Мікола Дзядок. Скрыншот: прэс-канферэнцыя вызваленных палітвязняў
Вызвалены з турмы і «дэпартаваны» ў Літву блогер і анархіст Мікола Дзядок распавёў на прэс-канферэнцыі, што цэлы год з пяці год у зняволенні правёў у халоднай адзіночнай камеры штрафнога ізалятара. Там ён чуў, як у суседніх камерах іншыя зняволеныя «з'язджалі з глузду»: «У гарадзенскай турме я ўначы прачынаўся ад таго, што дарослыя мужыкі вылі, звалі сваю маму — настолькі яны пакутвалі ў штрафным ізалятары ад холаду». «Медыязона» запісала аповед Міколы.
Па-першае, я хацеў бы пачаць з падзякаў. Буду дзякваць і не стамляцца казаць дзякуй. Па-першае, хачу сказаць дзякуй, акрамя маіх родных і блізкіх, якія мяне чакалі і падтрымлівалі мяне ўвесь час, маім таварышчам па анархістскім руху, якія ў вельмі складаных ўмовах не баяліся і рабілі ўсё магчымае для таго, каб я хутчэй аказаўся на волі. Краінам Еўразвязу, нашым суседам — Літве, Польшчы, Украіне, якія таксама вельмі шмат зрабілі, каб мы тут аказаліся. Асабліва літоўцы добра сябе праявілі. Учора, калі нас прывезлі на КПП.
Ведаеце, пасля таго, што адбывался з намі ў СІЗА КДБ, адкуль прывезлі мяне і яшчэ некаторых таварышчаў — гэта быў такі яркі кантраст, калі мы перасяклі гэтую мяжу, да нас у аўтобус зайшоў чалавек і кажа: "Я доктар, можа, каму патрэбная медычная дапамога?". Я настолькі ад гэтага адвык, калі напрацягу пяці год з нас толькі здзекваліся, я чуў пераважна толькі здзекі, абразы на свой адрас. І тут я пачуў чалавека, які захацеў штосьці добрае сказаць. Нам раздалі ваду, крэкеры. Можа, падаецца, што гэта дробязь, але паверце: для нас гэта не дробязь.
Вялікі дзякуй таксама Дональду Трампу. Нягледзячы на тое, што ён прэзідэнт не самай маленькай краіны, памятае пра палітвязнаў Беларусі, якая па геапалітычных мерках не самая папулярная краіна. Хацеў бы падзякваць праваабаронцам, журналістам, Святлане Ціханоўскай і яе Офісу.
Перада мной чалавек сказаў вельмі слушна пра ўмовы ўтрымання. Але, канешне, тое, што ён сказаў, гэта нават не адна дзясятая таго, што там адбываецца. Сябры, з поўнай адказнасцю і афіцыйна: свет проста яшчэ не ўяўляе масштабаў таго, што адбываецца ў Беларусі, тых парушэнняў правоў чалавека, тых парушэнняў, гвалту ўсіх відаў: псіхалагічны, фізічны, сэксуальны гвалт. Калі я пачну гэта ўсё пералічваць, нам трох прэс-канферэнцый не хопіць, каб усё гэта расказаць. Я не буду зараз пра сябе казаць, што я зазнаў, бо насамрэч прыкладна ва ўсіх палітвязняў плюс-мінус адна гісторыя.
Я не ведаю гэтую д'ябальскую логіку, як яны вырашаюць, на каго больш ціснуць, на каго меньш, з каго больш здзеквацца, каго даводзіць да вар'яцтва. Асабіста я з пяці без малага год свайго зняволення год правёў у штрафным ізалятары. Калі б людзі з цывілізаванага свету пабачылі, што такое штрафны ізалятар, яны б падумалі, што яны апынуліся у сераднявеччы. Я знаходзіўся ў адзіночнай камеры і ўвосень у гарадзенскай турме я ўначы прачынаўся ад таго, што дарослыя мужыкі вылі, звалі сваю маму — настолькі яны пакутвалі ў штрафным ізалятары ад холаду. Людзі не маглі спаць.
На маіх вачах людзі з'язджалі з глузду, людзі вар'цялі. Не ў пераносным сэнсе, а ў прамым. Яны пачыналі чуць галасы. І ведаеце што, ніхто іх на гэты раз не ўдарыў. Нехта думае, што катаванні — гэта калі паставілі чалавека на дыбу, пачалі расцягваць, калёнымі кляшчамі мышцы выдзіраць, Насамрэч не. Я пераканаўся, бачачы гэта, што чалавека можна давесьці да вар'яцтва ці да смерці, проста пакінуўшы яго ў адзіночнай камеры. Адміністрацыя пачынае маніпуляваць базавымі патрэбамі, чалавек проста з'язджае з глузду ці памірае — патрэбны толькі час.
Таму ў мяне вялікая просьба за ўсіх, хто мяне пачуе, да палітычных элітаў заходніх краін. Я разумею, што зараз, магчыма, на фоне вайны ва Украіне і жахаў, што там адбываюцца, магчыма, мы ўжо не такімі важнымі выглядаем, тым не меньш, калі ласка, звярніце ўвагу, не спыняйцеся рабіць, тое, што вы робіце. Гэта спраўды важна. Там знаходзяцца людзі, якія чакаюць вашай дапамогі. Ім, акрамя вас, не дапаможа больш ніхто, таму што ў Беларусі, на жаль, такая сітуацыя, што ўсталяваўся тэрор. Людзі нічога не вырашаюць. Людзей проста выняшчае.
Ніхто не ведае статыстыкі па самагубствах у нашых турмах, ніхто не ведае статыстыкі па псіхічных разладах. Адбываюцца рэчы страшныя. Я сам толькі на пэўным этапе зназумеў масштаб. Я вас запэўніваю, калі пройдуць дзесяцігоддзі і мы пабачым гэтыя гады, у якія мы зараз жывем у Беларусі, яны войдуць у гісторыю як 37-ы год.