Ілюстрацыя: Сіма / Медыязона
Падчас пратэстаў дзясяткі сілавікоў публічна асудзілі гвалт у дачыненні да дэманстрантаў з боку сваіх калег і звольніліся са службы. Адны з іх з’ехалі з Беларусі, іншыя ўжо ў эміграцыі далучыліся да ініцыятывы BYPOL, трэція засталіся ў краіне і апынуліся за кратамі. «Медыязона» расказвае, як беларускія ўлады пераследуюць супрацоўнікаў, якія звольніліся, і якімі першыя дні пратэстаў запомнілі тыя з іх, каму пашанцавала больш — тыя, што засталіся на волі, але ў эміграцыі.
9 жніўня 2020 года гродзенскі даішнік Кірыл Бубноў дзяжурыў на адным з выбарчых участкаў у Смаргоні, куды яго аддзел камандзіравалі за тыдзень да асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Увесь гэты час на ўчастку было спакойна — «працы як такой не было, проста сядзелі і тыкалі ў тэлефон», успамінае Бубноў.
«На нашым участку быў невялікі сумбур, але калі я не памыляюся, Святлана перамагла», — расказвае былы міліцыянт.
Пасля падліку галасоў ён разам з калегамі паехаў у Смаргонскі РАУС, а мясцовыя супрацоўнікі высунуліся ў цэнтр горада: «Займаліся, я так разумею, разгонам пратэстоўцаў. Мы таксама туды пад’ехалі, але проста стаялі збоку», — успамінае ён.
У аддзеле, куды неўзабаве вярнуліся гродзенскія міліцыянты, Бубноў убачыў затрыманых. Асабліва яму запомніўся мужчына, якога акружылі мясцовыя сілавікі.
«Чалавека проста да сцяны галавой паставілі, ён там стаяў і прасіў закурыць цыгарэту. Зразумела, што ніхто яму не даваў ніякіх цыгарэт», — кажа ён.
Гэтай жа ноччу міліцыянты вярнуліся ў Гродна. Інтэрнэт ужо адключылі, і супрацоўнікі даведваліся пра тое, што адбываецца ў краіне, ад сваіх знаёмых. Сябры расказалі Бубнову па тэлефоне, што ў горадзе «мянты бегаюць, амапаўцы шчымяць усіх». Калегі перадавалі адзін аднаму чуткі, што «кагосьці насмерць аўтазак задавіў».
Праз некалькі гадзін пасля вяртання ў Гродна Бубнова адправілі на перакрыццё дарог у цэнтр горада. Па рацыі сілавікі абмяркоўвалі перамяшчэнне амапаўцаў, а даішнік, паводле яго ўласных слоў, папярэджваў аб іх набліжэнні людзей, якія стаялі побач.
«Людзі са мной лавілі агульны вайб, напэўна, праз тое, што супрацоўнік міліцыі паказаў, што ён з імі. І я стараўся неяк ім дапамагчы, выкарыстоўваючы свае службовыя магчымасці», — расказвае ён.
Два наступныя дні Бубноў стаяў на перакрыцці на ўскраіне Гродна, дзе «ніякіх падзей не адбывалася». Пазней у горадзе з’явілася сувязь, і міліцыянт даведаўся, што адбывалася на пратэстах у Мінску.
«У мяне здарыўся гіпертанічны крыз, мяне паклалі ў бальніцу. Калі выпісаўся, падаў рапарт на звальненне», — кажа Бубноў.
Былы міліцыянт прызнаецца, што думаў пра звальненне яшчэ да выбараў і папярэдзіў блізкіх, што сыдзе з органаў, «калі мянты пачнуць збіваць людзей, забіваць іх». Рапарт аб звальненні Бубноў падаў 17 жніўня — сказаў, што сыходзіць па стане здароўя. Ён мяркуе, што начальства ведала аб рэальнай прычыне такога рашэння.
«Начальнік ДАІ спытаў: "Дакладна па стане здароўя?» Мяне загадзя пазбавілі прэміі. Як толькі я аддаў рапарт, мне адразу ж сказалі, каб я аддаў жэтон і пасведчанне, хоць гэта няправільна. Рапарт абавязаны ўзгадніць, і толькі пасля гэтага павінна быць звальненне», — тлумачыць ён.
Міліцыянта звольнілі па згодзе бакоў. У канцы месяца ён прыехаў на былое месца працы, каб забраць рэчы і аддаць форму — яе не прынялі абавязалі заплаціць каля 700 рублёў кампенсацыі.
