«Увогуле, усім там похер на нашы справы». Як беларусы з пачатку вайны спрабуюць размарозіць свае банкаўскія рахункі ва Украіне
Статья
5 июля 2022, 12:16

«Увогуле, усім там похер на нашы справы». Як беларусы з пачатку вайны спрабуюць размарозіць свае банкаўскія рахункі ва Украіне

Ілюстрацыя: Mari Msukanidze / Медыязона

Праблемы з рахункамі ва ўкраінскіх банках у беларусаў пачаліся праз некалькі дзён пасля расійскага ўварвання. Нацбанк Украіны за некалькімі выключэннямі забараніў разліковыя аперацыі для рэзідэнтаў Беларусі. Вось ужо некалькі месяцаў беларусы рознымі спосабамі спрабуюць атрымаць доступ да сваіх сродкаў — і толькі часам гэтыя спробы аказваюцца паспяховымі.

24 лютага Нацбанк Украіны апублікаваў пастанову аб рабоце банкаўскай сістэмы падчас ваеннага становішча. У ім ад банкаў патрабавалася спыніць расходныя аперацыі па рахунках «рэзідэнтаў дзяржавы, якая здзейсніла ўзброеную агрэсію супраць Украіны».

4 сакавіка фармулёўку ўдакладнілі — расходныя аперацыі спынілі па рахунках рэзідэнтаў Расіі і Беларусі. Выключэнне склалі пераводы на спецыяльны рахунак у падтрымку ЗСУ і рахункі дзяржорганаў Украіны.

Праблемы з рахункамі ва ўкраінскіх банках у беларусаў пачаліся амаль з першых дзён вайны. Кліенты «Приватбанка» не маглі зайсці ў аплікацыю, а калі гэта ўсё-ткі атрымлівалася, то пры ўваходзе з’яўляўся надпіс «карта абмежаваная».

З такой сітуацыяй сутыкнуўся беларус Яўген. Ён зарабляе на майнінгу і продажы крыптавалют. Грошы беларус уносіў у банк пад дэкларацыю — у «Приватбанку» яму адкрылі дэпазіт. Пра тое, што яго рахунак заблакаваны, беларус даведаўся, калі праз некалькі дзён пасля пачатку вайны паспрабаваў аплаціць камунальныя паслугі.

«Для аплаты электраэнергіі анлайн трэба было перайсці ў аплікацыю "Приватбанка". Як толькі я ўвёў лагін і пароль, мяне проста выкінула з яго. Я паспрабаваў зайсці зноў — мне прыйшло паведамленне, што трэба звярнуцца ў падтрымку», — расказвае ён.

Каб атрымаць доступ да свайго рахунку, Яўген напісаў у падтрымку банка, але «там наогул ніхто яшчэ не разумеў, што адбываецца». Спецыяліст гарачай лініі таксама дапамагчы не змог, і прапанаваў прыйсці ў аддзяленне «Приватбанка», дзе беларусу параілі адправіць ліст на пошту галаўнога офіса банка ў Кіеве.

«У лісце напісаў, адкуль сродкі, якія транзакцыі былі, каб гэта ўсё праверылі. Камуналку я аплаціць не магу, замовіць у інтэрнэце таксама нічога не магу. У якім становішчы я апынуўся, іх наогул не цікавіла. Праз 10 дзён мне адказалі нешта ў духу: "Мы па распараджэнні заблакавалі ўсё, што вы ад нас хочаце?"» — апавядае Яўген.

Тады ён зноў напісаў у банк — гэтым разам з прапановай скасаваць дамову і забраць свае сродкі, на што ў «Прываце» адказалі «стандартнай адпіскай» са спасылкай на пастанову НБУ. Беларуса гэта не задаволіла, і ён працягнуў весці перапіску з банкам.

«Я ім напісаў: "Проста дайце скасаваць дамову, я не буду абслугоўвацца, мне больш нічога ад вас не трэба". Праз яшчэ, напэўна, дзён 10 адказалі ў такой крыху агрэсіўнай манеры, маўляў, што вы ўвогуле хочаце», — кажа Яўген.

