Фота: асабісты архіў
— Схапіліся за мой рэмень, пачалі здымаць. Я пачаў біць па руках і крычаць, яны перасталі, — распавядае Іван пра затрыманне ў 2024 годзе. Іван-Янук Салаўеў — трансгендарная персона. Сілавікі прыйшлі да яго пасля змены асабістых дадзеных праз пашпартны стол. У тэлефоне знайшлі таксама фота з пратэстаў, але тады сілавікоў гэта амаль не зацікавіла.Міліцыянеры дзве гадзіны спрабавалі даведацца, як дзяўчына можа быць хлопцам.
Іван нарадзіўся ў невялікім гарадку Брэсцкай вобласці. Зараз яму 26 гадоў. Ва ўзросце 7-8 гадоў хлопец пачаў разумець, што знаходзіцца «не ў сваім целе». Але, як кажа Іван, інфармацыі ў той час было мала, а размовы з сям’ёй сканчаліся поўным непаразуменнем.
— У мяне заўсёды былі складаныя адносіны з сям’ёй, і ні аб якой падтрымцы гаворкі не шло. Думкі пра тое, што я адчуваю сябе хлопцам, былі з дзяцінства. Да падлеткавага ўзросту я сутыкаўся з яшчэ большым непаразуменнем. Мне было брыдка ад свайго цела, у прыватнасці ад наяўнасці грудзей, палавых органаў, даволі ярка выяўленай таліі, жаночага голасу. Брыдка да істэрык ад таго, што мяне ўспрымалі як жанчыну. Я адчуваў сябе зламаным чалавекам, які змушаны жыць і «гуляць у тэатр». Cілком прымушаў сябе жыць як жанчына і мірыцца з гэтым.
Фота: асабісты архіў
Толькі ў 15 год Іван даведаўся пра трансгендарнасць — тады ён зразумеў, што з ім адбываецца. Але распавесці пра гэта хлопец мог толькі вузкаму колу. У астатнім школьны час быў самым цяжкім для беларуса: яму было складана заводзіць сяброў, рамантычныя адносіны, часта ён сутыкаўся з агрэсіяй і непаразуменнем.
— З боку бацькі падвяргаўся сэксуальнаму і фізічнаму гвалту з-за сваёй гендэрнай прыналежнасці. «Або я цябе заб’ю, або ты будзеш нармальнай бабай», — часта казаў ён падчас гвалту. У школе ні з кім не меў зносін, падвяргаўся булінгу і таксама фізічнаму гвалту.
Пасля школы Іван паступіў на гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Іван кажа, што ўніверсітэцкія гады былі значна спакайнейшымі за школьныя. Беларус прызнаецца, што яму вельмі пашанцавала з калектывам: ні аднакурснікі, ні выкладчыкі не задавалі лішніх пытанняў пра яго ідэнтычнасць і ўспрымалі яго так, як ён прасіў.
Але на трансгендарны пераход Іван вырашыўся толькі ў 2019 годзе, калі ўжо вучыўся на другім курсе ўніверсітэта.
— У 2022 годзе я прайшоў беларускую міжведамасную камісію па змене полу і змог змяніць гендэрны маркер у пашпарце. Таксама з 2020 года я пачаў прымаць гарманальную тэрапію, што пацягнула за сабой змены ў знешнасці і голасе. Больш ніхто не ўспрымаў мой знешні выгляд як жаночы. Аперацыі не рабіў. Не планую.
У жніўні 2020 года Іван удзельнічаў у пратэстах у сваім родным горадзе. Але тады яму пашанцавала — яго не затрымалі. Восенню хлопец вярнуўся назад ва ўніверсітэт і працягнуў навучанне.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Іван уладкаваўся на працу ў KFС, каб дачакацца замены пашпарта з новымі дадзенымі. Хлопец кажа, што пры працаўладкаванні ў сетку хуткага харчавання да яго ідэнтычнасці таксама не ўзнікла ніякіх пытанняў.
— Дырэктарка спакойна прыняла інфармацыю, што датычылася маёй сітуацыі. Калектыву прадставіла мяне як Івана. Ніхто нават не здагадваўся пра маю сітуацыю. У 2022 годзе я змяніў дакументы, і ўжо на наступных месцах працы ніхто не ведаў пры сустрэчы аб маёй гісторыі.
