Илюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона
За два гады ў калоніі 22-гадоваму анархісту Мікіту Емяльянаву прызначылі не менш за 250 дзён ШІЗА і карцара, а потым дадалі яшчэ два гады да тэрміну — за «злоснае непадпарадкаванне». Увесь гэты час маці асуджанага падтрымлівае з ім перапіску, нягледзячы на здзеклівыя патрабаванні адміністрацыі — забарону на смайлікі, вылучэнне колерам і раздрукоўкі з вікіпедыі. З дазволу аўтараў «Медыязона» друкуе інтэрв’ю, якое ўзяў у Анастасіі Емяльянавай блог «Шуфлядка».
У мінчанкі Анастасіі Емяльянавай і яе мужа чацвёра сыноў. Старэйшы — Мікіта — вучыўся ў БНТУ на трэцім курсе па спецыяльнасці «Караблебудаванне і тэхнічная эксплуатацыя воднага транспарту». У канцы кастрычніка 2019 года яго затрымалі, а праз некалькі месяцаў — перад пачаткам судовага працэсу — адлічылі з ВНУ.
Паводле версіі следства, Емяльянаў і ягоны аднадумец Іван Комар у верасні 2019 года закідалі напоўненымі чырвонай фарбай лямпачкамі будынак Мінскага гарадскога суда, дзе неўзабаве павінен быў пачацца закрыты працэс над яшчэ адным анархістам — Дзмітрыем Паліенкам. У кастрычніку яны паспрабавалі падпаліць уваходныя дзверы СІЗА-1 на Валадарскага, але тыя не загарэліся. Праз тыдзень маладыя людзі паўтарылі спробу; шкоду ад падпалу сілавікі ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. Паколькі ізалятар размешчаны ў будынку Пішчалаўскага замка, да абвінавачвання дадаўся артыкул аб пашкоджанні гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
На судзе Комар расказваў, што пасля затрымання сукамернік ударыў яго і пагражаў, што згвалціць, калі анархіст не напіша яўку з пакаяннем. У той жа вечар арыштант напісаў дзве яўкі, але адмовіўся сведчыць супраць Емяльянава на вочнай стаўцы. На наступны дзень Комар напісаў трэцюю яўку з пакаяннем.
Суд даў кожнаму з анархістаў па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праз месяц у апеляцыі тэрмін скарацілі: Комару да 3,5 гадоў, Емяльянаву — да 4 гадоў.
Анастасія кажа, што непаразуменні з турэмнай адміністрацыяй у сына пачаліся ўжо на Валадарцы: Мікіта «адмовіўся падпісваць паперы», якія тычацца ўнутранага распарадку ўстановы.
«У кастрычніку ён быў затрыманы, а ўжо ў лістападзе і снежні ў яго былі праблемы: карэспандэнцыя да яго не даходзіла ніякая, і яго трымалі ў вакууме пэўны перыяд. Нічога не ўручалі — ні лістоў, ні газет. Сказалі, што на яго карэспандэнцыю накладзены арышт», — расказвае маці анархіста.
Паводле яе слоў, у адказ Мікіта пачаў маляваць карыкатуры на турэмшчыкаў. Калі цэнзары ўбачылі гэтыя малюнкі, маладога чалавека ўпершыню адправілі ў карцар.
«Тады тэрміны былі пяць сутак, праз некаторы час яшчэ пяць, сем», — успамінае Анастасія.
З тых часоў яе сын правёў у карцарах, ШІЗА і ПКТ каля 250 дзён.
Сям’я Емяльянавых — вернікі. Дзеці з ранняга ўзросту атрымлівалі каталіцкае выхаванне, а па нядзелях разам з бацькамі хадзілі ў касцёл.
«Нам падабаецца жыццё ў веры, з жывым Хрыстом. Гэта дае нам сілы і дапамагае не здавацца і бачыць ва ўсім гэтым сэнс. Люблю чытаць Біблію, таму што калі мы чытаем Біблію, мы размаўляем з Богам і атрымліваем адказы на свае пытанні», — кажа Анастасія.
Правілы ўнутранага распарадку, працягвае маці анархіста, не забараняюць асуджаным мець пры сабе прадметы культу, калі яны не зробленыя з каштоўных металаў і камянёў. Аднак і з гэтым у Мікіты паўсталі праблемы.