Ілюстрацыя: Mari Msukanidze / Медыязона

У пачатку траўня ён паспрабаваў разблакаваць рахунак праз спіс, які ў Нацбанк падае служба бяспекі Украіны — такая магчымасць з’явілася ў новай рэдакцыі пастановы аб працы банкаўскай сістэмы. Нацбанк удакладніў, што такі спіс могуць падаць і дзяржорганы Украіны, але толькі ў дачыненні да юрыдычных асоб пры ўмове, што яны «выконваюць важныя функцыі і/або аказваюць важныя паслугі».

Яўген адправіў падрабязны ліст на пошту СБУ і папрасіў «хоць бы частку сродкаў адтуль зняць проста на жыццё». Праз некалькі тыдняў беларусу патэлефанаваў супрацоўнік ведамства, задаў удакладняльныя пытанні па дакументах і абяцаў ператэлефанаваць. Яўген, не дачакаўшыся адказу, звязаўся з СБУ сам — яго запрасілі на сумоўе ў Кіеў, да якога яму давялося б ехаць больш за 500 кіламетраў. У ведамстве зноў паабяцалі ператэлефанаваць з удакладненнем, ці можна прыехаць на сумоўе бліжэй. Гэтым разам Яўген зноў не дачакаўся званка і патэлефанаваў сам.

«З размовы было зразумела, што гэта адзіны супрацоўнік, на якога гэта ўсё звалілася, прыйшло вялікім спісам, і яму трэба гэта ўсё праверыць, адсартаваць, дачакацца адказу і адправіць потым у банк», — мяркуе ён.

Сумоўе ў выніку правялі па тэлефоне — Яўгена супрацоўнік СБУ запэўніваў, што «ўсё павінна быць добра», і папрасіў пачакаць рашэння дзесяць дзён. За гэты час рахунак не разблакавалі, і беларус звярнуўся ў банк па тлумачэнні. Паводле слоў Яўгена, супрацоўніца сказала яму, што СБУ «ніякія запыты нікуды не падавала і ніякія паперы ад яе не прыходзілі». 24 чэрвеня мужчына зноў звязаўся з ведамствам.

«Увогуле, усім там похер на нашы справы. Ён там сказаў нешта накшталт: "Ну а што вы хочаце? Няма адказу і няма. Потым я з ім яшчэ пагаварыў — ён кажа, ну акей, ператэлефануйце мне заўтра. Я буду на месцы і пагляджу, што там"», — пераказвае размову беларус.

У наступныя дні супрацоўнік СБУ «проста скідаў» званкі ці не падымаў слухаўку: «напэўна, ён мяне на аўтаадказчык паставіў, паспрабую яшчэ, калі не — буду пісаць новы ліст», — падсумоўвае Яўген.

З аплатай тавараў і паслуг Яўгену дапамагае сябар-украінец, а сам ён наўзамен адпраўляе сродкі ў крыптавалюце. Аплаціць камуналку, кажа беларус, па-ранейшаму нельга, хоць 8 сакавіка Нацбанк вызначыў, што забарона на правядзенне аперацый па рахунках рэзідэнтаў Расіі ці Беларусі не пашыраецца на сацыяльныя і зарплатныя выплаты, аплату камунальных паслуг, выплату падаткаў і іншыя абавязковыя плацяжы.

Яўген лічыць, што пры жаданні забарону Нацбанка лёгка абысці, і тлумачыць:

«Калі любому чалавеку — украінцу, рускаму ці беларусу — у Кіеве захочуць аплаціць дыверсію, яму проста скінуць у крыпце. Ён праз крыпту ў абменніку атрымае аплату ў доларах, у грыўнях, і гэта зойме прыкладна паўгадзіны. Біржы ніякія не блакавалі беларусам. Усё гэта праз абменнік назад у Кіеве проста выводзіцца. Можна папрасіць таварыша, які проста прыме плацёж на сваю карту праз абменнік, а ты грошы ў банкамаце здымеш. З "Приватбанка" можна здымаць наогул без карты — націснуць у банкамаце "я хачу зняць сродкі без карты". Табе патэлефануюць або прыйдзе эсэмэска — трэба ўвесці тры апошнія лічбы, а потым код карты».