Наступнае месца працы Івана — настаўнік гісторыі ў Кобрынскай школе-інтэрнаце. Хлопец кажа, што стаўленне да яго ў школе з боку кіраўніцтва і калектыву было добрым, і праца яму падабалася. Але 15 верасня 2024 года дырэктару школы прыйшла інфармацыя, што Іван змяняў дадзеныя ў дакументах і з’яўляецца трансгендарнай персонай.
— Папрасілі звольніцца па ўласным жаданні, інакш пагражалі звальненнем па артыкуле. Я сышоў па ўласным жаданні.
Перад звальненнем, 4 ліпеня, да Івана дадому прыйшлі сілавікі. Хлопец кажа, што яны прыехалі на грамадзянскай машыне, былі апранутыя таксама не ў форму, дакументаў не прад’яўлялі. Проста сказалі, што трэба «пагаварыць», і запрасілі Івана ў машыну.
— У машыне пачаліся пагрозы і абразы: «Будзеш казаць праўду — усё будзе добра, і мы цябе адпусцім, будзеш піздзець — будзе дрэнна, зразумеў?». Адразу ж у машыне запатрабавалі аддаць тэлефон і пачалі праглядаць галерэю, кантакты, сацсеткі, задаючы пытанні пра гендэрную прыналежнасць і арыентацыю.
Іван кажа, што ўсе пытанні сілавікоў у РУУС датычыліся выключна яго ідэнтычнасці: «Пыталіся, дзе я грудзі хаваю, ці займаюся сэксам, ці хацелася мне калісьці сэксу з мужчынамі, ці ўзбуджаюць мяне мужчыны. Пытанні былі фактычна адны і тыя ж, толькі з рознымі фармулёўкамі».
Такая «гутарка» працягвалася каля двух гадзін. У нейкі момант сілавікі паспрабавалі зняць з хлопца штаны, каб паглядзець, якія ў яго геніталіі. Іван пачаў супраціўляцца і крычаць. Пасля гэтага сілавікі вярнуліся да звычайных пытанняў.
— Казалі толькі, што я такі «нелюдзь», таму што мяне «ніхто добранька не ебаў у пізду», літаральна.
Фота: асабісты архіў
Паралельна з распытваннямі пра ідэнтычнасць сілавікі вывучалі тэлефон Івана. Калі наткнуліся на перапіскі «з таго часу» і фота з пратэстаў, то толькі сказалі: «а… ты з гэтых яшчэ, але добра». І адразу вярнуліся да распытванняў пра трансгендарнасць.
Хлопец мяркуе, што інфармацыю пра яго трансгендарнасць сілавікам перадаў пашпартны стол. Бо ўсё адбылося пасля таго, як Іван змяніў асабістыя дадзеныя ў пашпарце. І прыйшлі яны з мэтай «гутаркі». Вобшук не праводзілі, ніякіх абвінавачванняў не выстаўлялі.
Іван кажа, што месцамі было страшна, калі сілавікі пагражалі турмой або казалі: «А што будзеш рабіць, калі мы прама зараз цябе згвалтуем?». Але праз дзве гадзіны яго адпусцілі дадому.
— Казалі, што паставілі на нейкі ўлік. Спытаў, што за ўлік, у адказ «не твая справа». Таксама мне далі падпісаць нейкія паперы з паметкай зверху «пратакол». Я пачаў чытаць, але мне не далі. Сказалі: «Так, не чытай, падпісвай і сыходзь, няма часу на цябе». На рукі нічога не выдалі. Пайшоў дадому ў поўным шоку.
Пасля звальнення са школы Іван уладкаваўся на працу ў кавярню «Параграф». Адначасова з гэтым бацькам Івана пачаў тэлефанаваць следчы і распытваць ужо пра ўдзел хлопца ў пратэстах 2020 года.
— Таксама званкі паступалі і мне з запрашэннем на чарговую «гутарку». Зразумеў, што мяне проста могуць закрыць, і я паляцеў у Грузію ў панядзелак, 2 снежня.
З Грузіі Іван перабраўся ў Польшчу, дзе запытаў дадатковую абарону з-за пераследу як прадстаўнік сэкс-меншасцяў. Цяпер хлопец чакае рашэння польскіх уладаў аб наданні яму гэтага статусу.