«Мы пазбягалі выходзіць у горад падчас гэтай свістапляскі». Урывак пра «Славянскі базар» з новай кнігі Алены Пятровіч пра Віцебск
Статья
21 января 2026, 15:51

«Мы пазбягалі выходзіць у горад падчас гэтай свістапляскі». Урывак пра «Славянскі базар» з новай кнігі Алены Пятровіч пра Віцебск

Што ў Віцебску можна паглядзець, акрамя амфітэатра? Для аўтаркі кнігі «Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска» гэтае пытанне — спосаб сапсаваць сяброўства. Кніга лінгвісткі і перакладчыцы Алены Пятровіч выходзіць у выдавецтве «Мяне няма». «Тэксты, сабраныя ў ёй, — маё жыццё, мае дзевяностыя і мой гімн суб’ектыўнасці», — кажа аўтарка. «Медыязона» публікуе ўрывак з кнігі — пра «Славянскі базар», яго польскую перадгісторыю і віцебскую звычку трымацца ад яго далей.

Друкаваная кніга выходзіць у выдавецтве «Мяне няма» у лютым 2026 года. Аформіць перадзамову можна тут.

Славянскі базар

Аднойчы нехта са знаёмых ехаў у Віцебск і спытаў мяне, што можна паглядзець у горадзе, акрамя амфітэатра. Сама пастаноўка пытання так мяне абразіла, што я нават не ўспомню, хто гэта пытаў, і думаю, мы ўжо не сябры. І вось толькі што я раскрыла сакрэт балявой кропкі віцьбічаў: хочаце, каб гэты чалавек назаўжды знік з вашага жыцця, скажыце, што Віцебск у вас асацыюецца выключна са «Славянскім базарам».

Хвілінка гісторыі. Гэты фестываль (язык не паварочваецца назваць яго «фэстам»; фэст гучыць больш годна) ладзіцца з 1992 года, а яго продкам быў «Фестываль польскай песні ў Віцебску» з позняга саўка. Адкуль у Віцебску ўзяўся фестываль польскай песні — вось вам расследаванне. Віцебск меў сястру ў Польшчы — горад Зялёна Гура, Grünberg in Schlesien, дзе з 1965 года праводзіўся «Фестываль савецкай песні». І вось партыйнае кіраўніцтва пры дапамозе Ігара Лучанка пастанавіла ў 1987 годзе арганізаваць алаверды і збудавала для гэтага амфітэатр. На першы Фестываль польскай песні ў 1988-м прыехалі Ярузэльскі з Гарбачовым, другі фестываль адбыўся ў 1990-м, а пасля надышоў капут саўку, савецка-польскай дружбе, савецкай песні, і ў 1992-м польская песня пераўтварылася ў славянскі базар.

Недзе я чытала, што першапачаткова яго планавалі назваць «Славянскі кірмаш» — ад пазнейшага душку гэта б не ўратавала, але ўсё ж гучала б неяк трошкі больш шляхетна. Для мяне слова «базар» стаіць у адным шэрагу з самовар (з вядомых прычын: ну любіла я Чукоўскага ў дзяцінстве), скоморох, матрёшка, Петрушка — вось з нечым такім ісконно русскім, ад чаго трошкі млосна, калі яго шмат і яно набліжаецца на небяспечную дыстанцыю. Пазней я чула ад некага з сяброў, такіх самых дзяцей дзевяностых, як і я, але з іншых гарадоў, што яны «куплялі джынсы на базары» — значыць, відаць, у іх так казалі. Але ў маім дзяцінстве мы заўжды гаварылі «на рынку». Зноў жа, канцэптуальна шляхетнасць тых устаноў гэта не павялічвала, і там, і там стаялі на кардонцы, але гучала менш прыніжальна. Прынамсі, гэтак яно працавала са мной. (Тады я яшчэ не была ў Стамбуле, і таму слова «базар» насіла для мяне выключна адмоўныя канатацыі, як у словазлучэнні «базарная баба» — адзін з самых брыдкіх выразаў у свеце.)

