Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона
Сярод зняволеных беларускіх ізалятараў і калоній ёсць цяжарныя жанчыны і кормячыя мамы. Пра тое, як павінен быць уладкаваны іх побыт, суха распавядаюць нарматыўныя дакументы, але ў іх няма ні слова пра тое, як гэта — нараджаць і выхоўваць дзяцей за кратамі. Блог «Шуфлядка» распавядае дзве гісторыі пра мацярынства ў зняволенні. «Медыязона» перадрукоўвае гэты матэрыял.
Віялета апынулася ў СІЗА, калі была цяжарная. Асаблівых умоў утрымання ў яе не было: спачатку дзяўчына знаходзілася ў агульнай камеры, пазней яе перавялі ў больш цёплую з драўлянай падлогай.
Пад канвоем Віялету вывозілі ў паліклініку на кансультацыі да гінеколага. Нараджала яна таксама ў суправаджэнні мужчын-канваіраў — адзін з іх сядзеў каля дзвярэй нарадзільнай залы, нягледзячы на асцярогі лекараў.
— Адразу пасля родаў, калі мяне вывезлі на каталцы ў калідор, побач сядзеў на лаўцы канваір. А калі мяне паднялі ў палату, мяне яшчэ прышпілілі кайданкамі да ложка. Потым ужо адшпілілі, таму што са мной 24/7 тры канвойныя ў палаце. Потым, як правіла, была жанчына сярод іх. Палата была на дваіх чалавек, я на адным [ложку], а на другым — яны.
Пасля родаў Віялета з дзіцем вярнулася ў камеру, якую яны дзялілі з іншай зняволенай. У памяшканні не было гарачай вады, яе тры разы на дзень прыносілі з кухні ізалятара, каб можна было купаць дзіця. Ванначку перадалі сваякі, а месца для ложачка ў камеры не аказалася, таму малы спаў у вазку.
— У мяне былі зёлкі ў пакеціках — святаяннік, рамонак, каб купаць. Аптэчку для нованароджаных таксама ў прынцыпе дазволілі, бутэлечкі дазволілі пластмасавыя. Фруктовыя, агароднінныя і нават мясныя пюрэшкі дазвалялі.
Мне стэрылізавалі на кухні бутэлечкі і соску, соду я ім перадавала. Рэчы, падгузнікі мне перадавалі. Нічога такога і не забаранялі для дзіцяці.
На шпацыр мы хадзілі два разы на дзень. [Суправаджаў] адзін чалавек звычайна і другі ззаду з сабакам або без. Калі мы выходзілі, кварцавалі камеру.
Пярыла я ў камеры, але сушыла бялізну ў прачцы. Там мне выдзелілі вяроўку. Дазвалялі вопратку на сушыльны стол пакласці, потым я сама забірала пад канвоем, альбо яны мне прыносілі.
Першыя некалькі дзён пасля родаў Віялеце з дазволу адміністрацыі перадавалі вараную курыцу. Харчавання, паводле слоў дзяўчыны, не хапала. Яна заўважыла, што калі ляжала з дзіцем у бальніцы, малако стала «лепшым па якасці» з-за іншага рацыёну.
— Я прыкормлівала яго і сумесямі, бо яму не хапала. Ён развіваўся нармальна, добра набіраў вагу. У першы месяц набраў 1 300 грам і амаль кожны месяц фактычна па кілаграме набіраў, потым ужо крыху менш.
Дзіця стварала клопаты для адміністрацыі СІЗА — яго разам з мамай трэба было рэгулярна вазіць у паліклініку і на суды.
— Яны [адміністрацыя СІЗА] псіхолага да мяне адпраўлялі, маўляў, я не спраўляюся, што мама дрэнная. Ім усё ж такі дзіця як бы адказнасць. Дык вось [калі б не было дзіцяці] пасадзіў бы ў агульную камеру з усімі. Але педыятр давала заключэнне, што ні абапрэласцяў, ні патнічак няма, вагу набірае, дагледжаны, чысты.
У Віялеты была магчымасць аддаць дзіця сваякам, але прыглядаць за ім не было каму. Пасля прысуду дзяўчына разам з малым прыехала ў калонію.
