Фота: Медыязона
22 лютага СК распачаў першую палітычную спецвытворчасць супраць дзевяці беларусаў, пра якіх публічна амаль нічога невядома. Іх не аб’ядноўвае адзін горад, праца ці напрамак актывізму. Усе яны праходзяць па адным артыкуле — пра грубае парушэнне парадку. Пасля ў спіс дадалі яшчэ восемь чалавек — у тым ліку праваабаронца, актывістку і былую кіраўніцу гарадзенскага хоспіса. «Медыязона» распытала адну з фігурантак, Людмілу Арастовіч, як такое магло стацца.
Мінчанка Людміла Арастовіч да падзеяў 2020 года працавала адміністратаркай і перавучвалася за тэсціроўшчыцу праграм. Яна прызнаецца, што асабліва актывізмам не займалася, але хадзіла не некаторыя акцыі. Пры гэтым яе ніколі не затрымлівалі, не выпісвалі штрафы, хаця верагоднасць, што такое можа адбыцца, была:
— Была на 15 лістапада 2020 года на «плошчы Перамен», калі забралі вялікую колькасць удзельнікаў, журналістаў. Я прыйшла ў час, калі ніхто нічога асабліва актыўнага не рабіў. На дзіцячай пляцоўцы паставілі гарбату і печыва, паклалі кветкі. Паступова сталі сцягвацца сілавікі — іх станавілася ўсё больш і больш, яны абступілі гэту дзіцячую пляцоўку з усіх бакоў.
Таксама дзяўчына была на допыце ў Следчым камітэце — сілавікі прасілі яе даць сведчанні па справе брата, якога ў 2020 годзе затрымлівалі на маршы і ён з’ехаў у Польшчу. Супраць блізкага яна гаварыць адмовілася і сышла.
Праз год, у лістападзе 2021 года, Людміла зрабіла польскую візу, каб выехаць на некалькі дзён у суседнюю краіну па справах. Беларускія памежнікі не прапусцілі яе на польскі бок і паставілі ў пашпарт штамп, што дзяўчыне ў выездзе адмоўлена.
— Прычыну мне не растлумачылі, сказалі: «Звяртайцеся ў МУС». Вярнулася ў Мінск. Канешне, была шакавана ўсім гэтым і сапраўды пайшла ў міграцыйны аддзел МУС. Там мне далі даведку, што я абвінавачаная ці падазраваная па крымінальнай справе. Там не было напісана, па якой. І накіравалі мяне ў СК.
У Беларусі дзяўчына не заўважала нічога незвычайнага да сябе, але прыгадвае адзін дзіўны, на яе думку, выпадак. Далёкая знаёмая напісала і запытала, як у Людмілы справы, дзе яна знаходзіцца. Але адмовілася тады стэлефанавацца, сказаўшы, што гэта небяспечна. «Я зразумела, што голасам мне не могуць адказаць, і гэта неяк насцярожыла», — кажа яна.
— Так я жыла некалькі месяцаў, абсалютна не разумеючы, як гэта можа быць, думаючы, што гэта памылка. Пасля таго як я атрымала гэтую даведку, да мяне ніхто не прыйшоў — месяц, другі. Мне хацелася разумець, што адбываецца. Я вырашыла напісаць зварот у СК, спытацца, што гэта такое. Чаму мяне не пускаюць, чаму мяне не папярэдзілі, і, магчыма, гэта ўвогуле памылка? Папрасіла, калі гэта памылка, ціха-мірна прыбраць мяне з базы невыязных.
У лютым 2022 года Людміла атрымала адказ ад камітэту — супраць яе сапраўды ёсць крымінальная справа. Але зноў падрабязнасцяў не было. Тады яна вырашыла, што ёсць два варыянты: заставацца ў Беларусі «на міласці тых, хто там уладарыць», ці з’ехаць з краіны.
