«Я жыў бы і далей у сваёй краіне, каб часам не было не да законаў». Размова з Аляксандрам Васюковічам, які фатаграфаваў вайну ва Украіне і жыў у Беларусі
Олег Грицкевич
Статья
26 апреля 2024, 21:25

«Я жыў бы і далей у сваёй краіне, каб часам не было не да законаў». Размова з Аляксандрам Васюковічам, які фатаграфаваў вайну ва Украіне і жыў у Беларусі

Пратэстоўцы на адной з апошніх акцыяў пратэсту недалёка ад стэлы «Мінск — горад-герой». Апошнія акцыі пратэсту збіралі не шмат удзельнікаў, з-за вялікіх рызыкаў быць затрыманым яшчэ на падыходах да мейсца збору. 8 лістапада 2020, Мінск, Беларусь. Фота: Аляксандр Васюковіч / Медыязона

У студзені беларускаму фатографу Аляксандру Васюковічу прысудзілі тры гады хатняй хіміі па артыкуле аб грубым парушэнні парадку. У канцы красавіка беларус з’ехаў з краіны з дапамогай BYSOL і зараз плануе працягваць займацца любімай справай. «Медыязона» пагутарыла з фатографам пра яго затрыманне, паездкі ва Украіну падчас вайны і вяртанні ў Беларусь.

Тры разы пасля пачатку вайны ездзіў ва Украіну і вяртаўся ў Беларусь

Аляксандра затрымалі 24 кастрычніка 2023 года — праз два тыдні пасля таго, як ён вярнуўся з Украіны, дзе працаваў фатографам. З пачатку вайны беларус тры разы ездзіў ва Украіну і вяртаўся назад. Пасля апошняга разу на мяжы зацікавіліся яго візітам у суседнюю краіну — сілавікі запытваліся, што Аляксандр рабіў падчас яе.

— Я акрэдытаваны журналіст, працаваў з рознымі інфармацыйнымі агенствамі і ў мяне былі публікацыі як доказ. Ва Украіне я здымаю з 2013 года і гэта ні для каго не з’яўляецца сакрэтам. Думаю, калі б я проста быў чалавекам, які знянацку вырашыў паздымаць Украіну — была б іншая гісторыя. А так у мяне вялікі досвед працы там і ў Беларусі, у тым ліку з замежнымі СМІ.

Аляксандр кажа, што з трэцяй паездкі не вельмі хацелася вяртацца, асабліва пасля прачытання навін.

— Чаму вяртаўся ў Беларусь? Мне падабаецца там жыць. У мяне там бацькі, родныя. Кот яшчэ быў. Я жыў бы і далей у сваёй краіне, каб там не было такога, што часам не да законаў. Да гэтай думкі, канешне, прывыкаеш, але час ад часу трывога адчуваецца, асабліва калі затрымліваюць кагосьці са знаёмых людзей. У такія разы думаеш, што хопіць тут сядзець, трэба вучыцца на чужых памылках. Добра, што хоць на сваёй памылцы навучыўся.

Калі я трапіў на Акрэсціна, то тады зразумеў, што жыць, не вылазячы з хаты і чакаць, пакуль не прыдумаюць новае абвінавачванне, я не збіраюся.

Артылерысты 53 брыгады ЗСУ на пазіцыях каля Бахмуту. Кастрычнік 2022, Данецкая вобласць, Украіна. Фота: Аляксандр Васюковіч / Медыязона

Самае цяжкае — чаканне пакарання

Да Аляксандра з вобыскам прыйшлі супрацоўнікі КДБ па даручэнні Следчага камітэта. Паказалі пастанову і сказалі, што яго падазраюць ў дзеяннях, груба парушаючых парадак. Пасля адвезлі ў Следчы камітэт, дзе паведамілі аб затрыманні. Усяго беларуса дапытвалі два разы.

— Падчас вобыску і размоваў са следчымі ўсё было ў межах закону. Ніхто не запужваў, нічога такога. Адзін раз запыталі, ці не супрацоўнічаю я з СБУ.

Спачатку Аляксандра адвезлі на Акрэсціна. Там ён правёў 10 дзён у аднамесным карцары, у якім знаходзіліся ад 7 да 13 чалавек. Усе спалі на падлозе, перадач, матрасаў, зубных шчотак не было.