— Па этапе паехаў разам са мной на руках. І нас суправаджаў лекар СІЗА. Ён ехаў не са мной у клетцы, а побач з канвоем.
Па прыездзе ў калонію зняволеную адправілі ў каранцін — увесь гэты час дзіця яна не бачыла, бо яно было ў бальніцы на абследаванні. Пасля вяртання з лякарні малога адправілі ў дом дзіцяці на тэрыторыі калоніі.
— Калі я там была, у нас быў дом дзіцяці двухпавярховы. Груднічкі былі асобна, дзеці сталейшыя — ужо ў іншай групе. Ложкі ў іх, напэўна, шчыльней стаялі, чым у дзіцячым садзе. Там у іх ёсць педыятр, якая за імі назірае, лагапед з імі займалася, нянечкі, выхавальнікі. Пад’ём вельмі рана, ледзь не ў 6 раніцы. Іх там кармілі.
Яны там высаджвалі іх на гаршкі ў пэўны час, елі таксама па часе. Я ведаю, што калі падвячоркі былі, яны [дзеці] дапамагалі накрываць на стол, ім вельмі падабалася. Сокі ім давалі альбо кефір. Ілья заўсёды любіў накрываць на стол. Яшчэ любіў, каб яго першага пакармілі, першага забралі, ва ўсім павінен быў быць першым.
Віялета наведвала дзіця па раскладзе ў вольны ад працы час. У будныя дні ўдавалася пагуляць адзін раз, а па выходных — чатыры. Расстанне з сынам дзяўчына перажывала «як неабходнасць» — яшчэ ў СІЗА яна старалася «не прывучаць дзіця да сябе».
— Я проста разумела, што нам давядзецца расстацца. Мы шмат былі з ім разам, ён прывык. У яго быў стрэс [пасля этапу ў калонію], мне нават баяліся яго паказаць, бо ён вельмі схуднеў, шчокі ў яго сышлі, запалі. Ён плакаў вельмі шмат. А там [персаналу ў доме дзіцяці] нельга браць на рукі. Яны ўсе просяцца. Ён стаяў у манежыку, цягнуў, бедны, рукі, яго ніхто не браў, на яго ніхто не звяртаў увагі.
— Хацелася, вядома, больш [бачыцца]. Сумуеш па дзіцяці, шкада расставацца. Мы з ім размаўлялі, кніжкі чыталі, нешта разглядалі. І я нават вось першыя зубы пазначала, першыя словы. Хацелася бачыць, як ён расце, развіваецца. Старалася кожны месяц фатаграфаваць яго ў калоніі, каб былі фатаграфіі ў перыяд сталення.
Сустрэчы з дзецьмі ў доме дзіцяці праходзяць так: мама з малым ідзе ў гульнявы пакой ці — калі на вуліцы цёпла — на дзіцячую пляцоўку з альтанкамі, арэлямі і пясочніцай, аддзеленую ад калоніі высокім плотам.
— Мы дзецям прысмакі прыносілі, якія нельга было даваць. За гэта пісалі тлумачальныя. Прыходзіш, і ён чакае там зефір або цукерку нейкую, яны рэдка гэта бачылі. Так быццам не скардзіліся. Там ён еў усё, цяпер ён шмат чаго не есць, я не ведаю, чаму. Ні садавіну, ні гародніну, ні рыбу. Вельмі пераборлівы ў ежы.
У доме дзіцяці дзеці могуць знаходзіцца да трох гадоў — потым іх аддаюць сваякам або адпраўляюць у дзіцячы дом. Віялета аддала дзіця сваячцы і пасля гэтага бачыла яго толькі на спатканнях раз у некалькі месяцаў.
— Нам давалі адны, максімум двое [сутак спаткання]. Ён прывык да бабулі — маю цётку называе бабуляй. Вось ён рады мяне бачыць, мы гуляем, а калі трэба спаць класціся, ён пачынаў плакаць: «Я хачу дадому, хачу да бабулі».
Праз некалькі гадоў Віялета ўз’ядналася з сынам — дзяўчына кажа, што яны прывыклі адзін да аднаго і «праблем асабліва не было».
