Ілюстрацыя: Медыязона Беларусь
Пасля вызвалення з калоніі 30-гадовы Сяргей адчуў «непрыемнае дэжавю» — людзі навокал насцярожаныя, баяцца сказаць лішняга, а некаторыя пазбягаюць кантактаў з былым палітвязнем. Разам з тым пасля некалькіх гадоў у зняволенні Сяргей змог знайсці працу, мае падтрымку і чуе побач больш беларускай мовы. Ён распавёў блогу «Шуфлядка», чаму застаўся ў Беларусі, якія чытае навіны і як ставіцца да турыстаў з Расіі. «Медыязона» перадрукоўвае маналог Сяргея.
Некаторыя звесткі пра героя змененыя ў мэтах бяспекі.
Выйшаўшы з калоніі, я адразу заўважыў гэтую атмасферу — гнятлівую, атмасферу перманентнага стрэсу. Ты там, па той бок плоту, уважліва падбіраеш словы, глядзіш, каб не кантактаваць з людзьмі, якія сябе нейкім чынам дыскрэдытавалі. І тое самае на волі. Гэта мяне вельмі здзівіла, бо ў галаву не ўкладалася — я быў у турме, выйшаў на свабоду, а тут момантамі як там. Ліпкае непрыемнае дэжавю.
Усе шыфруюцца: людзі, датычныя да падзей 2020 году, недатычныя. Проста ўсе.
Стараюцца не выказвацца, асабліва ні пра што не размаўляць. Са сваімі і тое — лепш не ўслых, лепш у тэлеграме. Тыя, хто вызваліўся, ведаюць: ёсць нават такія, хто баіцца кантактаваць з былымі вязнямі.
Быў у мяне выпадак, калі я патэлефанаваў чалавеку з іншага нумару, а ён мне кажа: «Ну вось навошта ты з’явіўся, не трэба гэтага рабіць, ты ж разумееш, як усё тут зараз». Окей, я падзякаваў, бо чалавек мне пісаў лісты, калі я быў у СІЗА, яны тады яшчэ даходзілі. Але — да пабачэння, усяго найлепшага. Я разумеў, што так можа быць. Я дапускаю, што чалавек мог пацярпець з-за таго, што пісаў мне лісты. Ці па нейкіх іншых прычынах, але за сваю салідарнасць. Такая рэчаіснасць, і трагедыі ў гэтым няма.
Нагод для страху хапае, але я не магу пры гэтым сказаць, што маюць месца нейкія масавыя даносы — не. Тут жа, пакуль я, так бы мовіць, адсутнічаў, ускрылі нейкую базу даносаў. Мне казалі сябры, што яна досыць невялікая. А тут яшчэ такое, што літаральна ў кожнага ёсць хаця б знаёмы, які з-за падзей 2020 году, ну і пасля, пацярпеў.
Разам з тым, мяркую (так мне падаецца, дакладна не ведаю), узровень трывогі зараз меншы, чым ён быў, напрыклад, у 2021 годзе. Людзі стаміліся ад усяго, яны проста імкнуцца неяк жыць сваё жыццё. Сядзіць нехта там за выказванне свайго меркавання — шкада, але хай сядзіць. То бок шмат што становіцца звыклым, нават тое, да чаго дзіўна прызвычайвацца.
Па вуліцах ходзяць і ездзяць расійскія турысты. Іх шмат, з гэтым не паспрачаешся. Але я магу знайсці ў гэтым плюсы. Хай ездзяць, глядзяць, бачаць, і мы дапаможам, растлумачым, што мы — не іх браты, а проста суседзі. Мы не такія, як яны, у нас свой лёс, свая гісторыя.
Апроч таго, істотная частка беларусаў мае нейкі даход ад таго, што да нас прыязджаюць рускія турысты. Так, мне было б прыемней, калі б гэта былі не толькі рускія, але і турысты з Польшчы, Літвы і іншых краін. Але маем тое, што маем.
Не скажу, што вайна візуалізавалася ў нас на вуліцах. Заўважна хіба тое, як пільна усе сочаць за тымі падзеямі. Шмат у каго там і сябры, і сваякі. Ну і глыбінны беларускі страх: вайна ў суседняй краіне, яна можа прыйсці і да нас. Гэта прымушае сачыць за тым, што адбываецца.
У астатнім мае знаёмыя ад навін і палітыкі стаміліся. Гэта складана — усё прапускаць праз сябе. Летам 2020 году некаторыя казалі: «Я не магу працаваць, я сяджу, чытаю, чытаю, што адбываецца, я не магу займацца справай». Гэта вельмі вялікая эмацыйная нагрузка. Доўга так ніхто не вытрымае.
Акрамя таго, чытаць навіны цяпер небяспечна. Адзін мой сябра мне кажа, што ўсё чытае, але ні на кога не падпісваецца. Чытае, а потым чысціць гісторыю пошуку. Я «забароненыя» рэсурсы не чытаю. Каб зразумець, што адбываецца, мне хапае сацсетак, дазволеных рэсурсаў, а яшчэ англамоўных — інфармацыя ў іх канцэнтраваней. А нашыя незалежныя СМІ часам даюць канцэнтравана негатыўную інфармацыю пра Беларусь.
Я не скажу, што ўсё ў нас тут безумоўна добра. Але я тут жыву, дзіця маё тут жыве. Бывае цяжка, бывае напружана, але я лічу, што трэба заставацца. Засмучаюць абвінавачанні ў тым, што мы тут, маўляў, застаемся і працуем на рэжым. Гэта паказвае, як мы па-рознаму глядзім на рэчы з некаторымі з тых, хто з’ехаў.