Пасля звальнення Бубноў пачаў хадзіць на маршы кожную нядзелю. Ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у акцыях салідарнасці яшчэ падчас працы ў ДАІ — проста надзяваў маску і кепку і «стараўся не свяціцца нідзе на камерах».
«Адзін раз я засвяціўся. Калі Віктара Дзмітрыевіча [Бабарыку] пасадзілі ў турму, я пасля працы паехаў на ровары на ланцуг салідарнасці. Мяне сфатаграфавалі карэспандэнты», — успамінае ён.Былы даішнік дадае, што «не перайшоў на бок народа, а заўсёды стараўся на ім быць». Ён кажа, што першы раз выйшаў на пратэст у 2011 годзе — пасля суду над журналістам Анджэем Пачобутам, а падчас вучобы ва ўніверсітэце выходзіў на «Маршы недармаедаў».
«Чаму я ўвогуле прыйшоў у міліцыю працаваць? У мяне быў выбар — альбо армія, альбо міліцыя. Ну, выбраў міліцыю. Хацелася паспрабаваць быць усё-ткі лыжкай мёду ў бочцы дзёгцю, але не ўдалося», — тлумачыць Бубноў.
У нейкі момант, кажа былы даішнік, яму здалося, што пратэст перамог: Гродна называлі першым вольным горадам, мясцовыя СМІ распавядалі пра збіццё пратэстоўцаў, а падчас маршаў у горадзе «не было ніводнага мянта».
«Потым зноў выпусцілі ланцужных сабак, пачалі ўсіх разганяць, я таксама не раз уцякаў ад амапаўцаў. На жаль, усё менш і менш людзей пачало выходзіць», — шкадуе Бубноў.
Акцыі пратэсту ў Гродне пачалі згасаць да канца верасня. Бацьку Бубнова папярэдзілі, што па сына «хутка могуць прыйсці». Праз некалькі дзён былы даішнік перабраўся ў Польшчу.
«Я не герой, мне страшна. Героі — гэта нашы людзі, якія сядзяць у турмах і пацярпелі ад дзеянняў рэжыму. Я баюся сесці ў турму і баюся, што ў турму пасадзяць маіх блізкіх», — прызнаецца ён.
Восем месяцаў Бубноў жыў у Беластоку. Ён спадзяваўся, што вернецца ў Беларусь, калі «зноў успыхне пратэст». Гэтага не здарылася, і летам 2021 года былому міліцыянту далі міжнародную абарону ў Польшчы. Цяпер ён разам з сям’ёй жыве ў Гданьску, падзарабляе таксістам і самастойна вывучае Javascript.
«Мне б хацелася, вядома, у Гродна паехаць. Спадзяюся, што ў мяне ў найбліжэйшай будучыні з’явіцца такая магчымасць — вельмі сумую па сваім горадзе», — кажа Бубноў.
Капітан міліцыі Ягор Емяльянаў жыве ў Германіі з сям’ёй ужо больш за паўгода. Два гады таму яго, як і іншых супрацоўнікаў Дэпартамента аховы Наваполацка, хацелі прыцягнуць да ачаплення ўваходу ў мясцовы гарвыканкам, але Емяльянаў застаўся ў падраздзяленні, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне.
«У першую ноч [з 9 на 10 жніўня] нас паслалі на плошчу і сказалі атрымліваць агнястрэльную зброю. Я спытаў у свайго камандзіра, навошта нам агнястрэльная зброя. Тым больш у нас рукі і так занятыя шчытамі, палкамі і іншым абмундзіраваннем», — успамінае ён.
На наступны дзень ва «ўзмацненні» Емяльянаў таксама не ўдзельнічаў — быў у нарадзе па ахове збройнага пакоя. Затрыманні людзей у Наваполацку былі выбарачнымі — імі займаліся прыезджыя амапаўцы і «вдвшнікі» з Віцебска, сцвярджае ён. Пра пратэсты ў іншых гарадах Емяльянаў даведваўся ад сяброў і знаёмых, часам удавалася прачытаць навіны з дапамогай VPN.
«Усю сітуацыю, якая адбываецца з задушэннем пратэстаў і прымяненнем фізічнай сілы ў дачыненні да людзей, мы ведалі. Выпадкаў гэтых было шмат, і я зразумеў, што я не магу ў гэтым удзельнічаць», — кажа ён.