Магчыма, кожны і кожная мелі на гэта свае прычыны, але збольшага сярод віцьбічаў быў кансэнсус: жыхары горада на час усенародных гулянняў з Віцебска з’язджалі, а іх месцы займалі госці «культурнай сталіцы». (Пенны напітак, чорнае золата, культурная сталіца — гэта недаравальныя заклёны, страшней за іх толькі тое, што нехта з аднагрупнікаў ва ўніверсітэце думаў, быццам клішэ «Віцебск — культурная сталіца» ўзнікла параўнальна нядаўна — у сувязі са «Славянскім базарам».) Гэта было такое віцебскае снобства, якое нам выдавалася разам з пасведчаннем аб нараджэнні. Я дагэтуль з ім змагаюся, таму мне вельмі сорамна прызнавацца, як у нас называлі людзей, якія прыязджалі на «фестывальны тыдзень» у горад: «Сянно прыехала». Мне праўда няёмка, што я таксама гэтак казала, не судзіце, я была малая і дурная.

Карацей, у маім дзяцінстве мы пазбягалі выходзіць у горад падчас гэтай свістапляскі. І, вядома, па тэлевізары яе не глядзелі (праўда, часам мне даводзілася: на лета мяне адвозілі ў Магілёў да цёці Галі, і там гэта была абавязковая праграма). Памятаю, пасля першага курсу прыехала да мяне ў госці сяброўка Лена са Светлагорска акурат у той час, калі адбывалася тое-што-нельга-называць, і кажа ўвечары: ну давай, уключай тэлек, там адкрыццё паказваюць. А я такая: о да, хахаха. І мая мама такая: о да, хахаха. А Лена гэта казала сур’ёзна. Збянтэжыўшыся, я ўключыла, і тут камера наехала на дзвюх аднакурсніц у глядацкай зале — адна была з Ліды, другая аднекуль таксама з Гарадзеншчыны. І абедзвюх я лічыла нармальнымі. Як, вядома, і сваю сяброўку Лену. Тады я зразумела, што гэта і было маё віцебскае снобства, і стала яго хаваць. Але «Славянскі базар» ад гэтага глядзець усё адно не пачала. Ёсць у мяне ўсё ж такі свае ліміты.

* * *

Насамрэч, адзін год я хадзіла на тыя народныя гулянні. Гэта было пасля 11 класа, у нашы апошнія дні ў Віцебску з сябрамі: та невдовзі прийде осінь, ми усі розбіжимося по русифікованих містах. Мы раз’едземся паступаць ва ўніверсітэты — збольшага ў Менск, але некаторыя ў Санкт-Пецярбург і Маскву, іншыя ў Прагу, нехта раптоўна ў Наваполацк.

У тыя гады, у пачатку нулявых, праводзіўся адзін за тыдзень прыстойны канцэрт — ён называўся «Рок апоўначы» і адбываўся на іншай пляцоўцы, на плошчы Тысячагоддзя, і на яго хадзіць было не зашкварна. У той 2003 год гралі ці то «Бі-2», ці то нехта яшчэ, за каго сёння пакуль не надта сорамна. Плюс тады яшчэ можна было ўжываць алкаголь проста на вуліцы, мы былі натхнёныя і маладыя, нас незлічона было. (Аднойчы нас нават забралі ў пастарунак — але гэта гісторыя для іншай кнігі; спойлер алерт: усё скончылася добра, мяне з сяброўкай увогуле адпусцілі дадому, бо я ў той вечар нават піва не піла і таму была вельмі дзёрзкая, і гэта чамусьці падзейнічала на нястрашных у той час віцебскіх мянтоў, якія яшчэ не пераўтварыліся ў дэментараў.)

І на заканчэнне, гарадская легенда. Кажуць, што калі вы жывяце ў доме ля амфітэатра (ён там адзін такі, на фасадзе зверху ў яго яшчэ вісеў герб Віцебскай вобласці — стылізацыя «Пагоні») і вырашылі застацца ў сваёй кватэры ў дзень адкрыцця фестывалю, на які традыцыйна прыязджае Валдэморт беларускага разліву, то да вас у кватэру прыходзіць чалавек у форме і са зброяй ды сядзіць сабе як дома, перыядычна то паглядаючы ў акно, то назіраючы за вамі.