Раман пра хутар «Беларусь» і прыгоды лекаркі ў часы Асманскай імперыі. 10 твораў беларускай класікі ад пісьменніка Альгерда Бахарэвіча
Статья
21 февраля 2024, 12:41

Раман пра хутар «Беларусь» і прыгоды лекаркі ў часы Асманскай імперыі. 10 твораў беларускай класікі ад пісьменніка Альгерда Бахарэвіча

Альгерд Бахарэвіч. Фото: личная страница в Facebook

Кніга, поўная пахаў і гукаў, проза, якая зрабіла з «савецкіх людзей» беларусаў, і страшны раман пра мінулае стагоддзе, які не страціў актуальнасці ў сучаснай Беларусі. Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч склаў для чытачоў «Медыязоны» спіс з 10 выбітных твораў беларускай літаратуры.

Мойшэ Кульбак. «Мэсія з роду Эфраіма»

Раман-містэрыя знакамітага габрэйскага і беларускага пісьменьніка. Чароўная кніга з унікальнай аўтарскай оптыкай — у майстэрскім перакладзе з ідышу Сяргея Шупы.

Андрэй Мрый. «Запіскі Самсона Самасуя»

Сатырычны і страшны раман пра 20-я гады мінулага стагодзьдзя, які набыў у лукашэнкаўскай Беларусі новае гучаньне, бо ягоныя героі ажываюць проста на вачах.

Уладзімір Караткевіч. «Дзікае паляваньне караля Стаха»

Проза, якая зрабіла зь дзясяткаў тысяч «савецкіх людзей» беларусаў і працягвае чыніць супраціў нават пасьля сьмерці аўтара. Чалавечная і чыстая проза, якую цікава чытаць у кожным узросьце.

Васіль Быкаў. «Знак бяды»

Змрочны раман пра хутар «Беларусь», зь якога нікому не ўцячы.

Алесь Разанаў. «Вастрыё стралы»

Разанаў — паэзія, за якую ніколі ня будзе сорамна. Паэзія пра жыцьцё і сьмерць, пра мову і бога, пра гліну, жалеза і камень.

Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях»

Славуты пераклад з польскай мовы вельмі беларускай кнігі, казкі зь якой ніколі не састарэюць. Прыклад таго, што сіла фантазіі нават у ХХІ стагодзьдзі можа рабіць з намі цуды.

Ларыса Геніюш. «Споведзь»

Лёс жанчыны, лёс паэткі, лёс выгнаньніцы і зьняволенай, лёс краіны — у кнізе, якая, на жаль, абрываецца ледзьве не на паўслове.

Саламея Пільштынова. «Авантуры майго жыцьця»

Загадкавая кніга (а мо і містыфікацыя) пра прыгоды беларускай лекаркі ў часы Асманскай імпэрыі. Займальны твор пра беларускія жыцьцёвыя дарогі ў перакладзе з польскай мовы.

Міхась Стральцоў. «Смаленьне вепрука»

«Мне даўно хацелася напісаць апавяданьне і назваць яго так: "Смаленьне вепрука"». Так пачынаецца гэты невялікі тэкст — загадкавы, тонкі і маркотны, як і ўсё ў Стральцова.

Якуб Колас. «Новая зямля»

Кніга, якую абавязкова трэба перачытаць у сталым узросьце. Бо яна не пра тое, пра што нас вучылі. А яшчэ яна поўная пахаў і гукаў, як лес або хата.