— Цяпер ён не ўмее кантраляваць свае эмоцыі. Вось ён вельмі рэагуе бурна. Мы займаліся з дзіцячым псіхолагам некалькі месяцаў, каб дапамагчы яму справіцца са сваімі эмоцыямі. Таму што, напрыклад, у школе кажуць: «Хопіць, перастань», — а ён не разумее. Яму, напрыклад, паставілі пяцёрку, і ён знерваваўся. Ён мог выбегчы з класа, пляснуць дзвярыма.
Натуральна, гэта мы, дарослыя, можам супакоіцца, а ён не. Яшчэ пакуль не разумее, як справіцца са сваімі эмоцыямі. І пры гэтым яны хочуць, каб ён там сядзеў смірна, як старшакласнікі. А ім жа хочацца балбатаць. У школе мне ўвесь час скардзіліся: «Вось вам трэба туды схадзіць». Мы праходзілі, нам сказалі, што ўсё ў межах нормы, добрае дзіця, інтэлект вышэйшы за сярэдні.
Вольга трапіла ў калонію ў пачатку другога трыместра цяжарнасці. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, цяжарным і кормячым маці «належаць палепшаныя бытавыя ўмовы», але што гэта значыць на практыцы, у дакуменце не гаворыцца. Жанчына распавядае, што яе кармілі лепш, чым звычайных зняволеных: кожную раніцу давалі сметанковае масла і малочную кашу, а два разы на тыдзень — кавалак тварагу.
— Я не ведаю, што там можна аднесці да палепшаных бытавых умоў. Можа, права цяжарнай і кормячай мамы не мыць агульны туалет. Таму што вельмі ўважліва і педантычна сочаць, каб не дай Божа ты не прапусціў сваё дзяжурства. І на самай справе спрабавалі растлумачыць нейкія жанчыны — у мяне ўжо жывот такі быў, хаджу на часах — што я ж таксама карыстаюся туалетам, трэба прыбірацца. На нахабства трэба адказваць нахабствам — мне належыць паводле ПУР, вось я гэтым карыстаюся.
На апошніх тыднях цяжарнасці Вольгу вызвалілі ад працы ў швейным цэху і адправілі вязаць вяхоткі ў атрадзе. Днём можна было гадзіну ці два паляжаць на ложку, але ў астатні час трэба было сядзець побач на табурэтцы.
— Для жанчыны цяжарнай, калі ў цябе адвальваецца паясніца, ацякаюць ногі, гэта досыць суровае выпрабаванне. І ў мяне яшчэ быў пастаянна нізкі ціск. Увесь час хацелася дзіка спаць. Калі надыходзіў гэты адпачынак у дзённы час — не дай Бог табе заплюшчыць вочы. Тут жа звяртаецца дзяжурны кантралёр і пачынае цябе тыкаць пальцам у плячо з пытаннямі тыпу: «Вам належыць адпачынак, а спаць нельга». Я кажу: «А дзе напісана?» — «Не, у вас напісана "адпачынак". У вас не напісана "сон"».
Я потым спрабавала спытаць у гінеколага. Кажу: «Скажыце, калі ласка, я магу спаць падчас свайго адпачынку?» Яна кажа: «Так, у чым праблема?» — «Праблема ў тым, што мне тлумачаць, што ў мяне толькі адпачынак» — «Ну калі табе хочацца спаць — спі». Я кажу: «А вы не маглі б сказаць пра гэта дзяжурнаму памочніку начальніка калоніі?»
Вольга распавядае, што гінеколагам у калоніі была «выдатная жанчына», а медперсанал уважліва ставіўся да цяжарных. Зняволеная праходзіла ўсе планавыя медагляды, а на УГД паехала ў гарадскую паліклініку пад канвоем.
— Вельмі непрыемна — усе на цябе пяляцца. Кайданкі надзяваюць і прыкоўвае адзін з канвойных кайданкамі да сябе падчас транспарціроўкі.
Роды праходзілі ў гарадской лякарні, Вольгу змясцілі ў палату са звычайнай парадзіхай. Асуджаная папрасіла суседку патэлефанаваць мужу, каб ён змог яе наведаць — адміністрацыя калоніі не паведамляе сваякам пра роды, расказвае зняволеная.