Пасля дзяжурства былы міліцыянт вярнуўся дадому і распавёў жонцы, што хоча звольніцца, — яна яго падтрымала. У той жа дзень Емяльянаў вярнуўся на працу, каб падаць рапарт. Начальства адмаўлялася адпускаць капітана — тады ён пакінуў у падраздзяленні пасведчанне і сказаў, што больш не выйдзе на службу.
«Мне паціскалі рукі, у тым ліку першы намеснік наш — другая асоба ў аддзеле. Гэта быў паважаны для мяне чалавек некалі. Ён мяне падтрымаў, сказаў, што таксама хоча хутка сысці. Усе ўспрынялі мой учынак спакойна, і ніякіх фраз або позіркаў асуджэння не было абсалютна», — успамінае былы міліцыянт.
Ён вярнуўся дадому і збіраўся легчы спаць, але да гэтага паспеў размясціць у інстаграме пост пра сыход з міліцыі. Неўзабаве Емяльянаву патэлефанавалі і сказалі прыйсці ў аддзел, каб распісацца ў дакументах аб звальненні. На выхадзе з будынка былога міліцыянта затрымалі «трое супрацоўнікаў Службы бяспекі ў цывільным», адвезлі яго ў ГУУС, а пазней змясцілі ў ІЧУ.
Емяльянава абвінавацілі ў «парушэнні правіл правядзення пікетавання шляхам выстаўлення фатаграфіі ў сетцы інтэрнэт». У хуткім часе яго адпусцілі — суддзя прызнаў былога міліцыянта невінаватым.
Пасля гэтага, кажа Емяльянаў, да яго «доўгі час ніякіх не было пытанняў». Яшчэ да звальнення былы міліцыянт прайшоў навучанне ў Акадэміі фітнэсу, а ў верасні яе кіраўніцтва запрасіла Емяльянава працаваць трэнерам у новым фітнэс-цэнтры «Лайфстайл» у Мінску.
Заставацца ў Беларусі было страшна, прызнаецца ён, але з часам стала лягчэй — «ніхто не лезе, і нармальна». У траўні 2021 года Емяльянаў даў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» — пасля выхаду праграмы да яго на працу прыйшлі сілавікі.
«Пад нейкімі дзіўнымі падставамі паспрабавалі мяне папрасіць з імі праехаць. У выніку я пагадзіўся. Пасля доўгіх падарожжаў мяне завезлі на Акрэсціна. Адтуль я не выходзіў на працягу 33 дзён», — распавядае ён.
Емяльянава абвінавацілі ў дробным хуліганстве за тое, што «а 18:00 чапляўся да грамадзян каля крамы, выражаўся нецэнзурнай лаянкай», і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
«Мне не казалі, што менавіта за інтэрв’ю я пакараны. Але размовы былі такія, што я шмат гавару. Мяне пыталіся, навошта я туды пайшоў, хто на мяне выйшаў, якім чынам я з імі звязваўся», — успамінае Емяльянаў.
Пасля таго як былы капітан вызваліўся з-пад арышту, у Мінск пераехалі яго жонка і дзеці. Прыкладна праз два месяцы, 26 жніўня, у здымную кватэру сям’і «пачалі ламіцца супрацоўнікі АМАПу і СК Віцебска». Емяльянаву прад’явілі падазрэнне ў наўмыснай бяздзейнасці службовай асобы, а ў кватэры правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку.
«Наколькі я ведаю, гэта першы намеснік — [Віталь] Каваленка паспрыяў таму, што на мяне распачалі крымінальную справу. Ён там трошачкі паклёпу на мяне нагаварыў. Ну, гэта як мне расказвалі пэўныя людзі, але на 100% я верыць гэтаму не магу», — кажа Емяльянаў.
На наступны дзень былому міліцыянту трэба было з’явіцца да следчага ў Віцебск. Замест гэтага ён паехаў у Брэсцкую вобласць, а адтуль праз некалькі дзён перасёк мяжу з Украінай па лясах і балотах. У Кіеве яго ўжо чакалі жонка і дзеці — першы час сям’я жыла ў доме з іншымі беларусамі, якія пакінулі краіну.
16 верасня ў дом прыйшлі супрацоўнікі СБУ і «папрасілі праехаць з імі». Емяльянава разам з яшчэ двума затрыманымі адвезлі ў міграцыйную службу, склалі пратакол за незаконнае перасячэнне мяжы, прызначылі штраф і адпусцілі.
«Праходзіла спецаперацыя "Мігрант" па выяўленні тых, хто незаконна пражывае на тэрыторыі Украіны. Я хадзіў у міграцыйную службу і рэгістраваўся там, а на наступны дзень яны прыйшлі. Я аплаціў штраф, больш ніякіх праблем не было», — тлумачыць ён.
