Иллюстрация: Мария Толстова / Медиазона
Выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву затрымалі ў «чорны чацвер» 12 лістапада 2020 года. Разам з 11 студэнтамі яе абвінавацілі ў грубым парушэнні парадку за ўдзел ва ўніверсітэцкіх пратэстах. Вольга атрымала 2,5 гады калоніі. Увесь гэты час на волі яе чакалі сябры, бацькі і двое дзяцей. Выкладчыца распавяла «Медыязоне», як перажывала раставанне з блізкімі, танчыла ў СІЗА, вярталася дамоў у Мінск, а потым зноў вымушана з'ехала.
У мінскім ізалятары на Валадарскага былі дворыкі розных памераў. Трапіць на прагулку ў вялікі дворык — «сапраўднае шчасце», кажа Вольга. Там можна было вучыць танцы, якія патрабуюць больш месца.
— Тады ўжо і шведскі вальс можна. Быў такі выпадак: пасля Новага года як наваліла снегу, і нас павялі ў вялікі дворык. Там усё ў снезе і ўсё такое светлае-светлае. І мы танчым. Вакол сняжынкі. Танчыць шведскі вальс у гэтым антуражы — нам падавалася, што гэта не турма, а нейкая пячора.
Танцамі Вольга займалася з дзяцінства, але прафесійна сябе з імі не звязала. Хобі выратоўвала ў зняволенні. Спачатку яна займалася адна, але хутка далучыліся і сукамерніцы. «У 25-градусны мароз танчылі ўсе», — згадвае Вольга словы суседкі. Для жанчын гэта быў спосаб сагрэцца. На Валадарцы яны разам вывучылі 43 танцы.
— Менавіта традыцыйныя. Гэта як людзі ў розных вёсках танчылі. І пры чым не толькі беларускія — лявоніхі, суботы ці базары — вучылі яшчэ ірландскія, шатландскія, літоўскія. Што я змагла згадаць, тое і вучылі.
Музыкі не было і выкладчыца намагалася сама напяваць мелодыю, калі яе памятала. Ставілі і танцы з прыпеўкамі — некаторыя словы яна ўспамінала па памяці, часам вершы дасылалі ў лістах. Дзяўчынкі далучаліся і спрабавалі пець і танчыць адначасова. «Гэта складана, калі ты танчыш асабліва лявоніху: хутка дыхаць і спяваць».
— Настрой уздымаецца, бадзёрасць духа таксама прысутнічае. На гэты час ты проста забываешся: можаш уявіць, што танчыш не ў турэмным дворыку, а недзе на волі. Ты становішся ў гэты момант вольным.
На Валадарцы Вольга апынулася не адразу — спачатку 8 сутак правяла ў СІЗА КДБ. Пакуль супрацоўнікі КДБ грукаліся да яе дамоў, каб затрымаць і правесці вобшук, выкладчыца паспела ад рукі напісаць даверанасць — і за 7-гадовай дачкой маглі прыглядзець блізкія людзі. Кватэру аглядалі ў прысутнасці бацькоў і 18-гадовага сына Вольгі. Дачка Маша на той час была ў школе. У наступны раз яны пабачыліся ўжо падчас судоў на спатканні ў СІЗА — прыблізна праз паўгода.
Кдбшнікі адвезлі Вольгу на завулак Казлова, дзе яна ўпершыню зразумела, што за структура яе затрымлівае. «О, КГБ, по-богатому», — сказала яна аднаму са следчых. Там жанчыну дапыталі — хто яшчэ ўдзельнічаў у пратэстах, каго яна ведае — і перавезлі ў СІЗА КДБ. У ізалятары яна пазнаемілася са сваей «супольніцай», студэнткай Янай Арабейка. Пра «справу студэнтаў» яны даведаліся з навін па тэлевізары.