— Жанчына не зразумела насамрэч, што я асуджаная. Яна бачыла гэты канвой, які сядзіць перад палатай. Яны паверх формы халаты белыя накідваюць. Прыходзіць з прыбіральні і кажа: «О, тут некага вартуюць, ахоўваюць». Я ўжо маўчу, што гэта мяне. Такая мілая маладая жанчына.
Пасля родаў дзіця амаль месяц знаходзілася ў бальніцы. Вольга кажа, што гэта нармальная практыка — немаўля не спяшаюцца везці ў калонію хаця б для таго, каб маці не карміла яго грудзьмі.
— У іх [супрацоўнікаў Дома маці і дзіцяці] адпадае куча праблем. Яны яму тыкаюць бутэлечку, мама ідзе на працу, і ўсё. А калі жанчына корміць грудзьмі, то даводзіцца гэтага дзіцяці выдаваць, узважваць яго пасля кармлення, сачыць за гэтай мамай. А так яна раз у дзень прыйшла, пагулялася і [сышла].
Калі дзіця прывезлі ў калонію, Вольга выходзіла гуляць з ім на вуліцу. Адпускалі яе неахвотна — справа была зімой, і жанчыне было няпроста дамовіцца з педыятрамі і загадчыцай пра нядоўгія шпацыры.
— Абяртаючыся назад, я разумею, наколькі гэта было дзіка, што мне проста не даюць майго дзіцяці выйсці на вуліцу. Потым знайшліся адзежка, і мы выходзілі, гулялі, дыхалі. Я была адзінай мамай сярод усяго гэтага двара.
Паводле слоў Вольгі, яе некалькі разоў выклікалі «на дыван» да загадчыцы ДМР праз розныя погляды на выхаванне дзіцяці.
— Мне кажуць: «Разумееш, гэта наша дзіця. Мы нясем за яго адказнасць, а ты думаеш, што тут будзеш прыходзіць і рабіць наогул усё, што лічыш патрэбным». Мне давялося доўга і грунтоўна тлумачыць, што я вельмі ўдзячная ім за тое, што яны дапамагаюць мне прыглядаць за дзіцем, бо ў мяне няма такой магчымасці. Але вам прыйдзецца запомніць гэта ўсё і схаваць, што гэта маё дзіця, яно заўсёды было і будзе маім.
Вольга распавядае, што ў ДМР усё было добра абсталявана і дзецям усяго хапала. За імі прыглядалі няні з ліку асуджаных, а лекары і медсёстры былі вольнанаёмнымі. Дом маці і дзіцяці быў досыць закрытай установай, дадае яна.
— Маці не заходзяць ні ў якія спальні, яны не ведаюць нават, дзе ложачак дзіцяці. Як мне тлумачылі, гэта робяць таму, што, ну ці мала, мы ж усе ненармальныя. Можа, мы там вырашым зрабіць шкоду свайму дзіцяці або з некім там я палаюся на дзіцячай пляцоўцы, прыйду яе дзіцяці забіваць.
У гульнявым пакоі, кажа яна, шкляныя сцены — з калідора відаць усё, што адбываецца ўнутры. Паводле слоў Вольгі, дзецям давалі цацкі, а сваякі маглі дасылаць у калонію кніжкі.
— У майго дзіцяці была наогул гіганцкая колькасць кніжак, мы разглядалі карцінкі. Збіралі вакол сябе цэлую брыгаду, разглядалі ўсё дружна. Ясная рэч, што потым гэта ўсё пакідалі ў спадчыну. Санкі можна было ўзяць, пакатацца там па ўчастку, па горках. Вельмі, я памятаю, яго ўразіла.
Жанчына адзначае, што да дзяцей у ДМР ставіліся ўважліва, чаго не скажаш пра стаўленне да маці.
— Я разумею, так, там ёсць жанчыны, якія, можа, вялі нейкі зусім амаральны лад жыцця на волі. < ... > Я разумею, але чаго ўсіх пад адзін капыл падганяць? Пачынаецца там тыпу: «Вось нажарэцэся невядома чаго, сала жраце, прыходзіце цыцку суяце дзіцяці, а яно потым там з алергіяй ці яшчэ з нечым». < ... > Я разумею, што там злачынцы, але ўсё роўна трэба неяк трошкі больш уважлівымі быць, ці што.
