Сяргей Антонаў і Дзмітрый Глухоўскі. Фота: з асабістага архіва Сяргея Антонава
55-гадовы пісьменнік-фантаст Сяргей Антонаў пасля затрымання і штрафу з’ехаў з Беларусі ў Грузію. Да гэтага ён працаваў у Быхаўскай раённай газеце, у культавым «Частном детективе» і напісаў 9 кніг з серыі «Вселенная Метро 2033». У снежні 2023 сілавікі затрымалі яго сына. «Медыязоне» Антонаў распавёў пра тое, як жыць у горадзе, дзе ведаеш і суддзю, і начальніка ІЧУ, і пра тое, як рэальнасць пранікала ў яго фантастычныя кнігі.
Я ў БНФ з 12-га года — палітычны актывіст, так бы мовіць. Ведаў усіх начальнікаў КДБ — мяне часта выклікалі для прафілактычных гутарак. Да 20-га года гэта было, можна сказаць, на сяброўскай назе: «Ну навошта табе гэта? Ну чаго табе не сядзіцца?» Пасмяяліся — разышліся.
У нас змяніўся начальнік КДБ. Шостага снежня [2023 года] мне патэлефанавалі з незнаёмага нумара, ён прадставіўся Дзмітрыем Андрэевічам, сказаў: «Сяргей Валянцінавіч, хачу вас бачыць у 16:20. У нас сур’ёзная размова».
Я тады яшчэ не ведаў, што «Магілёў. Media» абвесцілі экстрэмісцкім. Як зайшоў у кабінет, ён сказаў: «Ну вы і накасячылі». І паклаў перада мной дзве пастановы: на ператрус і канфіскацыю абсталявання.
У сына ў Быхаве была фотастудыя, я яму дапамагаў. Там у мяне было два камп’ютары. Як я зразумеў, яны нічога не знайшлі. Тэлефон я яшчэ на ўваходзе ў КДБ здаў, яны яго ўжо мне не вярнулі.
Пасля гэтага паехалі да мяне дадому. Выйшаў са спальні сын. Я сказаў, што дадому, магчыма, не вярнуся.
Пасля гэтага мы паехалі ва ўпраўленне КДБ па Быхаўскім і Слаўгарадскім раёне. Начальнік сказаў: «Сяргей Валянцінавіч, расказвайце шчыра пра тое, як вы працавалі на "Магілёў. Media" і 6tv.by і са спакойным сумленнем ідзіце дадому».
Я сапраўды даўно працаваў на 6tv.by. Спачатку гэта былі артыкулы, потым відэа. Я ніколі не лез у вялікую палітыку, я заўсёды займаўся Быхавам — у мяне была аўтарская перадача. Я распавядаў пра гісторыю, як у нас праходзілі пратэсты.
Сяргей Антонаў. Фота: з асабістага архіву
Неяк я чытаў на Хартыі, як нехта абзываў Лукашэнку. Мяне гэта тузанула — чаму абзываюцца? Калі вы лічыце сябе інтэлігентамі, то давайце весці размову цывілізавана. Хай ён абзываецца.
Пасля гэтага відэа, самым мяккім словам, якім абазвалі мяне, было «чыстаплюй». Я перастаў рабіць відэа, а тут яшчэ і прызналі выданне «экстрэмісцкім».
Я сказаў, што пра мой удзел на 6tv вядома ўсім, а з «Магілёў. Media» я не супрацоўнічаў. Ён сказаў: «Валянцінавіч, мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на сем гадоў. А цяпер мы вас вязем у СІЗА. Вам прыйдзецца там здымаць шнуркі, рэмень».
Я нахіліўся і стаў развязваць шнуркі. Ён здзіўлена на мяне паглядзеў:
— А, дык вы псіхалагічна гатовыя да паездкі.
— А ў мяне выбар ёсць, ці што?
— Пачакайце.
Адвёў мяне ў іншы кабінет да свайго памочніка, і той стаў мяне дапытваць. Ён спытаў мяне пра чалавека, якога я не ведаю. Спытаў пра маё стаўленне да вайны ва Украіне. Я адказаў, што супраць любой вайны.
Была размова пра тое, чаму я не паехаў у Польшчу. Я сказаў, што не лічу патрэбным з’язджаць, не бачу за сабой ніякай віны і пішу новы раман.
Мне гэты памочнік сказаў: «Наўрад ці вы яго напішаце».
«ВКонтакте» ў мяне былі выкладзеныя відэа 13-га года — пахаванне аднаго з заснавальнікаў магілёўскага тэлебачання Генадзя Судніка. Я не звярнуў увагі на тое, што гэта быў рэпартаж «Белсата» — гэта ўжо распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У іх з’явілася нагода мяне закрыць.
Мяне адвезлі ў Быхаўскі ІЧУ. Гадзіны тры я чакаў у малпоўніку. Потым мяне ў кайданках адвялі ў адзіночную камеру. У адрозненне ад іншых затрыманых, мяне заўсёды вадзілі ў кайданках, паліць было нельга і не давалі пасцельнай бялізны.