— Аказалася, гэта група, а не я адна. Усе фігуранты справы былі мне абсалютна незнаёмыя. Я і са свайго ўнівера амаль нікога не ведала, таму што семестр пачаўся, людзей вельмі шмат, а ў мяне заняткі нячаста. Я, канешне, вельмі здзівілася. О, «группа лиц», «по предварительному сговору». Клас.
Сцены СІЗА КДБ нагадвалі Вользе пра сталінскія часы. Па яе адчуваннях, і побытавыя ўмовы засталіся прыблізна тымі ж: у некаторых камерах не было нават унітазаў, толькі вядро. З-за кандэнсату на сценах з'явілася цвіль, у самім памяшканні было вельмі холадна. З ізалятара КДБ Вольгу перавялі на Валадарку.
Лісты і перадачы туды даходзілі. У перадачах Вольгу больш за ўсё радавала паперка са спісам прадуктаў.
— Шапку звычайна адзін чалавек пісаў, а спіс — іншы. Таму калі я бачыла гэты лісточак, я адразу ведала, што з імі ўсе ў парадку. Лісты — гэта добра, але да Валадаркі яны доўга шлі — да трох тыдняў. А тут адразу. Я бачу, напрыклад, 10:45: значыць, яны 20 хвілін таму ці гадзіну былі тут, побач.
У выкладчыцы накапілася цэлая торба з лістамі — пісалі і незнаёмыя людзі. Ад адной дзяўчынкі Вольга атрымала ліст пад нумарам 11. «То бок чалавек напісаў 11 лістоў і толькі адзін з іх дайшоў».
Суразмоўцы ў перапісцы распавядалі выкладчыцы пра свае жыцце, пра фільмы і кнігі, якія любяць, пра мастацтва, дадавалі і проста словы падтрымкі. Яна кожны дзень пісала сыну з дачкой і адказвала на кожны ліст — час на гэта ў СІЗА быў.
Акрамя танцаў, разам з сукамерніцамі яны гралі ў шахматы, шашкі, нарды і мафію. Па словах Вольгі, апошняя гульня асабліва вучыла разумець, што насамрэч думаюць людзі. «Весела, сядзіш і думаеш, хто ж тут мафія. А ўсе робяць выгляд такі шчыры-шчыры», — кажа яна.
— Я аптыміст. Увогуле я жыўчык — у мяне шыла ў адным месцы. Заўсёды стараюся варушыцца, знайсці нешта такое, каб парадавацца. Калі будзеш нудзіцца — яно нудна і будзе. Калі ў цябе дэпрэсія ці што, трэба падыходзіць да люстэрка і ўсміхацца. Спачатку робіш гэта прымусова, а потым арганізм пачынае рэагаваць на расцяжэнне цягліцаў і пачынаюць выпрацоўвацца эндарфіны. Яны даюць адчуванне хоць і не шчасця, але нечага добрага. Жыццё становіцца святлейшае, цяплейшае і больш радаснае. Трэба ніколі не губляць адчування, што шчасце побач і мы самі робім сабе настрой.
Суды праходзілі вясной і летам, але амаль да самага канца Вольга апраналася на іх у зімовае адзенне, бо ў «стакане» ў будынку суда было холадна.
У ліпені 2021 года выкладчыцу прыгаварылі да 2,5 года калоніі па артыкуле аб грубым парушэнні парадку.
— Мы прыехалі на зону і там было яшчэ няшмат палітычных, але з цягам часу гэтая «памылка» была выпраўлена. Калі я патрапіла на зону, нас было менш за 50. Калі з’язджала — больш за сотню.
Вольга пачала працаваць у швейным цэху. Асуджаныя рабілі курткі для сілавікоў. Пасля працы жанчыны глядзелі мясцовае тэлебачанне «Вектар». Былі і дадатковыя заняткі — мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні, віктарыны, лекцыі і канцэрты. Частка з іх была абавязковай, але нешта можна было абіраць самім.