У верасні Емяльянаў папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі — сям’я выехала з Украіны ў снежні. Цяпер былы міліцыянт праходзіць інтэграцыйныя курсы і спадзяецца вярнуцца да трэнерства.
«Дзеці ходзяць у школу, у садок. Усё добра. Жонка таксама на курсы хутка пойдзе. Увогуле, з’явіўся, вядома, спакой нейкі і цікавасць да жыцця. Праўда, падзеі і ў краіне, і ў суседніх дзяржавах па-ранейшаму не даюць спакойна жыць», — кажа ён.
З былымі калегамі Емяльянаў не кантактуе. Ён кажа, што іх запалохалі пасля яго звальнення, таму «ні словам, ні справай ніхто не падтрымаў».
«Такія таварышы нам зусім не таварышы», — падсумоўвае былы міліцыянт.
Маёр міліцыі Сяргей Курачкін, які праслужыў у органах 20 гадоў, не кантактуе з «98% былых калег». Рэакцыі на яго звальненне, кажа Курачкін, былі рознымі: нехта адкрыта падтрымаў, а нехта назваў здраднікам.
Амаль увесь час працы ў органах Курачкін служыў у наркакантролі Лідскага РАУС, а з 2014 года стаў начальнікам гэтага падраздзялення. У 2019 годзе ён перайшоў на ніжэйшую пасаду ў дзяжурную частку Іўеўскага РАУС.
«Рашэнне было прынята мной абдумана. Неабходна было нешта мяняць, але пераходзіць на нейкую раўназначную пасаду альбо на вышэйшую ў мяне не было ніякага жадання», — запэўнівае ён.
Да выбараў, кажа былы міліцыянт, ён падышоў «нервова знясіленым і задзёрганым ад непатрэбных указанняў і запужванняў».
«На адным інструктажы ўжо бліжэй да выбараў перадавалі словы начальніка УУС: "Вам што, незразумела? Каму незразумела, я проста загадваю вам [датэрмінова] прагаласаваць за Лукашэнку. Хто не згодны — пішыце рапарты, будзем разбірацца"», — успамінае Курачкін.
У дзень выбараў, кажа ён, у Іўі было спакойна — «людзі пастаялі, паскандзіравалі лозунгі, міліцыя пастаяла». Паводле слоў былога міліцыянта, людзі сышлі з участкаў а 10-11 вечара, калі стала вядома, што бюлетэні павезлі ў ЦВК. Сілавікам загадалі чакаць, бо «паблізу неспакойна».
«Абвясцілі кліч: "Хто хоча ўзяць удзел у мерапрыемствах у Лідзе?» Там людзі спрабавалі трапіць у выканкам. Знайшліся іўеўскія міліцыянты, якія добраахвотна гатовыя былі ўзяць удзел у гэтай справе», — расказвае ён.
Курачкін застаўся на ахове дзяжурнай часткі. Каля 2-3 гадзін ночы сілавікам сказалі, што «пытанне закрытае», але «па міліцэйскіх зводках і іншых крыніцах» былы маёр даведаўся, што «не ўсё так спакойна і элегантна як заўсёды».
На наступны дзень Курачкін паехаў у Лідскі РАУС, каб сустрэць жонку — яна працавала там пашпартысткай.
«І я ўбачыў карціну, нехарактэрную для Лідскага РАУС: вельмі шмат людзей, яны ўсхваляваныя, многія з цялеснымі пашкоджаннямі. У міліцыі таксама мітусня», — успамінае ён.
12 жніўня Курачкін паехаў на дзяжурства і ўбачыў перапоўнены ізалятар часовага ўтрымання. Затрыманых у Іўі прывезлі з Ліды — многія былі збітыя, некаторых размалявалі фарбай з балончыка, успамінае былы міліцыянт.
«Ніхто нікога не шкадаваў. Гэта было 10-11 [жніўня], калі з іншых РАУС даслалі супрацоўнікаў для падтрымкі, бо людзі не супакоіліся. Прыйшлі міліцыянты, ПВК, назавем іх. Яны ўжо бясчынствавалі ў Лідзе і проста збівалі людзей і пакавалі», — кажа ён.
У Мінску пасля выбараў знік стрыечны брат Курачкіна — праз некалькі дзён бацькі знайшлі яго ў жодзінскай турме з дапамогай праваабаронцаў з «Вясны». У жонкі былога міліцыянта, якая кожны вечар бачыла затрыманых каля Лідскага РАУС, здарыўся нервовы зрыў.