На Валадарцы ўмовы былі палепш. У камеры было ў сярэднем 15 чалавек, амаль палова з іх — па палітычных артыкулах.

— Самым цяжкім было чаканне пакарання. Сядзець і не ведаць, якое пакаранне табе выбяруць. З усім астатнім можна пражыць. Перадачы даходзілі без праблем, лісты ад бацькоў і сваякоў — таксама. Яны, канешне, хваляваліся за мяне. Хваляваліся, калі я ездзіў ва Украіну, таму што там можна даволі лёгка памерці. Хваляваліся, каб я не трапіў у калонію.

Аляксандр кажа, што ў супрацоўнікаў СІЗА да яго было звычайнае стаўленне, як і да іншых вязняў. Толькі адзін раз ён трапіў у карцар за нібыта сон днём. Нягледзячы на тое, што ўся камера пацвердзіла, што такога не было, беларуса пакаралі на 17 дзён. З іх ён правёў там 13 дзён, пасля напісаў заяву ў медчастку, што дрэнна сябе адчувае і папрасіў перавесці зноў у камеру.

Вольны час Аляксандр бавіў маляваннем, пісаў і адказваў на лісты, чытаў, размаўляў з сукамернікамі і гуляў з імі ў шахматы. У камеры быў тэлевізар, які забралі пасля Новага году — СІЗА пачало рыхтавацца да пераезду.

Пратэстуючыя фатаграфуюць натоўп людзей, якія сабраліся на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку міліцыі і спецслужбаў. 23 жніўня 2020 году. Мінск, Беларусь. Фота: Аляксандр Васюковіч / Медыязона

На пратэстах 2020 года я працаваў як акрэдытаваны журналіст, у мяне было рэдакцыйнае заданне. Але па меркаванні судзі, калі я выйшаў на дарогу — значыцца я далучыўся да пратэстоўцаў і блакую яе. Спрачацца з гэтым я не бачыў сэнсу, бо гэта проста цырк.

Суд над Аляксандрам доўжыўся паўтары гадзіны: паўгадзіны ў першы дзень і гадзіну — у другі. Яго абвінавацілі ў 9 ці 10 эпізодах удзелу ў пратэстах у 2020 годзе.

Пахаванне Алеся Пушкіна і вялізны крэдыт даверу ва ўкраінцаў да беларусаў

Перад сваёй трэцяй паездкай ва Украіну Аляксандр трапіў на пахаванне мастака Алеся Пушкіна ў Беларусі.

— Паехаў здымаць для сябе і гісторыі. Зразумела, што я не мог даць гэтыя фотаздымкі беларускім СМІ — яны ўсе «экстрэмісцкія», дый і яны не захацелі б іх браць, каб не падстаўляць мяне. Людзей на пахаванні было даволі шмат, асабліва калі ўлічваць умовы, у якіх мы жылі і жывем.

Фота: Аляксандр Васюковіч

Украіну Аляксандр называе сваёй другой радзімай. Гэта была першая замежная краіна, куды выехаў беларус. Там ён пазнаёміўся з вялікай колькасцю цікавых фатографаў.

— Калі адбыўся Майдан, я толькі пачынаў сваю кар’еру фатографа. Я проста не мог туды не паехаць. І потым, калі сам шмат чаго перажываеш, то пачынаеш адчуваць і лічыць гэта сваім. У мяне вельмі цёплае стаўленне да Украіны. Плюс, мне здаецца, што я магу нешта карыснае зрабіць у адрозненні ад улады, якая аддала нашу тэрыторыю, каб напасці на сваіх суседзяў. За гэта мне сорамна перад украінцамі.

Ва ўкраінцаў вельмі добрае стаўленне да беларусаў. Да нас ёсць велізарны крэдыт даверу, але ўсё скончыцца, калі краіна афіцыйна ўступіць у вайну.

Я цяпер разумею словы сваёй 99-гадовай бабулі і майго дзеда. Яны заўсёды казалі, што галоўнае — каб вайны не было. І калі ты ўсведамляеш, што ты жыў, нікога не чапаў, у цябе была кватэра, а пасля ў яе трапляе ракета — гэта моцна ўражвае. У цябе больш няма ні дому, нічога. У Северску я сустракаў людзей, якія паўтары гады жывуць пад абстрэламі ў падвалах і не з’язджаюць адтуль, таму што гэта іх дом. Гэта моцна.