«Увосень прыносіла ружанец. У мяне яго не прынялі на Валадарцы. Напісана, што яны могуць мець прадметы культу, але чамусьці не пазначана, якія менавіта. На Валадарцы віселі такія самапрыдуманыя правілы, што можна перадаваць толькі крыжык і іконы кішэннага памеру», — успамінае Емяльянава.
Паводле яе словаў, доўга давялося дамагацца сыну і візіту святара. Ксёндз змог наведаць яго толькі ў лютым, ён таксама прынёс з сабой ружанец. Маці распавядае, што Мікіту дазволілі яго прыняць, але пазней адміністрацыя зноў забрала ружанец.
Пры затрыманні на Мікіту быў не крыжык, а медальён Найсвяцейшай Панны Марыі, кажа маці зняволенага.
«Потым Мікіта пытаўся: "Мама, ці вярнулі табе ў маіх рэчах гэты медальён?" Я адказала, што мне вярнулі штаны, сім-карту, яшчэ нешта, а медальёна не было. Не ведаю, што з ім зрабілі», — уздыхае Анастасія.
Суд над анархістамі адбыўся ў лютым 2020 года. Анастасія хадзіла на паседжанні, каб падтрымаць сына.
«Калі я зайшла ў залу суда, гэта быў першы раз, калі я ўбачыла Мікіту з восені. Я зайшла ў судовую залу, убачыла Мікіту, які ў клетцы сядзеў. Ён усміхаўся мне. І я адразу яму памахала рукой. Было прыемна ўбачыць яго. У яго быў чырвоны трохкутнік намаляваны на рукаве — гэта знак палітвязня. Мне спадабалася, як ён выглядаў. Акуратна, прыстойна», — успамінае Емяльянава.
Маці арыштанта кажа, што не асуджае Комара, хоць і разумее, што абвінавачванне ў значнай меры будавалася на яго паказаннях — «кожны чалавек па-свойму ўспрымае ціск».
«Відэа было: людзі ў чорнай вопратцы, у чорных масках, у чорных шапках, капюшонах з балаклавамі ноччу нешта… Нікога не апазнаць там было. Усё грунтавалася на паказаннях Комара, на яго яўках з пакаяннем, — сцвярджае Анастасія. — На яго націснулі, ён паверыў, што можа пазбегнуць пазбаўлення волі. Я не ведаю, што яму абяцалі. Мы не ведаем, чаму чалавек падвяргаўся і як яму пагражалі. Таму стаўленне да Комара было — па-хрысціянску, па-чалавечы яго падтрымліваць».
Пасля прысуду Мікіту Емяльянаву дазволілі спатканне з маці. Яны прагаварылі каля дзвюх гадзін.
«Тэлефон накшталт савецкага тэлефона-аўтамата з будак, у якіх дзве капейкі кідаліся — бандурныя, вялікія, цяжкія тэлефонныя слухаўкі. На шыльдзе напісана, што пра сукамернікаў забарона, пра ўмовы ўтрымання і план, дзе што знаходзіцца. Напісана, што калі вы будзеце пра забароненыя рэчы гаварыць, то могуць спыніць размову. Каб не адключылі нас, я не пыталася пра ўмовы», — распавядае маці анархіста.
Паводле выраку суда Емяльянаў павінен адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму; яго адправілі ў Бабруйскую ПК №2. Анастасія ўспамінае, што па прыбыцці туды сын зноў адмовіўся падпісваць правілы распарадку, таму адразу з каранціну трапіў на 12 сутак у ШІЗА, а потым месяц правёў у ПКТ.
«Я ў Бабруйску доўга не затрымаюся. У выніку мяне адправяць у СТ-4 у Магілёў. Там я буду адбываць пакаранне ў крытым (турэмным) рэжыме. Званкі раз у месяц і перадачы раз у год там дазволеныя, а спатканні — не. Я сябе настроіў на такі сцэнар. Мне пакуль невядома, колькі часу я правяду ў Бабруйску, а дакладней, у ізалятары. Хоць ёсць і горшы варыянт: могуць распачаць [справу па] артыкуле 411 КК, а там дадатковы тэрмін і строгі рэжым», — пісаў анархіст вясной 2020 года.
29 траўня таго ж года суд у закрытым пасяджэнні перавёў Емяльянава на строгі рэжым. У Магілёўскай крытай турме яму заставалася правесці тры гады.