«Як можна цяпер пасля ўсяго гэтага працягваць службу, калі ты быццам бы працаваў за адно, а на самай справе выходзіць іншае?» — задаваўся пытаннем Курачкін.
Ён запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку сілавікоў, і падаў рапарт аб звальненні. Былы міліцыянт дамовіўся з начальствам, што звольніцца па згодзе бакоў, але яго звольнілі за прагулы — праз два дзяжурствы пасля выбараў Курачкін больш не выходзіў на службу. Неўзабаве былы міліцыянт разам з сям’ёй атрымаў гуманітарныя візы, а 10 верасня ўжо быў у Польшчы.
«Стала паступаць інфармацыя [пра тое, што лепш з’ехаць], і шостае пачуццё падказвала: "Глядзі, хлопец, акуратней, бо нешта будзе не так". Вырашылі не даводзіць ужо да моманту, калі пастукаюць у дзверы, надзенуць кайданкі і павязуць у невядомым кірунку», — кажа ён.
Супраць Сяргея Курачкіна распачалі крымінальную справу па артыкуле аб акце тэрарызму. КДБ унёс былога міліцыянта ў спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці разам са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Антонам Матолькам і прадстаўнікамі ініцыятывы BYPOL.
«КДБ і ГУБАЗ падставілі грамадзяніна Малейчука і зрабілі яго тэрарыстам. Я проста адсочваю дзейнасць BYPOL, у іх выдатнае расследаванне з гэтай нагоды было, дзе ўсё выразна раскладзена. І вось нейкім бокам мяне да гэтага тэракту прыпісалі», — кажа ён.
Падпалкоўнік міліцыі Станіслаў Лупаносаў таксама апынуўся ў «тэрарыстычным спісе» КДБ. Улетку 2020 года ён перавёўся ў першае кіраванне ГУБАЗа з упраўлення «К».
«Мяне прызначылі на пасаду старшага опера ў чацвёрты аддзел, які займаецца карупцыяй у медыцынскай галіне», — расказвае ён.
У першыя дні працы Лупаносава у ГУБАЗе яго выклікаў да сябе Мікалай Карпянкоў, які тады кіраваў упраўленнем. Паводле слоў падпалкоўніка, начальнік хацеў яго «ідэалагічна апрацаваць».
«У кабінеце знаходзіўся Бедункевіч. Ён увесь час маўчаў, а Карпянкоў прамову выдаваў. Казаў, што Расія — вялікая краіна, Пуцін — вялікі лідар. У свеце больш няма такіх лідараў, як Лукашэнка, Пуцін, Трамп», — успамінае размову Лупаносаў.
Яго прасілі «часова папрацаваць на трэцім упраўленні», якое займаецца «супрацьдзеяннем экстрэмізму», — маляваць схемы сувязяў у апазіцыйным руху. Былы міліцыянт кажа, што схемы былі ўжо гатовыя — трэба было проста «маляваць стрэлачкі» на ўказанне намесніка начальніка трэцяга ўпраўлення Аляксандра Алёксы.
«Яны з гэтымі схемамі хадзілі потым да Макея, а ён гэта замежным дыпламатам паказваў», — сцвярджае Лупаносаў.
Паводле яго слоў, паміж сабой супрацоўнікі ГУБАЗа абмяркоўвалі палітыку — сам ён размаўляў пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага з «непасрэдным кіраўніком гэтай распрацоўкі» Іванам Тарасікам.
«Ён унікліва адказваў на пытанні, відаць было, што яму непрыемная гэтая тэма. Потым ён матываваў гэта тым, што трэба дабудаваць лазню ўсё-ткі», — успамінае Лупаносаў.
9 жніўня ён разам з супрацоўнікамі сіл спецыяльных аперацый стаяў на ўездзе ў Мінск з боку Брэста — Лупаносава як супрацоўніка ГУБАЗа прызначылі галоўным у гэтай групе. Сілавікі выбарачна правяралі машыны з шчыльнай плыні на ўездзе ў горад: шукалі арматуру, колюча-рэжучыя прадметы і зброю.
«Ніводнага чалавека не завярнулі, ні да каго пытанняў не паўстала наогул», — успамінае ён.