— Я намагалася ўдзельнічаць у чымсьці цікавым, інтэлектуальным. Аднойчы на мерапрыемства прыязджаў філіял гомельскай бібліятэкі. Расказвалі пра гісторыю, а пасля была віктарына. Хто першы адказаў на пытанне, таму давалі прыз. І мне дасталася кніжка пра Фаіну Ранеўскую, якую я чытала на СІЗА і яна мне вельмі спадабалася. Была такая радасная. Ты ж кніжкі свае там мець не можаш, але ў такім выпадку ты можаш мець яе на руках.
Вольга распавядае пра бессэнсоўныя заняткі ў калоніі. Напрыклад, у якасці пакарання атрад маглі адправіць хадзіць вакол «бамбея» — так называюць адзін з карпусоў у Гомельскай калоніі. Жанчыны альбо проста доўга хадзілі па коле, альбо яшчэ дадаткова бралі з сабой каробкі з асабістымі рэчамі.
Акрамя таго, часам асуджаных вымушалі прыбіраць лужыны: выграбаць з іх ваду.
— Бярэш рыдлёўкі, якімі снег прыбіраюць, і гоніш ваду з лужын у люкі. Асабліва мне «спадабалася», калі павінна была прыехаць праверка і мы ганялі гэтыя лужыны бясконца, а яно ўсе дажджыла і дажджыла. Потым дождж скончыўся і нам сказалі браць анучы, засоўваць іх у лужыны і потым выціскаць у вёдры.
Узімку асуджаныя чысцілі снег — яго трэба было зграбаць у вялікія мехі і таскаць да будынку лазні ці сталовай.
Вольга вызвалілася з калоніі 30 лістапада 2022 года. Першы дзень дома стаў для выкладчыцы «головокружительным». «Ну сапраўды круцілася галава і было такое адчуванне, што я нібыта ў казцы ці што». У першы дзень яна пабачылася з сям'ёй, сябрамі і малодшай дачкой.
— Яна адразу да мяне прыліпла і мы селі на дыванок каля канапы. Усе астатнія там нешта варушыліся вакол і прыносілі нам ежу, віно. А мы з Машкай сядзелі ў абдымках. Потым ёй, канешне, надакучыла проста сядзець і яна пачала выносіць усім мозг. Госці прыходзілі і я нешта распавядала [пра калонію]. Яна побач была і ўсе чула. Бывае, стрэльне ёй у галаву і спытае: «Мама, а як вы там мыліся?», ці нешта такое. Я ад яе нічога не хаваю і лічу, што яна павінна гэта ведаць.
Выкладчыцы здалося, што ў Мінску за час яе адсутнасці стала менш людзей. Атмасфера ў горадзе падалася ёй прыгнечанай: цёмнай, шэрай і складанай.
— Я ж люблю вадзіць машыну. Стала значна менш затораў: я па старой звычцы выбірала шляхі, каб аб’ехаць заторы, а потым зразумела, што іх ужо няма.
Пасля вызвалення Вользе трэба было кожную сераду хадзіць на адзнакі ў РАУС. Менавіта па аўторках у выкладчыцы ўздымалася тэмпература, адчувалася, як вірусная хвароба.
— Лічу, што гэта псіхасаматыка. І ўсе роўна ў сераду з тэмпературай я ішла, каб адчапіліся і ўсе. І праз тыдзень — зноў.
Вясной 2024 года Вольга разам з дачкой вымушана з’ехала з Беларусі. Цяпер яна наладжвае свае жыццё ў Польшчы — разбіраецца з легалізацыяй, здароўем і адукацыяй для дачкі. «Цяжкасці будуць, але гэта ўсе вырашальна, не тупік. Я настроена, што ўсе будзе добра».
— Я бязмерна ўдзячна ўсім, хто мне дапамагаў, хто нават проста думаў пра мяне. Таму што я целам адчувала гэтыя добрыя думкі, якія былі накіраваныя ў мой бок. Гэта дало мне сіл пратрымацца. Няма слоў, каб выразіць, наколькі я ўдзячная.