Кормячых маці вызваляюць ад працы ў швейным цэху — такое паслабленне дзейнічае датуль, пакуль дзіцяці не споўніцца восем месяцаў, распавядае Вольга. Пасля гэтага зняволеная абавязаная выйсці на працу незалежна ад таго, ці працягвае карміць грудзьмі.
— Я спачатку падумала, што яны ў прынцыпе маглі б выводзіць з працы на кармленне. Але гэта такое трапанне нерваў, што ўсё ж такі я прыняла рашэнне, каб дзіця перавялі цалкам на штучнае гадаванне. Проста перацягнула грудзі, каб малако перагарэла, таму што гэта было вельмі складана. Уявіце, у 7 раніцы ўжо вывад на працу. Першае кармленне — у 6, а апошняе — у 20. Ты ўвесь час разрываешся, бегаеш туды-сюды, часу на сябе не застаецца наогул.
Вольга вырашыла не пакідаць дзіця ў ДМР да трохгадовага ўзросту, а аддаць яго сваякам — у гэтага было шмат прычын. Пасля выхаду на працу ў швейны цэх жанчына бачыла дзіця гадзіну ў суткі замест ранейшых шасці. У ДМР, кажа Вольга, дзіця кармілі перамалотай у блэндары ежай, таму да года ён «не ўмеў ні жаваць, ні глытаць». Каб навучыць дзіця жаваць, зняволеная прыносіла яму печыва, але некалькі разоў траплялася і пісала тлумачальныя.
— Яшчэ памятаю такія «выдатныя» моманты — вокны дома маці і дзіцяці выходзяць на два бакі: на зону і на горад. Дзеці глядзяць у акно. І вось дзіця бяжыць у групу, паказвае ў акно на зону і выхавальніца кажа: «Мама, мама», — і пальцам тыкае ў акно, што вось мама там. Потым дзіця бяжыць у рукамыйніцу, паказвае пальцам на горад туды і кажа: «Тата, тата».
Вольга распавядае, што зняволеныя распытвалі нянь пра тое, што не распавядалі выхавальнікі.
— Нянечка з усмешкай расказвае пра тое, што вось гэтае дзіця дрэнна ела, яно ўвесь час там бегае, круціцца, ну вось бывае гэты сіндром гіперактыўнасці. І проста каб яно сядзела спакойна і ела, яна яму калготкамі рукі за спіной да крэселка прывязвала і карміла. Вырашыла, што хай маё дзіця мінімальна там знаходзіцца.
Пасля таго як зняволеная аддала дзіця сваякам, бачыцца з ім выходзіла раз на два-тры месяцы.
— Незабыўнае адчуванне, калі ты раніцай прачынаешся разам са сваім дзіцем у ложку. Ён над табой навіс, глядзіць сваімі вачанятамі. Са здзіўленнем спачатку, відаць, што сам яшчэ не зразумеў, што ён і дзе ён, потым такі: «Мама!» — і кідаецца абдымацца. Гэта быў, напэўна, наогул самы шчаслівы момант у калоніі.
Вольга расказвае, што вельмі перажывала пасля таго, як аддала дзіця мужу. За некалькі месяцаў да спаткання з сям’ёй яна схуднела на 15 кілаграм. Каб забіць галаву, зняволеная пагрузілася ў працу.
— Балазе, што працаваць там можна ледзь не кругласутачна. Таму я працавала з 08:00 да 21:00. Ну, там можна браць гэтыя разнарадкі і шыць без памяці, чым я ў прынцыпе, і займалася. На дыеце з кавы і шакаладу.
Жанчына кажа, што пасля вызвалення ў яе не ўзнікла складанасцяў у зносінах з дзіцем. «Не даводзілася тлумачыць, што я за цётка і чаго хачу наогул. Можа, мне пашанцавала. Мы паладзілі. Дзіця ставілася да мяне як да маці, і я да яго як да дзіцяці».