Выцягнулі з машыны, паклалі на зямлю, застрэлілі. У Швейцарыі судзяць былога собраўца, які прызнаўся ў датычнасці да забойстваў апанентаў Лукашэнкі ў дзевяностых
Статья
26 сентября 2023, 11:07

Выцягнулі з машыны, паклалі на зямлю, застрэлілі. У Швейцарыі судзяць былога собраўца, які прызнаўся ў датычнасці да забойстваў апанентаў Лукашэнкі ў дзевяностых

Юрый Гараўскі прыбывае ў суд Санкт-Галена, 19 верасня 2023 года. Фота: Gian Ehrenzeller / AP

Суд у Швейцарыі разгледзеў справу супраць былога собраўца Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ў датычнасці да забойстваў беларускіх апазіцыянераў у канцы дзевяностых — тады яму было 20 гадоў. Прысуд Гараўскаму вынесуць на наступным тыдні. У судзе ён нерваваўся: падвышаў голас, адмаўляўся ад паказанняў, сядзеў спінай да пацярпелых. Гэта першы суд па справе аб знікненні апанентаў Лукашэнкі — у Беларусі расследаванне ні да чаго не прывяло. «Медыязона» нагадвае, як гісторыя пра забойства Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі зрушылася з месца праз шмат гадоў.

Юрый Гараўскі распавядаў, што ў кастрычніку 2018 года яго вывезлі з Мінска ў Швейцарскі Базэль у багажніку машыны з дыпламатычнымі нумарамі. У Швейцарыі ён падаў заяву аб прадстаўленні прытулку, адкуль яго накіравалі ў Санкт-Гален. Беларус расказаў міграцыйным службам пра сваё дачыненне да забойстваў палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе — былога кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Яму не паверылі і адхілілі просьбу ў прытулку. У 2019 годзе Юрый Гараўскі звязаўся з журналістамі Deutsche Welle і распавёў падрабязнасці выкраданняў і забойстваў.

Гэтае інтэрв’ю лягло ў аснову абвінавачвання Гараўскага і стала першай за шмат гадоў зачэпкай у гісторыі са знікненнем Захаранкі, Красоўскага і Ганчара.

Тры апаненты Аляксандра Лукашэнкі

Юрый Захаранка быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе. З ліпеня таго года па жнівень 1995-га ён узначальваў Міністэрства ўнутраных спраў. Неўзабаве шляхі паплечнікаў разышліся. Захаранка ўдзельнічаў у супрацьстаянні паміж Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам напярэдадні рэферэндуму 1996 года, арганізоўваў Кангрэс у абарону дэмакратыі і падтрымліваў віцэ-спікера парламента і мэра Маладзечна Генадзя Карпенку.

Юрый Захаранка знік без вестак 7 траўня 1999 года.

Віктар Ганчар таксама падтрымліваў Лукашэнку падчас Першай для яго прэзідэнцкай гонкі, але пазней стаў да яго ў апазіцыю. Крыху больш за месяц Ганчар быў кіраўніком ЦВК, але за 10 дзён да рэферэндуму 1996 года яго знялі з пасады. Яго месца заняла Лідзія Ярмошына — яна кіравала камісіяй наступныя 25 гадоў.

Ганчар уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, а 1999 годзе быў арганізатарам альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў.

16 верасня 1999 года Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага выкралі: калі яны выйшлі з лазні на вуліцы Фабрычнай у Мінску і селі па машынах. На месцы выкрадання знайшлі сляды крыві.

Беларускія ўлады не знайшлі вінаватых у выкраданні апанентаў Лукашэнкі. У 2004 годзе спецдакладчык ПАРЕ Хрыстос Пургурыдэс апублікаваў даклад, у якім выказаў здагадку, што ўсіх траіх выкраў атрад пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі.

Трапіў у САХР у 20 гадоў. Суд

Экс-баец САХР (СОБР), 45-гадовы Юрый Гараўскі прыехаў у суд швейцарскага Санкт-Галена пад аховай спецслужбаў. Бус з былым сілавіком падагналі да самых дзвярэй, абвінавачаны выйшаў з яго з накінутым капюшонам.

У судзе Гараўскі выглядаў прыгнечаным і спярша гаварыў ціха, заўважыла журналістка «Новага Часу», якая прысутнічала на пасяджэнні. Падчас допыту ён павышаў голас, пераходзіў з рускай мовы на нямецкую. Экс-баец адмовіўся ад часткі паказанняў, якія даваў швейцарскай міграцыйнай службе і якія на пасяджэнні зачытваў суддзя.

Напрыклад, ён адмовіўся ад слоў, што яго задачай было «распрацаваць сістэму ліквідацыі людзей». Суд спытаў, чаму, а собравец адказаў, што «не ліквідоўваў людзей, а затрымліваў». Акрамя таго, ён адмаўляўся адказваць на пытанні суддзі Олафа Кумбеля пра САХР, Дзмітрыя Паўлічэнку і іншых камандзіраў часткі, дзе ён служыў.