Пасля 11 вечара сілавікі вярнуліся ў будынак ГУБАЗа. Лупаносаў перыядычна выходзіў ва ўнутраны дворык і чуў, як супрацоўнікі ГУБАЗа выязджалі «вызваляць выбарчыя ўчасткі ад грамадзян і эвакуяваць членаў выбаркамаў». Інтэрнэту не было, і былы міліцыянт вырашыў праглядаць дадзеныя затрыманых ва ўнутранай сетцы МУС. Некаторым супрацоўнікам удавалася прачытаць навіны з дапамогай VPN.
«Большасць рэагавала так, што нельга рабіць, як робяць усякія карпянкоўцы, бедункевічцы і іншыя крымінальныя элементы. Гэта было відаць па позірку», — кажа ён.
Лупаносаў упэўнены, што большасць «нармальных супрацоўнікаў» ўжо не працуе ў ГУБАЗе.
«Няма ніводнага чалавека, які падпісаўся б за альтэрнатыўнага кандыдата і працуе ў ГУБАЗе да гэтага часу. У цэнтральным апараце было шэсць чалавек разам са мной з прыкладна 100 чалавек, але гэта лічба менавіта па ГУБАЗе. А ёсць людзі з цэнтральнага апарата МУС — больш за 400 чалавек падпісаліся за Бабарыку. Я думаю, з іх адзінкі засталіся працаваць», — разважае экс-сілавік.
Лупаносаў прызнаецца, што практычна не працаваў з карупцыяй у медыцыне — перад выбарамі і пасля іх супрацоўнікаў ГУБАЗ прыцягвалі «да выканання неўласцівых задач». Сам ён павінен быў праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да «людзей, не звязаных з эканомікай».
«Трэба было выпісваць паперы, якія дазваляюць праслухоўваць чалавека альбо "наружку" выстаўляць. Гэта ўсё звычайныя людзі: хто рэстаратар, хто культурны дзеяч, хто былы дыпламат. Я, вядома, праводзіў мерапрыемствы, але не рэалізоўваў нічога. Гэта называецца выконваў чыста па інструкцыях, стараўся ісці па літары закона», — кажа падпалкоўнік і дадае, што раскажа пра гэтых людзей, калі «прыйдзе час».
Ён сцвярджае, што ніколі не ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях, а пасля выбараў збіраў звесткі аб «парушэннях дзейнага рэжыму» і «дакументаваў злачынную дзейнасць» сваіх былых калег. Лупаносаў кажа, што працаваў з базамі дадзеных і мае дачыненне «да самых гучных зліваў» з сістэмы МУС, але якіх — удакладніць пакуль не можа.
Былы падпалкоўнік з’ехаў з краіны ў канцы лістапада 2020 года. Апошняй кропляй, кажа ён, стала забойства Рамана Бандарэнкі.
«Відавочна, што чалавека забілі, — столькі доказаў. Усе ведаюць, ходзяць, як, мякка кажучы, абасраныя. Ніхто нічога не робіць», — кажа ён.
Лупаносаў вырашыў падаць рапарт на адпачынак, каб бяспечна пакінуць краіну, і праз некалькі дзён прыехаў ва Украіну. Падчас адпачынку ён працягваў камунікаваць з калегамі і начальствам.
«Трэба падпіску на газету "Ведамасці" — не пытанне, падпісваюся, скідваю начальніку плацёж. Іншыя калегі мне тэлефануюць, я ім дапамагаю, кансультую. Ніякіх падазрэнняў не было», — успамінае былы міліцыянт.
Пра тое, што Лупаносаў не вернецца ў Беларусь, у ГУБАЗе здагадаліся прыкладна праз месяц.
«Мне патэлефанаваў былы начальнік: "Станіслаў, ты дзе? Ты маеш дачыненне да гэтых слоў? Што ты зрабіў?" І я кажу: я знаходжуся ў горадзе Марыупалі. Я прыняў рашэнне пакінуць краіну і ўладкавацца ў IT-кампанію. Мне няма чаго рабіць у Беларусі, — успамінае былы сілавік. — Кіраўнік кажа: "Прыязджай у краіну, мы ўсё даруем і выйдзеш на працу, усё будзе нармальна". Такія дзіцячыя казкі дзейнічаюць толькі на чытачоў "Нязнайкі на Месяцы"».
Начальніка Лупаносава звольнілі, а калегу, які сядзеў з ім у адным кабінеце, панізілі ў пасадзе — адправілі працаваць даішнікам, распавядае былы падпалкоўнік. Яго бацьку таксама «папрасілі» з працы — ён пенсіянер, але працаваў камендантам у Дэпартаменце па фінансах і тыле.