Адзін чалавек, які не ў Беларусі ўжо больш за 20 гадоў, мне напісаў, што заставацца тут — мазахізм. Я не згодны. Я разумею, якія гэта можа мець наступствы, але я мушу заставацца. Прымаю гэтыя правілы: я выдатна разумею, што закрыць мяне могуць з любой нагоды — на суткі ці нават завесці новую крыміналку. Але я нікуды не паеду. Там ёсць бяспека і камфорт, але з верай у лепшае бываюць складанасці. Ты там чужы ў чужой краіне і, па вялікім рахунку, нікому не патрэбны. А тут усё ж такі ты дома, а ў лепшае верыць дома прасцей.
Мне добра ў Беларусі: доўгі час я быў ізаляваны і цяпер паступова вяртаюся да жыцця. Мне сустракаюцца розныя людзі, іх учынкі натхняюць, асабліва ад тых, ад каго не чакаеш. Прапаноўваюць падтрымку, працу. Гэта важна, бо з працай у нас вялікія складанасці. Набраў неяк адной сваёй знаёмай, яна кажа: «Я вельмі рада, што ты патэлефанаваў». А я здзіўлены: цягам пяці год у яе заставаўся мой нумар, а мы толькі супрацоўнічалі. Яшчэ адзін дарослы мужчына кажа: «Я, калі даведаўся, што ты вызваліўся, расплакаўся». Я жадаю кожнаму, хто выходзіць з турмы, каб і ў яго жыцці такія людзі праявіліся. Гэта дадае веры ў людзей.
Беларускай мовы навокал стала заўважна больш. У мяне некалькі знаёмых, якія ўсё жыццё размаўлялі па-руску, прынцыпова перайшлі на беларускую мову, а ім 30+.
А калі нехта кажа, што яму страшна ў горадзе размаўляць па-беларуску, то яму трэба папрацаваць са сваімі страхамі. Мне падаецца, што ў нас гэта другая такая вялікая хваля. Першая была пасля 2014 году, пасля Крыму, калі беларусам раптам захацелася быць беларусамі, яны ўзгадалі, што быць беларусам — гэта класна. Я думаю, што трыгерам другой хвалі стала менавіта вайна.
Але, як бацька, скажу такое: мне падаецца, зараз прасцей там, у эміграцыі, вучыць дзіцёнка па-беларуску, чым тут, на жаль. Не таму, што гэта ў Беларусі забараняюць, а таму, што ўсё звялося да ўзроўню фармалізму. Каб дзённік быў па-беларуску і гэтак далей.
Час ад часу мне трапляюцца беларускамоўныя людзі. І калі так здараецца, то ўсё з чалавекам добра, супрацоўніцтва атрымаецца. Ёсць адчуванне, што свой чалавек.
Хаця не буду, канечне, адмаўляць, што годных людзей паменела. У мяне такое атачэнне, што большасць ці з’ехала, ці сядзіць. 90 адсоткаў, літаральна. Бывае так, што збярэшся на выходных кавы папіць — і няма з кім. Няма.
Палітычнае жыццё беларусаў за мяжой, уласна, мяне не асабліва цікавіць. Альтэрнатыўны ўрад і праект Канстытуцыі — гэта добра, але будучыня Беларусі вырашаецца тут, нейкімі практычнымі захадамі. Распрацоўка нейкіх такіх рэчаў — яна быццам бы і мусіць быць, але яна не можа быць асноўнай дзейнасцю.
Мне падаецца, што зараз вельмі не хапае культурніцкіх праектаў для беларусаў у краіне і для беларусаў, якія з’ехалі, каб не забывацца, што мы — беларусы. Нам трэба трымацца нашага, наколькі гэта магчыма. Мы за апошнія 300 год перажылі шмат чаго, але захавалі сябе, і зараз гэты момант таксама ёсць: нам трэба захаваць сябе, нам трэба заставацца беларусамі, як бы складана гэта ні было.
У зняволенні я пабачыў, наколькі цяперашняя ўладная сістэма неэфектыўная, наколькі яна аморфная — за выключэннем нейкай часткі сілавых структур. Таму я веру ў тое, што Беларусь застанецца, што мы будзем незалежнай краінай, мы вернем сабе імідж годных еўрапейцаў, якога ў нас цяпер няма. На жаль, у нас яго забралі. Найбольш намаганняў для гэтага прыклалі нашыя суседзі, але гэта асобная тэма. Я веру ў тое, што мы будзем у сям’і еўрапейскіх народаў, да якой мы і належым.
Веру ў тое, што будзе нейкая адліга. Хаця вось выпадак: у мяне ў зняволенні быў сябра, яму трэба было выходзіць на два гады раней, чым мне. І ён мне казаў: «Я свой тэрмін дасяджу, а ты, можа, і раней выйдзеш». Я, калі вызваліўся, яму патэлефанаваў, распавёў, што ў выніку сядзеў да апошняга дня. Але я веру, што людзі выйдуць раней. Шмат такіх прысудаў, такія лічбы, што гэта проста гучыць як «ніколі». Ёсць людзі, якія могуць па стане свайго здароўя проста не дажыць, і я такое бачыў.
Адліга патрэбная ўсім: і тым, хто ад яе пацярпеў, і тым, хто выконвае загады. Ім таксама хочацца, каб было прасцей і спакайней. Гэта таксама тое, што я бачыў падчас свайго зняволення.