Гараўскі не захацеў каментаваць пытанні пра «палкоўніка Смірнова», нягледзячы на тое, што расказваў пра яго падчас папярэдняга следства.

У інтэрв’ю Гараўскі распавядаў, што ў спецатрадзе ён апынуўся ў 1998 годзе пасля тэрміновай службы ў войску. У чэрвені 1999 года атрад стаў называцца САХР — спецыяльны атрад хуткага рэагавання. У 20 гадоў Гараўскі стаў намеснікам камандзіра першай групы.

«Зрабіць так, каб не было балюча». Забойства Захаранкі

Падчас выкрадання Захаранкі Гараўскі нібыта думаў, што міністра павязуць за горад, каб «правесці гутарку». Для чаго ўсё гэта было насамрэч, ён зразумеў, толькі калі Паўлічэнка стрэліў у Захаранку. Такую версію абвінавачаны выклаў у судзе.

«Паўлічэнка сказаў дастаць яго з машыны і пакласці на зямлю. Калі мы гэта зрабілі, Паўлічэнка дастаў з бардачка пісталет і стрэліў два разы ў сэрца», — распавядаў Гараўскі.

У інтэрв’ю журналістам ён казаў іншае: што сачылі за Захаранкам паўтара тыдня, а ў дзень забойства Паўлічэнка сказаў, што палітыка трэба «затрымаць і ліквідаваць».

Гараўскі казаў, што ён разам з іншымі супрацоўнікамі пры выкраданні прад’явіў Захаранку дакументы, надзеў кайданкі. Міністр папрасіў «зрабіць так, каб не было балюча».

Пасля яны з’ехалі ў раён вучэбнай базы ўнутраных войскаў на Валоўшчыне. Калі прыехалі да стрэльбішча, Паўлічэнка папрасіў у Гараўскага пісталет. Ён два разы стрэліў у экс-міністра. Праз 10-15 хвілін яны паклалі яго ў багажнік і адвезлі да крэматорыя Паўночных могілак у Мінску. Там цела палітыка спалілі.

Выцягнулі з машыны, паклалі на зямлю, застрэлілі. Забойства Красоўскага і Ганчара

Пасля перапынку ў судзе Гараўскі расказаў пра забойства Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Былога кіраўніка ЦВК і бізнэсоўца выкралі 16 верасня 1999 года, калі яны разышліся па машынах пасля лазні. Гараўскі і яго калега Панкоў затрымлівалі Ганчара. Паводле слоў Гараўскага, ён разбіў палітыку нос, каб пайшла кроў. Паводле яго сцвярджэння, ён хацеў, каб засталіся сляды — гэта магло дапамагчы ў будучым расследаванні выкрадання. Ужо тады ён «разумеў увесь цяжар злачынства».

Два іншыя супрацоўнікі — Барадач і Кажэўнікаў — затрымлівалі Красоўскага. Пасля ўсе разам яны селі ў чорны джып і паехалі ў бок пасёлка Бягомль у Докшыцкім раёне.

Машына зрабіла прыпынак. Да яе падышоў мужчына ў касцюме і загадаў выкрадзеным падняць галовы: так ён пацвердзіў асобы выкрадзеных.

Калі машына даехала да канчатковага пункта, Паўлічэнка загадаў дастаць Ганчара і Красоўскага з машыны і пакласці на зямлю побач з ёй. Затым ён двойчы стрэліў у спіну кожнаму. Рэчы забітых спалілі, а целы закапалі.

На паседжанні Гараўскі адмовіўся ад мінулых паказанняў, якія сведчылі, што пісталет, з якога страляў Паўлічэнка, да забойства быў у яго. Суддзі ён сказаў, што гэта вынік «кепскага перакладу».

Падчас допыту пракурор настойваў, што Гараўскі раней тройчы казаў, што даў расстрэльны пісталет Паўлічэнку. У судзе ён адмовіўся ад гэтых слоў, спаслаўшыся на «няправільна сфармуляванае пытанне».

Deutsche Welle зрабіла з мяне кілера. Дзякуй. Я нікога не забіваў. Іншыя людзі забівалі, чаму я павінен несці за гэта адказнасць? — казаў Гараўскі ў судзе.

Вось што ён казаў журналістам у 2019 годзе.

— Паўлічэнка нас за два ці тры дні да гэтага сабраў. Мы тады знаходзіліся на базе САХРа ў раёне паміж Бягомлем і Докшыцамі, трэніраваліся. Ён сабраў наш касцяк і кажа: «Хто паедзе на затрыманне? Трэба будзе дваіх затрымаць і ліквідаваць», — казаў ён у 2019 годзе.

Каго менавіта трэба будзе ліквідаваць, байцам не паведамлялі. Далі выбар: або затрымліваць, або «капаць ямы».

