Фото: Google maps
Суд прызначыў Змітру содні, а на наступны дзень з камеры яго прывезлі працаваць на смеццевым палігоне. Ён распавёў «Медыязоне» пра заныры «шчучкай» у «сярун-гару», паляванне на жалеза и медзь, а таксама спаборніцтва за папіросы. Атрымаў папіросу на працы — але як яе пранесці ў камеру, калі наперадзе «шмон» і прысяданні галышом? Спосаб ёсць.
Сілавікі прыйшлі да Змітра раніцай і сказалі, што ён «павінен здагадвацца», чаму яго затрымліваюць. Загадалі даць пароль да кампутара і тэлефонаў — Зміцер пагадзіўся. Адзінае, быў «затык» з мэсэнджэрам Signal — ён забыўся пароль, але сумеў разблакаваць праз адбітак пальца. Дайшло да жарту: «Пайшлі на кухню, будзем табе пароль адразаць».
У РАУСе Змітра перадалі мясцоваму лейтэнанту. Ён надзеў затрыманаму кайданкі за спіной, так ён прасядзеў 40 хвілін, пакуль супрацоўнік складаў пратакол. У ім было напісана, што Зміцер прыйшоў у пастарунак, лаяўся матам і размахваў рукамі.
Да 5 гадзін Зміцер прасяздеў у «гадзюшніку» — так ён называе актавую залю РАУС. Памяшканне без вокнаў, куды можна набіць пад сотню чалавек. Разам з 20 мужчынамі ён чакаў там прысуду. Палова з іх да суду адсыпаліся, у залі пахла «перагарам і сцакамі».
Адзін з мужчын прачнуўся і запытаў у супрацоўніка, калі можна схадзіць у прыбіральню. Той прапанаваў пацярпець. Мужык узяў бутэльку з вадой, якую перыядычна прыносілі для ўсіх, трохі адпіў і пачаў туды мачыцца.
«Маёр сядзіць, афармляе справы, кажа: "Блять, ты одупляешь, где ты находишься?". А той гаворыць: "Старшой, это же лучше, чем лужу вытирать". А магло б быць падчас суда па Skype. Там чалавек "высокі суд" гаворыць, а чалавек сядзіць ззаду ў бутэльку сцыць», — кажа Зміцер.
Шмат чые справы адпраўлялі на дапрацоўку. Была сярод іх заява на мужыка, які пасля зарплаты выпіў, лаяўся і збіў жонку. Да суду яна паспела прынесці заяву на прымірэнне. Іншы мужчына перабраў у мясцовым кабаку — у пратаколе было напісана, што ён «бурно жестикулировал» і выпадкова выбіў ў афіцыянта паднос з гарэлкай і півам. На судзе ён сказаў: «Наше предприятие является уникальным для города Минска, я не могу на сутки ехать». Яму далі 5 базавых штрафу і вызвалілі.
Зміцер ведаў рашэнне, якое прыме суд — лейтэнант, складаючы пратакол сказаў, што «няма сэнсу яго падпісваць ці не падпісваць, згаджацца ці не згаджацца». І папярэдзіў, што падчас арышту Зміцер будзе на «праверцы на прадмет экстрэмізму».
Па затрыманні Змітру дазволілі спакойна сабрацца: узяць зубную шчотку, пасту і трохі шампуня, цёплыя рэчы.
«Менты, якія мяне везлі на суткі, не ведалі, за што мяне затрымлівалі, ну я асабліва і не расказваў. Стаўленне да звычайных бічоў, алканаўтаў, мелкіх "хішчнікаў" абсалютна лаяльнае: вывесці за вугал пакурыць ці адчыніць аўтазак, каб паветра пайшло», — узгадвае Зміцер.
На Акрэсціна мужчына адразу звярнуў увагу на пах — санітарыі там «вельмі мала» і няма рукамыйніка, замест яго труба са сцяны і вядро. У ім можна памыць шкарпэткі, майку, а можна і галаву. Некалькі чалавек былі з відавочнымі плямамі ад укусаў.
У чатырохмеснай камеры іх спачатку было 9. Двое былі наркаманы з ВІЧ, працавалі на будоўлях. Яшчэ адзін мужчына быў асуджаны за хуліганства, бо выпіў і «паўздорыў з суседзямі». Іншага беспраўніка затрымалі і прапанавалі адседзець 15 сутак ці выплаціць 2 500 рублёў. Ён вырашыў, што лепш пасядзіць.
На наступны ж дзень пасля затрымання Змітра вывезлі на працу, ад якой нельга было адмовіцца. Людзі яму патлумачылі, што з Акрэсціна возяць шмат куды — хтосьці ездзіў прыбіраць Кальварыйскія могілкі, хтосьці — на пладова-агароднінную базу ў Лошыцы грузчыкам, хтосьці трапіў у Масюкоўшчыну, прыбіраць мемарыял «Шталаг 352». Змітра паслалі на смеццевы палігон «Трасцянецкі».