Да бацькоў Лупаносава прыходзілі з ператрусам каля пяці разоў, а брату — Міхаілу Лупаносаву — прысудзілі 2,5 гады хіміі за прычыненне «маёмаснай шкоды». Былы міліцыянт кажа, што сілавікі «давалі сігналы і капалі на брата» больш за паўгода, а 17 жніўня 2021 года затрымалі. Лупаносаў звяртае ўвагу на тое, што брата затрымалі супрацоўнікі трэцяга ўпраўлення ГУБАЗа, якое займаецца «экстрэмістамі, а не эканамічнымі злачынствамі».
«Брату казалі, што яго затрымалі праз мяне. 10 месяцаў прайшло з моманту затрымання да вынясення прысуду. Гэта сведчыць аб тым, што яны не ведалі, што яму прышыць. Вось у выніку прышылі нейкую "шляпу". Гэта цалкам палітычная справа», — упэўнены былы сілавік.
Супраць самога Лупаносава, паводле яго слоў, распачалі дзве крымінальныя справы. Адну з іх — за «несанкцыянаванае капіраванне інфармацыі з працоўнага камп’ютара», а другую — «за падрыхтоўку акту тэрарызму ў ваенным гарадку ў Пячах і на вуліцы Убарэвіча ў Мінску ў 2021 годзе», кажа ён.
«Гэта за тое, што ініцыятыва BYPOL апублікавала інфармацыю пра магчымы тэракт рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларускіх грамадзян. Планавалася вялікая правакацыя КДБ на Дзень Волі. Была дакладная інфармацыя — крыніца дала зразумець, што гэта ўсё магчыма, таму мы людзей папярэдзілі праз наш канал», — тлумачыць Лупаносаў.
Лупаносаў упэўнены, што ціск на сваякоў былых сілавікоў аказваюць, каб прымусіць іх спыніць сваю дзейнасць.
«Яны хочуць, каб усе беларусы рэзка спыніліся і сказалі, што Лукашэнка малайчына і ў яго яйкі большыя, чым у Кінг-Конга», — іранізуе Лупаносаў.
Паводле яго слоў, у сістэме МУС цяпер «велізарныя праблемы» праз кадравы голад і ўсё «трымаецца на соплях».
«Наогул катастрофа зараз ў сістэме МУС, мы ж атрымліваем сігналы знутры. Людзі, у якіх ёсць выслуга, імкнуцца пад любой падставай не працягваць кантракт. Магчымасцю закасіць па хваробе ўсе вельмі класна карыстаюцца», — кажа былы міліцыянт.
Некаторым сілавікам, якія падтрымалі пратэст, пашанцавала значна менш, чым іншым героям гэтага тэксту — адны з іх ужо атрымалі свае тэрміны, іншыя знаходзяцца ў СІЗА ў чаканні суду.
У траўні 4 гады калоніі атрымаў былы памочнік пракурора Яўген Бабак. Суд прызнаў яго вінаватым у грубым парушэнні парадку і распальванні варожасці. У канцы ліпеня КДБ унёс Бабака ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
«Рашэнне сысці з пракуратуры выспявала даўно. Каталізатарам рашэння сталі падзеі 9-12 жніўня», — расказваў сам Бабак у канцы жніўня 2020 года.
Амаль праз год — у чэрвені 2021-га — яго затрымалі сілавікі. Паводле слоў сваякоў, у той момант Бабак хварэў на каранавірус і заставаўся дома. Яго прыехаў наведаць брат і знайшоў зламаныя дзверы і разгромленую кватэру.
Аляксей Зікееў працаваў у Следчым камітэце да 2017 года, а ў 2020 годзе далучыўся да штаба Валерыя Цапкалы. Улетку 2021 года яго затрымалі па абвінавачванні ў грубым парушэнні парадку, а ў кастрычніку прысудзілі 1,5 года калоніі.
«За той час, што я знаходжуся ў СІЗА, я прыйшоў да высновы, што няма нічога даражэйшага за сям’ю — ніякія грошы, нічога. У мяне ёсць толькі адна просьба: не пазбаўляць мяне свабоды, каб я змог вярнуцца да сваёй сям’і, выхоўваць дзіця, і мне не давялося б тлумачыць яму, чаму таты не было дома. І проста працягваць далей быць грамадзянінам сваёй краіны. Я нічога нікому дрэннага не зрабіў, я заўсёды дапамагаў», — казаў у сваім апошнім слове Зікееў.