Журналістам Гараўскі расказваў, што ў дзень забойства «Паўлічэнка даў яму пісталет і кабуру». Пры выкраданні Гараўскі разбіў акно ў машыне Ганчара металічным ланцугом, трапіў яму па губе і пераноссі.

Калі выкрадзеных прывезлі пад Бягомоль, дасталі з машыны і паклалі побач з загадзя раскапанай ямай, Паўлічэнка падышоў да Гараўскага і ўзяў у яго пісталет.

«І Паўлічэнка робіць два стрэлы ў вобласць сэрца Ганчару і два стрэлы ў вобласць сэрца Красоўскаму. Пасля першага стрэлу Ганчар ускрыкнуў, таму што, мабыць, куля не ў сэрцы трапіла, а недзе побач прайшла. А другі стрэл яго ўжо прысудзіў», — распавядаў Гараўскі.

Тое, што Паўлічэнка не насіў пісталет сам, а перадаваў яму, Гараўскі тлумачыў так:

«Паўлічэнка — аматар пафасу, але насіць зброю ён не любіў. А чаму мне аддаваў пісталет — ёсць паняцце іерархіі, я ўжо служыў па кантракце паўгода, а іншыя толькі заступілі. Ну, ці ён, можа, мне больш давяраў».

Яны ўзялі забітых і «пакідалі іх у яму», якую «закопвалі хвілін 40». Джып Красоўскага на наступны дзень расціснулі з дапамогай БТР і закапалі.

Праз тры дні Паўлічэнка перадаў байцам узнагароду за забойствы — па тысячы долараў кожнаму.

Хацеў «данесці праўду». Запыт пракурора: год рэальнага тэрміну і два гады ўмоўна

Гараўскі расказваў, што ў лістападзе 2000 года яго разам з Паўлічэнкам затрымлівалі па падазрэнні ў выкраданні апанентаў Лукашэнкі, але адпусцілі праз дзень. Неўзабаве ён сышоў са спецпадраздзялення.

У пачатку 2000-х Гараўскага асудзілі за вымагальніцтва на 4 гады калоніі, ён выйшаў датэрмінова. Пасля вызвалення ён працаваў у мэблевым цэху, ахоўнікам у начным клубе, займаўся бізнэсам. Трапіў у ДТЗ, пасля якога ў яго з’явіліся праблемы са здароўем. З ягоных слоў, ён два тыдні правёў у коме, у яго быў пералом хрыбетніка, нагі, яму рабілі трэпанацыю чэрапа. Некалькі гадоў пасля гэтага ён увесь час хадзіў у бальніцу.

Гараўскі пазбягаў прамога адказу на пытанне суддзі аб тым, як апынуўся ў Швейцарыі. Паводле яго слоў, «куратар» сказаў, што яго «адвязуць у Еўропу». Пасля гэтага пытання ён перайшоў на шэпт і сказаў, што «не хоча называць імёны, гэты чалавек яшчэ служыць», пісала «Медуза».

— Навошта вы зняліся ў фільме, вы такім чынам спрабавалі націснуць на міграцыйныя службы? — удакладніў суддзя.

— Я хацеў данесці праўду, нягледзячы на пагрозу ўласнага жыцця. Я ўжо страціў абсалютна ўсё, — адказаў Гараўскі.

У наступным годзе ў экс-собраўца заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, а праз новыя законы ён не зможа працягнуць яго за мяжой. Ён паабяцаў быць законапаслухмяным грамадзянінам, плаціць падаткі і працаваць, калі яго пакінуць у Швейцарыі.

Пракурор Петэр Хангартнер папрасіў пакараць Гараўскага трыма гадамі пазбаўлення волі: год рэальнага тэрміну і два ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у чатыры гады. Ён папрасіў не высылаць Гараўскага ў Беларусь. Прадстаўнік сям’і пацярпелых Севярын Вальц заявіў, што Гараўскі павінен выплаціць па 200 тысяч швейцарскіх франкаў — каля 222 тысяч долараў — сем’ям зніклых, і 5% ад гэтай сумы за кожны год, які прайшоў са знікнення.

Адвакат Гараўскага заявіла аб поўнай невінаватасці падабароннага, прызнаўшы, што ён удзельнічаў у выкраданні, але спаслаўшыся на тое, што тэрміны даўнасці злачынства ўжо выйшлі. Яна сказала, што яе падабаронны быў «усяго толькі салдатам, які выконваў загад» і не ведаў, што праціўнікаў Лукашэнкі плануюць забіць.

«Паважаны суд, вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесяце суровае пакаранне, то больш ніхто ў свеце не будзе распавядаць пра злачынствы ўлады. Я прашу прабачэння ў блізкіх і родных загінулых, разлічваю на справядлівае рашэнне швейцарскага суда», — сказаў Гараўскі ў апошнім слове.

Суддзя абвясціў, што рашэнне будзе выкладзена ў пісьмовай форме на наступным тыдні. Асобнага пасяджэння з абвяшчэннем прысуду не будзе.