«Заўтра Украіна наша, далей Еўропа — усюды будзе Расія. Што ты скажаш пра гэта, бэчэбэшнік?» Як успрымаецца вайна ў зняволенні
Статья
15 декабря 2022, 19:42

«Заўтра Украіна наша, далей Еўропа — усюды будзе Расія. Што ты скажаш пра гэта, бэчэбэшнік?» Як успрымаецца вайна ў зняволенні

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

Палітвязні ў калоніях не разлічваюць на рэгулярную перапіску, асцерагаюцца цэнзараў і не давяраюць дзяржканалам. Гэта значыць, што практычна ўсе навіны даходзяць да іх з спазненнем і часта — скажоныя прапагандай. «Медыязона» распытала чатырох былых асуджаных пра тое, як яны даведаліся пра вайну ва Украіне і як яе абмяркоўвалі ў калоніях.

«Думалі, што нас ратаваць прыйшлі, грамяць турму»

У лютым 2022, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, зняволеныя ў гомельскім СІЗА пачалі разумець, што «нешта адбываецца», расказвае Ганна. Праз моцны гул — імаверна, ад самалётаў або запуску ракет — у некаторых камерах дзяўчаты ўначы хаваліся пад ложкамі.

— Мы думалі, можа, гэта чарговы этап рэвалюцыі, нас ужо ратаваць прыйшлі, грамяць турму. Здавалася, што зараз паваляцца сцены, былі чутны нейкія выбухі — ад гэтага паніка, страх. А потым прыйшоў ліст ад мамы, што пачалася вайна, — кажа Ганна.

З 25 лютага ў тых, хто ўтрымліваўся ў ізалятары за палітыку, пачаліся праблемы з перапіскай — карэспандэнцыя прыходзіла толькі ад родных. Тым не менш, цэнзары СІЗА прапускалі навіны пра вайну — Ганна кажа, што яе мама пісала «разгорнута, як ёсць»: «Гомельскім дзяўчатам сваякі пісалі, што тут вайна поўным ходам».

«Палітычным» глядзець тэлевізар не дазвалялі з-за «экстрэмісцкага» прафуліку, але ў камеры працавала радыё. Ганна кажа, што часта даводзілася слухаць праграму «Клуб рэдактараў». З гэтага таксама можна было атрымаць карысць, «перакульваючы» сказанае ў эфіры.

Неўзабаве дзяўчыну перавялі ў калонію. Там, у адрозненне ад СІЗА, прагляд тэлевізара быў абавязковым. Асуджаным уключалі праграмы Рыгора Азаронка, Ігара Тура і расійскіх прапагандыстаў.

— Па тэлеку паказвалі Марыупаль, што гэта рускія вызваліцелі прыйшлі, што ўсе там за Расію і пашпарты бягуць мяняць, — кажа яна.

Паводле слоў Ганны, большасць асуджаных у яе атрадзе адбывалі вялікія тэрміны і за гады зняволення «далёкія ад палітыкі» жанчыны перанялі рыторыку прапагандысцкіх каналаў: «Байдэн у іх маразматык стары, Зяленскі — клоўн, Лукашэнка — малайчына, Пуцін — наогул малайчына. Кажуць: "Так і трэба гэтым укранацыстам"».

Дзяўчына кажа, што стрымлівала сябе, каб не адказваць на падобныя каментары, і не спрабавала даказаць асуджаным адваротнае. Яна лічыць спробы пераканаць зняволеных бессэнсоўнымі: гэта трэба рабіць «у нармальным свеце з праўдзівымі навінамі», кажа яна. Акрамя таго, пра размовы на палітычныя тэмы напэўна даведаўся б супрацоўнік аператыўна-рэжымнага аддзела калоніі. Тады ў найлепшым выпадку з асуджанай правядуць «гутарку», а ў горшым — адправяць у штрафны ізалятар. Паводле слоў былой зняволенай, для «палітычных» ёсць два залатыя правілы — цярпець і маўчаць.

— Іх большасць, а я ў палоне, не на сваёй тэрыторыі. Ты проста глядзіш на гэта і разумееш, наколькі яны недалёкія. Ёсць нядрэнныя дзяўчаты, але яны нічога не бачылі, нічога не ведаюць. Я не ведала, як растлумачыць ім, за што я сядзела. А што тут растлумачыш пра вайну? — разважае Ганна.

У адрозненне ад СІЗА, цэнзары ў калоніі не прапускалі лісты з навінамі пра вайну — іх рвалі проста пры асуджаных, таму перапіска перайшла ў фармат «пра надвор’е, пра прыроду, як ты паела і ці цёпла ты апранутая», кажа Ганна.

Асноўнай крыніцай інфармацыі сталі спатканні з блізкімі. Навіны, перададзеныя сваякамі, «палітычныя» пераказвалі адзін аднаму падчас перакураў на прамзоне — там іх размовы не слухалі.