У Літве яе падтрымала арганізацыя «Дапамога», дзяўчына падалася на міжнародную абарону і пачала наладжваць новае жыццё. Ужо ў 2024 годзе ў базе расійскага росшуку, апублікаванага на «Медыязоне», яна ўбачыла сваё прозвішча.
— А праз некалькі дзён быў апублікаваны мой фотаздымак і была навіна, што распачата спецвытворчасць. Я, канешне, была здзіўленая гэтаму, але яны хаця б напісалі, па якім артыкуле мяне вінавацяць.
Чаму менавіта яе дадалі ў, як кажа Людміла, «топ-9», у яе няма ніякіх здагадак. Астатніх фігурантаў, супраць якіх 22 лютага пачалі спецвытворчасць, яна не ведае.
— Вядома, калі бачыш свой фатаздымак і штосьці пра спецвытворчасць, першая самая рэакцыя — непрыемная. Але я і да гэтага ведала, што не вярнуся ў Беларусь, пакуль там не зменіцца [палітычная сітуацыя]. Для мяне самы шок быў — гэта калі штамп паставілі ў пашпарт. Пасля былі розныя з тым звязаныя выпрабаванні, таму з часам рэакцыя стала не такая моцная. Я спакойна да гэтага стаўлюся. Чаго нервавацца, калі ўжо нічога не паробіш.
Працэдура «спецыяльнай вытворчасці» з’явілася ў 2022 годзе і дазваляе праводзіць суды без абвінавачанага. Яе могуць прызначыць, калі беларуса абвінавачваюць у злачынствах супраць дзяржавы, масавых беспарадках, актах тэрарызму, прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін і яшчэ па некалькіх артыкулах.
Каб пачаць «спецвытворчасць», беларускія ўлады павінны звярнуцца да замежнай дзяржавы з просьбай аб выдачы абвінавачанага. Калі на зварот не будзе адказу 6 месяцаў ці будзе адмова, працэдура можа быць пачатая. Адна з мэтаў завочных судоў — стварыць падставы для канфіскацыі маёмасці палітэмігрантаў, каб «пакрыць шкоду, якую яны нанеслі краіне», распавядаў кіраўнік СК Дзмітрый Гора.
Раней «спецыяльная вытворчасць» была распачатая супраць медыйных людзей па больш прыкметных «злачынствах», чым удзел у пратэстах: Святланы Ціханоўскай, Аляксандры Герасімені, рэдактара Nexta Сцяпана Пуцілы, блогера Яна Рудзіка, палітыка Вадзіма Пракоп’ева, былых адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі» і іншых.
22 лютага ў спіс дадалі дзевяць чалавек: Віталя Пахомчыка, Віктара Пузана, Генадзя Гутара, Ірыну Сталоку, Аляксандра Цярлюка, Анатоля Астроўскага, Людмілу Арастовіч, Вольгу і Яўгена Пруднікавых. Супраць усіх распачаты справы па грубым парушэнні парадку, але ў Пахомчыка есць яшчэ адзін артыкул — па абразе прадстаўніка ўлады.
Вядома, што Пахомчык жыў у Паставах, дзе кіраваў спартовай залай «РеЖим». Генадзь Гутар працаваў на мытні.
На працягу 1-13 сакавіка спецвытворчасць распачалі супраць яшчэ васьмі чалавек: праваабаронцы Леаніда Судаленкі, сябра памерлага ва Украіне беларуса Юрыя Шчучко, былой дырэктаркі гарадзенскага хоспісу Вольгі Вялічкі, салігорскай актывісткі Ілоны Рудэні, прадпрымальніка Сяргея Верамеенкі, журналістаў Ігара Казмерчака і Уладзіміра Хільмановіча, пенсіянеркі Людмілы Барэйка.
СК не ўдакладніў, якія дзеянні беларусаў сталі прычынай для кваліфікацыі іх па крымінальным артыкулам і чаму працу над справамі вынеслі ў спецыяльную вытворчасць, пасля якой суд можна будзе праводзіць завочна.