Крыўда, сорам, горыч, абурэнне. Беларусы пішуць няўхвальныя каментары пра міліцыянтаў, а тыя адказваюць крыміналкамі — такіх спраў як мінімум дзясяткі
Статья
22 июня 2022, 12:16

Крыўда, сорам, горыч, абурэнне. Беларусы пішуць няўхвальныя каментары пра міліцыянтаў, а тыя адказваюць крыміналкамі — такіх спраў як мінімум дзясяткі

Ілюстрацыя: Никола Нидвора / Медыязона

Адзін з самых папулярных артыкулаў КК, па якім судзяць апазыцыйна настроеных беларусаў, — аб абразе прадстаўніка ўлады. Падставай часцей за ўсё служаць крытычныя каментары пра чыноўнікаў, суддзяў і сілавікоў у сацсетках. «Медыязона» сабрала ўсе вядомыя прысуды за абразу міліцыянтаў Андрэя Комара і Ігара Вольніча — выглядае, рэкардсменаў сярод пацярпелых па падобных справах.

Участковы Комар — 10 прысудаў, 50 у галаве

У 2012 годзе бабруйчанін Андрэй Комар уладкаваўся на працу ў міліцыю інспектарам ДПС, а праз тры гады стаў участковым Першамайскага раёна горада. Кар’ера Комара складвалася нядрэнна. У 2017 годзе яму ўручылі ўзнагароду як аднаму з найлепшых супрацоўнікаў Магілёўшчыны, а праз год міліцыянт «асабіста раскрыў 10 злачынстваў» і атрымаў пераходны прыз імя Фёдара Акаліты. Падчас пратэстаў 2020 года Комар і яго калегі ўважліва сачылі за іміджам міліцыянтаў у інтэрнэце і рэагавалі на негатыўныя каментары — іх аўтары ў выніку станавіліся фігурантамі крымінальных спраў.

У маі 2020 года ў Бабруйску затрымалі і арыштавалі на 10 дзён некалькі чалавек. Міліцыянт Андрэй Комар, які затрымліваў іх, у судзе даў паказанні, згодна з якімі адзін з затрыманых «сігналіў і ажыццяўляў выкрыкі».

У ліпені таго ж года актывістка Вольга Карач апублікавала ў «Аднакласніках» пост, прысвечаны міліцыянту Комару і таму самаму затрыманню. На калажы з яго фотаздымкам яна напісала: «Гэта я даваў паказанні ў судзе, каб невінаватых адправілі на суткі».

Праз некалькі дзён, імаверна, пад гэтым жа самым пастом, гарадзенец Андрэй Крысюк пакінуў каментар пра ўчастковага. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», падчас допыту Крысюк расказаў, што «напісаў каментар на эмоцыях, бо ў каментарах іншых людзей гаварылася аб тым, што Комар на судах дае непраўдзівыя паказанні». Што менавіта напісаў Андрэй Крысюк пра міліцыянта, невядома.

Праз крыху больш за год, у жніўні 2021-га, суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў Крысюку два гады хатняй хіміі па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК) і абавязаў яго заплаціць 1 000 рублёў маральнай шкоды ўчастковаму Комару.

Такое ж пакаранне за выказванні пра Андрэя Комара атрымалі гамяльчанка Алеся Бахун, якая пакінула каментар: «Ну и харя!», і жыхар Баранавічаў Дзмітрый Бубенчык за каментар: «Еще одна гнида Лукашизма».

Паўтара гады хатняй хіміі за абразу Комара прысудзілі грузчыку з Мінска Аляксандру Мельнікаву, які пад тым жа пастом пакінуў каментар «Ряха что надо. Плюй — не промажешь». На гэты працэс прыехаў і сам Комар. Паводле яго слоў, ён паглядзеў больш за сто каментароў да паста Вольгі Карач і большасць з іх «прыніжалі яго не толькі як чалавека, але і як міліцыянта».

— Па-першае, цяпер я знаходжуся тут, хоць мог бы свабодна займацца сваім асноўным заняткам — працаваць або быць дома, — казаў Комар у судзе. — Я прыехаў сюды і акрамя таго, што прачытаў гэта неаднаразова, вымушаны слухаць гэта яшчэ раз. Па-другое, я ўвесь час камунікую з грамадзянамі, і калі ты прыходзіш дапамагчы людзям, а ў цябе за спінай ідзе размова пра тое, што ты дзе зрабіў, як бы непрыемна трохі становіцца. Чаму я павінен гэта слухаць і трываць? За што? Па ўсёй рэспубліцы гэта бачылі. Чалавек не ведае мяне, які я ў жыцці і на працы — хто дае права кагосьці ацэньваць? Нехта худзенькі, нехта мажненькі.

50-гадовай мінчанцы Марыне Снытко прысудзілі тры гады хатняй хіміі за каментар: «Ну и рожа!». Падчас гэтага суда высветлілася, што ўсяго Комар напісаў заяву на 50 чалавек.

3 гады хіміі за каментар пра Комара суд у Віцебску прызначыў былому міліцыянту Аляксандру Жалязоўскаму. Пад пастом Вольгі Карач ён пакінуў запіс: «У него на лбу написано: мразь конченая». 62-гадовая жыхарка Клімавічаў Наталля Кавалёва пакінула каментар «з нагоды знешнасці Комара» на старонцы ў «Аднакласніках» карыстальніка Віктара Баброва. Суд прысудзіў ёй паўтара года хатняй хіміі.