На думку беларуса, рахункі можна было б размарожваць па заяўках людзей пасля допытаў, «калі ўсё нармальна».

«У мяне не самае цяжкае становішча. Ёсць людзі з дзецьмі, у якіх наогул няма сродкаў. Пазбаўляюцца працы кампаніі, якімі валодаюць беларусы, і ўкраінцы, якія ў іх працавалі», — кажа Яўген.

Адзін з такіх бізнэсаў, які заснавалі беларусы, — «Чистый кит». Кампанія займаецца клінінгавымі паслугамі ў Кіеве. Яе дырэктарка Паліна Бродзік распавядае, што праблемы з камерцыйнымі рахункамі пачаліся, калі ў кампаніі паспрабавалі адкрыць рахунак для сацыяльных выплат украінскай супрацоўніцы, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

«Як толькі з’явілася актыўнасць, на яе адразу звярнулі ўвагу і [камерцыйныя] рахункі заблакавалі», — расказвае Бродзік.

Рахунак для супрацоўніцы ў дэкрэце адкрыць удалося, але камерцыйныя рахункі да гэтага часу заблакаваныя, і гэта ўскладняе працу кампаніі, дадае дырэктарка.

«На сённяшні дзень мы можам выплочваць заработную плату, аднак аперацыйныя нейкія дзеянні, напрыклад, закупка інвентару, цалкам немагчымыя. Гэта сумна, таму што ў нас у асноўным працуюць грамадзяне і грамадзянкі Украіны», — кажа Бродзік.

Яна дадае, што цяпер даход для «Чистого кита» не такі важны, як магчымасць даць працу людзям падчас вайны.

«Любое абмежаванне нашай працы б’е больш па саміх украінцах, чым па нас», — лічыць Паліна.

Дырэктарка не разумее, на якіх падставах заблакавалі рахунак «Чистого кита», — у апошняй рэдакцыі абмежаванні па-ранейшаму датычацца рэзідэнтаў Беларусі, да якіх не адносяцца ўладальнікі бізнэсу.

«Мы ўсе з’яўляемся людзьмі, у якіх ёсць разнастайныя дакументы, якія пацвярджаюць рэзідэнцтва краін ЕС або Украіны. Адпаведна, гэтыя абмежаванні не могуць быць па вызначэнні да нас ужытыя — да гэтага мы і апелюем», — кажа яна.

Рэзідэнтнасць асоб для мэтаў прымянення нормаў пастановы № 18 вызначаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона Украіны «Аб валюце і валютных аперацыях» і Палажэннем аб здзяйсненні аперацый з валютнымі каштоўнасцямі.

Згодна з гэтым актам, фізічная асоба, якая мае грамадзянства Беларусі і пастаянна пражывае на тэрыторыі Украіны на падставе афіцыйных дакументаў, лічыцца рэзідэнтам Украіны. Замежнікі і асобы без грамадзянства, якія часова пражываюць ва Украіне і атрымалі від на часовае пражыванне, у разуменні Закона аб валюце і Палажэння № 2 з’яўляюцца нерэзідэнтамі.

Кампанія дачынялася са сваім банкам «у аднабаковым парадку» на працягу некалькіх месяцаў. Дырэктарка распавядае, што тэлефанавала ў банк кожны тыдзень. Там ёй адказвалі, што абавязкова высвятляць, хто займаецца гэтым кейсам, і ператэлефануюць. Нядаўна «Чистый кит» атрымаў адказ.

«Нам сказалі, што аддзяленне, якое павінна разглядаць наш кейс, знаходзіцца ў Херсоне, таму затрымка. На жаль, у гэта верыцца з цяжкасцю, таму што мы ніколі ў Херсоне не працавалі», — расказвае Паліна.

Паводле слоў Бродзік, былі выпадкі, калі людзям удавалася даць дастаткова падстаў для разблакіроўкі рахункаў, але бачыць «пэўнае нежаданне [украінскага боку] займацца гэтымі пытаннямі».

