«Плачу, таму што я тут, а ён там». Гісторыі беларусак, якія чакаюць каханых з вайны
Наста Кривошеева
Статья
8 марта 2024, 11:49

«Плачу, таму што я тут, а ён там». Гісторыі беларусак, якія чакаюць каханых з вайны

Фота: асабісты архіў герояў

Сустракаць Новы год з шампанскім і думаць, а як там твой хлопец у акопе на баявой задачы, дасылаць яму прысмакі і глушыльнік для вінтоўкі, жыць ад паведамлення да паведмлення. «Дзе ён? Што ён?» — гэтыя пытанні займаюць думкі жанчын, чыя каханыя цяпер на фронце.  «Медыязона» запісала гісторыі беларусак і ўкраінкі: пра стасункі з вайсковымі, вяселле у лідскіх кедах і знаёмства праз ціндар.

Знаемства праз актывізм. Кася і Аляксей

Кася і Аляксей ажаніліся на сваю трэцюю сустрэчу — роўна праз два гады пасля знаёмства. Для гэтага беларусцы давялося прыехаць з Варшавы ў Вінніцу, а хлопцу — адпрасіцца са службы ў Запарожскай вобласці.

— Мы ніколі не сустракаліся, я б нават не сказала, што былі сябрамі — мы былі проста блізкімі людзьмі. Бачыліся два разы ў жыцці. Гэта пра тое, што калі ты бачыш чалавека, у якім ты ўпэўнены і хочаш пражыць з ім усё жыцце, то проста бяры, дары, і будзьце разам. Не адпускайце адно аднаго і ўсё, — тлумачыць яна.

Да знаёмства яны абое займаліся моладзевым актывізмам. Ён — ва Украіне, яна — у Беларусі. Праз палітычны пераслед Кася з’ехала з краіны ў 2020 годзе, жыла ва Украіне і ў Польшчы. Упершыню яны сустрэліся ў 2021 годзе, калі 21-гадовая дзяўчына вучылася ў Варшаве і прыехала ва Украіну на праграму лідарства ўкраінскіх «Студэнтаў за свабоду». «Атрымалася так, што я забрала не толькі веды, а і знаёмства са сваім будучым мужам».

Ён запрашаў яе прыехаць ва Украіну яшчэ раз, але ў дзяўчыны не атрымалася. Маладыя падпісаліся адно на аднаго ў інстаграме, «трошкі бачылі жыццё адно аднаго», але не асабліва размаўлялі. Усё змянілася з пачаткам поўнамаштабнай вайны, калі 22-гадовы Аляксей далучыўся да войска, а Кася пачала дапамагаць украінскім бежанцам на польскай мяжы.

— Я яму сказала, што ў беларусаў ва Украіне зараз напэўна будуць праблемы, ведала, што маім сябрам заблочылі карты. Кажу, у мяне ёсць знаёмая, за якую я хвалююся, ці мог бы ты ёй дапамагчы, калі што, ажаніцца ці штосьці такое. Не сур’ёзная прапанова, а хутчэй на падумаць. Ён напісаў: «Я б на тебе одружився». Ну я проста такая: «Ха-ха». Было і было.

Сябры па жыцці і прылёт ракеты ў гатэль

Яны пачалі шмат перапісвацца, але гэта было складана — часам Аляксей выходзіў на баявыя і быў не на сувязі. «І я такая: Божа мой, вось ён быў у такі час анлайн, а зараз не анлайн, трэба проста чакаць. Нічога не зразумела, ніякай інфармацыі няма, проста хвалявалася».

У 2023 годзе ён яшчэ раз спытаў, ці можа Кася прыехаць. Яна адказала, што няўдалы досвед ужо быў і можна праехаць праз мяжу, толькі калі ёсць сваякі. «Ён кажа: "А калі ажаніцца, то можна? Давай". Не памятаю, як канкрэтна гэта гучала, але было ў размове пра тое, што я не магу прыехаць», — прыгадвае Кася.

Больш за суткі дзяўчына ехала з Варшавы да Запарожжа — каля гэтага горада была вайсковая частка хлопца, і распісацца маладыя планавалі ў мясцовым ЗАГСе. Але ўстанова запрасіла некалькі дадатковых папер, якіх у пары не было, таму вяселле адкалі да наступнага разу.