— Абмяркоўвалі па сто разоў адно і тое ж, але ад гэтага было лягчэй. Насамрэч ты гэтыя перакуры чакаеш як нейкі праменьчык сонца сярод хмар, — прызнаецца Ганна.

Дзяўчына кажа, што не ўяўляла сабе маштабаў таго, што адбываецца на вайне, бо інфармацыю атрымлівала ўрыўкава.

— Там здаецца, што слова «вайна» — гэта нешта з таго боку свету прыхарошанае. Ты не верыш, што разбураны Марыупаль, што спаленая Буча, што там гвалтуюць, забіваюць, што выносяць унітазы, што брацкія магілы па 500 чалавек знаходзяць, — кажа яна.

Пасля вызвалення дзяўчына спярша чытала пра новыя падзеі, але паступова адмотвала навіны да першага дня вайны, і праз два месяцы «выйшла на поўную карціну».

— Цяпер мая раніца пачынаецца з Фейгіна і Арастовіча. Я наогул забылася, калі ў апошні раз глядзела нейкі фільм або перадачу, каб крыху разгрузіць мозг, — расказвае Ганна.

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

«Цётка Галя — гэта Кіеў, Коля — гэта Адэса»

Пётр даведаўся пра пачатак вайны 26 лютага з выпуску навін на тэлеканале НТВ. Паводле слоў былога зняволенага, ужо на наступны дзень да яго падышоў асуджаны, які супрацоўнічае з адміністрацыяй, і сказаў: «Яшчэ адно слова пра Украіну — і будзе ШІЗА».

Навіны «палітычныя» абмяркоўвалі паміж сабой. Рабіць гэта было цяжка — збірацца ў групы ім не дазвалялі.

— Да смешнага даходзіла: «Што, зноў мітынг зладзілі ў лакалцы? Зноў чацвёра палітычных сабралася». Мы казалі, што гуляем па лакальным участку, на што нам адказвалі, што трэба гуляць па адным, — пераказвае дыялог з супрацоўнікамі калоніі Пётр.

Ён кажа, што зняволеным даводзілася дзейнічаць «як у падполлі». На лакальным участку «палітычныя» дамаўляліся, якія каналы будуць глядзець увечары, каб пазней параўнаць пачутае.

— У царкве і бібліятэцы мы маглі перакінуцца парай слоў. Калі два палітычныя з розных атрадаў размаўляюць, гэта заўсёды прыцягвае ўвагу. Таму мы расказвалі адзін аднаму навіны, нахіліўшы галаву, стоячы каля суседніх паліц, — расказвае Пётр.

Абмеркаваць навіны можна было ў прамзоне — там камунікацыю паміж асуджанымі не абмяжоўвалі. Інфармацыі ўсё роўна не хапала. Часам зняволеныя спрабавалі зразумець, што адбываецца на фронце, па паводзінах супрацоўнікаў калоніі.

— Неяк у нас у прамзоне быў шмон. Прыехаў рэжымны аддзел на мотаблоку. Глядзім — на прычэпе літара Z. літаральна праз тыдзень яна знікла з мотаблока, і мы зразумелі, што ўсё нармальна [на фронце]. Літару знялі, борт зафарбавалі, нават слядоў не было, — успамінае былы зняволены.

Супрацоўнікі спрабавалі правакаваць «палітычных» каментарамі пра вайну, дадае ён.

— Пыталіся: «Ну што, заўтра Украіна наша, далей Польшча, Еўропа — усюды будзе Расія. Ну што ты скажаш пра гэта, бэчэбэшнік?» — успамінае Пётр.

Аднойчы ў коле іншых асуджаных ён сказаў: «Кіеў спарадзіў гэтую Русь, напэўна, на Кіеве яна і скончыцца». Пра гэтую размову даведалася адміністрацыя — абышлося без пакарання, але Пятра выклікалі на гутарку з начальнікам атрада.

Большасць зняволеных, якія адбываюць працяглыя тэрміны не па палітычных справах, «адчуваюць сябе расійцамі» і падтрымліваюць расійскую армію, заўважыў Пётр.

— Я канчаткова пераканаўся, наколькі мела рацыю Украіна, калі адрэзала інфармацыйны паток з Расіі. Асуджаныя задавалі пытанні: «Ну што там нашы, узялі Марыупаль?» Я пытаюся: «Хто нашы, раскажыце?» Мне кажуць: «А, ты ж бандэравец!» — успамінае былы вязень.

Пётр захапляецца гісторыяй і займаўся гістарычнай рэканструкцыяй, у тым ліку дзякуючы гэтаму ў яго шмат сяброў ва Украіне. Суразмоўца расказвае, што гэта дапамагала даведвацца навіны падчас званкоў родным, бо наўпрост спытаць нельга — размовы ўважліва слухае супрацоўнік калоніі.