Паводле словаў Анастасіі, у Магілёве сын чатыры месяцы правёў удваіх з адным сукамернікам, потым восем месяцаў — з іншым. У турме ён таксама адмовіўся падпісваць паперу аб азнаямленні з правіламі распарадку. Емяльянаў прасіў дапусціць да яго святара, але, паводле ўспамінаў маці, зноў атрымаў адмову.
«Спачатку казалі, што не дамо сустрэчу, нават не прасі. А я яму ў лістах пішу: "Ну як гэта не дамо, калі па законе можна?" Таму што нейкіх прычын, каб не дазволіць — няма. То яму адмаўлялі, то потым пачалі казаць, што гэта не ў нашай кампетэнцыі», — распавядае яна.
У выніку восенню 2021 года Мікіта абвясціў галадоўку.
«І гэта на іх паўплывала. Яны не проста святара, а біскупа Магілёўскага паклікалі», — кажа Анастасія.
«Калі нейкія пытанні "дыпламатычна" вырашаць — гэта не пра яго гутарка. Калі ён ведае, што ў яго ёсць права сустрэцца са святаром, то яго права павінна быць рэалізавана. Калі яму можна атрымліваць карэспандэнцыю, то гэтае права павінна быць рэалізаванае. Але адміністрацыя парушае ягоныя правы, яны заўсёды вывешваюць толькі абавязкі, што павінен рабіць палонны чалавек. А якія правы яны маюць — не расказваюць», — тлумачыць маці зняволенага.
Яна кажа, што пасылала сыну раздрукоўкі правілаў унутранага распарадку ў лістах, але адміністрацыя не ўручала іх сыну, сцвярджаючы, што гэта зашыфраваныя паведамленні.
«У законе прапісана, што ёсць прычыны, калі лісты не ўручаюцца і не праходзяць цэнзуру. І гэтыя прычыны пазначаныя ў законе: 1) калі ёсць нецэнзурныя выразы; 2) калі ёсць сакрэтная інфармацыя, якая змяшчае звесткі пра крымінальную справу, дзяржтаямніца; 3) калі лісты маюць цынічны характар; 4) калі ёсць шыфр. Калі яны не ўручаюць ліст, яны павінны афіцыйна назваць прычыну неўручэння, якую сабе недзе напішуць і пакладуць у тэчку. Калі я даслала раздрукоўку законаў, яны павінны былі прыдумаць афіцыйную прычыну, каб ён іх не атрымаў і не даведаўся пра свае правы. У законе не могуць быць нецэнзурныя выразы. Цынічны характар закон можа мець? Закон у вольным доступе прадаецца, можна ў кнігарню прыйсці і купіць кодэкс, на pravo.by зайсці і знайсці яго там — значыць, і дзяржтаямніцы няма. Гэтая прычына адпадае. Чацвёртая прычына — шыфр», — тлумачыць логіку турэмшчыкаў Анастасія.
У нейкі момант адміністрацыя абвясціла шыфрам смайлікі і сэрцайкі, якімі яна ўпрыгожвала лісты да сына. Пасля гэтага Емяльянава пачала спецыяльна для цэнзараў тлумачыць усе «ўмоўныя абазначэнні».
«Я малявала смайлік і пісала, што гэта азначае нейкі жарт, ці радасны настрой, ці весялосць, ці нешта смешнае. Потым я сэрца малявала, пісала, што гэты знак азначае любоў — калі мне нешта падабаецца, я магу намаляваць сэрцайка», — распавядае яна.
Калі Мікіту забаранілі адпраўляць бандэролі, маці скапіравала для яго з сайта «Белпошты» вызначэнні розных адпраўленняў — што можна лічыць лістом, а што бандэроллю. Гэтыя раздрукоўкі сыну таксама не ўручылі, успамінае Анастасія.
«Шыфрам яны палічылі тое, што я ўзяла маркер і вылучыла некаторыя азначэнні, — кажа Емяльянава. — Мне давялося пісаць ліст, што шыфр — гэта тое і тое, як кажа вікіпедыя. Калі гэта "шыфр", то да яго патрэбныя "ключы". Цяпер я пішу "ключы". Калі блакітны маркер ці ружовы, то гэта значыць: "інфармацыя, да якой патрэбная асаблівая ўвага"».