У Запарожжы Кася і Аляксей спыніліся ў гатэлі Reikart. «Там былі цяжарныя жанчыны, якія прыходзілі паплаваць у басейне, быў дзіцячы лагер». Пры высяленні Кася забылася ў нумары прас для валасоў, але забраць яго не ўдалося — у будынак прыляцела расійская ракета. У горадзе загінуў адзін чалавек, яшчэ 16 атрымалі раненні.

Праз тыдзень Кася вярнулася ў Варшаву і напрыканцы жніўня зноў прыехала ва Украіну — на сваё вяселле ў Вінніцы. «Гэта быў Дзень незалежнасці Украіны. Ягоная мама і сястра прынеслі шампанскае з келіхамі, цукерачкі, кветачкі. А мы амаль у чым былі, у тым і прыйшлі. На мне была летняя белая сукенка, але з лідскімі кедамі — сказала, што сукенка не важна, а вось кеды будуць лідскія».

Супрацоўніца ЗАГСа не чытала маладым вялікі тэкст пра «быть вместе и в горе, и в радости, пока смерть не разлучит вас», прыгадвае дзяўчына. Шлюбы рэгіструюць у адным з акенцаў — у суседніх афармлялі смерць ці нараджэнне чалавека.

— Цётачка гэтая падпісала дакументы і спытала нас: «Ці згодныя вы быць сябрамі па жыцці?» Так-так. Гэта было так коратка і ёміста, было суперпрыемна.

Раненне і Новы год у холадзе

Падчас службы на аўдзееўскім кірунку Аляксей атрымаў раненне. Хлопец выцягваў у поля загінулых пабрацімаў і ў зазор у бронікамізэльцы трапіў аскепак ад снараду. Праз пяць дзён дзяўчына прыехала ў горад, дзе знаходзілася лякарня, і першы раз пабачыла мужа ў вайсковай форме.

— Яму дазволілі не ночыць у бальніцы, таму ён быў са мной, але хадзіў туды на перавязкі. У асноўным мы сядзелі дома, таму што горад маленькі і там асабліва нічога не паробіш. У нейкі момант я пачала з гэтага ўгараць: раніцай ён сыходзіць, і незразумела, калі вернецца. Сказаў мне: рабі што хочаш, купі сабе што-небудзь. Ну я запісалася на пазногцікі, каб хоць дзве гадзіны свайго жыцця забіць.

Чаканне мужа, кажа Кася, бывае вельмі цяжкім. Аляксея адпраўлялі на выхад акурат перад Новым годам. Таму свята дзяўчына вырашыла не адзначаць, каб не сядзець у гасцях «з кіслай мінай». Касі Аляксей сказаў, што спадзяецца павярнуцца да 2024 года.

— Сяджу гляджу выступ Ціханоўскай, плачу, таму што я тут, а ён там. А там холадна, а гэта Новы год, усе павінны быць дома з сем’ямі. Потым Зяленскага — таксама плачу. Гучала: «Вы сядзіце ў сваіх кабінетах, кажаце, што гэтыя хлопцы такія малайцы» — проста плакала ад гэтых эмоцый і несправядлівасці.

Падчас курантаў Касі патэлефанавалі, але выклік адразу абарваўся. Дзяўчына патэлефанавала маме Аляксея, каб спытаць, ці гэта быў ён. «І я набрала яму. Лёша сказаў, што ўсё, выйшаў. За некалькі хвілін, але да Новага года вярнуўся!»

Хлопец расказаў, што іх атрад хаваўся ў разбомбленай мясцовасці. Гэта быў ушчэнт знішчаны дом, але захаваўся кавалак брамы над дзвярыма — у ім ваяры знайшлі паштоўку. Разгарнулі — а там «З Новим роком!». «Усе знішчана, а гэта засталося. Думаю, есць нейкія знакі».

Сустрэча ў кіно. Аліна і Антон

— За месяц да таго як ён сышоў, мы разам завялі котку. Нават ком такі да горла, калі кажу. Я разумела, што чалавек ужо не першы раз [едзе на пазіцыі], але ўсё роўна. Камунікавала з беларускімі ваярамі і шмат рознага трэшу ваеннага чула і, канечне, баялася, — распавядае Аліна, беларуская медыйшчыца, якая жыве ў Львове.

Яна кажа, што ў свае 44 гады не можа вызначыць момант, з якога пачалося каханне. Нягледзячы на тое, што яе каханы — вайсковец і вельмі заняты, жанчына заўсёды адчувае ад яго клопат. Цяпер ідзе трэці месяц, як яны не бачыліся, бо Антон з’ехаў на пазіцыі ў Запарожжа.