— Пытаўся ў жонкі: «Як цётка Галя?» Яна адказвае: «У іх страшна там». Цётка Галя — гэта Кіеў, таму што яна там жыве, Коля — гэта Адэса. Шыфраваліся праз імёны знаёмых і сваякоў, якія жылі ў розных гарадах, — тлумачыць ён.

Як і ў сітуацыі Ганны, важнай крыніцай інфармацыі для Пятра і іншых асуджаных у яго калоніі сталі працяглыя спатканні.

— Потым ужо пераседкі, у якіх ёсць галава, пачалі падключацца да палітычных: «Раскажыце, што там, вы ж навіны глядзелі». Пры гэтым частка асуджаных была згодная падпісаць кантракт і ехаць забіваць украінцаў, калі пайшлі чуткі, што ў расійскіх турмах бяруць наймітаў у ЧВК «Вагнер», — адзначае Пётр.

Сярод іх былі і тыя, хто памяняў сваё меркаванне. Напрыклад, асуджаны, які працаваў з Пятром у адной брыгадзе, зацікавіўся палітычнымі тэмамі, а пасля доўгіх дыскусій яго выказванні супраць Украіны «згладзіліся».

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

«Танкі заедуць, і ўсіх вызваляць»

Віталь даведаўся пра пачатак вайны з размоў у курылцы — ён мяркуе, што зняволеным пра гэта расказаў нехта з наглядчыкаў. Асуджаны кажа, што «палітычныя» падтрымлівалі Украіну і спадзяваліся, што яе перамога прывядзе да вызвалення Беларусі.

— Усе пачалі чакаць, калі танкі заедуць праз агароджу зоны, і ўсіх вызваляць. Чаму б і не памарыць? Гэта адно з нямногіх задавальненняў, якое не могуць забраць наглядчыкі, — тлумачыць ён.

Інфармацыі, запазычанай з навін і каментароў супрацоўнікаў калоніі, асуджаным не хапала, і яна была скажонай, кажа Віталь: «"Ужо Кіеў бамбяць, заўтра Львоў захопяць", — гэта супрацоўнікі калоніі казалі. Асабліва заўзятыя здзекаваліся: "Заўтра ўжо ўсіх вашых [украінцаў] пераб’юць"».

Неўзабаве пасля пачатку вайны Віталь апынуўся ў ШІЗА, а потым у ПКТ. Даведвацца навіны там было яшчэ складаней. Адзін з сукамернікаў Віталя выпісваў газету «Беларусы і рынак», адкуль можна было «нешта даведацца».

— Калі наглядчыкі былі нармальныя, то мы маглі ад іх нешта пачуць. Хоць і ненармальныя таксама давалі інфармацыю. Мы маглі нават са здзеку нешта атрымаць — усіх ужо вывучылі за гэты час, — дадае ён.

«Адпрацоўвалі сцэнар, што на зону нападаюць»

Георгій расказвае, праз два-тры месяцы пасля пачатку вайны супрацоўнікі калоніі, у якой ён адбываў пакаранне, праводзілі вучэнні.

— Пару разоў на тыдзень адпрацоўваліся сцэнары пазаштатных сітуацый. То на зону нападаюць — бегалі там гэтыя мянты па тэрыторыі, па вышках, то над зонай збілі беспілотнік — яны ў лесе шукалі ўмоўны беспілотнік, — успамінае Георгій.

Аб навінах асуджаныя ў асноўным даведваліся падчас званкоў родным, і яны «маланкава разыходзіліся» па калоніі. Праўда, інфармацыя была перабольшаная — «там ужо ледзь не ядзерная вайна», кажа былы асуджаны.

Большая частка зняволеных, кажа ён, не цікавілася палітыкай. Як і іншыя суразмоўцы «Медыязоны», ён кажа, што тых, хто спачувае расійскай арміі, першапачаткова было больш: «У суадносінах 60 на 40 пераважала меркаванне, што з боку Расіі больш праўды і справядлівасці».

Некаторыя асуджаныя мянялі сваё меркаванне пасля званкоў сваякоў — тыя распавядалі, што «самі расійскія салдацікі ў ахеры ад таго, што адбываецца», кажа Георгій.

Паміж прыхільнікамі процілеглых пазіцый здараліся і бойкі, за якія адміністрацыя адпраўляла ў штрафны ізалятар. Тым не менш, удалося знайсці пункт судакранання: «І тыя, хто, дбаў за Расію, і тыя, хто суперажывалі Украіне, сыходзіліся ў меркаванні, што Лукашэнка застанецца закладнікам сітуацыі і будзе вымушаны за падтрымку ў 2020 годзе цалкам падтрымліваць Расію», — кажа Георгій.