Паводле яе слоў, урэшце Мікіта папрасіў маці больш у лістах нічога не падкрэсліваць. Потым цэнзура перастала прапускаць і раздрукоўкі з вікіпедыі: іх таксама сталі «аб’яўляць шыфрамі».
«Ён папрасіў мяне даслаць раздрукоўкі пра караблі, пра піратаў, пра краіны, геаграфію і гісторыю. Я друкавала ліст, устаўляла з вікіпедыі інфармацыю, свае словы пакідала. Я нічога там не падкрэслівала, але Мікіту гэтыя лісты не ўручалі», — кажа маці асуджанага.
Не атрымліваў Мікіта Емяльянаў і раздрукаваныя рэцэнзіі на кнігі.
«Мне даводзілася пісаць лісты рукапісным тэкстам на 18, на 20 аркушаў. Яны жывуць у тым стагоддзі, калі жыла яшчэ Джэйн Остэн. Яны заўсёды пісалі рукапісныя лісты і іх адпраўлялі дыліжансам у іншы горад, і праз некалькі месяцаў на іншым канцы Англіі адрасат атрымліваў ліст. Потым ён адказваў, і праз месяц яшчэ вяртаўся адказ на гэты ліст. Мы ў XXI стагоддзі апынуліся ў часах Джэйн Остэн. Настолькі запаволенае адпраўленне інфармацыі — гэта проста дзікасць нейкая», — здзіўляецца Анастасія.
Раз на месяц Мікіта, калі не сядзеў у карцары, тэлефанаваў маці.
«Я разумела, калі 30-га, 31-га або 1-га ён не патэлефанаваў — ну ўсё, значыць ён у карцары сядзіць. Не так часта мы і размаўлялі па тэлефоне з ім», — падлічвае Анастасія.
Потым Емяльянаву, спасылаючыся на «шыфр», адмовіліся ўручаць лісты ад Дзмітрыя Паліенкі — анархіста, за акцыю з салідарнасцю з якім яго і асудзілі.
«Па тэлефоне я магла сказаць, што Дзіма табе адправіў ліст, у якім віншаваў з днём народзінаў ці з Раством… Я старалася падрыхтавацца, таму што Мікіта тэлефанаваў нечакана. Я не ведала, дзе я буду знаходзіцца, калі ён патэлефануе», — тлумачыць Анастасія.
Паводле яе слоў, аднойчы яна ехала з малодшым дзіцем у паліклініку і не змагла прыняць званок — у яе былі занятыя рукі. Другі выклік прыйшоўся на зваротную дарогу і таксама застаўся непрынятым. У той раз Емяльянаву прыйшлося нагаварыць маці два паведамленні на аўтаадказчык.
Пасля гэтага ён стараўся тэлефанаваць па вечарах, калі ўся сям’я дома.
«Я старалася быць падрыхтаванай. Загадзя ўсю інфармацыю для яго запісвала на паперу, пачынала пасля мінулага званка пісаць тую інфармацыю, якую я хацела яму б сказаць да наступнага званку. У фэйсбук-групе людзі пісалі, што лісты дасылалі яму з Бельгіі, Польшчы, Латвіі. Я ўсё гэта запісвала і яму зачытвала. Паліенка не забываў пра Мікіту ніколі і акцыі рабіў. А адміністрацыя заўсёды хацела паказаць, што ён няўдзячны і пасля ўчынку Мікіты забыўся пра яго», — распавядае маці анархіста.
Асуджаны мае права на 15 хвілін тэлефоннай размовы са сваякамі, аднак у СІЗА, ПКТ і на строгім рэжыме званкі дазваляюцца толькі «пры наяўнасці выключных абставінаў». Са студзеня па пачатак чэрвеня гэтага года Емяльянаў зноў знаходзіўся ў СІЗА — быў пад следствам па справе аб злосным непадпарадкаванні. Паводле словаў маці, у гэтыя месяцы яго трымалі ў карцары «амаль бесперапынна».
На судзе ў якасці сведак выступалі супрацоўнікі магілёўскай турмы, якія складалі рапарты аб парушэннях.
«Гэтыя людзі кожны раз, калі праходзяць міма, адкрываюць кармушку. Калі яны бачылі, што Мікіта ляжыць, то яны заўсёды складалі на яго рапарт. Афіцыйна яны павінны рабіць тры папярэджанні. На судзе яны казалі, што па тры разы папярэджвалі. Як разумею, можна было кожны дзень складаць гэтыя рапарты», — кажа Анастасія.