— У нас кожны дзень пачынаецца з вітання. Хто першы прачнецца, той і вітаецца. Я атрымліваю шмат падтрымкі. Дзіўна, але гэта якраз ён вучыць мяне пазітыўнаму мысленню. Калі ёсць магчымасць, то ён тэлефануе і мы размаўляем даволі доўга. Бывае, гэта пераўтвараецца ў лекцыі па зброі.

Антону 38 гадоў, ён нарадзіўся ў Львове і да вайны працаваў з графічнымі рэдактарамі, займаўся 3D-мадэляваннем. З Алінай яны пазнаёміліся праз творчую тусоўку горада, куды яна прыехала ў 2021 годзе. Львоўскай сяброўкай Аліны стала сястра вайскоўца.

— Я ведала пра яго толькі тое, што ён ваюе. А потым у яго была рэабілітацыя пасля пашкоджання пляча і ён жыў у Львове. Мы сустрэліся, калі хадзілі агульнай кампаніяй у кіно. Здаецца, гэта быў «Люксембург-Люксембург».

Котка, пляцок і «Сільпо». Сумеснае жыцце

Пасля яны бачыліся яшчэ некалькі разоў і зразумелі, што сімпатыя аказалася ўзаемнай. Антон праваджаў Аліну дадому, сустракаў з цягніка пасля камандзіроўкі і пераехаў да яе на кватэру. «Я нават падумаць пра гэта не магла — што я змагу з кімсьці разам быць цягам тыдня сам-насам і мне не захочацца забіць гэтага чалавека».

Снедаць разам, піць каву і размаўляць, хадзіць у «Сільпо» па прысмакі і глядзець кіно — Аліна кажа, што гэта іх сумесныя рытуалы, якіх цяпер вельмі не хапае. За 3,5 месяцы пара прывыкла часта купляць вішнёвы пляцок у мясцовай краме.

— Цяпер ён знік з продажу. Я зараз прыходжу ў «Сільпо» і абавязкова зазіраю на паліцу з выпечкай — ці не вернецца пляцок, але яго няма, і я бачу ў гэтым штосьці сімвалічнае. Я ўвогуле стала зараз вельмі забабоннай.

Агульнай справай для іх стала котка па мянушцы Цмок. Сястра Антона аднойчы прынесла з вуліцы маленькае кацяня, сказаўшы, што збіраецца публікаваць абвестку, каб хтосьці забраў яго да сябе. Але кацяня засталося ў Аліны. Антон сказаў, што падтрымае яе рашэнне і будзе дапамагаць, пакуль не сыдзе назад у войска.

Фота: асабісты архіў герояў

— Ен з’ехаў 17 лістапада. Праваджалі з яго сям’ёй. Не магла дадому ісці адна — спытала ў яго сястры, ці можна зайсці да яе. Адплакалася там, і потым ужо стала неяк лягчэй. Для мяне таксама быў важны момант: не згубіць сяброўку праз тое, што ў мяне стасункі з яе братам. Здаецца, з гэтага боку ўсё добра.

Глушыцель у падарунак і пасылкі на фронт

Акрамя званкоў і паведамленняў у Аліны з Антонам ёсць яшчэ адзін сродак камунікацыі — падарункі. Яна збірае для яго пасылкі з неабходнымі і прыемнымі рэчамі: сваё печыва, цёплыя бафы для шыі, прысмакі, сухія сняданкі, крэмы для скуры, гігіенічны бальзам для вуснаў і шмат іншага.

— Нават глушыльнік для вінтоўкі купляла. Мяне так уразіла: замаўляеш па спасылцы глушыльнік, і табе яго на «Нову пошту» прывозяць. Там гэта як «жалезныя вырабы» ўказана ці штосьці такое. Бярэш гэтую скрыначку і пасылаеш у іншае месца.

У апошнюю пасылку жанчына паклала сімвалічны падарунак — падушку з цытатай мандалорца: «This is the way». «Гэтая фраза яму падабаецца. Ну і сапраўды — такі шлях».

Будучыня ва Украіне

Размаўляюць Аліна і Антон кожны на сваёй мове — па-беларуску і па-ўкраінску. Ніякіх праблем з гэтым не ўзнікае, калі што — пара разам шукае адпаведнікі, перакладае адно для аднаго незнаёмыя словы. Пакуль Антон праходзіў рэабілітацыю, яны з Алінай паспелі схадзіць у цір. Для гэтага звыклыя для ўкраінцаў мішэні з патрэтам Пуціна змянілі на фота Лукашэнкі.

