вядома, вельмі моцна матывавала, падтрымлівала».

«Калі было фігова, выходзілі на ганак і любаваліся, як падаюць кропелькі». Калонія

Максіма судзілі ў закрытым рэжыме, упершыню пасля затрымання ён убачыў родных толькі падчас прысуду. Калі суддзя зачытвала яго, і Максім, і яго блізкія плакалі.

«Мама, жонка, дзеці, сястра прыехала. Расплакаліся ўсе, вядома. Нават я. У мяне ўжо ком у горле проста быў, я ўжо казаць нічога не мог. Пасля суду нам далі спатканне, там палягчэла».

Максім атрымаў 2 гады калоніі. Адбываць пакаранне Максіма адправілі ў ПК-3 у Віцьбу. Калонію ён успамінае як «асаблівы свет», да якога трэба было прывыкнуць.

«Першы месяц у мяне быў вельмі прыгнечаны стан: куча незнаёмых людзей вакол. Сам сябе накручваеш яшчэ: добра СІЗА, а вось тут-та ўжо сядзяць маньякі і забойцы. А пачынаеш камунікаваць — і зусім па-іншаму людзей успрымаеш. Сутыкнуўшыся з судовай сістэмай, разумееш, як гэта ўсё адбываецца, наколькі прыцягнутыя за вушы бываюць доказы. Разумееш, што шмат народу сядзіць незразумела за што».

З часам Максім зразумеў, што сярод зняволеных існуе калі не «братэрства», то моцныя салідарнасць і падтрымка — асабліва сярод тых, хто сядзіць па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

«Я не меў патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы, а вось маральна — так. Спачатку нічога ж не ведаеш, не разумееш, некамфортна самому адразу ўступаць у размову. Ну і мяне вось так "выцягвалі": "Гэй, пайшлі гарбаты пап’ем. Гэй, мы тут салату прыгатавалі, давай з намі". І ты патроху супакойваешся, не так трывожышся і раздражняешся на ўсё».

У ПК Максім захаваў звычку аднаўляць душэўны спакой, назіраючы за дажджом. Ён нават далучыў да гэтага некалькі іншых зняволеных.

«Я люблю, калі дажджлівае надвор’е, зайсці ў якую небудзь цёплую кавярню, сесці да акна, піць нешта смачнае і глядзець, калі табе цёпла і суха, як бегаюць людзі пад дажджом, якім мокра, холадна і мокра. Я знайшоў пару чалавек-аднадумцаў. Калі нам станавілася фігова і было пахмурнае надвор’е, мы проста рабілі какаву, бралі якую пячэньку-шакаладку, выходзілі на ганак і любаваліся, як падаюць кропелькі, эмацыйна разгружаліся».

У калонію Максім трапіў перад Новым годам. Экс-палітвязень успамінае: сабраліся чалавек пяць з «экстрэмісцкімі» артыкуламі, заварылі гарбату гадзін у дзесяць вечара, з’елі па зефірцы ў шакаладзе і леглі спаць.

«Я думаю, блін, панылы ў нас Новы год атрымаўся. І я прам задаўся мэтай зрабіць для хлопцаў нармальны Новы год з торцікам, усё як мае быць. У наступным годзе мы наварылі глінтвейну — купілі на атаварцы яблычны сок, [гарбату] каркадэ заварылі, дадалі туды спецыі для глінтвейну, накрышылі яблык, апельсін. Нарабілі бутэрбродаў з чырвонай рыбай з перадач. Нейкія салацікі накрышыў, два торты зляпілі з масла, згушчонкі і каржоў, якія на атаварцы прадаюцца. Паўнавартасны навагодні стол атрымаўся».

Нечаканае спатканне

Мацней за ўсё ў зняволенні Максіму не хапала сустрэч з блізкімі. Акрамя таго, ён перажываў за сына, які стаў сведкам яго затрымання.

Атрымаць спатканне або званок па скайпе для палітвязня ў калоніі складана, кажа Максім. Трэба напісаць заяву, атрымаць дазвол ад начальніка атрада, аператыўніка, начальніка калоніі і яго намесніка. Аднак аднойчы Максім раптам атрымаў кароткае спатканне з блізкімі.

Тады родныя прывезлі асуджанаму перадачу. Яны прыехалі ў калонію раніцай, калі перадачы прымалі пасля абеду. Аддаць яе раней супрацоўнік калоніі не дазволіў, затое прапанаваў кароткатэрміновае спатканне.

«Сам прапанаваў, паглядзеў на маю картку, мабыць, што ў мяне там ніякіх да гэтага спатканняў не было. Родныя, вядома, пагадзіліся. Гадзіны паўтары мы пагаварылі. Жонка прыехала, сын і дачка. Але гэта цяжка. Я, можа, таму і не хацеў сустракацца. Таму што цяжка потым наладзіцца, увайсці ў звычайны псіхалагічны стан, каб дах не з’ехаў, каб не ўскрыцца».

«Дома проста з’еў кавалак мяса. Простыя рэчы там атрымліваюць іншы сэнс і каштоўнасць». Вызваленне

«Я разумеў, што там, на волі, нічога не змянілася. Больш за тое, я ж і раней разумеў, што мяне рана ці позна пасадзяць. Мы нават пра гэта з жонкай і дзецьмі размаўлялі, каб яны неяк маральна былі гатовыя да гэтага».

На выхадзе з калоніі Максіма сустрэла сям’я: «Абняліся, сустрэліся. Дома проста кавалак мяса з’еў, гэтага не хапала. Там [у зняволенні] простыя рэчы атрымліваюць наогул іншы сэнс і каштоўнасць».

Максім вырашыў застацца ў Беларусі. Ён разумее, што яго могуць затрымаць яшчэ раз у любы момант, але з’язджаць не хоча, спадзеючыся на перамены да лепшага.