У першы дзень далі суп, а другое без катлеты. Напэўна, праз рэжым асаблівага ўтрымання. Ноччу начальнік ІЧУ сказаў: «Сяргей, ноччу я цябе буду будзіць». Адкрываў акно і пытаўся:
— Не спіцца?
— Які сон.
Праз два дні мяне адвезлі ў суд. Гэта быў другі мой штраф. Першы ў 25 базавых быў за два месяцы да гэтага. Нехта нарыў у мяне ў «Аднакласніках» кліп «Ногу Свело!» — «Молчание ягнят». Справа не ў кліпе, там былі лагатыпы «Радыё Свабоды» і Tut.by. Тады міліцэйскі палкоўнік выклікаў мяне, склаў пратакол, і адвёз мяне сам у суд, а адтуль на працу — на асабістай машыне.
Калі знаёмы суддзя даў мне другі штраф, ён сказаў: «Ну, Сяргей, у цябе шмат нядобразычліўцаў».
Пазней мне патэлефанаваў начальнік КДБ і сказаў, што яны хочуць зняць са мной відэа. Але ад галоўнага рэдактара паступіла прапанова не чакаць далейшага развіцця падзей, а эвакуявацца.
Я паляцеў у Тбілісі з адным тэлефонам і без грошай. Беларуская дыяспара, можна сказаць, падабрала мяне ў аэрапорце, дапамаглі кватэру зняць. Чаго чакаць, я не ведаю — у візе мне адмовілі. Амбасада Польшчы не бачыць пагрозы, мяркуе, што Грузія — бяспечная краіна, я магу тут знаходзіцца як заўгодна доўга.
Я заўсёды чапляў уладу: калі мне гэта не дазваляла журналістыка — я рабіў гэта ў літаратуры.
Кнігу «Стабилизатор. Минск 2041» я напісаў у 2015 годзе. Гэта кніга пра тое, як пасля выбуху Астравецкай АЭС у Беларусі радыяцыя, краінай кіруе Вярхоўны старшыня. Усе ходзяць у аднолькавай вопратцы, усе працуюць, усе ўсміхаюцца. Гэта таму што ў ваду падмешваецца сінтэтычны наркотык — стабілізатар. А для тых, хто п’е дажджавую ваду, створаныя стабілізацыйныя лагеры. А ў лесе хаваюцца партызаны, іх называюць дастабілы — яны дэстабілізуюць абстаноўку.
Урэшце яны ўрываюцца ў прэзідэнцкі палац і высвятляецца, што прэзідэнт — гэта лялька, а краінай кіруюць зусім іншыя людзі.
Гэта вясёленькая антыўтопія, але я жорстка прайшоўся па ўладзе. У «Метро» ў мяне ёсць станцыя «Беларуская», якой камандуе начальнік Кулашэнка і ён увесь час пагражае ўсім, што калі грошай не дасце, то пачне гандлявацца са станцыяй сатаністаў.
Адзіны мой беларускі раман — гэта «Лоскутные звезды» — пра тое, як у Быхаве расстрэльвалі габрэяў у 45 годзе. Мне патэлефанавалі з «Беларусьфільма», мы сур’ёзна абмяркоўвалі сцэнар. Пачаліся пратэсты, і галоўны рэдактар, які са мной працаваў, у іх паўдзельнічаў. І пытанне з экранізацыяй адпала.
Я шчыльна завіс у Грузіі. Думаў, што буду чакаць візу і пісаць раман, але нічога пісаць я не магу, бо як на іголках. Паўтара месяца мне праз ноч сніцца Беларусь. Дзіма Глухоўскі таксама ў эміграцыі — яму завочна далі 8 гадоў. Друкаваны праект замарожаны, фільм, у якога гатовы сцэнар, таксама замарожаны. Добрыя ўспаміны пра гэтую серыі засталіся, я па ёй сумую.
Сяргей Антонаў і Дзмітрый Глухоўскі. Фота: з асабістага архіва Сяргея Антонава
26 снежня арыштавалі майго сына Арцёма. Гэта мяне дабіла канчаткова. Арцём знерваваўся праз мой ад’езд, сябе недзе не пракантраляваў, думаю, што ён сапраўды нешта ляпнуў пра прэзідэнта. Вынік — мой сын у Магілёўскім СІЗА.
Днямі мне тэлефанавала сваячка з Масквы — ёй тэлефанавалі з КДБ і цікавіліся, дзе я. Можа быць, Грузія — бяспечная краіна, але пры такой пільнай увазе да маёй персоны, я гэтага не адчуваю.
Сястра і жонка патроху прадаюць абсталяванне ў фотастудыі, якая прапрацавала тры гады. Яна была досыць папулярная ў Быхаве. Міліцыянты фатаграфаваліся на дакументы. Грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на адваката сыну.