Яго завялі ў бытоўку ў падножжа «сярун-гары» і прапанавалі пераапрануцца. Адзежа была з цвіллю і «падазронымі плямамі» — страшна узяць ў рукі. Жанчыны, якія былі тут не першы раз, падказалі, што лепш апранаць гэта, бо пасля працы свае ж не пусцяць у камеру і «папруць на пражарку».
«Асабліва там з абуткам праблема. На выхадзе сказалі: "Шапочку не забудь, дурачок". І паказваюць на гару — там проста хмары чаек. Без шапкі пасівееш, называецца», — узгадвае Зміцер.
На працы было паняцце «норма»: не выканаў — заўтра будзе падвойная. Калі не выканаеш і яе, то з камеры перасаджваюць у прыёмнік з бяздомнымі.
«Таму калі пачынаецца праца, яны ябашаць як чэрці. Смеццевоз выгрузіў гару свежага, яны туды проста шчучкай ныраюць», — узгадвае Зміцер іншых працаўнікоў.
Мужчыны павінны былі грузіць у мяхі шкло, за змену трэба нацягаць 12 такіх мяшкоў бутэлькамі і банкамі. Жанчыны займаліся картонам ці пластыкам, бо яны лягчэйшыя.
У аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства Зміцер папрасіў папіросу і заўважыў, што ў яго было два непачатыя пачкі цыгарэт «Мінск». Ён дастаў трэцюю і адказаў, што да 7 яму «самому не хопіць». Зміцер падумаў: «Ты тры пачкі да 7 збіраешся выкурыць»?
Пасля яму патлумачылі, што папіросу даюць, калі прыносіш з памыйні прас ці што-небудзь жалезнае. За прыбор з катушкамі медзі атрымаеш адразу тры.
«Хто з сутак не вылазіць — гэтую схему ведаюць. Калі заязджаюць на працу, дзеляцца на брыгады. Частка ебеніць як чэрці "норму", а тры чалавекі — "сталкеры" падымаюць груды гаўна, шукаюць што-небудзь "каштоўнае", каб зарабіць на папіросы», — распавядае Зміцер.
Больш складаная схема — пранесці гэтыя папіросы на Акрэсціна. Па адчуваннях Змітра, увечары «ванізм стаіць», бо паляць. Пры гэтым ён не чуў, каб кагосці каралі за папіросы: «Такая гульня: змог пранесці — маладзец». Калі затрыманыя вяртаюцца з працы, іх абшукваюць і даглядаюць распранутымі, прымушаюць прысядаць.
Падчас арышту Зміцер меў канфлікт з мясцовым сядзельцам, які даседжваў за крадзяжы больш за 20 сутак. Па артыкулах да працы яго не дапускалі. Дагэтуль сукамернік «трохі быкануў», бо Зміцер пасціраў шкарпэткі і павесіў іх у «апаснай блізасці» ад анучы, якой выціралі стол. Пасля працы ён пасварыўся са Змітром з-за таго, што той не прывёз цыгарэт.
«Я яму кажу: "Ты ў курсе, які там шмон?" — "А на "тарпедзе"? — А што такое "тарпеда"? — Бярэш тры-чатыры, калі сракі не шкада, можаш і пяць, у харчовую плёнку, заварочваеш, і, ў залежнасці ад полу, хаваеш. — І што, бляць, мае сырыя шкарпэткі ў 30 сантыметрах ад анучкі і ў цябе гістэрыка, а з маёй жопы папіросы курыць, дык гэты нішцяк!? — Да яно ж у плёнке…"».
Пасля таго, як ён нагледзеўся у РАУС на «маладых шакалаў, якія падобныя да людзей», ён пачаў бачыць міліцыянераў там, дзе раней не заўважаў.
«Я сядзеў на кухні, у двор заязджае чорны бус танаваны з нетыповымі антэнамі. Я разумею, што тэлефона няма і жонка на працы — нават паведаміць нікому не змагу. А ён павольна праехаў і дзесьці праз два пад’езды спыняецца. Я там ўжо вадзічкі папіў, думаю: "Пізда". Тут з пад’езду выходзяць людзі з вянкамі. Гэта аказаўся катафалк. Ніколі так не радаваўся чужому гору», — узгадвае ён.
У Беларусі Зміцеру стала так некамфортна, што «можна мазгамі ебануцца». Пасля вызвалення ен пакінуў краіну праз месяц — чакаў, пакуль рабілі візу, каб «не проста праз заборчык скокнуць, а было больш надзейна».
Рэдактар: Зоя С.