На дадзены момант вядома пра яшчэ як мінімум чатыры прысуды па справах аб абразе міліцыянта Комара.

Илюстрацыя: Никола Нидвора / Медыязона

Супрацоўнік ДПС Вольніч — 19 прысудаў і 1 870 каментароў

У 2019 годзе ў Ганцавіцкі РАУС звярнуўся мясцовы жыхар Алег Валуевіч, каб асабіста падзякаваць інспектару ДПС Ігару Вольнічу «за добрасумленнае стаўленне да выканання службовых абавязкаў і аказаную дапамогу». Той знайшоў вінаватага ў ДТЗ, які схаваўся з месца злачынства.

Праз год пра Вольніча даведалася ўся Беларусь — здымак, на якім у чэрвені 2020 года ён пры затрыманні мясцовага жыхара Віталя Цыбулькі прыціснуў яму галаву каленам, хутка разляцеўся па інтэрнэце. У каментарах яго пачалі параўноўваць з затрыманнем Джорджа Флойда ў ЗША.

Суд у Пінску прысудзіў мясцоваму жыхару Дзянісу Стасевічу два гады хатняй хіміі за каментар: «Сука, герой!» пад пастом Вольгі Карач пра міліцыянта ў «Аднакласніках». У судзе абвінавачаны растлумачыў, што напісаў каментар, бо «паддаўся хайпу, а таксама ў сувязі з падзеямі ў ЗША, дзе грамадзяніна паліцэйскі прыдушыў каленам, і грамадзянін памёр».

Былы вадалаз Мікалай Лёгкі напісаў пра гэты фатаздымак некалькі каментароў у чаце «Страны для Жизни». Суд палічыў іх абразлівымі ў адносінах да міліцыянта і ў чэрвені 2021 года прысудзіў Лёгкаму 2 гады хіміі. Да 2,5 гадоў суд прысудзіў 46-гадовага віцебчука Аляксандру Васейкіну за «аднаслоўны абразлівы каментар» і гамяльчанінаРамана Скапцова за каментар «Все люди как люди, этот — ***». У Жлобіне суд вынес прысуд машыністу Арцёму Барашку — тры гады хатняй хіміі за каментар: «П…р».

У Рагачове суд прызначыў два гады хіміі кіроўцу-экспедытару Аляксандру Кандорскаму. Пад постам Карач ён пакінуў каментар: «На кол». У судзе высветлілася, што на той момант пад пастом актывісткі было 1 870 каментароў. Пацярпелы Вольніч, які выступіў па скайпе, патлумачыў, што каментар прычыніў яму «крыўду, сорам, горыч, абурэнне». Нягледзячы на тое, што паводле заключэння лінгвістычнай экспертызы, у каментары не было «элементаў агрэсіі і заклікаў да гвалту», суд вынес абвінаваўчы прысуд.

За абразу Вольніча суд у Віцебску прысудзіў 50-гадоваму грузчыку і былому супрацоўніку патрульна-паставой службы Аляксандру Шматаву два гады хіміі. Сам ён расказваў, што падчас тэрміновай службы ва ўнутраных войсках яны з калегамі «таксама разганялі дэманстрацыі». Але дзеянні Вольніча ён «палічыў неправамернымі», «паддаўся эмоцыям» і напісаў каментар на старонцы Вольгі Карач пад пастом пра супрацоўніка ДПС: «Таких недоносков везде хватает с лишним».

Іншы асуджаны за абразу міліцыянта, гамяльчук Сяргей Захаранка, таксама служыў ва ўнутраных войсках: «Нас вучылі, як і што трэба рабіць. Таму я паставіў пад сумнеў дзеянні інспектара ДПС», — тлумачыў ён у судзе. Захаранка казаў, што пазней спрабаваў выдаліць каментар, але ўжо не знайшоў яго. Што менавіта ён напісаў, невядома. Суд прызначыў яму два гады хіміі.

За каментар «Черт колхозный за звездочку мать родную придавил бы» пінчуку Аляксандру Вярэнічу прысудзілі два гады хатняй хіміі, а жыхару Рэчыцы Аляксандру Гладкіх — два гады хіміі за каментар: «Будь ты проклят и дети твои, выблядок».

Аляксандру Сафонаву з Віцебска ўдалося абразіць і Андрэя Комара, і Ігара Вольніча. Пра Вольніча ён пакінуў каментары са словамі «г…он», «м…зи», «т…ри»; пра Комара — «ж…па», «очередной мус…нок», «пид…к». Сафронаву прысудзілі 2,5 гады хіміі.

Па абвінавачванні ў абразе Вольніча вынеслі ўжо як мінімум 19 прысудаў. Андрэй Комар і Ігар Вольніч — не адзіныя міліцыянты, за каментары пра якіх беларусы аказваліся абвінавачанымі па крымінальных справах. Напрыклад, суды вынеслі мінімум восем прысудаў за абразу камандзіра мінскага АМАПу Дзмітрыя Балабы. Каментары пра міліцыянта з Гродна Уладзіміра Казлоўскага, які ўпаў у натоўпе пры затрыманні Сяргея Ціханоўскага, сталі прычынай для шасці судовых рашэнняў.