Паводле яе слоў, таксама ў справе шмат рапартаў пра тое, што Мікіта перагаворваўся з іншымі асуджанымі праз сцяну санвузла.
«А што там яшчэ рабіць, калі на тыдзень ці на месяц садзяць? Пасадзілі чалавека, што там рабіць? Там нічога нельга рабіць. Таму я разумею, што калі Мікіту садзяць у карцар, гэта вельмі выдатна, што ён можа хаця б праз гэтыя ўнітазы размаўляць з суседнім карцарам. Гэта новыя знаёмствы для яго. Хоць і такім чынам. Хоць гэта смешна, што ў XXI стагоддзі такія ўнітазы, што праз іх можна размаўляць», — разважае Емяльянава.
Яна адзначае, што артыкул 411 КК прадугледжвае дысцыплінарную прэюдыцыю — крымінальная адказнасць надыходзіць, калі зняволены падвяргаўся «на працягу года дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, спецыялізаваную палату, адзіночную камеру або пераводзіўся ў турму». Емяльянава перавялі на турэмны рэжым 9 чэрвеня 2020 года. Аднак суд пачаў разглядаць справу анархіста толькі 27 студзеня 2022 года — праз 19 месяцаў.
«Выходзіць, што летам 2021 года гэты год скончыўся, яе няма. Калі яе няма, то не можа быць складу 411 КК. Тыя парушэнні, якія яму ставіліся ў віну, былі зробленыя Мікітам праз 13-15-17 месяцаў, больш за год прайшло», — упэўненая Анастасія.
11 сакавіка суд Ленінскага раёна Магілёва на выязным пасяджэнні ў турме прысудзіў Емяльянаву 2 гады пазбаўлення волі; па сукупнасці прысудаў з гэтага моманту яму заставалася правесці ў калоніі строгага рэжыму 3,5 гады.
29 студзеня 2022 года ў Івана Комара скончыўся тэрмін. Анастасія Емяльянава кажа, што пісала лісты і яму.
«Я проста хацела падтрымаць Комара, таму што гэта быў чалавек, які знаходзіўся ў цяжкім становішчы. Не ўсе тыя лісты Комару ўручалі. А потым мне прыйшлося замаскіравацца пад цётку Комара. Я пісала: "Прывітанне, я цётка Насця твая. З Днём народзінаў"», — успамінае яна.
Комар напісаў у адказ. Для таго каб турэмная цэнзура прапусціла яго ліст, ён памяняў прозвішча адрасаткі з Емяльянавай на Літвін (але ў іншы раз, мабыць, па няўважлівасці, напісаў: Літвінава).
Калі анархіст выйшаў на свабоду, сувязь паміж імі перарвалася.
Паводле словаў Анастасіі, на яе працы ведаюць, што яе сын асуджаны па палітычна матываванай справе. Сваякі не змянілі адносінаў да Мікіты і падтрымліваюць яго грашовымі пераводамі; школьныя настаўнікі перадаюць яму прывітанне.
«Нядаўна іншы сын скончыў школу, там была ўрачыстая частка на ўручэнні атэстатаў. І дырэктарка, калі ўручала атэстат, сказала нейкія добрыя словы пра Мікіту, хоць яна выклікала АМАП на бацькоў, якія каля школы прасілі вывесіць вынікі галасавання. Дырэктарка і нашым, і вашым», — смяецца Анастасія.
Зрэшты, нехта з блізкіх адвярнуўся ад сям’і асуджанага, прызнае яна.
«Сапраўдныя сябры засталіся і падтрымлівалі, а тыя, хто 20 гадоў быццам бы здаваўся сапраўднымі сябрамі, зліліся і спынілі стасункі. Крыўдна думаць, што гэты чалавек быў хросным бацькам нашых трох дзяцей, і Мікіты ў тым ліку», — кажа Емяльянава.
Увечары 13 чэрвеня Мікіту Емяльянава этапавалі ў калонію ў Ваўкавыску. З тых часоў ён правёў у ізалятары яшчэ 18 сутак. Акрамя таго, яго пазбавілі спаткання і канфіскавалі 22 кнігі, машынку для стрыжкі валасоў і згушчонку.