За ўдзел у некалькіх пратэсных маршах асудзілі і экс-следчага Аляксея Сянькова, затрыманага проста на працоўным месцы ў СК. Яго прызналі вінаватым у грубым парушэнні парадку і прысудзілі 2 гады калоніі.
У судзе Сянькоў расказваў, што 16 жніўня 2020 года сустрэўся са сваім братам Юрыем — былым чыноўнікам з Ленінскага раёна Менска, асуджаным на 3 гады калоніі за грубае парушэнне парадку і абразу Лукашэнкі. Разам яны «вырашылі паглядзець, колькі людзей выйшла». Не даходзячы да стэлы «Мінск — горад-герой», браты сфатаграфаваліся на фоне бчб-сцягоў, але самі былі без сімволікі. Сянькоў пацвердзіў, што пляскаў у далоні і крычаў «Жыве Беларусь».
На пытанне суддзі аб тым, як «супрацоўнік Следчага камітэта дазволіў сабе пераступіць праз прысягу і ўчыніць злачынства», Сянькоў адказаў: «Можна было б што заўгодна прыдумаць і вам казаць, але я не магу адказаць на пытанне, чаму. Канкрэтных палітычных поглядаў, узяць удзел, лозунгі — гэтага не было. Хутчэй за ўсё хацеў убачыць натоўп людзей, прайсціся і паглядзець. Іншага адказу для сябе не знаходжу. Насамрэч вінаваты».
Два гады калоніі прысудзілі і Ягору Вяршыніну, які звольніўся з СК у 2019 годзе. Суд прызнаў яго вінаватым у грубым парушэнні парадку на маршах 23 і 30 жніўня. Паводле версіі абвінавачвання, былы следчы «выкрыкваў лозунгі, пляскаў у далоні, выкарыстаў бчб-сцяг як пратэсны сімвал і перашкаджаў руху транспарту».
Доказам яго віны стаў фотаздымак з паднятым кулаком і бчб-сцягам, а таксама сэлфі на фоне ачаплення сілавікоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фотаздымкі органам перадаў мужчына, супраць якога Вяршынін вёў справу яшчэ будучы следчым.
У судзе па справе Вяршыніна ў якасці сведкі дапыталі яго сябра — былога следчага Яўгена Юшкевіча. Яго абвінавачваюць у грубым парушэнні парадку за ўдзел у мітынгу 16 жніўня 2020 года.
Падчас пратэстаў 2020 года Юшкевіч заснаваў праект ByChange па дапамозе ў навучанні і перападрыхтоўцы «сілавікоў, чыноўнікаў і іншых грамадзян Беларусі, якія страцілі працу з-за сваіх палітычных поглядаў».
Упершыню Юшкевіча затрымалі ў канцы лістапада 2020 года — супраць яго распачалі крымінальную справу аб грубым парушэнні парадку, а праз 10 дзён адпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Другі раз ён быў затрыманы ў красавіку 2021 года і да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА. Паводле слоў сваякоў, у пастанове на ператрус быў пазначаны артыку аб акце тэрарызму. 4 траўня таго ж года Лукашэнка пазбавіў Юшкевіча звання за «дыскрэдытуючыя ўчынкі». На момант выхаду тэксту абставіны справы супраць яго невядомыя.
Пад следствам знаходзіцца яшчэ адзін былы супрацоўнік СК — Мікіта Старажэнка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго абвінавачваюць у распальванні варожасці за «зліў» звестак сілавікоў «пратэснаму тэлеграм-каналу» і махлярстве за супрацоўніцтва з фондамі салідарнасці і збор грошай на выплату запазычанасці за навучанне ў Акадэміі МУС.
У жніўні 2020 года Старажэнка абвясціў пра сваё звальненне з СК, выступіўшы супраць міліцэйскага гвалту.
«Звальняцца было цяжка, разумеючы што чакае велізарны доўг за навучанне і ёсць сям’я, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню, яшчэ цяжэй. Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. <...> Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце вы сказаць «Гонар маю». Я змог, маё сумленне чыстае», — напісаў ён у інстаграме.
Экс-следчага затрымалі 1 лютага ў гандлёвым цэнтры. У канцы красавіка яго былы сукамернік расказаў, што пасля затрымання Старажэнку збівалі супрацоўнікі ГУБАЗа. Паводле яго слоў, экс-следчы «быў увесь сінім: ад канца хрыбетніка і амаль да пятак».
У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 сілавікоў за «дыскрэдытуючыя ўчынкі», у тым ліку многіх герояў гэтага тэксту.