«Цяпер не існуе прэзумпцыі невінаватасці — для беларусаў ва Украіне гэта якраз-такі дзейнічае наадварот. У нас усе па грамадзянстве вінаватыя, і кожнаму трэба даказаць адваротнае», — лічыць Бродзік.

Яна не бачыць універсальных крытэрыяў і механізмаў для разблакіроўкі рахункаў беларусам, але лічыць, што над сістэмным рашэннем праблемы працуе прадстаўніцтва офіса Святланы Ціханоўскай у Кіеве.

Кіраўнік кабінета прадстаўнікоў Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі расказаў «Медыязоне», што офіс працуе над двума варыянтамі вырашэння праблемы — на палітычным і індывідуальным узроўнях.

У першым выпадку Святлана Ціханоўская накіравала ліст старшыні Нацбанка «з просьбай прыняць агульнае рашэнне для ўсіх беларусаў».

«Украінскія ўлады цяпер нацэленыя на вырашэнне толькі аднаго пытання — гэта перамога Украіны ў вайне супраць Расіі. Усе астатнія пытанні для іх, ясная рэч, зусім другарадныя. Тым не менш, гэта не азначае, што мы павінны чакаць заканчэння вайны для вырашэння гэтай праблемы», — кажа Кавалеўскі.

Яшчэ адна ініцыятыва офіса — разблакіроўка рахункаў па спісах, якія адпраўляюць у СБУ. Дадзеныя могуць пакінуць як фізічныя, так і юрыдычныя асобы — іх перадаюць у «кампетэнтныя органы Украіны для верыфікацыі».

«Інфармацыю СБУ правярае і паведамляе НБУ наўпрост. Пажадана, каб заяўнікі былі ў гэты час ва Украіне, каб з імі маглі правесці інтэрв’ю. Нам не паведамляюць пра вынікі. Наколькі разумею, заяўнікам таксама не паведамляюць, ім даводзіцца самім пераправяраць свой статус», — тлумачыць Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, даведацца пра існаванне такіх спісаў беларусы могуць у чатах дыяспары. «Медыязона» не знайшла паведамленняў аб спісах у буйных телеграм-суполках беларусаў ва Украіне, такіх як «Беларускі дом ва Украіне» і «Беларусы ва Украіне». На просьбу «Медыязоны» падаць спасылкі на згаданыя чаты прадстаўнік офіса адказаў, што гаворка ідзе пра «закрытыя чаты офіса і дыяспары».

17 чэрвеня Кавалеўскі сустракаўся з кіраўніцтвам НБУ. Вынікам сустрэчы ён называе «працяг працы па спісах і дамоўленасць аб паляпшэнні алгарытму верыфікацыі» людзей у гэтых пераліках.

Спісы для разблакіроўкі рахункаў у СБУ, Нацбанк і Міністэрства фінансаў падае і «Беларускі крызісны цэнтр у Львове». Яго кіраўнік Аляксей Францкевіч кажа, што станоўчыя рашэнні ёсць, але не згадвае кантрэтную колькасць разблакаваных рахунках, удакладняючы, што яго рахунак удалося размарозіць.

«Юрысты пішуць лісты па кожным выпадку, таму што наша задача — верыфікаваць людзей і растлумачыць, навошта патрэбна разблакаваць гэтыя рахункі. Трэба даказаць, што яны не выкарыстоўваюцца для фінансавання расійскіх агрэсараў», — тлумачыць ён.

На думку Францкевіча, доступ да сваіх рахункаў у першую чаргу павінны атрымаць валанцёры, а не «айцішнікі, якія проста плацяць падаткі». Ён кажа, што арганізацыя заручылася падтрымкай ўкраінскіх юрыстаў, якія спрабуюць «абысці законным шляхам пастанову Нацбанка».

«Робіцца ўсё магчымае, каб у тых, хто валанцёрыць, і тых, хто ў тэрабароне, былі разблакаваныя рахункі», — гаворыць Францкевіч.