Да паветраных трывог і каменданцкай гадзіны Аліна ўжо звыклася. Рашэнне не з’язджаць з Украіны пасля лютага 2022 года яна называе свядомым і кажа, што ні пра што не шкадуе. «Таму што я шмат каму за гэты час змагла дапамагчы і быць тут карыснай. Нас тут увогуле няшмат засталося, і я ўпэўнена, што кожны з нас — гэта амбасадар Беларусі».

Цяпер Аліна плануе прасіць ва Украіне палітычны прытулак. Паводле слоў жанчыны, другой хваляй ад’езду — пасля пачатку поўнамаштабнай вайны — для беларусаў ва Украіне стаў «пашпартны ўказ» Лукашэнкі. Аліна і сама разглядала варыянт зрабіць неабходныя дакументы ў Польшчы, але «праз Антона жыццёвыя планы змяніліся».

Яны размаўлялі пра будучыню, якую зараз жанчына бачыць для сябе ва Украіне. «Ты мусіш зразумець, што той, якім я быў да поўнамаштабнага ўварвання — гэта адзін чалавек, пасля колькіх месяцаў у ТРА — другі, а зараз, калі я вярнуся — гэта зноў будзе зусім іншы чалавек», — пераказала яна словы свайго партнёра.

Знаёмства з беларусам. Дар’я і Барыс

Дар’і 20 гадоў, яна нарадзілася ў Харкаўскай вобласці. Самастойнае жыцце дзяўчына пачала ў Харкаве, вучылася на дырыжора і выкладчыцу народнага вакалу. У 2022 годзе дзяўчына ненадоўга з’язджала з Украіны і Польшчу — па вяртанні жыла ў сяброўкі ў Кіеве. Там яны з Барысам і пазнаёміліся.

«Перажывала тады цяжкае расстанне. А сяброўка ў мяне такая цікавая сказала: "Я табе пакажу, як трэба жыць". І я трапіла ў свет ціндара. Прабыла там нядоўга і сустрэла свайго маладога чалавека літаральна з некалькіх клікаў».

Дар'я кажа, што не адчувала няёмкасці, якая бывае перад незнаёмым чалавекам, і размова цягнулася проста — Дар’я распавядала пра Кіеў і што там «нармальныя людзі жывуць, не бандэраўцы». «Зараз я думаю, што з майго боку гэта было дзіўна. Але ж я не ведала, што ён думае», — прызнаецца яна.

У Беларусі Барыс быў яшчэ студэнтам — ва Украіне ўжо праходзіў вайсковае навучанне перад тым, як паехаць на пазіцыі.

— У яго была магчымасць раз на тыдзень прыязджаць да мяне. І так мы з ім месяц прабылі, а потым ён з’ехаў ужо на вайну. Але калі ён сказаў мне, што з’язджае, я задала яму пытанне: што ты чакаеш ад мяне? Ён сказаў, што яму было б прыемна, каб яго тут нехта чакаў. Добра, давай. І з таго моманту мы зразумелі адно для аднаго, што мы ў стасунках.

Калі з хлопцам знікала сувязь, Дар’я дрэнна спала. «Яшчэ гэты блэкаўт, не было святла. Дзе ён? Што ён? Першы час было вельмі цяжка. Жывеш ад паведамлення да паведамлення. І проста чакаеш, і ўсё, і не можаш нічога зрабіць».

За час, пакуль Барыс быў у войску, Дар’я ніколі не адчувала сябе самотнай. Ён замаўляў ёй кветкі і намагаўся падтрымліваць ва ўсім, кажа дзяўчына.

Пара з’ехала з Украіны два месяцы таму. Спачатку Дар’я нават не разглядала такі варыянт, але «на тое былі свае прычыны». «Украіна прымае вайскоўцаў з усіх краін, але не можа забяспечыць іх шмат чым — пачынаючы з легалізацыі», — тлумачыць дзяўчына.

Зараз яны разам жывуць у Польшчы, працуюць. Дзяўчына змяніла спецыяльнасць і пачала вывучаць анімацыю для фільмаў.

— У мяне няма ні кроплі шкадавання, што я так зрабіла, дзе я цяпер знаходжуся. Зараз ён побач, і я ведаю, што з ім усё добра. Магу спаць побач з ім і магу пастаянна размаўляць. Бачыць. Заўсёды ёсць нейкі фізічны кантакт. Тады гэта была мара.